Да 85-годдзя філалагічнага факультэта БДУ


Успаміны пра Браніслава Аляксандравіча Плотнікава

Б. А. Плотнікаў - беларускі мовазнавец, даследаваў праблемныя пытанні агульнага мовазнаўства, славістыкі і беларусістыкі, доктар філалагічных навук, прафесар.

М. Р. Прыгодзіч:

Браніслаў Плотнікаў скончыў аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Як выдатнік вучобы быў рэкамендаваны ў аспірантуру па кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства і ўжо ў 1971 годзе датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Дистрибутивно-статистический анализ одной лексической группы (слова со значением “делать” и “работа” в русском языке)» пад навуковым кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесар А. Я. Супруна.

У 1981 г. абараніў доктарскую дысертацыю «Исследование лексического значения путем квантитативного анализа дистрибутивных свойств слова» па спецыяльнасці 10.02.19 – агульнае мовазнаўства.

Маючы выключную лінгвістычную падрыхтоўку і валодаючы ўніверсальнымі энцыклапедычнымі ведамі, Браніслаў Плотнікаў актыўна ўключыўся ў падрыхтоўку падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, праграм для вышэйшай школы.

Ён аўтар такіх вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў-філолагаў, як «Общее языкознание. Семинарий» (1986), «Агульнае мовазнаўства» (1994), «Семиотика текста» (1992), суаўтар вучэбных дапаможнікаў і навуковых манаграфій «Введение в специальность» (1977), «Чешский язык» (1985), «Русско-чешский и чешско-русский словарь общегеографических терминов» (1985), «Дихотомическая лексикология» (1989), «Персанальнасць і персона» (1999).

За падрыхтоўку выдання «Беларуская мова: Эцыклапедыя» (1994) Браніслаў Плотнікаў у ліку іншых навукоўцаў стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Акрамя лаўрэацкага звання, значыцца яшчэ некалькі дзяржаўных узнагарод: медалі «За освоение целинных земель», «Ветеран труда», Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

З прыходам Браніслава Плотнікава на кафедру беларускай мовы і беларусазнаўства ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь пачалася мэтанакіраваная праца па падрыхтоўцы першых у краіне вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове для слухачоў гэтай спецыфічнай навучальнай установы.

Аднаасобна і ў суаўтарстве з загадчыкам кафедры прафесарам Любоўю Антанюк былі падрыхтаваны такія працы, як «Беларуская мова ў сістэме славянскіх моў» (1999), «Фанетыка і марфалогія беларускай мовы» (2000), «Кіраўніку аб мове» (2001), «Кароткая гісторыя беларускай мовы і мовазнаўства» (2002), «Беларускае слоўніцтва» (2003), «Лексіка і фразеалогія беларускай мовы» (2004), «Спалучальнасць слоў у беларускай мове» (2005), «Беларуская мова: Спецыяльная лексіка» (2002; 2-е выд. 2004), «Беларуская мова: Прафесійная лексіка: Курс лекцый» (2002; 2004; 2006; 2008) і інш.

Станоўчыя водгукі атрымала аб’ёмная праца ўніверсальнага характару «Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум» (2003), падрыхтаваная сумесна з Л. А. Антанюк.

На вялікі жаль, прайшло ўжо амаль 20 гадоў, як не стала Браніслава Аляксандравіча Плотнікава. Але нам і сёння не хапае яго жыццёвай адкрытасці і навуковай аб’ектыўнасці, умення аднамомантна ацаніць любую сітуацыю і знайсці адзіна правільнае вырашэнне яе.

Яго выключныя веды і выкладчыцкі вопыт, увасобленыя ў навуковых манаграфіях і вучэбных дапаможніках, і сёння запатрабаваныя як у асяроддзі навукоўцаў, так і найперш студэнтаў і аспірантаў, усіх аматараў роднай мовы, дзеля якіх ён жыў і працаваў.

І. С. Роўда:

Дзякуючы ашчадным адносінам да часу Б. А. Плотнікаў паспяваў не толькі пісаць значныя навуковы працы, але і гуляць у баскетбол з калегамі-філолагамі і студэнтамі. На баскетбольнай пляцоўцы ён быў актыўным, няўрымслівым, перажываў за кожны няўдалы кідок мяча і радаваўся, як дзіця, перамогам.

Уласна кажучы, гэтыя якасці ў значнай ступені характарызавалі і яго навуковую, педагагічную дзейнасць і, як мне здаецца, усё яго жыццё.

Жыццё чалавека ацэньваецца не колькасцю пражытых гадоў, а колькасцю добрых спраў, зробленых на карысць тых людзей, з якімі працуеш, якіх вучыш і выхоўваеш.

На рахунку Б. А. Плотнікава шмат такіх спраў, дзякуючы якім мы і памятаем гэтага чалавека і яшчэ доўга будзем згадваць шаноўнага прафесара, чытаючы яго артыкулы, манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, успамінаючы пра іншыя яго добрыя справы.

У. Г. Кароткі:

Маё знаёмства з Браніславам Аляксандравічам Плотнікавым, якое потым перарасло і ў сяброўства, адбылося ў вірлівыя 90-я гады ХХ ст. Тады на філалагічным факультэце дэканам быў абраны член-карэспандэнт АН Беларусі Алег Антонавіч Лойка.

Філолаг ад Бога, ён адразу ж пачаў працягваць справу свайго настаўніка, былога дэкана філалагічнага факультэта, Міхася Рыгоравіча Ларчанкі. Менавіта дэканства Алега Лойкі карэнным чынам змяніла адносіны ў беларускім грамадстве да філалагічнай адукацыі ў БДУ.

Да гэтага ж два аддзяленні – беларуска-рускае і рускае – поўнасцю задавальнялі большую частку як выкладчыкаў, так і студэнтаў. Уся праца на факультэце ажыццяўлялася згодна з інструкцыямі Міністэрства адукацыі, у першую чаргу гэта датычылася вучэбных праграм. І, зразумела, гэтыя інструкцыі бездакорна выконваліся.

Мараю Алега Антонавіча як кіраўніка аднаго з буйнейшых факультэтаў БДУ была «беларуская Сарбона». Многія калегі ўспрымалі яго выступленні на вучоным савеце як адарваны ад рэальнага жыцця спеў паэта-рамантыка. Аднак калі мэта сама па сабе на пачатку насамрэч уяўлялася ў даволі рамантычных абрысах, то сродкі яе дасягнення прапаноўваліся далёка не ідэалістычныя.

Трэба было развітацца з чыста педагагічным ухілам факультэта, а для гэтага адкрыць новыя спецыяльнасці і спецыялізацыі.

Скрупулёзнае вывучэнне адукацыйных магчымасцяў філалагічнага факультэта дазволіла распачаць працэс рэарганізацыі кафедраў, складання новых планаў, якія ішлі ўсуперак з міністэрскімі.

Распачалося чытанне новых курсаў: «Беларусазнаўства», «Краязнаўства», «Славянская міфалогія», «Біблія і культура». І ўсё гэта трэба было правесці праз вучоны савет факультэта. Менавіта такім чынам, у пакутлівых пошуках, супрацьстаянні кансерватызму адкрываліся новыя аддзяленні: «Класічная філалогія», «Славянская філалогія», «Рамана-германская філалогія».

Гэтая частка маіх успамінаў вельмі патрэбная для таго, каб зразумець ролю Браніслава Плотнікава ў рэарганізацыі факультэта. На пасяджэнні савета быў важны кожны голас, паколькі асобныя рашэнні часта прымаліся з перавагай у адзін-два галасы. Частка вучоных факультэта паставіла на карту нават існаванне адзінага філалагічнага факультэта: прагучалі прапановы падзяліць яго на два асобныя факультэты – беларускай і рускай філалогіі. Менавіта гэта адбылося ва ўніверсітэтах Брэста і Гродна.

Браніслаў Аляксандравіч рашуча падтрымаў дэканат у імкненні захаваць адзіны філалагічны факультэт.

Ён падтрымліваў і настойлівыя патрабаванні дэканата адносна пераходу на беларускую мову ў выкладанні ўсіх асноўных гуманітарных дысцыплін, апрача тых, якія патрабавалі аўтэнтычнай мовы.

Прафесар Плотнікаў адным з першых перайшоў і ў сваіх навуковых пошуках, і ў выкладанні ад сферы агульнага, славянскага мовазнаўства да моўвазнаўства беларускага. Яго прыкладу паследавала шмат іншых выкладчыкаў факультэта, якія паступова пераходзілі на беларускую мову выкладання сваіх даўно «абкатаных» на рускай мове курсаў.

Браніслаў Плотнікаў у гэтым сэнсе заўсёды шчыльна супрацоўнічаў з дэканатам і дапамагаў яму. Таму і яго прызначэнне на пасаду дэкана пасля выхаду на пенсію прафесара Лойкі выглядала цалкам заканамерным, паколькі стварала спрыяльныя ўмовы для працягу яго папярэдняй актыўнай арганізатарскай і навуковай дзейнасці.

Для мяне асабіста Браніслаў Аляксандравіч быў Чалавекам вялікай душы, Асобай, Мужчынам, які сціпла прымаў ушанаванні і годна пераносіў удары лёсу.

Ён быў сапраўдным інтэлігентам, прыроджаны талент якога раскрываўся ва ўсім: у дакладнасці, лаканічнасці слова, аналітычнасці думкі, у выключным педагагічным таленце. Таленавіты ў навуцы, ён быў таленавіты ўва ўсім: песня беларуская, песні славянскіх народаў у яго выкананні ўпрыгожвалі любую вечарыну.

Ён многа зрабіў як арганізатар навукі, сабраўшы вакол сябе шчырых прыхільнікаў нацыянальна арыентаванай адукацыі. Аднак яго веды, вопыт, шчыры патрыятызм не былі запатрабаваныя новым кіраўніцтвам філалагічнага факультэта.

Ён, як і частка дактароў філалагічных навук, прафесароў, без ультыматумаў і скаргаў знайшоў прымяненне сваім ведам у іншай навучальнай установе. Апошнія гады жыцця ён рэалізоўваў свой навукова-педагагічны патэнцыял, працуючы прафесарам у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Бывае запавет у камені, у слове, у вытанчаным музычным шэдэўры, а яшчэ і ў памяці, якая не дае згаснуць зацепленай свечцы высокай духоўнасці.

Найлепшы помнік прафесару Браніславу Плотнікаву – звыш трохсот яго навуковых прац, з іх больш за трыццаць кніг самага рознага зместу і прызначэння.

Але і гэта далёка не ўсё. На стале вучонага засталіся завершаныя і незавершаныя кнігі, навуковыя працы, якія яшчэ мы ўбачым, прачытаем і перададзім нашчадкам як духоўны запавет вучонага.

Г. К. Чахоўскі:

Сярод многіх цікавых людзей, з якімі даводзілася сустракацца на працягу майго студэнцтва, постаць Браніслава Аляксандравіча Плотнікава з’яўляецца адной з самых запамінальных. У ім спалучаліся духоўная моц навукоўца, годнасць педагога, спагада настаўніка. І ўсё гэта гарманіравала з ціхім, спакойным маўленнем, якое слухалі заўсёды з затоеным хваляваннем.

Браніслаў Аляксандравіч заўсёды выяўляў акадэмічную карэктнасць, навуковасць і інтэлігентнасць. Сінтэз кампетэнтнасці, добразычлівасці і адначасова чалавечай сардэчнасці цалкам вызначае тую сукупнасць якасцей, што звязаны ў мяне з прафесарам Б. А. Плотнікавым.

Горача захоплены навукай, ён з’яўляецца выдатным прыкладам таго, як глыбока трэба любіць свой аб’ект даследаванняў, таму што толькі так – з захопленасцю, гарэннем – можна абудзіць цікавасць і ў іншых.

Прафесар Б. А. Плотнікаў застаўся ў памяці як жыццялюб, энергічны, заўсёды поўны аптымізму выкладчык. Яго лекцыі былі цікавымі, і ў яго быў добры кантакт са студэнтамі.

У мяне была выдатная магчымасць слухаць яго лекцыі па агульным мовазнаўстве, якія вызначаліся грунтоўнасцю, комплексным падыходам, выразным бачаннем сутнасці лінгвістычнай праблемы і дакладнымі метадамі яе вырашэння.

Браніслаў Аляксандравіч быў сапраўдным энцыклапедыстам. Пры гэтым свае грунтоўныя веды ён выкарыстоўваў на практыцы і такому ж падыходу вучыў студэнтаў. Практычныя заняткі прафесара Б. А. Плотнікава таксама былі выбітнымі, ім была ўласцівая строгая ўнутраная логіка, яны былі перапоўнены творчымі думкамі, інавацыйнымі ідэямі і ініцыятывамі.

Памятаю разуменне, спагаду і падтрымку з боку прафесара Б. А. Плотнікава пры напісанні дыпломнай работы, рэцэнзентам якой ён быў.

Браніслаў Аляксандравіч застаецца арыенцірам, з якім імкнуся параўноўваць свае сціплыя навуковыя пошукі.

* Надрукаваны раней матэрыял даслаў у рэдакцыю кандыдат філалагічных навук, дацэнт Георгій Канстанцінавіч Чахоўскі