Матэрыял нумара: да Калядаў

«Батлейка» на філалагічным факультэце БДУ


Загадчык Вучэбна-навуковай лабараторыі
беларускага фальклору філалагічнага факультэта БДУ
Вера Дзенісенка з сынам Аляксеем

У рамках правядзення мерапрыемстваў да 85-годдзя з дня заснавання філалагічнага факультэта БДУ 20 снежня 2024 года прайшла прэзентацыя батлейкі «Казачны куфар» – першай батлейкі на філфаку. Ініцыятарам выступіла вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства.

Запрошанымі гасцямі сталі дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Важнік, намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве Таццяна Мальцэвіч, загадчыкі кафедр, выкладчыкі, супрацоўнікі філалагічнага і эканамічнага факультэтаў, ФСК, навучэнцы ДУА «Гімназія №14 г. Мінска», члены Мінскага ўніверсітэта трэцяга ўзросту.

Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзенісенка павіншавала філалагічны факультэт з 85-гадовым юбілеем і ўзгадала самыя яркія мерапрыемствы лабараторыі ў адыходзячым годзе: серыю майстар-класаў «Каля Калядаў», фальклорны фэст «Гуканне вясны», віртуальнае падарожжа «Успаміны, апаленыя вайной», самую шматлікую фальклорную практыку на сваёй базе ў гісторыі лабараторыі, фотавыставу «Павязь часоў». Акрамя таго, супрацоўнікі ВНЛБФ прадставілі «лабараторскі мерч» – свае карпаратыўныя майкі з народнымі выслоўямі, якія былі адабраны ў Фондзе фальклорных матэрыялаў.

Вера Дзенісенка таксама адзначыла важнасць сумеснага праекта ВНЛБФ і кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства (сёння – кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства) «Беларускія народныя казкі: спадчына, завешчаная нашчадкам», вынікам якога стаў зборнік «У краіне родных казак», падрыхтаваны на аснове матэрыялаў з Фонду ВНЛБФ. Дзякуючы супрацоўніцтву з ДУА «Гімназія №14 г.Мінска» зборнік зайграў яркімі фарбамі – навучэнцы 3–6 класаў падрыхтавалі ілюстрацыі на сюжэты адабраных казак.

Асобна была прадстаўлена падрабязная гісторыя стварэння «драўлянай прыгажуні» – ад узнікнення ідэі і стварэння макета да яго ўвасаблення ў рэальнасць.

Для пастаноўкі былі абраныя тры казкі са зборніка «У краіне родных казак»: «Коцік, пеўнік і лісіца», «Казка пра ката», «Як воўк хацеў стаць святым».

Вера Дзенісенка прадставіла творчы калектыў «Казачнага куфара»: супрацоўнікаў лабараторыі, Кацярыну Батура і Анастасію Сцельмашук, начальніка аддзела інавацыйнага развіцця і інфармацыйных тэхналогій навучальнага цэнтра адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрыя Малакава, студэнтаў 2 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Аляксея Дубоўскага, Рамана Марукіна, студэнтаў 3 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Дар’ю Іванову, Ганну Лецка, Таццяну Агіевіч, Ганну Іванову, Артура Манкевіча, Валерыю Аляшкевіч, Паліну Вількель. У вырабе лялек прымалі ўдзел супрацоўнікі лабараторыі – Батура Кацярына і Анастасія Стэльмашук, а таксама студэнты 2 курса спецыяльнасцяў «Беларуская філалогія» і «Славянская філалогія».

Са словамі ўдзячнасці выступіў дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Важнік. Ён падзяліўся сваімі эмоцыямі і павіншаваў прысутных з новым «Летуценнікам» – з батлейкай. Загадчык кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства Таццяна Марозава адзначыла, што мерапрыемствы супрацоўнікаў ВНЛБФ з’яўляюцца яркім прыкладам адданасці сваёй справе.

У канцы прэзентацыі ў запрошаных гасцей філалагічнага факультэта была магчымасць зрабіць агульную фатаграфію з батлейкай, а таксама творчым калектывам супрацоўнікаў лабараторыі і студэнтаў «Казачнага куфара».


Батлейка “Казачны куфар”


Супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору: Вера Дзенісенка, Кацярына Батура, Наста Сцельмашук, Дзмітрый Малакаў.


Навучэнцы ДУ “Гімназія №14 г. Мінска”, якія рабілі ілюстрацыі да зборніка “У краіне родных казак”.


Творчы калектыў “Казачнага куфара”:
- супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору: Вера Дзенісенка, Кацярына Батура, Наста Сцельмашук, Дзмітрый Малакаў.
- студэнты 2 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Аляксей Дубоўскі, Раман Марукін, студэнты 3 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Дар’я Іванова, Ганна Лецка, Таццяна Агіевіч, Ганна Іванова, Артур Манкевіч, Валерыя Аляшкевіч, Паліна Вількель.




Студэнты 3 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Дар’я Іванова, Валерыя Аляшкевіч, Паліна Вількель.