ХОКУ
Аўтары:
Жанна Клімянок,
у 2010-2011 навучальным годзе студэнтка 2 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія»,
Мікалай Краскоўскі,
у 2010-2011 навучальным годзе студэнт 2 курса спецыяльнасці «Русская філалогія»
Ці чуеце вы, як спадае лістота з дрэў?
Ці заўважаеце вы, як раніцай блішчыць раса на павуцінцы?
Ці спыняецеся вы, каб зняць капялюш, калі бачыце, як памірае матылёк?
Калі так, то вам абавязкова спадабаюцца ХОКУ, якія мы з Мікалаем напісалі пад уражаннем ад фальклорнай практыкі.
Зайшоў я ў частку вайсковую,
Анекдотаў ды баек хацеў назбіраць.
Вярнуўся праз два гады.
Пераўсталяваў добры сябра Windows –
Няма больш справаздачы маёй.
…І сябра няма.
Пайшоў па фальклор на вёску.
Хадзіў-хадзіў –
І шыш злавіў.
Запісала сто песень армейскіх.
Выкінула ўсю лаянку з іх.
Атрымалася, што дзве запісала.
Фальклорная практыка – справа творчая:
Песню прыдумаў, і чарнавік…
Прыдумай.
Зайшла ў багну брудную
Падзеўся інфармант кудысьці.
Напэўна, дзеда Сусаніным звалі…
Метадычку прачытаў, прагледзеў узоры ўсе,
Год не ўбачыў…
Пішы нанова.
Хлапчук у армію пайшоў,
Замуж дзеўку аддалі. Напэўна,
Дрэнна зрабілі практыку!..
Ці слухаў ты, як певень спявае?
Ці чуў ты, як жартуе Петрасян?
Завітай на фэст фальклорны.
Зайшла ў хату
Дзед бярэ стрэльбу
Дзякуй табе, Фалькларыстыка!
Нясуць мяне ногі хуткія,
Статак кароў бяжыць за мной…
Дзякуй табе, Фалькларыстыка!
Капала бульбу бабцы я –
Знайшла міну іржавую.
Дзякуй табе, Фалькларыстыка!
Нашаптала бабка замову на каханне…
Закахаўся я ў гэтую бабку.
Дзякуй табе, Фалькларыстыка!
Збіралася ўлетку ў Іспанію,
Мора хацела пабачыць…
Дзякуй табе, Фалькларыстыка!
Назбіраў мільён, прадаў пяцьсот –
“Чэлсі” купіў сабе.
Дзякуй табе, Фалькларыстыка!
На прыканцы Мікалай паведаміць вам сакральную ўсходнюю мудрасць, услухайцеся:
Студэнт без фальклорнага дзённіка
Падобны да студэнта з фальклорным дзённікам,
Толькі без фальклорнага дзённіка.
1. Рико Маолеш. Культ облаков в древней и современной Норвегии.
2. Олеша Ковалев. Ванька Златапоп. Псковская легенда.
3. Жанна Клімянок, Мікалай Краскоўскі. Хоку.