НАШ СЯБАР ВЯЧАСЛАЎ КАЛАЦЭЙ

10 кастрычніка 2021 года споўнілася 50 гадоў нашаму сябру Вячаславу Віктаравічу Калацэю, выдатнаму беларускаму культуролагу, знаўцу традыцыйнай культуры беларусаў, таленавітаму музыку, натхнёнаму збіральніку, захавальніку і папулярызатару беларускай фальклорнай спадчыны. Ён нарадзіўся ў краіне Белай вежы, яго імя сярод тых славутых землякоў, якімі ганарацца камяньчане. Лёсавызначальнай стала сустрэча Вячаслава з доктарам філасофскіх навук прафесарам Энгельсам Дарашэвічам, пад кіраўніцтвам якога ён напісаў і абараніў кандыдацкую дысертацыю на вельмі актуальную тэму «Традыцыйная культура беларуска-літоўскага сумежжа: структура пазнання і паводзін».

Мы пазнаёміліся з Вячаславам Калацэем дзякуючы выпускніцы філалагічнага факультэта БДУ Наталлі Матыліцкай, якая працавала разам з ім, і адразу адчулі, што ў асобе В. В. Калацэя маем аднамысніка, на чыю падтрымку можна заўсёды спадзявацца. Так яно і сталася.

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім

Гэта ў поўнай меры тычыцца і Вячаслава Віктаравіча. Доказам служыць яго шматгранная дзейнасць як загадчыка кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, прадбачлівага і высокакваліфікаванага выкладчыка. У 2016 г. кандыдат культуралогіі Вячаслаў Калацэй быў уведзены у склад Беларускай рэспубліканскай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Гледзячы на гэтага хударлявага, са сціплай усмешкай і мяккім ціхім голасам чалавека, мімаволі здзіўляешся, як у яго хапае сілы на ўсе тыя важныя справы, якім ён прысвяціў сваё жыццё. Вось толькі некаторыя з іх: у адных мы таксама бралі ўдзел, пра іншыя ведалі.

З павагай да аўтэнтычнага фальклору

Дзякуючы намаганням кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ на чале з Вячаславам Віктаравічам Калацэем з 2007 г. адбываецца арганізацыя і паспяховае правядзенне шырока вядомай у нашай краіне і за яе межамі штогадовай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, пераймання». Сярод актуальных пытанняў – нематэрыяльная культурная спадчына і яе ахова, трансфармацыя відаў і жанраў аўтэнтычнага фальклору, семантыка і міфапаэтыка традыцыйнай абраднасці, праблемы спеўнай этнафоніі, традыцыйная культура ў кнізе, адукацыйнай прасторы і аўдыявізуальнай антрапалогіі, экалогія традыцыйнай мастацкай культуры і інш. Фалькларысты БДУ рэгулярна прымаюць удзел у працы канферэнцыі. Добрай традыцыяй стала яе прысвячэнне найбольш выбітным асобам беларускай навукі, культуры і мастацтва – Энгельсу Дарашэвічу, Зінаідзе Мажэйка, Івану Луцкевічу, Уладзіміру Раговічу і інш. Нам, філолагам, прыемна адзначыць секцыю «Унёсак роду Караткевічаў у захаванне і папулярызацыю фальклору», падрыхтаваную ў 2020 г. разам з супрацоўнікамі філалагічнага факультэта БДУ.

Фальклор беларускай глыбінкі

Важнай практычнай часткай канферэнцыі стаў шэраг этнаграфічных канцэртаў «Фальклор беларускай глыбінкі», якія карыстаюцца нязменнай папулярнасцю і любоўю ў шырокага кола гледачоў – ад студэнтаў і аматараў народных песень, музыкі і танцаў да вузкапрофільных спецыялістаў у галіне фалькларыстыкі, этнамузыкалогіі, культуралогіі. Нам вельмі падабаецца іх вядучая Таццяна Пладунова і тая ўвага да ўдзельнікаў з боку Вячаслава Калацэя, які заўсёды напрыканцы імпрэзы ўзнагароджвае аўтэнтычных спевакоў і музыкаў.

Тэорыя і практыка

Практычная прэзентацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыі і пераемнікі», у якой бяруць удзел носьбіты фальклору і маладыя выканаўцы, круглыя сталы, прысвечаныя абмеркаванню праблем вуснай народнай спадчыны еўрапейцаў у ХХІ ст., майстар-класы вядучых спецыялістаў у галіне ўсходнееўрапейскага фальлору, канцэрты маладзёжных фальклорных гуртоў, экскурсіі па знакавых месцах Мінску і ваколіц – усё гэта робіць канферэнцыю найбуйнейшым у Беларусі комплексам мерапрыемстваў, прысвечаным роднаму фальклору. Матэрыялы канферэнцыі публікуюцца ў зборніку навуковых прац з такой жа назвай «Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, пераймання», які налічвае ўжо 14 выпускаў.

Агульныя справы

Вячаслаў Віктаравіч, валодаючы рознабаковым талентам навукоўцы, арганізатара і творчага чалавека, стаў для нас незаменным дарадцай і надзейным калегам у супольнай працы. Дзякуючы яму нарадзілася і рэалізавалася нямала каштоўных ідэй і праектаў. Вячаслаў Віктаравіч з’яўляецца сустаршынёй Рэспубліканскага дыскусійна-аналітычнага клуба «Cogito», заснаванага ў 2010 г. Сярод членаў клуба – фалькларысты, лiтаратуразнаўцы, культуролагі, гiсторыкі, мастацтвазнаўцы з БДУ, БДПУ, БДУКiМ, ГДУ, НАН РБ. Удзельнікаў клуба аб’ядноўвае iмкненне дайсцi да сутнасцi разнастайных праблем фальклору і традыцыйнай духоўнай культуры, якая адыгрывае важную ролю ў патрыятычным i культурным выхаваннi, садзейнiчае гуманiзацыi грамадства, адраджэнню яго маральных iдэалаў, развiццю грамадскай свядомасцi i нацыянальнай самасвядомасцi.

Аднадумец

Гісторыя сведчыць, што ў навуковым жыцці, як і ў паўсядзённым, асабістым, заўсёды добра мець сябра, які падтрымае, падкажа, дапаможа. Для нас, фалькларыстыў БДУ, такім сябрам, паплечнікам, аднадумцам стаў Вячаслаў Віктаравіч Калацэй. Наша супрацоўніцтва з гэтым цудоўным чалавекам, таленавітым маэстра, выдатным педагогам-выкладчыкам, удумлівым даследчыкам-фалькларыстам працягваецца амаль дваццаць гадоў. За гэты час было зроблена шмат: мы разам рэалізоўвалі сумесныя праекты, вырашалі навуковыя задачы, ладзілі канферэнцыі, навукова-метадычныя семінары і круглыя сталы, дапамагалі адзін аднаму ў рэцэнзаванні вучэбных праграм і дапаможнікаў. Так, напрыклад, Вячаслаў Віктаравіч быў мадэратарам семінара «Сучасная фалькларыстыка, міфалогія, этналогія: пазітыўныя, негатыўныя і супярэчлівыя вектары руху» (БДУ, 2013 год) і інш.

Сябруем кафедрамі

На жаль, нам не давялося прысутнічаць на дударскіх этнадыскатэках, арганізатарам якіх быў Вячаслаў Віктаравіч (2001 – 2005), але мы мелі гонар прымаць на нашым факультэце яго гурт VIETAH, што адкрываў юбілейныя Шырмаўскія чытанні. Фалькларысты БДУ вельмі любілі і паважалі разумнейшага чалавека прафесара Энгельса Дарашэвіча, які не адзін раз наведваў нашы мерапрыемствы, у прыватнасці «круглы стол», прысвечаны фалькларысту Льву Барагу, а на канферэнцыях узначальваў працу навуковай секцыі. Выступаў перад філолагамі і Аляксей Рагуля. Мы пераканаліся ў тым, што для студэнтаў-філфакаўцаў сталі незабыўнымі творчыя сустрэчы з выкладчыкамі кафедры этналогіі і фальклору этнаспявачкай Наталляй Матыліцкай, Таццянай Пладуновай і яе класам, які таленавіта ўзнавіў некаторыя этапы беларускага вяселля і Каляд. Мы асабліва ўдзячны этнахарэографу Міколу Козенку: перад фальклорнай практыкай ён на грамадскіх пачатках правёў майстар-класы з нашымі першакурснікамі. І гэта толькі малая частка агульных спраў і сустрэч.

«Страла»

Адным з праектаў стаў вучэбна-метадычны дапаможнік «Песні «стралы». Русальныя песні» (Мінск, 2015) з серыі «Лакальна-рэгіянальныя парадычмы беларускага фальклору», дзе кафедру этналогіі і фальклору прадстаўляла Настасся Гулак і выпускніца кафедры Ірына Глушэц. І ўжо здаецца заканамерным зʼяўленне другога сумеснага праекта – калектыўнай манаграфіі «Цень стралы: культурныя і вербальныя коды традыцыі» (Мінск, 2018), з якой распачалася серыя «Інтэгратыўная фалькларыстыка». Аўтарамі ідэі выступілі дацэнт БДУ Рыма Кавалёва і дацэнт БДУКіМ Вячаслаў Калацэй: разам яны зʼяўляюцца і ўкладальнікамі, і навуковымі рэдактарамі выдання. Дзякуючы іх намаганням, у гэтай манаграфіі вынікі сваіх навуковых распрацовак апублікавалі і міжнародна вядомыя, і маладыя даследчыкі. У кнігу ўвайшлі матэрыялы, прысвечаныя абраду ваджэння і пахавання «стралы», які штогод ладзіцца на Ушэсце ў шэрагу сумежных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны. У Беларусі «Страла» афіцыйна ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. У прадмове Вячаслаў Віктаравіч падкрэсліў важнасць працы, якая дазволіла ўпершыню абагульніць думкі філосафаў, філолагаў, культуролагаў, мастацтвазнаўцаў, краязнаўцаў і антраполагаў па праблемах гэтай нематэрыяльнай праявы творчасці чалавека. Навуковец адзначыў, што назва для серыі абрана невыпадкова. Па словах даследчыка, традыцыйныя зʼявы ў ХХІ стагоддзі магчыма вывучаць «выключна з дапамогай інтэгратыўнай фалькларыстыкі». Цалкам згодны са словамі В. В. Калацэя, што «апеляцыя да інтэгратыўнай фалькларыстыкі – патрэба часу. Пераадоленне састарэлага навуковага абʼектывізму мае на ўвазе зварот да фальклору як да помніка самарэалізацыі суполак яго носьбітаў, зварот да яго як да субʼекта працэсу эксплікацыі мастацтва вуснай традыцыі. Пры абʼектывісцкім падыходзе ў ХХ стагоддзі фальклор разглядаўся як рэч (набор тэкстаў, сімвалаў, нот, апісанняў і схем), але ў ХХІ стагоддзі відавочна: фальклор як частка нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва – самадастатковая і актыўная антрапатэхнічная (чалавечая па змесце і форме самаэксплікацыі) сістэма, скіраваная на самазахаванне. Сістэма, якая ўплывае на шэраг зʼяў рэчаіснасці, у тым ліку на яе рэпрэзентацыі і аналіз у афіцыйнай навуцы. Без уліку гэтага навуковы аналіз якой заўгодна фальклорнай праявы, у тым ліку, абраднасці ваджэння і пахавання «стралы», рызыкуе быць неабʼектыўным і павярхоўным». Як заўсёды, Вячаслаў Віктаравіч прадэманстраваў узорны падыход да вырашэння праблемы, даў сурʼёзную метадалагічную падказку даследчыкам.

Актыўная творчая пазіцыя

Адметная рыса В. В. Калацэя як кіраўніка кафедры – актыўная творчая пазіцыя. Мы вельмі ўдзячны лёсу за магчымасць супрацоўнічаць з В. В. Калацэем, атрымліваць яго дапамогу, адчуваць падтрымку. На кафедры этналогіі і фальклору нас, фалькларыстаў-філолагаў, асабліва ўразілі змест вучэбнага працэсу і яго метадычнае забеспячэнне. Яе загадчык не адзін раз шчыра прызнаваўся, што ў дадзеным выпадку ён абапіраўся на канцэпцыі Э. К. Дарашэвіча і З. Я. Мажэйка, якая адной з першых узняла пытанне аб экалогіі мастацтва вуснай традыцыі. Арыентуючыся на вопыт выкладання фальклору ў Цыркумбалтыйскім рэгіёне, нашы калегі практычна ўкаранілі ў сучасны вучэбны працэс актуальную мадэль працы з фальклорам. Калі філолагі слухаюць курс «Фалькларыстыка», а летам праходзяць фальклорную практыку ў родных мясцінах, то студэнты-этнафоназнаўцы пачынаюць навучанне з экспедыцыйнага азнаямлення з абраным мясцовым матэрыялам. Яны пераймаюць традыцыю выключна метадам дэманстратыўнай антрапатэхнікі – «з голасу на голас» і ў рэшце рэшт адраджаюць вывучаны абрад як дыпломны праект. Тым самым выпускнікі кафедры этналогіі і фальклору, зʼяўляючыся ўнікальнымі спецыялістамі, маладымі носьбітамі аўтэнтычнай спеўнай традыцыі, не толькі цалкам «упісваліся» ў сацыякультурную практыку, але станавіліся яе рухавікамі.

Грамадска-арыентаваная пазіцыя кафедры

Нельга было не заўважыць, што ў адрозненне ад філалагічных традыцый кафедра этналогіі і фальклору пад кіраўніцтвам В. В. Калацэя замацавала свае пазіцыі, акрамя іншага, ў якасці кафедры практычнай фалькларыстыкі, набыла грамадска-арыентаваную форму. Цяжка пералічыць усе формы ўнёску кафедры ў адраджэнне вялікай колькасці рэгіянальных абрадаў і спеўных стыляў. Разам з калегамі мы радуемся таму, што іх праца адзначана дыпломам ЮНЕСКА «За захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны», што зусім нядаўна, у 2017 годзе, выпускнікі-этнафоназнаўцы выступалі ў штаб-кватэры ААН у Жэневе ў складзе пост-фолкавай групы VIETAH, якой кіруе Вячаслаў Калацэй.

Кафедра не засталася ўбаку ад школьнай адукацыі. Наколькі нам вядома, быў распрацаваны шэраг праграм для факультатыўнай дысцыпліны «Музыка. Беларускі музычны фальклор». Мы, фалькларысты-філолагі, не выкарысталі такой магчымасці, хаця ўпэўнены, што культ беларускага спеўнага мастацтва трэба закладаць у свядомасць з маленства, інакш пад пытаннем справа захавання каранёвай культуры.

Напрыканцы дазволім сабе працытаваць выказванні студэнтаў-філолагаў аб фальклоры і іх стаўленні да яго лёсу: «Не хачу, каб фальклор знік» (Марына Верабей), «Мы згубім сувязь з мінулым» (Бажэна Мацюк), «Як тады выхоўваць дзяцей?» (Алена Налецька), «Страціўшы свой фальклор, разам з ім мы страцім сваю мову... перастанем быць нацыяй» (Таццяна Горбель), «Гэта будзем не мы» (Яна Селюжыцкая). І апошняе. Кафедра этналогіі і фальклору далучылася да падрыхтоўкі нумароў электроннага фальклорна-этнаграфічнага і літаратурна-мастацкага альманаха «Дзьмухавец». У яго апошнім нумары змешчаны і выказванні іншых студэнтаў-філолагаў аб беларускай спадчыне, і артыкулы выпускнікоў кафедры этналогіі і фальклору Ірыны Хамутовай, Мікіты Ляха, Арцёма Казлоўскага пра сваю рэканструкцыю каляднага абыходу хат, які адбываецца ў в. Хаціслаў Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Яны спасылаюцца на дапамогу дзьвюх асоб: зразумела, што адна – творчы і навуковы кіраўнік дыпломных работ Наталля Петухова, якая, дарэчы, таксама падзялілася сваімі меркаваннямі, другая – аднакурсніца Юлія Краўчук, якая нарадзілася ў гэтай вёсцы, мае вопыт калядавання і добра валодае мясцовай гаворкай.

У фалькларыстаў БДУ ніколі не было кафедры фальклору. Мы зайздросцілі калегам і з МДУ (што зробіш, Масква ёсць Масква), і з БДУКіМ з яго ўнікальнай кафедрай этналогіі і фальклору. На сённяшні дзень этнафалькларыстыка – адзін з галоўных напрамкаў развіцця інтэгратыўнай фалькларыстыкі поруч з іншымі.

Сёння мы рады магчымасці павіншваваць нашага сябра Вячаслава Віктаравіча Калацэя з днем нараджэння.

Шаноўны дружа!
Шчыра віншуем з нагоды слаўнага юбілею! Зычым здароўя, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх справах!
Спадзяемся, што талент збіральніка, музыкі, выкладчыка, даследчыка, арганізатара будзе натхняць яшчэ не адно пакаленне вашых удзячных вучняў і калег і стане ўрадлівай глебай для новых адкрыццяў!

Як сказаў адзін незнаёмы нам паэт, «Вячаслаў Калацэй з кожным годам маладзей». Мы цалкам згодны з ім, бо ў Вячаслава маладыя думкі, несастарэлае навуковае мысленне і жывая душа.

Vivat Вячаслаў!

Фалькларысты БДУ