Дзьмухавец 16
Да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Раговіча

ХV Шырмаўскія чытанні на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (28 лістапада 2018 года) былі прысвячаны 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Раговіча, плённая праца якога ў НДЛ беларускага фальклору – яскравая старонка гісторыі фалькларыстыкі нашага факультэта, прадстаўленай імёнамі Льва Барага, Ніла Гілевіча, Маісея Грынблата, Івана Гутарава, Веры Захаравай, Галіны Кутыровай, Міхася Ларчанкі, Васіля Ліцьвінкі, Івана Саламевіча, Любові Тарасюк, Генадзя Цітовіча ды інш.

Да юбілейнай даты па запрашэнні арганізатараў XII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання» (Мінск, 27–29 красавіка 2018 г.) – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў» – у межах плянарнага пасяджэння прагучаў даклад аб жыцці і дзейнасці У. І. Раговiча, была арганізавана праца секцыі «Унёсак роду Раговічаў у вывучэнне і папулярызацыю фальклору (да 80-годдзя Уладзіміра Раговіча)». На гэтай прадстаўнічай сустрэчы вядучых спецыялістаў у галіне даследавання ўсходне- і заходнееўрапейскіх народных спеўных традыцый ушаноўвалі У. І. Раговіча калегі Г. Р. Кутырова-Чубаля (Польшча), Г. А. Таўлай (Расія) і Р. М. Кавалёва (Беларусь), даследчыкі В. В. Калацэй (Беларусь) і А. У. Рагуля (Беларусь), землякі і аднадумцы юбіляра.

…Уладзіміра Раговіча няма з намі ўжо 13 гадоў. Ён пакінуў буйную спадчыну, якая не вычарпаецца нават дзясяткам тамоў. Яе навуковы аналіз толькі распачынаецца. А вось у творчым працэсе шматлікіх народных ансамбляў зробленае гэтым рупліўцам ужо атрымала яскравую рэалізацыю.

У яго асобе спалучыліся постаці народнага спевака і прафесійнага харавога дырыжора, непасрэднага носьбіта традыцыі і яе руплівага даследчыка, аўтарытэтнага педагога і поўнага творчых задум інтэрпрэтатара музычнай спадчыны. Вучань і паслядоўнік Рыгора Шырмы, ён сабраў тысячы унікальных беларускіх песень і апісанняў абрадаў ды вылучаўся ўласным «почыркам» трактоўкі народных мелодый. Усё сваё жыццё Уладзімір Раговіч прысвяціў збіранню, даследаванню і папулярызацыі беларускага нацыянальнага меласу.


Уладзімір Раговіч – вучань і паслядоўнік Рыгора Шырмы






Н.Г. Мазурына побач з выставай да 80-годдзя У.І. Раговіча. БДУКМ, 2018 г.

Наталля Мазурына (Раговіч), кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ імя М. Танка.



Улляна Афанасьеўна Раговіч перад хатай у Парычах, у якой вырасціла пяцёра дзяцей.




Ён нарадзіўся 23 сакавіка 1938 года ў мястэчку Парычы (цяпер – у Светлагорскім раёне). Спяваць навучыўся ці не раней, чым гаварыць, і ўжо ў два гадкі выводзіў сваю ўлюбёную «Пасею гурочкі», пачутую ад маці. Улляна Афанасьеўна была спадчыннай спявачкай, ды і бацька хлапчука Восіп Казіміравіч таксама меў гэты талент. Дарэчы, любоў да тых парыцкіх песень Раговіч захаваў праз ўсё жыццё.

Перажыў вайну, смяротны концлагер «Азарычы», часова страціў зрок ад тыфу, пасвіў кароў, пакуль не стаў бачыць зноў. Скончыў 7 класаў сярэдняй школы ў Парычах (зараз там знаходзіцца музейная экспазіцыя, прысвечаная Уладзіміру Раговічу).

 

Ужо ў юнацтве ён займеў славу як выдатны народны спявак, носьбіт традыцый Гомельскага Палесся. Менавіта ў Парычах на адным з самадзейных канцэртаў яго заўважылі, ацанілі і прапанавалі атрымаць адукацыю. У 1955 годзе Уладзімір ўжо працаваў інструктарам у раённым Доме культуры ў Парычах, сам спяваў са сцэны звонкім прыгожым тэнарам.

Далей было навучанне ў Гомельскім музычным вучылішчы імя М. Сакалоўскага, якое скончыў у 1959 годзе.



Падчас студэнцкай практыкі ў далёкім 1957 годзе ён пачаў запісваць беларускія народныя песні. А па атрыманні дыплома таленавіты хлопец выправіўся ў Мінск – паступаць у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. Луначарскага. Вучыўся на факультэце харавога дырыжыравання ў класе народнага артыста БССР А. П. Кагадзеева.

22-гадовы студэнт спалучае навучанне з актыўнай працай на аматарскай сцэне. У 1960 годзе ён стварыў Народную харавую капэлу МТЗ. Дзякуючы ёй рабочыя завода-гіганта – як правіла, выхадцы з вёсак – не адрываліся ад сваіх культурных каранёў. Дарэчы, менавіта ў гэтым калектыве хормайстрам працаваў яшчэ адзін малады выхадзец з Палесся – Міхаіл Дрынеўскі.

Паралельна Уладзімір Раговіч кіраваў Народнай харавой капэлай БДУ (1961 – 1966), хорам хлопчыкаў ДК МТЗ (1964 – 1967). Там ён набіраўся досведам, які потым спатрэбіўся яму на прафесійнай сцэне.

Філіграннасць партытуры

Пасля заканчэння кансерваторыі ў 1964 г. Уладзімір Раговіч атрымаў накіраванне на працу ў Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле БССР на пасадзе дырыжора-хармайстара побач з Рыгорам Раманавічам Шырмай – гонар, які выпадаў нямногім. У двух дырыжораў – сталага і маладога – склаліся незвычайна цёплыя, шчырыя прафесійныя і асабістыя стасункі.

Рыгор Раманавіч часта называў Уладзіміра «сынком». Калі ў 1970 годзе вырашалася, хто з трох прэтэндэнтаў заменіць Рыгора Раманавіча на яго пасадзе, Шырма даў Раговічу такую характарыстыку: «Малады, таленавіты, любіць папраўляць кампазітараў» (А. Мдзівані і І. Лучанок нездарма называлі Уладзіміра Іосіфавіча сааўтарам). Параўнаўшы шырмаўскія характарыстыкі ўсіх кандыдатаў, кіраўніцтва прызначыла У. І. Раговіча мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР імя Р. Р. Шырмы, якой ён і кіраваў да 1982 года.

Прафесійная самастойнасць і грамадзянская незалежнасць

Уладзімір Раговіч заўжды адстойваў сваё меркаванне: галоўны харавы калектыў краіны павінны сцвярджаць нацыянальную адметнасць! Таму аснову рэпертуара капэлы, побач з творамі сусветнага музычнага мастацтва, складалі беларускія народныя песні ў аранжыроўцы лепшых майстроў: Анатоля Багатырова, Міхаіла Гайваранскага, Аляксандра Грачанінава, Яўгена Цікоцкага, Рыгора Пукста… Выконвала капэла і апрацоўкі народных песень самога Уладзіміра Раговіча. На канцэртах з поспехам гучалі «Ой, сівы конь бяжыць», «Козачка», «Із далёкіх із краёў», «Мікіта», «Дробненькі дожджык», «А дзе ж тая крынічанька», «Балада аб партызанцы Галіне» і многія іншыя.

Агулам за сваё жыццё Уладзімір Раговіч зрабіў больш за 250 апрацовак беларускіх песень. Як адзначае дацэнт БДПУ імя Максіма Танка Валянціна Чарняк, якая не адзін год працавала разам з Уладзімірам Іосіфавічам, падыход дырыжора да стварэння харавой партытуры заўсёды быў філігранным, і кожная яго апрацоўка станавілася своеасаблівым дзействам, мініспектаклем, які ярка і вобразна ўзнаўляў карціну народнага жыцця.

Канфлікт з партыйным кіраўніцтвам вымусіў Уладзіміра Іосіфавіча напісаць заяву аб звальненні і пакінуць любімую капэлу, з якой былі звязаны 18 гадоў жыцця. Было забаронена нават узгадваць прозвішча У. І. Раговіча пры трансляцыі запісаў капэлы на радыё.

Ён не страціў сябе

Пазбаўлены любімай працы, Уладзімір Іосіфавіч скіраваў сваю творчую актыўнасць на тое, што заўсёды яго захапляла: на вывучэнне, збіранне і даследаванне беларускага нацыянальнага меласу.

Працу над апрацоўкамі беларускіх народных песень для мяшанага і мужчынскага хароў У. І. Раговіч працягваў усё жыццё, бо лічыў, што скарбы народнага меласу, у якіх ён бачыў бездань гармоніі і прыгажосці, абавязкова павінны быць данесены да шырокай аудыторыі. Прычым у разнастайным і поўным выкананні, як гэта характэрна беларускай традыцыі спеваў. «У Рыгора Раманавіча, – заўважаў Уладзімір Іосіфавіч, – не было адпаведнай гуказапісваючай апаратуры, а ў народзе вельмі часта кожная страфа песні выконваецца па-рознаму. Усё гэта (у тым ліку і народнае шматгалоссе. – Заўв. аўтара) я і падкрэсліваў у сваіх расшыфроўках народных напеваў, звяртаючы ўвагу не толькі ўласна на музыку, але і на фанетыку кожнага слова».

Скарбонка народных песень


У. І. Раговіч са студэнтамі ў фальклорнай экспедыцыі ў в. Стаўбун Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.


Збіраць беларускія народныя песні У. Раговіч пачаў яшчэ ў 1957 годзе падчас студэнцкай практыкі ў вучылішчы. Некаторыя з песень ён апрацоўваў для хора, а ў 1962 годзе напісаў «Харавую сюіту» ў 8 частках для хора без суправаджэння на матэрыяле беларускіх народных песень, шэраг харавых твораў на вершы Я. Коласа («Будзе навальніца») і інш. З 1982 года Уладзімір Іосіфавіч – старшы выкладчык і загадчык кафедры харавога дырыжыравання МДПІ імя А. М. Горкага. У 1987 годзе перайшоў на навуковую работу і да 1998 года плённа супрацоўнічаў з Навукова-даследчай лабараторыяй беларускага фальклору і дыялекталогіі БДУ, дзе працягнуў сваю працу фалькларыста-этнамузыколага і стаў ўкладальнікам музычных частак збораў фальклору розных абласцей Беларусі. У 1980–90-я гады Уладзімір Іосіфавіч сістэматычна выязджаў са студэнтамі педінстытута і БДУ ў фальклорныя экспедыцыі. Здабыткам шляху ў дзесяткі гадоў і сотні кіламетраў стала калекцыя, што налічвае больш за тры тысячы беларускіх народных песень. Запісы Уладзіміра Іосіфавіча ўбачылі свет у шматлікіх выданнях. У 1988 годзе быў апублікаваны «Вянок беларускіх народных песень», у які ўвайшлі лепшыя ўзоры народнапесеннага мастацтва.


М. П. Антропаў і У. І. Раговіч у экспедыцыі на Палессі. Вясельны каравай.

Уладзімір Іосіфавіч расказваў, як ён разам са сваім сябрам, калегам і аднадумцам Васілём Ліцьвінкам расшыфроўваў запісаныя на магнітафонныя стужкі экспедыцыйныя тэксты. Бывала, што па некалькі дзён яны шукалі разгадку слова ці фразы з песні, перагортвалі старонкі дзясяткаў фальклорных зборнікаў, каб знайсці аналаг ці здагадку. Разам спявалі ўпадабаныя і любімыя песні. Разам і пісалі навуковыя артыкулы для часопіса «Мастацтва Беларусі» і зборнікаў фальклору: В. Дз. Ліцьвінка як філолаг і У. І. Раговіч як музыкант. Я была шматгадовым сведкам захопленасці і апантанасці Уладзіміра Іосіфавіча працай над запісамі, расшыфроўкай, падрыхтоўкай да выдання беларускіх народных песень. Гэта быў нястомны працэс адкрыцця глыбокіх і вечных сэнсаў у простых і звычайных ці выключных жыццёвых сітуацыях. Неаднаразова пры гэтым ўзгадваліся ім моманты працы ў экспедыцыях. Напрыклад, такі: прыехаў ён улетку са студэнтамі ў вёску на фальклорна-этнаграфічную практыку. Праінструктаваў моладзь у чарговы раз і разаслаў у розныя бакі.

Праз некаторы час вяртаюцца студэнты і кажуць: «Мёртвая вёска! Нічога няма!» Адправіў ён іх уладкоўвацца па хатах, а сам пайшоў «у разведку». І раптам з поля чуецца цудоўнейшы напеў жніўнай песні! Ён хутчэй па магнітафон – і на поле. Запісаў тады не адзін дзясятак песень. І ўсміхаўся потым моладзі: «А вы казалі – “мёртвая”!»

Спеўная культура Палесся




У 1988 годзе Уладзімір Раговіч на чатыры гады перабраўся ў Пінск, дзе яму прапанавалі ўзначаліць знакаміты Народны хор палескай песні. Адначасова працаваў выкладчыкам Пінскага педагагічнага вучылішча імя А.С. Пушкіна.

Менавіта ў тыя часы ён асабліва актыўна стаў вывучаць спеўную культуру Палесся. Так пачалася праца над першым сістэматызаваным зборам песеннага фальклору Палесся, дзе грунтоўна прадстаўлены ўсе яго жанравыя разнавіднасці. Асабліва важна, што ў выданні захаваны музычныя і вербальныя дыялектныя асаблівасці паўднёва-заходніх гаворак Беларусі. Аўтарам распрацавана тыпалогія вясельных песень, якая яскрава дэманструе сталасць і багацце народнага мыслення палешукоў.

Першыя два тамы збору адразу сталі запатрабаванымі сярод кіраўнікоў фальклорных калектываў. Ды, на жаль, трэці том, які ўключае пазаабрадавыя песні (любоўныя, сямейныя, жартоўныя, сацыяльна-бытавыя, балады), да гэтага часу так і не выдадзены, хаця і цалкам падрыхтаваны навукоўцам. Не выпадае сумнявацца, што песні з гэтага збору прамерам амаль у шэсцьсот старонак маглі б істотна пашырыць рэпертуар сучасных фальклорных ансамбляў народных хароў, а таксама стаць матэрыялам для новых навуковых даследаванняў.

Уладзімір Іосіфавіч шчодра дзяліўся сваімі здабыткамі з кіраўнікамі шматлікіх харавых калектываў і вельмі радаваўся, што песні ў яго запісах і апрацоўках гучаць са сцэны па ўсёй краіне. Многія кіраўнікі народных ансамбляў дасюль удзячныя яму за гэтую рэпертуарную дапамогу.

– Запісы песень, выкананыя Уладзімірам Раговічам – вельмі дакладныя, з мелізмамі, з падпеўкамі, са шматгалоссем. Гэта папраўдзе энцыклапедычная работа! Тым болей, многія з тых спеваў ад носьбітаў ужо не пачуеш, – кажа сённяшні мастацкі кіраўнік заслужанага ансамбля песні і танца «Зорачка» Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ала Навіцкая.

Гэтыя песні, выратаваныя рупліўцам ад знікнення, гучаць на канцэртах «Зорачкі» і сёння.

«Веды»

Разам са сваімі сябрамі, знанымі музыкамі-фалькларыстамі Алегам Аляхновiчам і Мікалаем Сіратой, Уладзімір Раговіч стварыў ансамбль народнай музыкі «Веды».

Дасканалае веданне традыцый розных рэгіёнаў Беларусі, майстэрскае валоданне народнымі музычнымі інструментамі дазвалялі рабіць цікавыя і разнастайныя праграмы. Уладзімір Іосіфавіч выдатна саліраваў у песнях «I туды гара, i cюды гара», «Iшоў казак дарогаю», «Пошов по кай рэчушкі». Незвычайны голас з прыгожым тэмбрам вёў песні лагодна, глыбока. Ён пераносіў слухачоў з горада ў вёску, да старадаўніх беларускіх традыцый мужчынскіх спеваў.

2018 год

Юбілейны 2018 год быў адзначаны і ўвагай міжнароднай супольнасці: на некалькіх навуковых канферэнцыях ушаноўвалася імя У. І. Раговіча.

Шырокая і прадстаўнічая праграма мерапрыемстваў XXVII Міжнародных навуковых чытаннях памяці Л.С. Мухарынскай і Міжнароднага форуму этнакультур (27-30 сакавіка 2018 г., Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) уключыла ў сябе фотапрэзентацыю і навуковы даклад «Мастацтва дырыжора i фалькларыста: да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзiмiра Iосiфавiча Раговiча». Яны былі прадстаўлены аўтарам дадзенай публікацыі ў секцыі «Праблемы гісторыі музыкі і музычнай педагогікі (Выдатныя дзеячы беларускай і сусветнай музычнай культуры)».

XV Шырмаўскія чытанні

28 лістапада 2018 года на філалагічнам факултэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта прайші XV Шырмаўскія чытанні, прысвечаныя 80-годдзю беларускага фалькларыста, этнамузыказнаўцы, харавога дырыжора, кампазітара Уладзіміра Іосіфавіча Раговіча, вучня і паслядоўніка Рыгора Шырмы. Традыцыйна Чытанні арганізавалі разам кафедра тэорыі літаратуры, Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору і студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Фалькларыстыка”.

Праца Чытанняў пачалася ў 9.45 на базе медыятэкі філалагічнага і эканамічнага факультэтаў БДУ з прэзентацыі кніжнай выставы “Рыгор Шырма і Уладзімір Раговіч”, якую прадставіла загадчыца чытальнай залы Ж. С. Карповіч. У сваім выступленні яна адзначыла адметную ролю Р. Шырмы і У. Раговіча ў суветным прызнанні беларускага меласу і вылучыла тыя кнігі і зборнікі, якія сталі класікай для беларускай фалькларыстыкі, на якія беларускія даследчыкі фальклору і этнамузыкі арыентуюцца і сёння.

Далей з дакладам “Творчы ўнёсак Уладзіміра Раговіча ў беларускую культуру” выступіла захавальніца яго памяці, к.ф.н., дацэнт, дактарант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ Н. Г. Мазурына, якая аздобіла сваё выступленне фота з асабістага архіва У. Раговіча і запісамі народных песень, якія ён паклаў на ноты. Пасля Н. Г. Мазурына правяла майстар-клас па развучванню калядных спеваў і разам з прысутнымі праспявала калядную песню “Добры вечар табе, пане гаспадару”.

Напрыканцы з музычным віншаваннем выступілі студэнты факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў разам са сваім настаўнікам, загадчыкам кафедры этналогіі і фальклору, кандыдатам культуралогіі, дацэнтам В. В. Калацэем.

У 11.15 пачалася цырымонія ўрачыстага адкрыцця, на якой з прывітальнымі словамі да ўдзелнікаў Чытанняў выступілі намеснік дэкана па навуковай рабоце філалагічнага факультэта БДУ, к.ф.н., дацэнт П. І. Навойчык; д.ф.н., прафесар, прафесар кафедры тэорыі літаратуры БДУ В. П. Рагойша; кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры гісторыі музыкі і беларусістыкі, метадыст I-й катэгорыі кабінета традыцыйных музычных культур Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Л. Ф. Баранкевіч; кандыдат культуралогіі, дацэнт, загадчык кафедры этналогіі і фальклору В. В. Калацэй. З музычнымі прывітаннямі перад прысутнымі выступілі: этнограф, фалькларыст, музыкант, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, выканальніца спеваў, максімальна набліжаных да аўтэнтычнай манеры, выпускніца філалагічнага факультэта БДУ Наталля Матыліцкая; студэнты факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры этналогіі і фальклору, кандыдата культуралогіі, дацэнта Вячаслава Калацэя; старшы выкладчык кафедры нямецкага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ, музыка і выканаўца песень Дзмітрый Каралёў; студэнцкі фальклорна-этнаграфічны гурт філалагічнага факультэта БДУ “Багач”.

Напрыканцы загадчык Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору кафедры тэорыі літаратуры БДУ, к.ф.н., дацэнт Т. А. Марозава пазнаёміла прысутных з сумеснымі выданнямі кафедры тэорыі літаратуры і лабараторыі фальклору, якія выйшлі ў 2018 годзе.

У рамках ХV Шырмаўскіх чытанняў была арганізавана праца семінара-дыскусіі “Сучасная фалькларыстыка, міфалогія, этналогія: пазітыўныя, негатыўныя, супярэчлівыя вектары руху”, на якім з дакладам “Гуманітарная сфера Беларусі: стан і перспектывы” выступіла д.ф.н., прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Т. І. Шамякіна. У дакладзе падрабязна былі раскрыты актуальныя праблемныя пытанні, звязаныя са станам гуманітарных ведаў у Беларусі, і зроблены прапановы па выпраўленні існуючых недахопаў. Падчас дыскусіі выказваліся меркванні аб тым, што сучаснай гуманітарнай адукацыйнай прасторы не хапае крэатыўнасці, а навуковым даследаванням – смеласці ў прапановах па выкарыстанню новых падыходаў і абнаўленню тэрміналагічнага апарату.

Працавала 4 секцыі, не абмежаваныя тэматыкай, што, па меркаванні аргкамітэта, дапамагло “развесці” па розных аўдыторыях удзельнікаў з адной установы, чые выступаленні былі тэматычна блізкія. У адпаведнасці з пратаколамі, якія вялі сакратары секцый, найбольшую цікавасць выклікалі даклады к.ф.н., дацэнта кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Інстытута пагранічнай службы М. В. Шамякінай “Будущее гуманитарного знания: взгляд из прошлого (на материале научной фантастики ХХ–ХХI вв.” (секцыя 3), студэнткі 4 курса вакальна-харавога факультэта БДАМ В. В. Фёдаравай “Антаніна Мікалаеўна Аляксеева: носьбіт этнапесеннай традыцыі ва ўмовах этнакультурнай ізаляцыі” (секцыя 2), студэнткі 3 курса філалагічнага факультэта БДУ К. І. Бранчэль “Вобраз Радагаста ў творах Дж. Р. Р. Толкіена: славянскі кантэкст” (секцыя 4), в.н.с. філалагічнага факультэта БДУ, к.ф.н., дацэнта Р. М. Кавалёвай “Виды фольклоризации в историко-культурном разрезе” (секцыя 1). Усяго вочны ўдзел у працы Чытанняў узялі 28 чалавек з 5 вну Беларусі: БДУ, БДПУ імя М. Танка, ГДУ імя Ф. Скарыны, БДАМ і БДУКМ, з іх 11 чалавек – студэнты.

На выніковым пасяджэнні аргкамітэта і старшыняў секцый былі прыняты наступныя пастановы:
1. Па выніках працы ХV Шырмаўскіх чытанняў падрыхтаваць да выдання матэрыялы дакладаў, якія стануць асновай 15 выпуску зборніка навуковых артыкулаў “Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі”.
2. Падтрымаць прапанову аргкамітэта аб замацаванні вочнай і завочнай формаў ўдзелу ў Шырмаўскіх чытаннях.
3. Лічыць правядзенне ХV Шырмаўскіх чытанняў ажыццёўленым на высокім арганізацыйным і навуковым узроўні.

Матэрыял по XV Шырмаўскіх чытыннях падрыхтавала
к.ф.н, дацэнт, загадчык кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Т. А. Марозава
Фото В. С. Дзянісенка

Публікацыі Уладзіміра Раговіча

Зборнікі фальклору

1. Беларускія абрадавыя песні : метад. дапам. / Запiс У. Раговiча. – Мінск : Выд-ва МДПІ імя А.М.Горкага, 1985. – 112 с.
2. Вянок беларускiх народных песень / Запiс У. Раговiча. – Мінск : Навука i тэхнiка, 1988. – 432 с.
3. Раговiч, У. I. Песенны фальклор Палесся: у 3 т. / У. І. Раговіч. – Мінск : Выд-ва “Чатыры чвэрці”, 2001–2002. – Т. 1 : Песнi святочнага календара. – 2001. – 528 с.
4. Раговіч, У. І. Песенны фальклор Палесся : у 3 т. / У. І. Раговіч. Мастац. афармленне У. М. Вішнеўскага. – Мінск : Выд-ва “Чатыры чвэрці”, 2001–2002. – Т. 2 : Вяселле. – 2002. – 592 с.
5. Песні і строі Піншчыны / М. Раманюк, В. Ліцвінка, У. Раговiч. – Мінск, 1994. – 35 с.

Укладанне музычных частак зборнікаў фальклору
(у тым ліку і натацыя напеваў песень)

6. Беларускi фальклор у сучасных запiсах : Традыц. жанры : Гомельск. вобл. / Уклад. В. А. Захарава i iнш. ; уклад. муз. часткi У. I. Раговiч. – Мінск : Унiверсiтэцкае, 1989. – 384 с.
7. Палескае вяселле / Уклад. і рэд. В. А. Захарава ; уклад. муз. часткi У. I. Раговiч. – Мінск : Унiверсiтэцкае, 1984. – 303 с.

Натацыя напеваў песень зборнікаў фальклору

8. Беларускi фальклор у сучасных запiсах : Традыц. жанры : Брэсц. вобл. / Уклад. В. А. Захарава. – Мінск : Выд-ва БДУ, 1973. – 304 с.
9. Беларускi фальклор у сучасных запiсах : Традыц. жанры : Мiнск. вобл. / Уклад. В. Д. Лiцвiнка; уклад. муз. часткi Г. Р. Кутырова. – Мінск : Унiверсiтэцкае, 1995. – 477 с.

Навуковыя артыкулы

10. Раговіч, У. І. Песенны летапіс партызанскага змагання / В. Дз. Ліцвінка, У. І. Раговiч // Мастацтва Беларусі. – Мінск, 1984. – № 7. – С. 74–75.
11. Раговіч, У. І. Усе горы зелянеюць / В. Дз. Ліцвінка, У. І. Раговiч // Мастацтва Беларусі. – Мінск, 1984. – № 11. – С. 65–66.
12. Раговіч, У. І. Закладаўся й арол з сівагрывым канём / В. Дз. Ліцвінка, У. І. Раговiч // Мастацтва Беларусі. – Мінск, 1986. – № 3. – С. 72–73.
13. Раговіч, У. І. Песні-загадкі / В. Дз. Ліцвінка, У. І. Раговiч // Мастацтва Беларусі. – Мінск, 1987. – № 9. – С. 66–69.
14. Раговіч, У. І. Песні вясны / В. Дз. Ліцвінка, У. І. Раговiч // Мастацтва Беларусі. – Мінск, 1988. – № 3. – С. 71–74.
15. Раговіч, У. І. Песні лета / В. Дз. Ліцвінка, У. І. Раговiч // Мастацтва Беларусі. – Мінск, 1988. – № 6. – С. 55–57.
16. Раговіч, У. І. Песні восені / В. Дз. Ліцвінка, У. І. Раговiч // Мастацтва Беларусі. – Мінск, 1988. – № 9. – С. 64–66.
17. Раговіч, У. І. Песні зімы / В. Дз. Ліцвінка, У. І. Раговiч // Мастацтва Беларусі. – Мінск, 1988. – № 11. – С. 73–76.
18. Раговіч, У. І. Песенны каляндар Піншчыны / В. Дз. Ліцвінка, У. І. Раговiч // Мастацтва Беларусі. – Мінск, 1990. – № 3. – С. 63–66.
19. Раговіч, У. І. Мілагучны голас Ляхаўшчыны / В. Дз. Ліцвінка, У. І. Раговiч // Мастацтва Беларусі. - Мінск,
20. Раговіч, У. І. Тыпалогія вясельных песень Беларускага Палесся / Н. Г. Мазурына, У. І. Раговіч // Песенны фальклор Палесся : у 3-х т. Т. 2. Вяселле. – Мінск : Выд-ва “Чатыры чвэрці”, 2002. – С. 5–19.
21. Раговiч, У. I. Спеўная культура Палесся / У. І. Раговіч // Песенны фальклор Палесся : у 3 т. – Мінск : Выд-ва “Чатыры чвэрці”, 2001–2002. – Т. 1 : Песнi святочнага календара. – 2001. – С. 5–14.