ВЫКЛАДЧЫКІ ЗАБАЎЛЯЮЦЦА
Забава першая: “Ну што, папаўся, абібок!”
Гульцы: Выкладчык, якому няма чаго рабіць;
Аўдыторыя, якой толькі б нічога не рабіць;
Абібок, які спазніўся, але чамусці прыцягнуўся на лекцыю.
Сцэнарый гульні.
Выкладчык:?
Абібок (што зробіш, “выцягвае” з сябе фальклорны пропуск на лекцыю).
Гучыць і паказваецца нешта народнае: песня, казка, анекдот, легенда, казанне, жарт, танец і г. д.
Аўдыторыя: Пляскае ў ладкі.
Выкладчык: сядайце.
Агульны настрой: Задаволены ўсе.
Студэнт: прадэманстраваў таленты (мо хто пра іх не здагадваўся) і атрымаў законнае права далучыцца да той, якой толькі б нічога не рабіць.
Аўдыторыя: адклаўся пачатак лекцыі (каму яна патрэбна, мы і так здольны ўсё прачытаць, толькі скажыце дзе), можна расслабіцца і папляскаць ў ладкі.
Выкладчык: зноў падмануў студэнтаў і скараціў лекцыю (каму яна патрэбна, калі на іспытах усё роўна студэнты з зайздросным пастаянствам будуць запэўніваць, што “народны фальклёр” “адлюстроўваў жыццё простага селяніна, што літаратура паходзіць з фальклору, а калектыўнасць фальклору палягае ў тым, што кожны чалавек можа дадаць у фальклорны твор “нешта сваё”” (?!), да таго ж фальклору ўласціва ананімнасць і г. д.
Прызнанне. Як на духу. Студэнтам няўцям, як радуецца выкладчык іх спазненням і як псуе настрой дысцыплінаванасць. Адразу міжволі пачынаеш сумнявацца ў здаровым розуме, схільнасці да самазахавання і таленавітасці студэнта. А дзе ўдаласць, адвага, маладзецтва, гучны голас? А што тады будзе з восеньскім фальклорным фэстам, калі ўсе правільна-бясхвостыя, абыякава-бязрогія, прастадушна-бескапытныя і бяскрылыя? Суцэльнае пасмешышча і нудота!
Забава другая: “А ну паспрабуй выкруціцца!”
Гульцы: тыя ж, але без аўдыторыі.
Сцэнарый гульні.
Выкладчык: Вас не было на мінулай лекцыі.
Студэнт: Я…
Выкладчык: Не, не, не трэба. Я чакаю ад Вас тлумачальную запіску ў фальклорным стылі.
Студэнт: ??
Выкладчык: !!!
Вынікі:
Юлія К.
Забалела ў мяне галоўка,
Трэба было выпіць мне зёлка.
Плакала слёзкамі салёнымі,
Хадзіла за траўкамі зялёнымі.
За зёлкамі ў цёмную рошчыцу гаёву.
Лекаў даволі назбіралася.
На занятак жа схадзіць не атрымалася.
Ганна П.
На фальклор я не папала,
Бо я мілага спаткала.
Былі з мілым мы на лузе,
Назбіралі кветак тузін,
Пайшлі з мілым у лясок –
Не адзін у нас грыбок,
Ёсць у лесе і мядок,
Але ёсць там і ваўчок,
А ўзгадаем мы радок:
“Воўча схопіць за бачок?”
Ой, ты, мілы, ой, мілок,
Не пайду больш у лясок.
На фальклор лепш завітаю,
Мо дзесятку атрымаю?
Юлія К.
У восем у аўторак – сэрца бушавала.
Сэрца бушавала – вeсну адчувала.
Вeсну адчувала дый вулка заклікала.
Вулка заклікала, каб я песню заспявала.
У зялёных лугах кветкі зацвілі.
Кветкі зацвілі – пайшла ў лугі.
Пайшла ў лугі – кветкі збіраці.
Кветкі збіраці – вянкі звіваці.
Вянкі звіваці – песні спяваці.
Песні спяваці – вeсну клікаці.
Вясну заклікала – на час не зважала.
На час не зважала – фальклор прагуляла.
Таццяна М.
Пайшлі з дзеўкамі мы ў гай гуляць.
У гай гуляць, вянкі завіваць.
Стрэлі хлопчыка маладзенькага.
Маладзенькага, прыгажэнькага.
З хлопцам танчылі польку-бабачку.
Польку-бабачку дый лядзнецкую.
Я таму на фальклор спазнілася,
Бо ў гаі з деўкамі прыпынілася.
Дар’я М.
ЛЕГЕНДА ПРА ТОЕ, ЯК ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННЕ
Даўно гэта дзеялася, ніхто ўжо не памятае, калі дакладна, але, напружыўшыся, можна ўспомніць, што 14. 03. 2007 г.
Хадзілі па універсітэце студэнты і, сапраўды, збіраліся плённа папрацаваць у гэты дзень на лекцыі па фальклору, бо ведалі, што руплівасць і працавітасць – адметныя рысы беларускага характару. А студэнты ўсё ж усведамлялі сябе беларусамі.
І ўсё б было як і мае быць, каб не … зубы. Узгадаю, што дзве ночы запар яны не давалі мне спакою. Я трывала, як магла (зноў-такі, як сапраўдная беларуска, ведала ж, што гэта ў нашым характары). Усё спадзявалася, што авось перабаляць. Нават спрабавала загаворваць зубы: “Ой, вы, зубы, зубы! Чаму ж вы не белы, ды руды? Хіба вы што кепска жавалі, што хваробы дасталі? Перастаньце ж вы хварэці, будзьце, як вялікі пан у гарэце…”
Але ў гэты далёкі дзень, пра які гаворка, цярпенню майму прыйшоў канец. І прыйшлося прымаць рашэнне, бо трываць гэты боль было ўжо немагчыма.
На маё шчасце, стаматолаг змог мяне прыняць у гэты ж дзень.
Так, рашэнне было прынята не на карысць лекцыі па фальклоры, але істотна тое, што зубны боль не перашкодзіць наведваць заняткі.
2. 04. 07 г.
Кацярына О.
У некаторым універсітэце на некаторым факультэце вучылася-старалася дзяўчыца-шэра перапёліца. Але аднойчы, так даўно было, што і памяці пра тое не засталося, не патрапіла яна на лекцыю па фальклоры, не па свайму жаданню, а па прымусу панскаму. А было гэта так…
Бацька яе, ясны сокал, загадаў дачцэ вучыцца машыну вадзіць, каб гуляла менш і да працы прызвычайвалася. Рабіць дзяўчыне няма чаго было. Бацькаў наказ – што слова Божае. І ездзіла яна на заняткі і дажджом, і ў люту сцюжу. І вось настаўнік, пан бяздушны, наказвае дзяўчыне, чырвонай вішаньцы, на занятках прысутнічаць у сераду 14 сакавіка 2007 г. у 11. 30. Няма чаго рабіць было дзевіцы, ударылася яна аб дол галавою, ператварылася ў шэру зязюлю і паляцела на заняткі, машыну вадзіць.
Так і не патрапіла на фальклор, чаго людзі не даруюць ды і сама сабе не даруе.
2. 04. 07 г.
Р.М. Кавалёва,
кандыдат філалагічных навук,
дацэнт кафедры тэорыі літаратуры.
1. Калюта А.М. Легенды и байки старого филфака.
2. Кавалёва Р.М. Выкладчыкі забаўляюцца.