Да 85-годдзя філалагічнага факультэта БДУ
Мікалай Прыгодзіч
Беларускі дыялектолаг і лексікограф Еўдакія Сцяпанаўна Мяцельская
Ужо ў студэнцкія гады выявіліся здольнасці Еўдакіі Мяцельскай да паглыбленага вывучэння роднай мовы, штогод пад кіраўніцтвам прафесара Марыі Андрэеўны Жыдовіч яна разам з іншымі студэнтамі выязджала ў экспедыцыі па збіранні матэрыялаў для дыялекталагічнага атласа беларускай мовы. Як лепшую выпускніцу са схільнасцямі да навуковай працы, Еўдакію Сцяпанаўну рэкамендавалі для паступлення ў аспірантуру, пасля заканчэння якой яна стала працаваць на кафедры беларускай мовы.
Прыродная сціпласць, незвычайная працавітасць і няўрымслівасць, строгая самадысцыпліна і ўлюбёнасць у сваю прафесію – усё гэта дазволіла Еўдакіі Сцяпанаўне стаць аўтарам шматлікіх навуковых прац па дыялекталогіі, слоўнікаў, вучэбных дапаможнікаў для вышэйшай і сярэдняй школы Беларусі.
У 1960-80-я гады кватэра Еўдакіі Сцяпанаўны Мяцельскай і Яўгена Міхайлавіча Камароўскага (адданага памочніка і мужа, таксама дацэнта кафедры беларускай мовы БДУ) нагадвала сапраўдную даследчую лабараторыю, у якой ні на хвіліну не спыняўся навуковы пошук, прычым па розных напрамках беларускага мовазнаўства.
Менавіта на гэты час прыпадаюць шматлікія выезды і вандроўкі як самой Е.С. Мяцельскай, так і Я.М. Камароўскага са студэнтамі ў час дыялекталагічнай практыкі, і найперш на радзіму Якуба Коласа – Стаўбцоўскі раён. Лексіка гэтага, як і іншых раёнаў Мінскай вобласці, а таксама розных рэгіёнаў па ўсёй Беларусі, куды на працягу многіх гадоў, ахвяруючы сваім чарговым адпачынкам і кожным вольным ад вучэбных заняткаў днём, выязджалі ў загадзя вызначаныя населеныя пункты вучоныя, прадстаўлена ў выглядзе тэматычна-звязных тэкстаў у кнізе «Беларуская дыялекталогія. Хрэстаматыя» (1979).
Гэтай маштабнай працы папярэднічала яшчэ адна кніга Е.С. Мяцельскай і Я.М. Камароўскага – «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» (1972). Е.С. Мяцельская спрычынілася і да выдання «Фразеалагічнага слоўніка мовы твораў Якуба Коласа» (1993). Разам з Я.М. Камароўскім Еўдакія Сцяпанаўна падрыхтавала і адзін з першых у Беларусі вучэбны дапаможнік для абітурыентаў – «Беларуская мова» (1974).
І ўсё ж стрыжнявым напрамкам навуковай і метадычнай дзейнасці Е.С. Мяцельскай было дыялектнае слова. І апошнія гады свайго жыцця яна аддала менавіта слову з жывых народных крыніц.
Успамінаюцца радкі душэўнай заклапочанасці і шчырага хвалявання за лёс народнай мовы складальнікаў хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі:
«Пройдзе, магчыма, не так многа часу, і пад уплывам літаратурнай жывая мова народа зменіцца – такі няўхільны і натуральны закон яе развіцця. Калі не занатаваць яе сёння, яна можа бясследна знікнуць заўтра. Для будучых пакаленняў, для навукі можа знікнуць тое, што складае непаўторную каштоўнасць народа, значную частку яго духоўнай культуры. І напэўна сучасная народна-дыялектная мова стане тым жа, чым для нас з’яўляюцца помнікі мінулага – старажытная зброя і адзенне, хатнія рэчы і помнікі архітэктуры, мастацтва, даўнія рукапісы і старадрукі, па якіх сёння мы вывучаем жыццё нашых далёкіх продкаў» (с. 3).
Гэтыя словы, гэтае хваляванне за лёс роднага наймення выяўляліся ў кожным пражытым дні вучонага, у кожным напісаным радку летапіснай гісторыі беларускай гаворкі. Яны – як напамін сённяшнім пакаленням навукоўцаў – масцітым і пачаткоўцам – шчыра і самааддана берагчы неацэнны народны скарб – яго мову.
Кафедра беларускай мовы (1970-ыя гады)
Еўдакія Мяцельская (першы рад, другая справа)
* Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч, доктар філалагічных навук, прафесар
* Надрукаваны раней матэрыял даслаў у рэдакцыю кандыдат філалагічных навук,
дацэнт Георгій Канстанцінавіч Чахоўскі