Свободное дыхание поэзии
Міхась Башлакоў, паэт і грамадзянін
Што застаецца…
У наш даволі складаны і трывожны час не раз спыняўся на думцы: а каму сягоння патрэбна мая паэзія, калі цікавасць да мастацкага слова ў грамадстве амаль нулявая?..
На жаль, літаратура і асабліва беларуская выціснута на задворкі… Многія славутыя імёны рускай і беларускай літаратуры згубілі сваю прыцягальнасць у сучаснай моладзі ў адрозненне ад майго пакалення. І не таму, што творы класікаў паблеклі ад часу і абясцэніліся, а таму, што ў маладых не хапае жадання і ведаў па-сапраўднаму спазнаць і ацаніць дасягненні мінулага…
У тыя далёкія часы, калі я быў юнаком і толькі пачынаў цікавіцца паэзіяй, стаўленне да літаратуры было зусім іншае, чым цяпер. Людзі любілі кнігу і цанілі яе.
Пры кожнай раённай і абласной газеце дзейнічала літаратунае аб’яднанне і амаль кожны месяц выходзілі літстаронкі. І ні ў аднаго літаратара тады не ўзнікала такога пытання: а каму патрэбны мае вершы? Мастацкая літаратура была запатрабавана.
Успамінаю, як яшчэ ў студэнцкія гады разам з іншымі пачынаючымі паэтамі ездзіў па лініі Гомельскага абкома камсамола па вобласці з творчымі камандзіроўкамі і з выступленнямі ў працоўных калектывах, навучальных установах і бібліятэках. Людзі з задавальненнем прыходзілі на выступленні і вечары.
Пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі існавала Бюро прапаганды мастацкай літаратуры. Дзякуючы яму адбываліся тысячы выступленняў пісьменнікаў Беларусі. У дзяржаве былі дзяржаўныя адносіны да літаратуры… Таму і літаратура была ў пашане, і пісьменнікі ў грамадстве займалі пачэснае месца, а не збоку прыпёку, як цяпер…
Лепшыя ўзоры мастацкай літаратуры выхоўвалі ў чалавеку лепшыя якасці, рабілі яго асобай, з пачуццём годнасці, пачуццём любові да Радзімы… Мастацкая літаратура, па сутнасці, была золатам нацыі…
Як многае змянілася ў нашым жыцці… Зусім іншы час. І зусім іншае грамадства. І адносіны паміж людзьмі не тыя. Змяніліся і тэматыка і танальнасць маіх вершаў. Калі раней у маіх радках было больш эмоцый, больш музыкі і фарбаў, то цяпер пераважаюць стрыманасць пачуццяў і роздум…
І гэта зразумела. З гадамі становішся іншым паэтам, чым быў раней… У радках паяўляецца больш суму і гаркаты. З кожным годам усё менее тваіх сяброў і аднадумцаў… І для тваёй душы, збалелай і спустошанай ад шматлікіх непрыемнасцей, ад нядобразычлівасці, зайздрасці і подласці некаторых асоб, застаецца толькі адно, што лечыць і зберагае душу, — гэта любімыя творы класікі і яшчэ самае запаветнае, самае дарагое, што ёсць ў цябе, - гэта Радзіма і Паэзія…
      г. Мінск,                                           Міхась Башлакоў,
      21 снежня 2024 года                               лаўрэат Дзяржаўнай прэміі
                                                      Рэспублікі Беларусь
Хіба без песні можна жыць?…
                  * * *
Прагляне поле між галін,
Прагляне поле…
Паэт заўжды ў жыцці адзін -
Такая доля…
Сям’я, сябры… Вазня вакол,
Груз цісне плечы…
Ён адзінокім рыбаком
Дзесь удалечы
У чоўне думак зноў плыве
За аблачынай…
Дзеля паэзіі жыве,
Дзеля Айчыны…
А вы пустою мітуснёй
Душу няволіць…
За паваротам, за сасной
Прагляне поле…
Душа, як птушка, узляціць
Над звонкім маем…
«Хіба без песень можна жыць?» -
Я ў вас спытаю?..
                  * * *
Птушкі крычыць ля ракі
За апусцелаю ніваю..
Дзе ж мае тыя радкі,
Сонечныя, шчымлівыя?..
Дзе ж яно, тое святло,
Што нада мною струменіла?..
Іней крануў вясло.
Далечы заасеніла…
І не вярнуць, відаць,
Фарбы пары вясенняй…
Што тыя дні гукаць?..
Сеецца дождж асенні…
Ах, як душа баліць…
Дзе яно ўсё?.. Зляцела?..
Ліст за акном трымціць
Мокры і пажаўцелы…
                  * * *
Як клёны восеньскай парой
Губляюць яркую лістоту,
Так мы губляем дні, пяшчоту,
Любоў і звыклы нам спакой…
Крылом накрые наваколле…
І ні дарогі ў ціхім полі…
І разважаеш: жыў — не жыў?..
Ці, можа, проста ўсё прысніў?..
У непатрэбнай мітусні
Бясследна прападаюць дні…
А ўсё-ткі помніцца: на золку
Крычала ў жыце перапёлка…
                  * * *
Фрагменты нейкіх успамінаў,
Абрыўкі нейкіх даўніх сноў:
То кліча родная сцяжына
Між спелых жытніх каласоў,
То сніцца школа за ракою,
Дзе я калісьці працаваў…
Усё даўно сплыло з вадою,
Аб чым ні думаў, ні гадаў…
Хіба мы думаем сягоння,
Што дзень сплыве за небакрай?..
А што зляцела — не дагоніш,
Як ты яго не даганяй…
Цані, што маеш… Потым позна
Аб тым, што страціў, шкадаваць…
Цані вясну не ў дзень марозны,
А як за вёскай сенажаць
Люляе ў травах разнаквецце…
Жыві, рабі і ўсё цані:
І тое, што аклікнуў вецер,
І гэтыя, у квеце, дні…
                  * * *
Успамінаць пра даўнія гады?..
Што толку у бясконцых успамінах,
Калі няможна нават на хвіліну
Патрапіць зноў у час той залаты?..
Усё, усё даўным-даўно сплыло…
Але гляджу і зноў успамінаю,
Бо многага, што некалі было,
Да болю мне сягоння не хапае…
                  * * *
Летнія дні, нібы птушкі, зляцелі.
Ціха так стала.
Восень гайдае смутку арэлі.
Пахаладала…
І азіраешся, што там за ўзгоркам,
Што засталося?
Мары, надзеі?.. Жаданняў аборкі?..
Шмат не збылося…
І падсумоўваеш… Горка ўздыхаеш:
Зроблена мала…
Вецер пажоўклае лісце зрывае.
Пахаладала…
                  * * *
У думках роспачна шкадуеш:
Не змог, не здзейсніў, не паспеў,
І што жыццё сваё ўпустую…
Але ж, як вецер, ты шумеў,
І налятаў, і штось шаманіў,
І словы светлыя шаптаў…
Не, недарэмна час свой бавіў
І недарэмна трапятаў,
Як той лісток за шклом асеннім…
Калі ёсць песні, ёсць жыццё…
А ўсё астатняе — адценні,
Як кажуць, проста пачуццё…
                  * * *
І што сказаць, калі ўсё сказана?..
Як ні старайся, ні крычы,
Усе вузлы даўно развязаны,
А не — дык можна рассячы…
І ў спешцы, з усяго размаху,
Не разабраўшыся, сячом…
Як што не так — уміг на плаху…
(Махаць мы любім тапаром…)
А каб паслухаць тых, хто знае,
Узважыць перш, чым штось рашаць,
Ці нам цярпення не хапае,
Ці проста розуму, відаць?..
Так і жывём без мудрых ісцін,
Няма супыну ані ў чым…
Як гэта восеньскае лісце,
Без мэты некуды ляцім…
І нашы мары, і жаданні,
Што так цвілі калісь вясной,
Перацякаюць у змярканне
Па-над прасторай палявой…
                  * * *
Ёсць сумленне — значыць, ёсць Радзіма,
Значыць, недарэмна ты жывеш,
А інакш, як плынь рачная, міма,
Без Радзімы міма ты плывеш…
Без Радзімы ў суцемках блукаеш:
Ёсць Радзіма — значыць, ёсць святло…
Промнямі Айчыны асвятляеш
Будзе што і тое, што было…
І калі ты розум раптам страціў
І забыў свае ты карані,
Значыць, адвярнуўся ты ад маці,
Перакрэсліў будучыя дні…
Шлях вядзе да роднага парога…
Без Радзімы жыць — як без душы:
Марна ўсё, не знаеш ты нічога
На сваім апошнім рубяжы…
Ёсць Радзіма — значыць, дзень світае
Над зіхоткім золатам палёў,
Значыь, тваё сэрца сагравае
Светлая бязмежная любоў…
                  * * *
Быць чэсным і сумленным, ох, нялёгка…
Штодня, нібы на фронце, бой вядзеш…
Схлусіў — як здрадзіў… Куль варожых клёкат…
Глядзіш, і здаў чарговы свой рубеж…
Не прыгінайся! За табой Айчына…
Тут нельга ні схлусіць, ні адступіць…
Будзь верным і адданым яе сынам,
Калі ж інакш, тады навошта жыць?..
Сумленнем не гандлююць, як і словам…
Паэт заўсёды бой штодня вядзе
За ісціну, што сутнасці аснова,
На Божым тым і праведным судзе…
                  * * *
Іду… Абапал сенажаць.
І ручаіна.
І дрэвы ціха шапацяць
Па-над сцяжынай…
Што засталося мне ў жыцці?..
Цаніць, што маю:
Павольна гэтак вось ісці
Да небакраю…
Пяшчотна ветрыкам дыхне -
І верш пральецца,
А значыць, дзень не прамільгне,
А застаецца…
Шукаю сэнс, а ён у тым,
Каб жыць праўдзіва:
Тады не знікнеш, нібы дым
Над зжатай нівай...