Выпускніцы філалагічнага факультэта
З архіўнай спадчыны: Марына Ліс пра Яўгенію Пфляўмбаўм
Марына Ліс
Яўгенія Пфляўмбаўм
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – адна з найстарэйшых бібліятэчных устаноў рэспублікі (заснавана ў 1925 г. пры Інстытуце беларускай культуры, папярэдніку сучаснай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі).
Бібліятэка мае статус навуковай установы, якая займаецца не толькі забеспячэннем інфармацыйных патрэб навукоўцаў і спецыялістаў, але і праводзіць шырокую навукова-даследчую працу.
У яе фондах сканцэнтравана вялізарная колькасць змястоўных кніжных і часопісных выданняў універсальнай тэматыкі, у тым ліку рэдкіх і каштоўных старадрукаваных кніг, а таксама разнастайных рукапісных дакументаў.
Так, у рукапісным фондзе, які размесціўся ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, акрамя найцікавейшай калекцыі дакументаў па гісторыі і культуры XVI–XX стст., прысутнічаюць асабістыя архівы знакамітыях вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, тэатральных і грамадска-культурных дзеячаў.
Між іншых там захоўваюцца і архіўныя матэрыялы, што ўтвараюць фонд асабістага паходжання (Фонд № 17. Вопіс 1) вядомага беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, кінадраматурга, грамадскага і культурнага дзеяча, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, Лаўрэата літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа Максіма Лужаніна (1909–2001).
Архіў М. Лужаніна складаецца з асноўных груп дакументаў, уласцівых фондам асабістага паходжання. Сярод іх асобным раздзелам вылучаны матэрыялы архіва жонкі фондаўтваральніка, Яўгеніі Эргардаўны Пфляўмбаўм (1908–1996). У многім дзякуючы ім, можна ў пэўнай ступені стварыць уяўленне пра гэту неардынарную асобу з цікавым і няпростым лёсам, самабытным паэтычным дарам.
Яўгенія Пфляўмбаўм паходзіла з сям’і беларускі з Сенніцы і немца, які прыехаў у Расію, Беларусь працаваць на чыгунцы.
Нарадзіўшыся напачатку ХХ стагоддзя, яна, як і многія яе аднагодкі, была захоплена тымі значнымі падзеямі, што абываліся пасля ўстанаўлення новага ладу жыцця.
Будучы студэнткай Беларускага дзяржўнага ўніверсітэта (вучылася на педагагічным факультэце літаратурна-лінгвістычнага аддзялення), Яўгенія прымала актыўны ўдзел у грамадска-культурным і літаратурным жыцці 1920–1930-х гг., была прынята па рэкамедацыі вядомага літаратуразнаўцы, крытыка, педагога, прафесара М. М. Піятуховіча ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», з’яўлялася членам БелАПП, уваходзіла ў их кіраўніцтва, працавала ў рэдакцыі газеты «Звязда», Дзяржаўнай бібліятэцы імя У. І. Леніна (рэдагавала «Летапіс беларускага друку»)… і пісала вершы, што друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах.
Так, у 1925 г. на старонках газеты «Савецкая Беларусь» з’явілася першая публікацыя маладой паэткі – верш «Пялёсткі восені», а ў 1926 г. чытачы змаглі пазнаёміцца з калектыўным зборнікам пад сціплай назваю «Вершы», дзе паэтычныя здабыткі Я. Пфляўмбаўм, разам з вершамі маладых патак З. Бандарынай і А. Вішнеўскай, знайшлі сваё дастойнае месца.
Недзе ў той жа перыяд адбылося і яе знаёмства з таленавітым літаратарам Максімам Лужаніным.
З цягам часу яно ператварылася ў нешта большае, чым сяброўства, якое з’яднала іх у адзінае цэлае.
Так, відаць, гэтым двум паэтам было наканавана лёсам: не зважаючы на розныя, часам не спрыяльныя абставіны, прайсці поруч амаль праз усё жыццё.
Трагічныя рэаліі 1930-х гг. не абмінулі і маладую сям’ю. Максім Лужанін быў неабаснавана рэпрэсаваны і высланы за межы Беларусі, а за ім услед, як некалі жонкі дзекабрыстаў, з цяжкасцямі, але з вялікім жаданнем быць побач, рушыла ў далёкую Сібір і Яўгенія Пфляўмбаўм. Там уладкавалася настаўніцай у мясцовай школе, мела аўтарытэт у вучняў.
Па заканчэнні тэрміну зняволення М. Лужаніна Я. Пфляўмбаўм пераехала ў Маскву, з цяжкасцю ўладкавалася на працу, некаторы час працавала рэдактарам у выдавецтве «Оборонгиз».
Там жа, у Маскве, яе напаткала Вялікая Айчынная вайна. Муж быў прызваны ў армію і адпраўлены на фронт.
Яўгенія Эргардаўна, прытрымліваючыся сваіх жыццёвых прынцыпаў, не з’ехала ў эвакуацыю, а засталася ў ваеннай Маскве, ўносіла сваю сціплую лепту ў агульную справу Перамогі. Яна як член атрада супрацьпаветранай абароны падчас налётаў нямецкай авіяцыі дзяжурыла на дахах дамоў, ліквідавала ўзгаранні ад нямецкіх «фугасак», вучылася страляць з кулямёта, здавала кроў для параненых.
Па заканчэнні вайны вярнулася ў Мінск, узнавіла працу над літаратурнымі перакладамі (гэтым відам дзейнасці Я. Пфлямбаўм паспяхова займалася яшчэ ў 1920–1930-я гг. – перакладала з рускай і украінскай моў), шмат дапамагала мужу ў яго літаратурнай працы і ўпотай пісала вершы, як кажуць, «у стол».
Наогул творчасць Я. Пфляўмбаўм – з’ява ўнікальная ў беларускай літаратуры.
Бліснуўшы яркай зоркай на літаратурным небасхіле 20-х гг. мінулага стагоддзя, яна як паэтка раптам знікла на доўгія шэсць дзесяцігоддзяў. Аднак тое, што яе вершы не з’яўляліся ў друку, зусім не сведчыць быццам Я. Пфляўмбаўм назаўсёды развіталася з паэзіяй.
Па сведчанні дакументаў з яе архіва (шматлікія чарнавікі, варыянты, накіды), паэтка, хаваючыся ад усіх, часам на кавалачках паперы працягвала ствараць свой паэтычны летапіс, свой сувой жыцця. Менавіта пад такой назвай – «Сувой жыцця» – у 1989 г. пасля працяглага паэтычнага маўчання выйшаў зборнік вершаў паэткі, які ўмесціў у сябе звыш трохсот паэтычных твораў, а праз тры гады яна парадавала прыхільнікаў свайго таленту кнігай паэзіі «На захадзе сонца» (1992).
Тое, што радкі Я. Пфляўмбаўм так доўга прасіліся ў свет і, нарэшце, выбраліся са зняволення, мела вялікае значэнне не толькі для самой паэткі і шырокага кола літаратурнай грамадскасці, але і ў цэлым для беларускай літаратуры, бо гэта спрыяла яе ўзбагачэнню новымі паэтычнымі вобразамі.
У тым жа 1989 годзе Я. Э. Пфляўмбаўм была прынята ў члены Саюза пісьменнікаў.
Да самых апошніх дзён жыцця яна захавала любоў да паэтычнага слова, якому заўсёды надавала вялікае значэнне, ставілася з павагай, знаходзіла дакладную, трапную для яго афарбоўку.
Пасля пісьменніцы засталося яшчэ шмат яе твораў, скрупулёзна сабраных, па магчымасці адноўленых і ўпарадкаваных Максімам Лужаніным. Яны чакаюць сваіх даследчыкаў.
* Марына Ліс, выпускніца філалагічнага факультэта БДУ, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі