На шляху да новага філфака
Філфак і яго асобы ў фотаздымках Міхася Кенькі
Міхась Кенька, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, пра сябе:
«Захапленняў было і ёсць многа. Вядома, найперш, кнігі. Збіраў іх са школьных гадоў. Цяпер мне амаль што не трэба хадзіць у бібліяэкі. Патрэбную для работы кнігу не шукаю, тут жа знімаю з полкі.
Але прагрэс запатрабаваў звярнуцца да дыскаў, і як жа я ўразіўся, калі ўсяго на адным дыску «Бібліятэка ў кішэні» знайшоў многа болей, чым назапасіў.
Яшчэ сабраў відэатэку сваіх любімых кінафільмаў.
У розны час таксама збіраў маркі, анекдоты, клеіў мадэлі, ездзіў з археолагамі на раскопкі, пераплятаў часопісныя публікацыі як кнігі.
Але адно хобі не ідзе на звод яшчэ са школьных гадоў — фатаграфія.
Мае здымкі не толькі ляжаць у альбомах, некаторыя і друкаваліся.
Люблю дарыць іх. Сюжэты здымкаў — пейзажы, партрэты.
Назбіраў ужо значны фотаархіў, у якім ёсць і рэдкія здымкі пісьменнікаў, артыстаў, касманаўтаў, вучоных, мастакоў, рэпартажныя кадры цікавых падзей.
А таксама фотаздымкі сваіх калег з розных кафедраў філалагічнага факультэта БДУ.
Чамусьці ўсе калектывы, дзе давялося працаваць, запомніліся тым, што ў іх не было непрыемных мне, антыпатычных людзей. І наша кафедра тэлорыі літаратуры не складала выключэння. Тут працавалі людзі, захопленыя сваёй справай, добразычлівыя, таварыскія.
На гэтай кафедры я атрымаў магчымасць скарыстаць увесь свой жыццёвы вопыт — як тэкстолага, тэарэтыка перакладу, журналіста, нават фатографа.
А яшчэ мяне тут адкрылі як фалькларыста».