Вольга Казлова
РУПЛIЎЦА ШКОЛЫ ФАЛЬКЛАРЫСТЫКI
БЕЛАРУСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА ЎНIВЕРСIТЭТА
ВЕРА АНIСIМАЎНА ЗАХАРАВА
Грамадзянскае сумленне, памножанае пафасам 85-годдзя Беларускага дзяржаўнага універсітэта, выклікала ў мяне неадступнае жаданне звярнуцца да памяці ветэранаў, якія пасля выгнання з нашай зямлі нямецка-фашысцкіх захопнікаў сталі першымі адраджэнцамі універсітэта. Сярод іх была і заснавальніца беларускай вузаўскай школы фалькларыстыкі, нястомная збіральніца скарбаў вуснай народнай творчасці беларусаў, дацэнт БДУ Вера Анісімаўна Захарава. За гады працы на філфаку, абапіраючыся на дапамогу сваіх вучняў, яна сабрала і выдала каштоўнейшы, багацейшы матэрыял вуснай народнай творчасці.
Падрыхтавала і выдала ў 1973 г. зборнік «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Брэсцкая вобласць. Традыцыйныя жанры». У 1989 г. убачыў свет зборнік «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць». Над зборнікам Вера Анісімаўна працавала разам са сваімі вучнямі дацэнтамі Р. М. Кавалёвай і В. Д. Ліцвінкам. У 1984 г. выйшла кнiга «Палескае вяселле» – вынiк шматгадовай яе працы па даследаванню спадчыны палескай духоўнай і матэрыяльнай культуры.
«Немалаважны ўклад у скарбніцу агульнабеларускага фальклору ўнесла Беларускае Палессе, – адзначала В. А. Захарава. – Гэты край мае сваю многавекавую гераічную гісторыю і багатую народную культуру, якая адыходзіць у глыбіню стагоддзяў, добра захоўвае традыцыйныя элементы ўсёй славянскай духоўнай культуры» [1, 6].
На даследаванне вясельнага абраду В. А. Захараву натхнiў яе настаўнік і аднадумца, выдатны фалькларыст, кіраўнік Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР, народны артыст СССР Рыгор Раманавіч Шырма, які шмат сіл аддаў збору фактычнага матэрыялу нацыянальнага вяселля. Вяселле ён разглядаў як «самы ўрачысты абрад у жыцці беларускага народа», як «своеасаблівую народную оперу з пралогам, драматычнай кульмінацыяй і заўсёды шчаслівым заканчэннем... Народ стагоддзямі дасканаліў, калі можна так назваць, лібрэта гэтае оперы, якая надзвычай багата насычана спевамі, музыкай, танцамі, вострым дыялогам, гумарам» [2, 5].
Па багаццю фактычнага матэрыялу манаграфія В. А. Захаравай лічыцца не толькі энцыклапедыяй палескага вяселля, але і скарбніцай духоўнага і маральна-этычнага багацця жыхароў гэтага рэгіёна Рэспублікі Беларусь.
Р. Р. Шырма ўважліва і ўдзячна ставіўся да просьбаў Захаравай даць згоду на рэдактарскі клопат па выданню яе фальклорных прац, артыкулаў і навуковых дакладаў.
В. А. Захарава прыйшла ў калектыў Белдзяржуніверсітэта з вогненных плацдармаў Вялікай Айчыннай вайны. Чорнай хмарай апусцілася вайна над студэнткай першага курса філфака Ленінградскага універсітэта Верай Волахавай. З пачатку спякотнага лета і да сцюдзёнай глыбокай восені 1941 г. дзевятнаццацігадовая студэнтка працавала ў спецатрадзе па збудаванню супрацьтанкавых абарончых акопаў у прыгарадзе Ленінграда. Ад поту, солі, зямлі і непагадзі ўчарнела яе аблічча. У тую ж восень Вера была мабілізавана на вайсковую службу, прайшла кароткатэрміновыя курсы старшых медсясцёр і ўсю блакаду працавала ў шпіталі. Пасля прарыву блакады прадоўжыла медыцынскую службу на розных франтах, была двойчы кантужана. А з шпітальнага лячэння зноў і зноў вярталася на баявыя пазіцыі. Вера Анісімаўна прайшла ўсю вайну і пасля Перамогі з ордэнам Чырвонай зоркі і двума баявымі медалямі вярнулася ў Гомель пад мірны дах сваiх бацькоў — Ганны Пятроўны і Анісіма Міхайлавіча Волахавых.
Дэмабілізаваўшыся, у тым жа 1945 г. прадоўжыла адукацыю ў Гомельскім педагагічным інстытуце, які закончыла ў 1948 г. і была пакінута ў інстытуце на пасадзе асістэнта. У 1950 г. Захарава паступіла ў аспірантуру на кафедру рускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Для аспіранцкай дысертацыі абрала тэму «Народная паэзія ў аўтабіяграфічных творах А. М. Горкага (1912–1917 гг.)». Дарадчыкам у выбары напрамку навуковай працы быў загадчык кафедры рускай літаратуры доктар фiлалагiчных навук, прафесар Іван Васільевіч Гутараў. Яго дысертацыя таксама вырасла на ніве вуснай народнай творчасці часоў Вялікай Айчыннай вайны. У 1956 г. В. А. Захарава паспяхова абараніла дысертацыю, была прынята на працу ў БДУ і прайшла на філфаку службовыя пасады выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта.
Вера Анісімаўна чытала курс лекцый «Русское народное поэтическое творчество», распрацавала некалькi спецкурсаў, у тым лiку «Устное народное творчество в наследии Горького», вяла спецсемінар «Современные проблемы русской советской литературы». Матэрыялы, падрыхтаваныя для лекцыйных курсаў, выкарыстала ў манаграфіі «О художественном мастерстве А. М. Горького» і «З жыватворных крыніц» (у сааўтарстве з В. В. Рэвіцкім). Яна надзвычай паспяхова спалучала выкладчыцкую працу з навукова-даследчай i збiральнiцкай. Для збору матэрыялаў па навуковай тэме зусiм невыпадкова было абрана Палессе – спачатку Заходняе (Брэстчына), а потым Усходняе (Гомельшчына). Аналiзуючы кантрольныя i курсавыя работы студэнтаў, выкананыя на фактычным мясцовым матэрыяле, Вера Анісімаўна натрапіла на россыпы самацветаў вуснай народнай творчасці. Так, першакурснік Васіль Ліцвінка выявіў фальклорнае багацце сваёй мясцовасці – вёскі Верхні Церабяжоў Столінскага раёна. Студэнтка Ніна Макарская захапіла Захараву цікавымі запісамі куставага i вясельнага абрадаў, зробленымі ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна. Па ўспамінах Н. П. Макарскай (Дзенiсюк), у час палявой практыкі выкладчыца стала сведкам рэдкага выпадку – «выратавання» вясельнага караваю, які ў вясковай печы вырас да такіх памераў, што давялося разбурыць прыпечак і частку нёба, каб зберагчы сімвалічнае прызначэнне караваю – непарушнасць і моц будучага сямейнага шчасця.
Калі кафедрай кіравала доктар фiлалагiчных навук, прафесар Любоў Іванаўна Фіглоўская, Вера Анісімаўна ажыццяўляла ўсю праграму студэнцкай палявой фальклорнай практыкі. Выкладанне тэарэтычнага курса спалучала з рознымі формамі практычных заняткаў: знаёміла з методыкай запісу матэрыялу, наладжвала кансультацыі з вядомымі фалькларыстамі Акадэміі навук БССР, сустрэчы з кіраўнікамі славутых народных калектываў. Пастаянна карысталася Вера Анісімаўна архіўнымі запісамі Акадэміі навук БССР. Працуючы з Раісай Іванаўнай Яраслаўцавай, жонкай тагачаснага міністра культуры БССР Ю. М. Міхневіча, Захарава выкарыстала матэрыялы з фондаў міністэрства. Удзельнічала ў дзяржаўных камісіях па агляду калектываў мастацкай самадзейнасці. У запісе мелодый і тэкстаў народных твораў Захаравай дапамагалі Генадзь Іванавіч Цітовіч і Уладзімір Iосiфавiч Раговіч. З яе фальклорнымi экспедыцыямi вандраваў па Беларусi вядомы драматург Анатоль Дзялендзік. Пры распрацоўцы сцэнарыя фільма «Анастасія Слуцкая» ён звярнуўся да запісаных у тую пару вусных легенд аб гісторыі нашага краю.
Пры падрыхтоўцы да выезду студэнтаў-практыкантаў у палявыя экспедыцыi Захарава заўсёды збірала групу прапагандыстаў палітыка-выхаваўчай і культурна-масавай работы сярод насельніцтва. Вера Анісімаўна валодала прыгожым голасам і таксама прымала ўдзел у сцэнічных выступленнях. Добрая слава пра прапагандысцка-мастацкія здольнасці фальклорных груп студэнтаў-практыкантаў БДУ разышлася па суседніх з Піншчынай украінскіх вёсках. Ад калгасаў прыходзілі хадакі з запрашэннем выступіць перад братамі-суседзямі ўкраінцамі, але знайсці машыну ў тую пару было складана. Па ўспамінах былой студэнткі фiлфака Ніны Макарскай, Захарава атрымала ў мясцовага начальства дазвол на выкарыстанне пажарнага транспарта.
З кагорты, сабранай Захаравай, вырасталі вялікага ўзроўню майстры нацыянальнай культуры: лаўрэат фестывалю мастацкага слова Люда Агароднік, заслужаная артыстка рэспублікі Рыма Маленчанка, пераможца эстрадных конкурсаў кампазітар Леанід Шырын.
Арганізатар і шчыры сябра факультэцкай самадзейнасці прафесар М. М. Піпчанка заўсёды абапіраўся на калектыў груп Захаравай і спрыяў іх добрым справам.
Набытыя В. А. Захаравай сувязі з мясцовым насельніцтвам доўжыліся і мелі розныя формы: аматары-фалькларысты дасылалі новыя запісы, падарункі народных умельцаў (вырабы з дрэва, саматканыя посцілкі, мудрагелістыя карункі, плеценыя кошыкі і інш.). Шчырым паслядоўнікам прапагандысцкіх клопатаў Захаравай стаў дацэнт В. Д. Ліцвінка, які арганізоўваў на філфаку сустрэчы з народнымі мастацкімі калектывамі — удзельнiкамi аўтарскай тэлевізійнай перадачы «Запрашаем на вячоркi», прапагандаваў унікальны фальклорны матэрыял на радыё, у газетах i часопiсах.
У 60–70-я гг. ХХ ст. на філфаку ў студэнцкім побыце, у выхаваўчай рабоце выкарыстоўваліся шматлікія народныя абрады: святкавалi шчодрыкі, ладзiлi Вязынскія веснавыя гульні, купальскія вогнішчы.
У ленінскім пакоі інтэрната спраўляліся студэнцкія вяселлі, на тую пару вельмі рэдкія, але памятныя для факультэта. Міхась Рыгоравіч Ларчанка, дэкан факультэта, доктар навук, і Вера Анісімаўна Захарава, сакратар партыйнага камітэта, дацэнт, вельмі хораша выконвалі ролю пасажоных бацькоў маладых. Выкладчыкі куплялі маладым падарункі. У складчыну набылі і баян для мастацкай самадзейнасці.
Па ініцыятыве будаўнічых студэнцкіх атрадаў на Купалаўскім свяце ў Вязынцы каля вогнішча праводзiлi прыдуманы абрад ачышчэння ад «грахоў». Студэнткi пускалі па рэчцы вяночкі – сімвалы дзявоцтва, прыгажосци, надзеi. У Вязынку запрашаліся шаноўныя госці: сваякі Янкі Купалы, пісьменнікі, спевакі, музыканты. Па запрашэнню Веры Анісімаўны Захаравай i Вячаслава Васільевіча Каладзінскага ў свяце прымалі ўдзел народныя ўмельцы. На Купалаўскіх Вязынскіх святах прысутнічалі рэктары універсітэта У. М. Сікорскі, У. А. Белы, Ф. М. Капуцкі.
В. А. Захарава карысталася аўтарытэтам у вядомых вучоных-фалькларыстаў СССР, была ў асабістай дружбе з Мікалаем Іванавічам Краўцовым, загадчыкам кафедры фальклору Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта. Па яе запрашэнню прафесар М. І. Краўцоў наведаў Беларусь, пазнаёміўся з фальклорнымі матэрыяламі Акадэміі навук БССР, з асаблівасцямі вучэбнага працэсу на філфаку. Яго прымаў старшыня Прэзідыума Вярхоўнага савета БССР Васіль Іванавіч Казлоў, які паведаў вучонаму цікавыя факты выкарыстання твораў нацыянальнага фальклору ў партызанскім друку, падкрэслiў яго ролю ў выкрыцці чалавеканенавісніцкай ідэалогіі нямецка-фашысцкіх акупантаў. Дружба Захаравай з вучонымі-фалькларыстамі МДУ і Акадэміі навук СССР спрыяла плёну стажыроўкі выкладчыкаў філфака БДУ ў Маскоўскім універсітэце. Дзякуючы гэтым кантактам мы маглі наведваць лекцыі і практычныя заняткі. У час Маскоўскага міжнароднага з’езда славістаў мы ўдзельнічалі ў рабоце секцый, круглых сталоў, прэзентацыях навуковых прац.
У 1973 г. В. А. Захарава ў складзе беларускай дэлегацыі была на ІХ Міжнародным з’ездзе славістаў у Кіеве. У сваім паведамленні яна пазнаёміла ўдзельнікаў секцыі з адметным нацыянальным увасабленнем інтэрнацыянальных традыцый у вуснай народнай творчасці беларусаў. Многiм запомнiлiся яе яркiя, навукова-абгрунтаваныя выступленнi пры абмеркаванні даклада акадэміка Акадэміі навук БССР, народнага пісьменніка Беларусі І. Я. Навуменкі «Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа ў кантэксце славянскіх літаратур» i К. П. Кабашнікава «Интернациональное и национальное в восточно-славянском фольклоре периода Великой Отечественной войны».
З 1943 г. на беларускім аддзяленні БДУ курс вуснай народнай творчасці чытаў дэкан факультэта, загадчык кафедры, прафесар М. Р. Ларчанка. Ён займаўся падрыхтоўкай і вызначэннем кіраўнікоў студэнцкіх палявых груп. У 1963 г. на кафедры беларускай літаратуры пачаў выкладаць курс вуснай творчасці Ніл Сямёнавіч Гілевіч, ён жа ўзначаліў і кіраўніцтва палявой практыкай. Намецілася творчае спаборніцтва паміж фальклорнымі палявымі групамі беларускага і рускага аддзяленняў. Н. С. Гілевіч падтрымаў прапанову В. А. Захаравай утварыць навукова-даследчую фальклорную лабараторыю пры філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якая распачала працу ў 60-х гг. ХХ ст. і з цягам часу набыла статус навукова-даследчай лабараторыі (НДЛ) беларускага фальклору і дыялекталогіі пры кафедры беларускай літаратуры (1985). У дні святкавання юбілею лабараторыі мы з удзячнасцю ўспамінаем ветэранаў – яе арганізатараў, навукоўцаў-першапраходцаў.
В. А. Захарава шчодра была надзелена талентамі сур'ёзнага даследчыка і практыка. І хочацца звярнуць увагу на яе міжнародную дзейнасць, на дыпламатычныя здольнасці.
У 1976 г. па запрашэнню Сафійскага універсітэта імя Охрыцкага мы разам з Верай Анісімаўнай праходзілі навуковую стажыроўку. Балгарскія вучоныя С. Русакіеў, Е. Мецева на лекцыях пазнаёмілі нас з апошнімі дасягненнямi балгарскай філалогіі, далі метадычныя парады па развіццю творчых сувязей з беларускімі вучонымі. Мы ў сваю чаргу прачыталі некалькі лекцый для аспірантаў, арганізавалі кансультацыі з дыпломнікамі, правялі круглы стол з выкладчыкамі факультэта.
Вера Анісімаўна нават пасля цяжкай траўмы ў выніку транспартнай катастрофы, у якой мы апынуліся, не парушыла рэгламент заняткаў, і мы поўнасцю выканалі план стажыроўкі. Вера Анісімаўна, валодаючы дыпламатычнымі кантактамі, пашырыла сувязі беларускай інтэлігенцыі з элітай балгарскай навукі. У час стажыроўкі 1976 г. мы былі запрошаны на кангрэс Саюза пісьменнікаў Балгарыі і ўдзельнічалі ў абмеркаванні пытання інтэрнацыянальных сувязей славянскіх літаратур. Не прапусціла Вера Анісімаўна выпадку паўдзельнічаць у балгарскім вяселлі, на якое нас запрасіла гасцінная сям’я. Вера Анісімаўна віншавала маладых беларускімі падарункамі, выкарыстала ручнік для падножжа маладым, абсыпала іх зернем пшаніцы.
Лідзія Тэрзійская, дачка балгарскага рэвалюцыянера, выкладчыца Сафійскага універсітэта, Каця Ботушава, паплечніца дзеяча балгарскага і міжнароднага камуністычнага руху Георгія Дзімітрова, паклапаціліся аб запрашэнні прадстаўнікоў БДУ на сустрэчу з кіраўнікамі аддзелаў Міністэрства адукацыі і Савета міністраў Балгарыі, дзе нам выказалі падзяку за працу і адзначылі падарункамі. Румяна Еўцімава, былая аспірантка кафедры беларускай літаратуры БДУ, знаёміла нас з запаветнымі гістарычнымі помнікамі і мясцінамі БНР. Зараз яна ўзначальвае філалагічны факультэт Сафiйскага універсітэта.
Вера Анісімаўна Захарава паспяхова вытрымала дыпламатычны экзамен у час «навуковага турызму» ў далёкае капіталістычнае замежжа. У 1964 г. група вучоных-турыстаў з СССР, у складзе якой былi тры прадстаўнікі БДУ, наведалі Міжнародную выстаўку ў Манрэалі. Многія наведвальнікі выстаўкі – беларусы, якія пакінулі родны край або ў пачатку ХХ ст., або апынуліся за мяжой у час Вялікай Айчыннай вайны. Пачуўшы беларускую гаворку, яны закідалі нас шматлікімі пытаннямі. Так нам давялося выканаць незапланаваныя абавязкі экскурсаводаў аддзела беларускіх экспанатаў павільёна СССР, за што мы атрымалі ад адміністрацыі выстаўкі падзяку.
Партрэт Веры Анісімаўны будзе няпоўным без характарыстыкі яе партыйнай работы. Шмат год Захарава ўзначальвала партыйную арганізацыю філфака і спакойна выконвала штодзённую работу, якая статутам КПСС прызначалася ў ВНУ. Вера Анісімаўна імкнулася ў вузаўскай партыйнай арганізацыі выпрацаваць індывідуальныя філфакаўскія традыцыі партыйнага гуманістычнага клопату, стылю работы з моладдзю. У яе абавязкі ўваходзілі: ідэалагічна-выхаваўчая работа, падрыхтоўка службовых характарыстык для праходжання выкладчыкамі конкурсу. Перад адпраўкай студэнцкіх груп на азнаямляльную практыку ў ГДР, ПНР, БНР Захарава арганізоўвала кансультацыі па праблемах сучасных літаратур народаў СССР, узбройвала ведамі па гістарычных сувязях БДУ з іншымі замежнымі універсітэтамі, рыхтавала студэнцкую мастацкую праграму для замежных студэнтаў і вайсковых груп, размешчаных у дзяржавах Сацыялістычнай садружнасці.
Вялікая ўвага ў рабоце парткома адводзілася выхаваўчай рабоце з моладдзю. Студэнцкі інтэрнат меў недасканалыя бытавыя ўмовы. Выкладчыкі імкнуліся даць парады па самастойнай працы ў бібліятэках, побыту ў інтэрнаце, выкарыстанню бацькоўскай матэрыяльнай дапамогі. Сакратар партбюро Захарава карысталася ў моладзі даверам, прыязнасцю, аўтарытэтам.
У працоўным калектыве філфака Вера Анісімаўна вызначалася вялікім педагагічным майстэрствам, прафесіяналізмам, грунтоўнай падрыхтоўкай навукоўцаў-фалькларыстаў, грамадзянскай высокапатрыятычнай адказнасцю выкладчыка ВНУ перад сваім народам і радзімай Беларусь. Незабыўная Вера Анісімаўна Захарава пакінула аб сабе добрую памяць і ўдзячнасць калег, вучняў, сяброў.
Дацэнт В. А. Захарава была адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнам «Красной Звезды», медалямі «За Победу над Германией в Великой Отечественной войне», «В память 250-летия Ленинграда», «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина», «Двадцать лет Победы в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.», «60 лет Вооруженных сил СССР».
ЛIТАРАТУРА
1. Захарава В.А. Фальклор і сучаснасць // Палескае вяселле / уклад. В. А. Захарава. Мн., 1984.
2. Шырма Р. Р. Беларускія народныя песні: у 4 т. Мн., 1976. Т. 4.
Вольга Казлова
Людмила Ермакова
Нина Денисюк
Ольга Воробьёва
Ольга Приемко