Выпускніцы філалагічнага факультэта
Пісьменніцы і паэтэсы
Для краіны вольнай
Будзем вянок віці.
Зінаіда Бандарына
«Жанаддзелу Беларусі», 1929
Сярод выпускніц філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з часу яго адкрыцця ў 1939 годзе, а да таго – этнолага- і літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта БДУ многа таленавітых дзеячаў навукі, адукацыі, культуры. У тым ліку шэраг вядомых паэтэс і пісьменніц, чыя творчасць стала знакам свайго часу і каштоўным унёскам у скарбніцу беларускай літаратуры.
Давайце разам прыгадаем іх імёны і дакранемся да творчасці.
1920-я
Хмарка (Наталля Панамарова)
(1897–? лёс невядомы)
Паступіла на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ ў 1922 г., але не закончыла вучобу.
Аўтар кнігі «Апавяданне старога вожыка» (1928), вершаў і прозы для дзяцей і дарослых.
Ты ўзбудзіў маё сэрца, пясняр малады:
Дзіўнай песняй аб шчасці, аб волі,
Разагнаў мае думкі жальбы ды нуды,
Мае стогны аб горкай нядолі.
Ты душу ўскалыхнуў мне, музыка-дудар,
Ты паклікаў мяне да змагання;
Аджывіў у грудзёх маладых маіх жар,
Запаліў у маім сэрцы каханне.
Ты вярнуў мне вясновыя мары мае
Сваёй дзіўнаю, шчаснаю песняй, –
Душа за табою аб шчасці пяе,
Нібы птушка ў палёх на прадвесні.
Развярнуў прада мной ты бязмежны абшар,
Асвяціў мае сумныя вочы,
Разагнаў чараду гэтых жудасных хмар,
Што заслалі мне сонца, бы ўночы.
Ты жалезныя краты турмы паламаў,
Растапіў крыгу лёду цяжкую.
Сваёй песняй душу мне да дна ўсхваляваў –
І забыці яе не магу я.
Гэту песню я чую на яве, у сне –
І на сэрцы так лёгка, прыемна…
Я складаю ў душы гімн каханню, вясне,
Да цябе ляту думкай таемнай.
Так спявай жа, спявай, мой пясняр-чарадзей, –
Хай забуду пра долю цяжкую.
Кліч да шчасця мяне, кліч да жыцця грамчэй –
І з табою паўсюды пайду я.
                                          1923
                  * * *
Калі пад нядолей, пад гора цяжарам
Душа ўся палае нягаснучым жарам,
Якога ні сцюжы зімы, ні мяцелі,
Ні слёзы без ліку згасіць не здалелі;
Ў якім, як у горне, ўся крыўда згарэла,
І што было чорным – зрабілася бела,
Які асвятляе, як сонца дзянніцы,
Глыбокія процьмы, жыцця таямніцы,
Палае ды кліча душу да змагання,
За шчасце, за долю, шле сонцу вітанне…
Дык усё гэта сведчыць, што дух не зламаны,
Што сілы глыбока ў ім захаваны,
Што здольны к жыццю ён, што шчасця ён варты,
Калі так у цемры палае упарта.
                                          1924
Наталля Вішнеўская
(1907–1989)
Вучылася ў БДУ з 1929 г.
Аўтар сумеснага з З. Бандарынай і Я. Пфляўбаўм зборніка «Вершы» (1926).
        Завіхрылі
Завіхрылі, завіхрылі
Віхры ў полі, ў чыстым полі,
Завіхрылі ў чыстым полі,
На разложыстым прыволлі,
Зацягнуўшы сінь нябёсаў,
Неба ў хмары убралося,
Неба ў хмары убралося,
Шэрым смуткам завілося.
Верхалістыя бярозы
Паскідалі долу слёзы,
Паскідалі долу слёзы –
Буйна іскрыстыя росы.
І, абтрэсшы ўбор зялёны,
Завіліся ў чырвань скроні,
Завіліся ў чырвань скроні,
Паабтрэсшы ўбор зялёны.
На балоце ў шэрай далі
Рассыпаліся каралі,
Рассыпаліся каралі
Журавін у мшыстай далі.
Журавы у неба белі
Ў край далёкі адляцелі,
Ў край далёкі адляцелі
Журавы ў імглістай белі.
Веюць віхры ў чыстым полі,
Ў чыстым полі на прыволлі,
Веюць віхры на прыволлі,
Апавіўшы смуткам поле.
                                          1926
          * * *
Ты сказаў мне – роўна ў дзесяць
Да цябе прыйду, –
Хай жа ветры апавесцяць
Лёгкую хаду.
Хай жа ветры нагадаюць
Твой далёкі крок…
Я з надзеяй і адчаем
Выйду за парог.
Пагляджу на пуцявіну:
Шлях стары далёк.
Так трывожна б’юць гадзіны…
Паланее зрок…
Вее даль… Палын і мята
Ды сівы туман…
Прашумі мне, вецер, братка,
Любае імя!
Выйду, гляну… ў хмарах месяц,
Навакол імгла…
Ты сказаў мне – роўна ў дзесяць,
А чаму ж няма?..
                          1927
Яўгенія Пфляўмбаўм
(1908–1996)
Вучылася на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ ў 1926–1930 гг.
Аўтар зборнікаў «Вершы» (1926, сумесна з З. Бандарынай і Н. Вішнеўскай), «Сувой жыцця» (1989), «На захадзе сонца» (1992).
Я маладая… жыццё наперад!
Мне пырсне радасць вясёлы свет,
Кудзеляй шчасця, нібы ў сне тым
Сатчэцца шлях мне – нязрыўны нерат.
Я маладая… мяне кахаюць…
Мне спеў квітнее на шчырых вуснах.
Ў вачох ня знойдзеш журбы спакуснай,
Я маладая… мяне кахаюць.
Я маладая… кахаю шчыра
Бліскучы погляд яго вачэй;
І плынню срэбнай мой смех цячэ,
І шчасцем светлым пачуцці шырыць.
                                                    1926
                  Легенда
Гордая цвіль чаравала мінулым
Свежую кветку вясновай даліны;
Цьмяныя шолахі зваблівым гулам
Ціха плылі у пластычнасці плыні…
Чары адвечныя!.. Чары узрочныя!
Любую кветку у хмельных павеях
Заласкаталі русалкі паўночныя,
Ў перлах расістых плывучыя феі…
Зблякнула кветка у змроку нязнанага,
Ціха пялёсткі звівалі жальбу,
Стройнага келіху свежая рана
Ззяла пагрозаю будучых бур…
Смерць падпаўзла… а у хвалях сімфоніі
Чуецца рытм светлакудрай вясны.
Сонцам атулены гнеўныя скроні,
У сэрцы ж халодныя чорныя сны.
                                        1927
Ядвіга Бяганская
(1908–1992)
Закончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ у 1930 г.
Аўтар кніг для дзяцей: «Далёка на поўначы» (1954), «Жэнеў галубок» (1958), «Сустрэча з морам» (1962), «Зосіна зорачка» (1965, 1980), «Над ракой Шушай» (1977), «Нечаканая сустрэча» (1978), «Сланечнікі» (1980), «Ля самага сіняга мора» (1982), «Сонцу і ветру насустрач» (1988).
Песні мае – гэта птушкі крылатыя,
З родных палёў каласкі.
Песні мае – гэта хмаркі калматыя
З сіняй нябёс вышыні.
Песні мае – гэта хвалі шумлівыя,
Шэпты зялёных палёў,
Ветру асенняга песні тужлівыя,
Казкі цяністых лясоў.
Песні мае – гэта слёзы гарачыя,
Літыя сэрцам ў цішы.
Песні мае – гэта радасці светлыя
Кволай дзявочай душы.
                                        1925
                    Жаданне
Ой, хацела б я тым вольным
Вецярочкам быць,
З траўкай, з кожным каласочкам
Ў полі гаманіць.
З кожнай кветкай цалавацца,
З хвалькай жартаваць,
Між галінак затаіўшысь,
Лісце калыхаць.
Слухаць казкі сініх даляў,
Хмаркі ў небе гнаць
І аб роднай Беларусі
Песні ўсцяж спяваць.
                                                  1925
1930-я
Ганна Арахоўская (Базыленка)
(1908–1980)
Выпускніца літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта БДУ 1931 г.
Аўтар калектыўнага зборніка маладнякоўцаў «Пачатак» (1926).
Кандыдат філалагічных навук. Дацэнт кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ.
Я радзілася пастушкаю убогай
У вёсцы беларускай у глухой.
І з маленства мне далі ў рукі
Пугу з вяроўкі крутой.
За вялікім я статкам хадзіла,
Бізуном падганяла кароў.
Уставала я з ранняй расою,
А лажылась з вячэрняй парой.
Легла важкая, горкая праца
На дзіцячых і кволых плячах –
З навальніцай і сонцам змагацца,
А тут сон, як туман у вачах.
Мне хацелася вельмі вучыцца,
Заўладаць дасягненнем людзей
І вось гэта бяздольнае дзецтва
Асвятліць светам новых ідэй.
                                                  1925
          * * *
Шырокі шлях перада мною,
Убраны перламі вясны.
Стаю я з думкаю нямою,
А навакол, як ранне, сны.
І шэпча ціха мне паветра,
Ідзі ўперад! К сонцу йдзі!..
Там казкі дзіўныя… Там светла…
Ты прыгарнеш усё к грудзі.
                                                  1926
Ніна Тарас
(1916–2006)
Рыхтавалася да паступлення ў БДУ 1935 г., але зрабіць змагла гэта толькі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.
Аўтар зборнікаў вершаў «На ўсход ідучы…» (1940), «Суніцы» (1946), «Вершы» (1952), «Кветка шчасця» (выбр., 1958), «Пад белым яварам» (выбр., 1966), «У тапаліную замець» (1976), «Праметэю прыйду пакланіцца» (1981) і інш.
                            На Новы Год
              Наталлі Арсенневай
Заігралі, заігралі
Ветры звонам, пералівам,
А сняжынкі танцавалі
І кружылі, як на дзіва.
Свечка ў хаце дагарае,
Рукі стынуць ад марозу…
Не бядуй, мая старая,
Сёння сорамна ліць слёзы.
Спатыкаем мы год Новы,
Не такі, як быў учора.
Зааром загон дзярновы,
Закалышам песняй гора.
Сілы шмат ў руках я маю,
А дастану мо работу, –
І у нашым нават краі
Будзе жыць табе ахвота.
За кусок з мякінай хлеба
Ласкі іх прасіць не будзем.
Мама, плакаць больш не трэба,
Надрываць старыя грудзі.
Ты паслухай: пералівам
Ветры долю напявалі,
А сняжынкі, як на дзіва,
Танцавалі, танцавалі.
                                                      1937
            * * *
Ой, у полі, ой, у полі
Травы зелянелі,
Аб цяжкой дзявочай долі
Ветры песню пелі.
Ой, згіналі, ой, згіналі
Сосны стан свой тонкі,
Асыпаўся жаль слязамі
Каласіста, звонка.
Там далёка над магілай
За сялом, за вёскай,
Пахілілась сіратліва
Ды на крыж бярозка.
Доўга думала Марыся,
Галаву схіліла,
Горка слёзы паліліся
На пясок, магілу.
Асыпаўся жаль слязамі,
Вецер плакаў звонка.
Ой, згіналі, ой, згіналі
Сосны стан свій тонкі.
                                    1937
1960-я
Вера Вярба (Гертруда Пятроўна Сакалова)
(1942–2012)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1964 г.
Аўтар зборнікаў паэзіі «Вочы вясны» (1962), «Белыя пісьмы» (1967), «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Альфа» (1978), «Мая маленькая планета» (1982), «Яраслаўна» (1986), «Апошні верасень» (1995).
        Ручнікі
У суботу Янка ехаў ля ракi,
Пад вярбой Алёна мыла ручнiкi.
«Пакажы, Алёна, броды земляку,
Дзе тут пераехаць на канi раку?»
«Адчапiся, хлопец, едзь абы-куды,
Не муцi мне толькi чыстае вады!»
У маркоце Янка галавой панiк,
Упусцiла дзеўка беленькi ручнiк.
«Янка, мой саколiк, памажы хутчэй!
оплыве, знiкае ручнiчок з вачэй!»
«Любая Алёна, я ж вады баюсь!
Пацалуй спачатку – што як утаплюсь!»
Супынiўся гнеды пад вярбой густой.
Цалавала Янку Лена над ракой.
Стала цiха-цiха на усёй зямлi,
Па рацэ далёка ручнiкi плылi…
          Бабуліны казкі
У бабулі маёй
Рукі лоўкія,
У бабулі маёй
Песні доўгія.
Разматае клубок
З новай казкаю,
Прыйдзе хітры каток,
Трэцца з ласкаю.
Хоча лапкі пагрэць,
Завуркоча ён,
Ні гуляць, ні дурэць
Нам не хочацца.
Вось і дзень праляцеў,
І не спіцца нам.
Бабка казкі пляце
Чараўніцаю.
Ніна Радзівончык
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1965 г.
Аўтар зборнікаў вершаў «Пад ветразем надзеі» ў калектыўнай кнізе «Лагодны прамень сонца» (1988), «Паляшучка» (2003), а таксама апвяданняў і рэцэнзій. Член Саюза журналістаў.
          Калі паміраюць паэты
Калі згасаюць паэты,
Гінуць толькі,
Як немаўляткі,
Іх вобразы-думкі,
Што нам аддаць
Не паспелі.
Калі згасаюць паэты,
На месца іх заступаюць,
Становяцца ў строй
Супроць ліхавеяў эпохі
Іх вершы.
Калі ж і яны
Не устояць
У землятрусе часу -
Тады паміраюць паэты…
          Першы снег
А снег ляжыць безабаронна-белы.
Зямля як чысты ліст паперы -
                    бяры, твары…
Перад даверам гэтай чысціні
Так боязна бяды.
                                                  Зірні:
Няўжо ў кагосьці з“явяцца намеры
На ім пакінуць чорныя сляды?
Людмила Плотник (Буйкевич)
(1942 — 2014)
Выпускница филологического факультета 1966 г.
Более 40 лет печаталась в барановичской газете «Наш край». Ведущая радиорубрики «Поэтическая гостиная» (г. Барановичи).
Автор сборника «Поэзии прекрасная строка» (2018).
        Родине
Не пою дифирамбы тебе,
О любви говорить не берусь.
Просто в сердце вселила к себе
Это край, «родны кут», Беларусь.
Очертанья на карте РБ
Окружаю сердечной чертой
И шепчу я спасибо судьбе,
Что всю жизнь прожила я с тобой.
Где-то есть золотые края,
Апельсиновых рощ аромат,
Но во снах буду видеть там я
Твой в антоновских яблоках сад.
Шепот шелковый зреющих нив
И озер твоих светлых глаза
Не заменят мне пляжи Мальдив,
Чужедальних морей бирюза.
И, как Маленький Принц, я хочу
Чистить утром планету свою,
Тихо радуюсь солнца лучу,
Всуе всем не твердя, что люблю.
        * * *
Простите все мои грехи,
Как ваши вам, друзья, прощаю.
Простите, что свои стихи
Вам так бессовестно читаю.
Как долго-долго я жила
Транжирой времени беспечной,
Не вникнув в суть добра и зла,
А веря в жизни бесконечность.
И как теперь осознаю:
Неспешно, но идем к финалу,
Спеша рифмую и пою,
Чтобы душа во всем звучала.
И, может быть, когда-нибудь
Наука согласится с Богом
(А каждая строка — чуть-чуть
Моя душа, хотя б немного).
Кто в жидкий погружен азот,
Кто верит: воскрешенье в генах.
В строке душа моя живет,
И этим я для вас нетленна.
Вольга Іпатава
(нар. у 1945 г.)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1967 г.
Аўтар зборнікаў вершаў «Раніца» (1969), «Ліпеньскія навальніцы» (1973), «Парасткі» (1976), «Крыло» (1976), зборнікаў аповесцей і апавяданняў на гістарычную тэматыку (у 2002 г. выйшла яе трылогія «Альгердава дзіда») і інш.
Ёсць у горада душа. Ды мы
Забываем гэта ў дзённым гудзе.
Ноччу задуменныя дамы
Пачынаюць гаварыць, як людзі.
Загудуць бязгучныя званы –
Ажываюць доўгія стагоддзі.
Горада далёкія сыны
На Каложу ценямі ўзыходзяць.
Падыду бліжэй. I да відна
Буду слухаць шэпт зачараваны.
Ды ўжо раніца. I цішыня
Ціўкнула струною абарванай.
А ў кватэрах гаспадараць сны,
I ніхто не ведае аб цудзе:
Ноччу задуменныя дамы
Пачынаюць гаварыць, як людзі.
Валянціна Коўтун
(1946–2011)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1969 г.
Аўтар зборнікаў паэзіі «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (1977), «Метраном» (1985), «Лісты да цябе» (1988), зборніка апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988), паэмаў «На зломе маланкі» (1979), «Суд Алаізы» (1985), раманаў «Крыж міласэрнасці» (1988–1996 гг.), «Пакліканыя» (2002), шэрагу твораў для дзяцей. Кандыдат філалагічных навук.
Калыхаю… Калыхаю… Калыхаю…
У белы свет стралу зялёную пускаю.
У сасонкі з рукава ляціць вятрыска
Не высока над Радзімаю, не нізка…
Палатна з травы вясна мая наткала,
Сінім верасам сарочкі вышывала.
Пад жалезам пакрышыліся кашулі,
Пад ракітамі сыны мае паснулі.
Баю-баю…
Капыты – як бліскавіцы.
Баю-баю…
На мячах і на ствалах раса імгліцца.
Калыханку сярод бору заспяваю.
Ой, зямля мая, калыска.
Баю-баю…
1970-я
Яўгенія Янішчыц
(1948–1988)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1971 г.
Аўтар паэтычных зборнікаў «Снежныя грамніцы», пазней «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987), «У шуме жытняга святла» (1988).
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
I мудрыя лясы.
Хапае на Палессі
I сонца, і вады.
I што ні двор – то песня,
Што вёска – то сады.
Па травах светла-шызых
Мы пройдзем ля ракі,
Дзе, мыючы бялізну,
Вядуць сваё жанкі.
I будзе песня спета
Пра шчасце і бяду
I будзе падаць лета
У гуллівую ваду.
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы.
Тут белыя бусліхі
I мудрыя лясы.
                * * *
Еду ў госьці да бабулі,
Тут такая ціш ды гладзь.
Можна ў шэрае зязюлі
Навучыцца кукаваць.
Ўсё раўніны ды нізіны,
Мацярдушка, стаўбунок…
Можна ў краснае каліны
Папрасіць румян для шчок.
Можна нават зьбіцца з толку:
Ячмяню ці зор сяйво?
Можна скласьціся ў суполку
З грамадою на жніво.
Можна выпырхнуць заранкай
З-за высокага ляска.
Ды кукую, як сялянка,
Над ральлёй чарнавіка.
Галіна Каржанеўская (нар. у 1950 г.).
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1973 г.
Аўтар кніг паэзіі «На мове шчасця» (1973), «Мой след» (1976), «Званы гадоў» (1980), «Жыла-была…» (1983), «Вечны водгук» (1988), «Невымоўнае» (1991), «Асенні мёд» (1999), «Вершаняты» (2005).
                Зязюлька манюка,
                Салавей праўдзівы.
                    З народнай песні
Што каханы сто разоў
Пацалуе,
Накувала, напляла –
Не дарую.
Што любіцьме сто гадоў
Мяне мілы –
Неяк ранкам залатым
Наманіла.
I мана яе
Пакінутым птахам
I ўва мне з надзеяй б'ецца
I страхам…
Уцяку я ад манюкі
Зязюлі
У садок, дзе нас вятры толькі
Чулі,
У садок, дзе мы разлуку
Не снілі.
У садок, дзе салаўі
Не хлусілі…
          * * *
Ўсё з Божай волі
                              і Божай ласкі:
На полі – колас,
                              на лузе – краскі.
Сняжок цярушыць
                              альбо імжыць –
Цяпельца знойдзеш –
                              і можна жыць.
А як шчэ сонца прыгрэе –
                              знай,
Што гэта маем
                              зямны наш рай.
Людміла Забалоцкая
(1949–2021)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1974 г.
Аўтар зборнікаў вершаў «Сакавік» (1974), «Радаводны васілёк» (1981), «Святло палыну» (1989), «Струны памяці» (1991), «У суладдзі стагоддзяў і дзён» (2004).
Люстэркі восені – прагалы між галін,
Дажджы ступаюць лапкамі кашэчымі.
Трава скалелая – зялёны дрогкі клін
Хінецца долу тонкая, пашэрхлая.
I познім ягадам, ажынам лесавым,
Адсніцца пах грыбоў і горкіх вогнішчаў.
Каханы мой, не трэба, не заві,
Хай толькі рэха між ядлоўцу вохкае.
Адчай прарос, абвостраны, тугі,
Халодны, як падснежнік на праталіне.
Між намі бераг сонца і тугі,
Мяжа, дзе я з табою развіталася.
Галіна Тварановіч
(нар. у 1955 г.)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1977 г.
Аўтар паэтычных зборнікаў «Ускраек тысячагоддзя» (1996), «Верасы Дараганава» (2000), «Чацвёртая стража» (2004). Доктар філалагічных навук.
Месы арганнай шляхі
Звалі кудысьці далёка,
Настойліва вабілі высямі…
І жыццё вырастала ў жыццё,
Нагадвала стукам салодкім
Уладна знутры пра сябе…
Сына на стромах арганных
Неяк застала аднойчы –
Нібы добра знаёмаю сцежкай
Імкнуў ён душою ўвысь.
Любоў Тарасюк
(1953 – 2006)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1978 г.
Аўтар зборнікаў вершаў «Смага ракі» (1983) і «Апалогія красы» (2003).
Кандыдат філалагічных навук.
Спакойнай стомай дыхаюць палі,
Збываючы свой клопат непадробны.
Прыходзіць восень, каб агнём спаліць
Рыштунак дзён няспраўджаных і дробных.
Яна разгорне важкую раллю,
Развяжа зноў вузельчык – зерне…
I тое ўсё, што добрага зраблю,
На шчодры плён хай добрым людзям верне.
          Рабіна
Іду па ранішняму следу,
Па снегу чыстаму бягу.
Я паўжыцця да мамы еду,
А ёй адкрыцца не магу.
За ўсё, што я не так рабіла
I ціха плакала крадком,
Гарчэе тонкая рабіна
Ў мілай мамы пад акном.
Цвісці цвіце, нібы гадае,
Ці доўга быць ёй маладой,
Ды ў ранняй барве ападае,
Недаспяліўшыся пладоў.
Антаніна Хатэнка
(нар. у 1956 г.)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1978 г.
Аўтар кніг «Здзічэлае рэха вясны», «Зніч крыжовых дарог» (1992), «Чалавек на далоні Сусвету», «Тры грацыі» (2002), «Вербніца» (2022).
      Льняны шлях
Ува мне прасціраецца лён
пракаветнае цішы блакітай.
Недзе тут небакрайна пралёг
век, у вены мае пераліты.
Недзе тут адгалоскам журбы
песня продкаў сціхае замглёна,
ахінуўшыся небам, нібы
у расхлістанай памяці лёну.
І гадзіннік, здаецца, заснуў
паняверча на Ратушнай вежы.
Толькі поле бясконцае льну
выкалыхвае з мрой незалежнасць.
У артэрыях выстылых дня
словы, быццам чырвоныя цельцы,
крэўна-крэўна ільняна звіняць,
успамінам цаляючы ў сэрца.
Нада мной прасціраецца лён
абарончаю тканкай нябеснай,
абдымаецца з цёплай зямлёй…
І ўратоўвае Волю і Песню.
Людка Сільнова
(нар. у 1957 г.)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1979 г.
Аўтар зборнікаў вершаў «Ластаўка ляціць» (1993), «Рысасловы» (1994), «Зачараваная краіна» (2007), «Горад Мілаград» (2016), фантастычных коміксаў «Агністыя дзьмухаўцы» (1997), кнігі вершаў з прысвячэннем «Зеленавокія воі і іх прыгажуні» (2001).
    Песня жанчыны
Падары мне меч,
Каб магутнасць мець.
Тонкае лязо,
Звонкае пяро.
Лютню падары
Колеру зары.
Пад шчаку – свой аксамiтны
Голас пасцялi…
Падары мне сон –
Як крыштальны звон.
З’едзь, забудзь мяне,
Толькi не сябе.
    Беларуская руніка
Злятаюць зоркамi з рукi
Рунiчных тайнаў васiлькi.
Лятуць на жыта, ручнiкi,
Адзенне, куфры i глякi,
На вокны, кафлю, паясы,
Ў гартанных спеваў галасы,
У казкi, кнiжкi – на вякi!
Мы – каралi, не жабракi!..
Чаму ж у цемрадзi гадоў
Мы ўсё шукаем зноў i зноў
Барвянай папарацi жар
I жарсцяў прывiдных пажар?
Чаму глядзiм на каранi,
Свае зыначваючы днi,
Не паглядаючы – уверх,
Паўз рытм рунападобных стрэх?
Блакiтам крэсляць раўчукi…
Глядзяць скрозь жыта васiлькi…
Хрысціна Лялько
(нар. у 1956 г.)
Скончыла філалагічны факультэт БДУ ў 1979 г.
Аўтар кніг прозы «Дарога пад гару» (1985), «Світанак над бярозамі» (1989), кніг паэзіі «На далонях любові» (2006), «Адвячорак» (2014).
Буду кахаць цябе моўчкі,
Свет не пачуе ні слова.
Сумею схаваць адмыслова
Пачуццяў сваіх вугалёчкі.
Іх не раздзьмухае вецер
У вогнішча полымнай страсці.
Стаю на саменькім краёчку,
Малюся, каб толькі не ўпасці.
1980-я
Ала Канапелька
(1960–2015)
Выпускніца філалагічнага факультэта 1983 г.
Аўтар паэтычных зорнікаў «Цвет алешыны» (1985), «Летазлічэнне» (1999).
        Ган-но!
Ган-но! –Блукае няўцешнае рэха.
– Ган-но! –
Гукаюць, шукаюць вятры.
Снегам занесены сонныя стрэхі,
Моракам скутыя дрэмлюць двары.
Снегам расстання халодным, зімовым
Шлях перамецены –
шлях да вясны.
Ганно, ты ж ведаеш тую замову,
Каб адышлі непрабудныя сны.
Ты іх пашлі на бягучыя воды,
Ты іх на лозы сухія пашлі.
Ранняй вясною ў барвах усходу
Зноўку пратрубяць Яго жураўлі.
…Зорка ўзыходзіць над сцюжай, над снегам.
Памяць жывою рабінай гарыць.
– Ган-но! –
Палескае коціцца рэха.
– Ган-но! –
Гукаюць над светам вятры.
Марина Фоменкова
(род. в 1965 г.)
Окончила филологический факультет БГУ в 1988 г., ст. преподаватель кафедры теоретического и славянского языкознания.
Из будущего сборника «Зарисовки из дневника...»
              Родителям
Кто-то взрослеет рано,
Кто-то взрослеть не хочет.
В сердце бессильное - «мама»...
Сердце еще кровоточит.
А в телефоне папы:
«Дочка. Марина. Домашний»,
На полке немодная шляпа...
День бы вернуть вчерашний.
День, когда руки большие
тебя поднимают к небу,
А в мамины косы тугие
еще не вплетаются беды.
День, когда все возможно,
еще не поставлена точка.
И так хорошо, не тревожно...
И ты еще «доченька, дочка».
              * * *
Як цяжка да людзей зрабіць хоць крок:
Сцяжыны запарушыла завея.
Стаіш адзін сярод чужых дарог
І словы-слëзы ў горле ледзянеюць.
Галіны ў шыбіну грукочуць зрань.
Я адказаць спрабую асцярожна:
Што чалавек? Нябесы ці адхлань,
Якая абяцае толькі згрозу?
Усе разумею: сэрца распалі,
Без «толькі» і «але» ідзі наперад.
Чаму ж душа халодная баліць,
І цяжка грукаць да другога ў дзверы?
Так цяжка не змагацца за сваë,
А каб сваë аддаць - няма гаворкі.
Таму і б’е ў шыбіну галлë,
Таму і пацалунак горкі.
Наталля Кучмель
(нар. у 1964 г.)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1986 г.
Аўтар зборнікаў вершаў «Імгненні» (2005), «Залатое» (2024).
            ***
плыў дождж над горадам
цяжкі і нізкі быццам дым
і голле гордае
само хілілася прад ім
так за гадзінаю
гадзіна коцціцца ў пакой
гром кропляў рынаю -
курантаў бой
плыў дождж над горадам
звісаў завесаю вады
як мяккім голасам
ахутваў змоўклыя сады
і не ўскалочана
у палісадзе між вяргінь
пад колер воч тваіх
стаяла стынь
            ***
Праполка… Двухтыднёвыя дажджы
Дзяляну марнатраўем затапілі.
Паўсюль, не вылучаючы ні град,
Ні баразён, - адною злітнай хваляй
Курчавіцца і бухне зелянота.
Мелісы пах. Мяшаючыся з пахам
Парэчкі і зямлі, ён кліча — жыць!
Ён кліча — жыць! Ён кліча -
                                        шчасным быць,
На дробязі не зварачаць увагі
Не гледзіш? Што ж. Будзь вольны.
                                    Бог з табой.
Жыві, як можаш. Я жыву — як хочу!
Таму што ведаю цяпер, як трэба.
Таму што падаюцца пад рукамі
Макрыцы ніцістыя карані,
І дыхае слабенькая меліса,
У свет шырокі гледзячы з адвагай,
І між кустоў парэчкі — самасея,
Хоць мокрая, ды гордая паставай,
Сарана яркай барваю гарыць.
1990-я
Людміла Рублеўская
(нар. у 1965 г.)
Выпускніца філалагічнага факультта БДУ 1994 г.
Аўтар зборнікаў паэзіі «Крокі на старых лесвіцах» (1990), «Адукацыя» (1990), «Замак месячнага сяйва» (1992), «Застаюся» (1996), «Балаган» (2000), «Рыцарскія хронікі» (2001), «Над замкавай вежай» (2003), «Шыпшына для Пані» (2007), «Вяртанне інфанты» (2015), кніг прозы «Старасвецкія міфы горада Б» (2002), «Сэрца мармуровага анёла» (2003, 2012), «Пярсцёнак апошняга імператара» (2005), «Ночы на Плябанскіх Млынах» (2013), «Сутарэнні Ромула» (2010), «Дагератып» (2017), «Пантофля Мнемазіны» (2018), серыі раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча» (2012–2020), шэрагу кніг для дзяцей.
              Род
Высокі род. Разбураны палац
Ці хата, што на тым жа самым месцы
Раз дзесяць будавалася.
Глядзяць
Праз вокны продкі,
А жыве там – вецер.
Род.
Кроў яго ўбірае, бы рака,
Дабро і зло і рысы вызначае,
З якімі сын твой будзе ці дачка
Жыць з ганьбаю, са славай ці звычайна.
Не выдумка блакітнае крыві,
А ісціна разумнае істоты –
Свой ведаць род і гонар радавы
І рушнікі захоўваць, і кляйноды.
У свеце адасобленых няма.
І ты – камень у бруку ці ў кароне.
Знайдзі свой герб.
І прадзеда імя
Успомні.
      Воўк князя Гэдыміна
Я не ведаю імёнаў
Кветак, птушак і начальства.
Я каменьчыкі збіраю
І малюскаў – так, да кучы.
Ды аднойчы я дастала
Ваўчаня з чужое пасткі.
І жыве ў мяне жывёлка,
Хоць характар і падлючы.
Воўк мой падазрона белы,
І чамусь баіцца поўні.
Выць не ўмее, толькі вочы
Жоўтым свецяцца бурштынам.
Па начах кудысьці рвецца,
То маўчыць, то ціха стогне.
А пад ранак прапануе
Будаваць нанова Вільню.
Не батанік, не заолаг,
Я магла і пераблытаць,
У вітальні ля пантофляў
І не воўк мяне чакае.
Але ўчора нейкі дзядзька,
Што назваўся Гэдымінам,
Стукаўся ва ўсе пад’езды
І казаў – ваўка шукае.
Без яго, маўляў, ніколі
Збудаваць не зможа Вільню.
Таццяна Барысюк
(нар. у 1971 г.)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1995 г.
Аўтар зборніка вершаў «Аўтапартрэт» (2002), шэрагу празаічных твораў.
Зіма. Завея. Бель. Мароз,
як сто гадоў таму ці вечнасць.
Бог з неба пуху панатрос,
бо ў новы год сняжок дарэчны.
Мінюць дні. За годам год,
як карусель – за колам кола.
Жыцця імклівы карагод,
сезонаў змены ў наваколлі.
АН і Батанічны сад
вітаюць ведай апантаных.
Не азіраймася назад:
там засталіся нашы раны.
Ёсць толькі рай – для закаханых…
            Ісціна ў вясне
Я веру: ісціна ў вясне!
Зноў абуджаецца прырода:
Капеж, смех сонца, крыгаходы…
Час абнаўлення – для мяне!
Я веру: ісціна ў вясне!
Хай будзе ісціна ў вясне!
Ізноў надзею сэрца спеліць,
зноў у тваё каханне верыць
і што яно не падмане.
Хай будзе ісціна ў вясне!
Аксана Спрынчан
(нар. у 1973 г.)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 1995 г.
Аўтар кніг паэзіі «Вершы ад А.» (2004), «ЖываЯ» (2008), «Хата для Моўчы» (2007), «Нелінейнае» (20012), «Кава з украінскім мёдам» (2017), SMS-п’есКІ з антрактам-размовай праз тэлефон у сааўтарстве з Алесем Анціпенкам «Дарога і Шлях» (2006), «жаноцкага рамана» «Беларускі дурань» (2011), твораў для дзяцей.
            Бабулін трыялет
«На моры жабка лянок ірвала…» –
Сьпявала песьню калісьці бабка.
І пра дзяцінства цяпер мне згадка –
«На моры жабка лянок ірвала…»
А дзе ж на моры лянок і жабка,
Тады чамусьці не распытала.
«На моры жабка лянок ірвала…» –
Сьпявала песьню калісьці бабка.
                  * * *
Сонца – бясконца,
дзень – цень,
ночы – вочы,
глеба – неба,
трывога – дарога,
людзей – надзей,
воля – доля,
чалавек – век,
краіна – сына…
У найбанальнейшых рыфмах –
глыбокі верлібр жыцця.
2000-я
Наталля Капа (Казапалянская)
(нар. у 1984 г.)
Скончыла філалагічны факультэт БДУ.
Аўтар паэтычных зборнікаў «Панна каханка» (1998), «Бэзавыя дрэвы» (2002).
                  Копша
На сумных могілках – асенняя маркота.
Пакрыўся дол пажоўклаю лістотай.
Спакой і ціша. Толькі асцярожна
ўздыхае ля разбуранай капліцы Копша.
Нішто спакою мёртвых не трывожыць –
за краем могілак глыбокі роў.
Да жудасць цішыні сышлася над кладамі
і быццам цісне непражытымі гадамі,
і мёртвы холад студзіць ў жылах кроў.
Калі ты прыйдзеш на маю магілу,
дзе ціша днюе і начуе,
пагавары са мной, о, дружа мілы, –
я тут, і я цябе пачую.
Вера Бурлак
(нар. у 1977 г.)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 2001 г.
Аўтар кніг паэзіі «За здаровы лад жыцця» (2003), «Забі ў сабе Сакрата!» (2008, у сааўтарстве), кнігі прозы «Творы соннага жанру» (2011), аўдыёкнігі Phantom of the Literature (2006), кнігі эксперыментальных вершаў, замалёвак і п’ес «Дзеці і здані» (2012) і інш. Кандыдат філалагічных навук.
            Х-танічны верш
Нянька заснула ля грубкі.
Мы – тыя, хто прыходзіць уначы.
У дзетак рэжуцца зубкі.
Ім трэба дапамагчы.
У дзетак рэжуцца рогі,
Капыты і іншая дрэнь,
І празь дзьверы ў траву ля дарогі
Прарастае даўжэзны карэнь.
Бабулі коўдрамі накрылі
Сваіх Сержукоў і Каць.
А ў дзетак рэжуцца крылы.
Мы іх навучым лятаць.
А маткі шэпчуць замовы,
Каб нас адагнаць далей,
У змрок ільдзяны зімовы,
Ад сваіх нязнаных дзяцей.
Марыя Мартысевіч
(нар. у 1982 г.)
Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 2004 г.
Аўтар кніг «Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе» (2008) і «Амбасада: вершы свае і чужыя» (2011).
            Эдэльвайс
Ён закінуў і лабы, і пабы,
ён забыўся пра пільснэр і вайс,
як Маленькі Прынц рваў баабабы,
ён расьціў для яе эдльвайс.
Ён гаршчок ставіў на антрэсолі,
грэў дыханьнем у люты мароз,
батанічныя кнігі мусоліў –
эдэльвайс жа, паскуда, ня рос.
Ён бадзяўся па Менскім узвышшы,
начаваў на Дзяржынскай гары,
жыў на дахах, дзе коткі ды мышы,
эдэльвайс жа ня рос, хоць згары!
Ён угнойваў і гэтым, і гэтым,
Дзень і ноч не змыкаў жалюзі
пад намёкі: «Ня трэба букетаў.
Лепей, мілы, у Альпы звазі».
Але льга сягнуць зораў скрозь церні!
Не пасьпеў надыйсьці Новы Год,
ён прынёс ёй прыўкрасны бязьмерна
сьціплы горны цьвяток, ідыёт.
                  * * *
А на выезьдзе з гораду цемра была,
быў на выезьдзе з гораду корак,
і ранкі рубінавага сьвятла
душыліся на выезьдзе з гораду.
Як заўсёды ў пятніцу, дзеці сяла
выяжджалі з гораду ў морак.
У заторы было немагчыма прайсьці
Між «фолькцвагенаў», «шкодаў» і «бэхаў»;
у той вечар – і ўвогуле па жыцьці –
ў гэты горад ніхто ня ўехаў.
Наста Кудасава
(нар. у 1984 г.)
Выпускніца філалагічнага факультэта 2006 г.
Аўтар зборнікаў паэзіі «Лісце маіх рук» (2006), «Рыбы» (2013), «Маё немаўля» (2016), «Вясна. Вуснам цесна» (2021).
Вершы –
каб вымяраць вяршыні
ці, выміраючы
ў горы вершавым,
высвабадзіцца ў разлог птушыны,
туды,
дзе гняздуюцца сэрцам шырэйшыя,
дзе я ня буду вачмі лісьлівіць,
рук абцяжарваць нішчымнымі ласкамі –
словы разьвешу лупатымі сьлівамі
і абярнуся
ластаўкай.
                        * * *
горадзе наш, для якога нас болей няма,
ці аддаюся ў табе я хоць болем фантомным?..
нас па кішэнях рассоўвае час-клептаман.
Скрадзеныя, мы не ўспомнім, адкуль мы і хто мы.
Мы пераўтворымся ў родную глебу і жвір,
дрэвамі ўзыдзем – шаптаць аб сваім невышэптным.
Тыцкае ў спіны прыкладамі кон-канваір.
Восень ідзе, каб спытаць, як заўсёды, з паэтаў.
Віка Трэнас
(нар. у 1984 г.).
Выпускніца філалагічнага факультэта 2007 г.
Аўтар зборнікаў вершаў «Цуд канфіскаванага дзяцінства» (2005), «Экзістэнцыйны пейзаж» (2008).
Мы не біліся галавой аб мур
не імкнуліся яго абысці
быць замкнёным ва ўласнай сутнасці
значна лепей, бо выйсце ўнутры, таму
час спыніцца, каб карані пусціць
у прамерзлую глебу пад мурам
час адно ў аднаго пусціць карані
і яны гэты мур разбураць
      Padańnie
U pryhožaj krainie, stvoranaj z pyłu i brudu,
Dzie, jak kažuć padańni, sychodzicca klinam naš śviet,
Nie byvaje nikoli ni śviataŭ, ni kazačnych cudaŭ,
Tolki dziva – tam kožny žabrak i tam kožny paet.
Vieršy palać, jak vosieńniu liście, popieł robić imhnieńnie,
A ź imhnieńniaŭ raźjušany viecier składaje hady,
Praz stahodździ błukajuć paetaŭ ledź bačnyja cieni,
Słovy liściem barvovym na ziamli pakidajuć ślady.
2010-я
Маргарыта Латышкевіч
(нар. 1989)
Выпускніца філалагічнага факультэта 2011 г.
Аўтар кнігі вершаў «Пульс навальніц» (2012), кнігі прозы «Яблыкі» (2016), кніг вершаў і прозы «Наш дом» (2018), «Вараціш-гара» (электронная, 2019), «Там, дзе сэрца» (2020), кніг аповесьцяў «Уласны крыж» (2021) і «Вершнікі на дарозе» (2022).
        Люстра сну
Людзі спяць.
Хто дыхае ціха, а хто – храпіць,
Так што шклянкі на кухні
Дробна дрыжаць ва ўнісон.
Падбяру з падлогі
Нябачную месяца ніць
І па ёй, як па дроце,
Бязважка ўвайду ў нечы сон.
Людзі сняць.
Хто зарплату, а хто і сваіх дзяцей.
Некаторыя нават у сненні
Бухгалтарскі зводзяць улік.
Горай тым, хто без кроплі святла
Самотна крочыць праз цень
Альбо тым, хто падае вечна –
І не можа выціснуць крык.
Людзі спяць.
Быццам пацеркі,
Коцяцца мроі ўначы.
Месяц лапай кашэчай
Чапляе іх на кіпцюры.
Месяц ловіць кашмары,
Каб людзі свой мелі спачын
Хоць у сне.
Хаця б трошачкі.
Хоць да зары.
      * * *
Прадчуванне
Неба падае
Проста ў лужыны,
І дрыжаць аскялёпкі блакіту.
За гарбатаю,
Трохі прастуджаным,
Добра марыцца
Аб нязбытным.
І размова, такая звыклая,
Уваходзіць
У свае каляіны.
І здаецца:
Пра нешта забыла я
Ці – драбочак сябе
Згубіла.
Нешта ў трубах
Варушыцца і бурчыць,
Падае свой
Звярыны зык.
Быццам хоча нас
Нечаму навучыць
Гарадскі замучаны
Дамавік.
А на кухні,
Ведаеш, пад акном,
Дзе і цёмны,
І ўтульны кут,
Скразнячок малы
Свой наладзіў дом
І, здаецца,
Прыжыўся тут.
Кроплі з грукатам дробным
Стукаюць у шкло,
Разбіваючы люстра сну.
Запалю ва ўсёй кватэры
Святло
І ўпушчу да сябе
Вясну.
Шэраг паэтэс і пісьменніц – выпускніц філфака БДУ – можна працягнуць, ён безупынна папаўняецца новымі імёнамі.
Багатыя на творчыя таленты і іншыя факультэты БДУ. Напрыклад, добра вядомыя сваімі літаратурнымі творамі выпускніцы факультэта журналістыкі – Нэлі Тулупава, Таццяна Сапач, Алена Брава і інш., гістарычнага факультэта – Валянціна Аксак і інш., хімічнага факультэта – Галіна Булыка і інш.
Даведацца больш пра жыццё і творчасць згаданых аўтараў можна ў выданнях:
Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / [уклад., каментар: А. Данільчык, В. Жыбуль]. – Мінск : Кнігазбор, 2017.
Шматкова, І. І. Беларуская жаночая паэзія другой паловы ХХ стагоддзя. – Мінск: РІВШ, 2017.
Шматкова, І. Беларускія паэтэсы – выпускніцы БДУ // Государства Центральной и Восточной Европы в исторической перспективе: сборник научных статей, УО «Полесский государственный университет», Пинск 25 февраля 2022 г. / Министерство образования Республики Беларусь [и др.]; редкол.: В.И. Дунай [и др.]. – Пинск: ПолесГУ, 2022. – Вып. 6.