Да 85-годдзя філалагічнага факультэта БДУ
Віктар Пятровіч Красней паводле ўспамінаў яго калег і вучняў
            І. С. Роўда: Калі яго ўспамінаеш, то перад вачамі паўстае вобраз лагоднага, спакойнага чалавека з цёплай, прыемнай усмешкай. Ва ўсіх справах В. П. Красней быў педантычным чалавекам у самым лепшым сэнсе гэтага слова, што дазваляла яму ўсе справы, за якія ён браўся, рабіць дакладна, скрупулёзна і своечасова.
Віктар Пятровіч быў кандыдатам філалагічных навук, хоць працаваў на пасадзе прафесара і меў званне прафесара, бо і па сваёй педагагічнай, і па навуковай, і па арганізатарскай дзейнасці адпавядаў і гэтай пасадзе, і гэтаму званню.
Ён быў адным з асноўных спецыялістаў у галіне беларускай і, у цэлым, славянскай тэрміналогіі, таму пад яго кіраўніцтвам было напісана шмат курсавых, дыпломных прац, прысвечаных гэтай праблематыцы. Яго шмат разоў запрашалі апаніраваць дысертацыі, рэцэнзаваць навуковыя працы.
Пісаць падручнікі для школы, для вышэйшых навучальных устаноў – складаная праца. Гэта ведае кожны, хто займаўся такой справай. Вялікі педагагічны вопыт Віктара Пятровіча, разуменне спецыфікі такога роду выданняў дазвалялі яму на працягу многіх гадоў быць аўтарам падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, па якіх вучыліся і вучацца школьнікі і студэнты нашай краіны.
Аўтарытэтнае слова прафесара-педагога В. П. Краснея заўсёды было важкім і ёмістым, калі ён браўся за напісанне рэцэнзій, калі даваў парады, калі звяртаў увагу на магчымасць палепшыць той ці іншы вучэбны матэрыял.
Да апошніх дзён жыцця, працягваючы займацца вучэбна-метадычнай дзейнасцю, апаніруючы дысертацыі, перадаючы вопыт наступным пакаленням студэнтаў, выкладчыкаў.
Такія людзі не выкрэсліваюцца з нашай памяці, а застаюцца ўзорам таго, якім павінен быць выкладчык, вучоны і, самае галоўнае, – Чалавек.
            М. Р. Прыгодзіч: Больш як трыццаць гадоў мы працавалі на адной кафедры, жылі агульнымі метадычнымі і навуковымі клопатамі, камсамольскімі і кампартыйнымі справамі, рыхтавалі з аспірантаў будучых кандыдатаў навук, укладалі слоўнікі і вучэбныя дапаможнікі, адшуквалі сярод перша- і другакурснікаў тых, хто ў хуткім часе мог прыйсці ў кафедральныя спецсемінары, даследаваць новыя глыбіні роднага слова.
Для мяне асабіста ён быў узорам сапраўднага патрыёта-беларуса, шчырага і бескарыслівага дарадцы-навукоўца, удумлівага і разважлівага метадыста, які інтарэсы іншага ставіў вышэй за свае, імкнуўся падтрымаць, адшукаць адзіна правільнае выйсце ў складаных сітуацыях.
За гады сумеснай працы на філалагічным факультэце, здавалася, што ўжо амаль усё пра яго ведаеш. Але, не.
Кожная новая сустрэча з прафесарам прыадкрывала ў яго асобе нешта раней незаўважанае, што да пэўнага часу не выяўлялася: бацькоўскія і дзедаўскія клопаты, жыццёвае асэнсаванне складаных і супярэчлівых праблем функцыянавання беларускай мовы як мовы дзяржаўнай і нацыяўтваральнай, непрыхаванае хваляванне за лёс беларускага маўлення ў дзіцячым садку і сярэдняй школе.
З ім прыемна было абмеркаваць выдавецкія і чыста навуковыя праблемы, спартыўныя і каляспартыўныя навіны, хоць і выпадалі такія хвіліны ў апошнія гады не так часта, як хацелася б…
Магчыма, не кожны ведае пра незвычайную методыку напісання вучоным сваіх прац. У Віктара Пятровіча фактычна няма чарнавікоў – кожны тэкст у яго атрымліваецца як чыставік, бо ён даўно адшліфаваўся ў думках, колькі разоў вусна сфармуляваўся і зафіксаваўся ў памяці.
У многіх працах лінгвіста лёгка заўважаецца рамантычна-ўзнёслы стыль аповяду, публіцыстычнае напаўненне думкі выразным словам, ёмкімі фразеалагізмамі, дарэчнымі прыказкамі і прымаўкамі, цытатамі з разнастайных вершаў, сотні якіх ён ведаў на памяць.
Рэдка хто з сённяшніх навукоўцаў можа пахваліцца штогод выдадзенымі кнігамі. У Віктара Пятровіча ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. кожны год выходзіла ад адной да чатырох і больш кніг. Школьныя падручнікі, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, навукова-папулярныя выданні…– больш як паўсотні кніг юбіляра ўвайшлі ў залаты фонд метадычнай думкі краіны. Многія з іх і сёння запатрабаваныя ў вышэйшай і сярэдняй агульнаадукацыйнай школе.
Рыхтуючы прадмову да зборніка выбраных прац В. Краснея «Беларуская тэрміналогія» (2011), мне давялося папрасіць у юбіляра напісаць зварот да студэнтаў, увогуле – патрыятычна настроенай моладзі, маладых выкладчыкаў. Заключныя радкі гэтага звароту сёння ўспрымаюцца як своеасаблівы наказ слыннага навукоўца і грамадзяніна роднай Беларусі:
«Кожны народ праз сваю родную мову стварае “сваю” мадэль свету. Таму мы, беларусы, каб не страціць генетычнай памяці і ўсвядоміць сваё этнічнае“Я” ў агульнасусветнай супольнасці людзей, павінны шанаваць і гаварыць сваёй мовай, каб яна жыла і спявала ў вуснах цяперашняга і будучых пакаленняў. Яшчэ не ўсё страчана».
Такім ён быў, такім ён і застаецца ў нашай памяці: шчырым і даверлівым, памяркоўным і заклапочаным, бескампрамісным у адстойванні інтарэсаў роднай мовы, строгім і акадэмічным у навуковых працах, рамантычна-публіцыстычным у бачанні шляхоў далейшага лёсу беларускага слова.
            В. П. Рагойша: З Віцем Краснеем (Чырванеем – як за вочы і нават у вочы многія называлі яго) я пазнаёміўся ў далёкім ужо верасні 1958 года. Тады мы адначасова паступілі на беларускае, дакладней – беларуска-рускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ імя У. І. Леніна ў ліку пяцідзесяці шчасліўчыкаў.
Факультэцкае начальства адразу ўлічыла сяржанцкую вывучку і «камандзірскі» вопыт Віктара – прызначыла старастам нашага аддзялення. Функцыю гэту ён цярпліва выконваў на працягу ўсіх пяці гадоў.
Трэба прызнаць, старастам ён быў адменным: гультаям, прагульшчыкам заняткаў спуску не даваў, сам паказваў прыклад у вучобе, у фізічнай працы (а тады мы кожны год ездзілі «на бульбу», удзельнічалі ў будаўніцтве галоўнага корпуса ўніверсітэта, працавалі ў час бясконцых «суботнікаў» на іншых мінскіх навабудоўлях), у выкананні патрульных абавязкаў «народных дружыннікаў» і інш.
Наш дэкан шаноўны прафесар Міхась Рыгоравіч Ларчанка не раз ставіў Віктара ў прыклад старастам курса суседніх аддзяленняў – рускага і журналістыкі, адзначаў падзякамі і рознымі граматамі.
Так распарадзіўся лёс, што з Віктарам Пятровічам Краснеем мы пасля плячо ў плячо нямала гадоў прапрацавалі выкладчыкамі на філалагічным факультэце нашага ўніверсітэта. Мы заўсёды знаходзіліся ў дружных стасунках, рабілі, як мы кажам, адну справу – па магчымасці ўздымалі на новы ўзровень беларускую філалагічную навуку, выхоўвалі і не толькі высокакваліфікаваных спецыялістаў, але і свядомых грамадзян, патрыётаў.
            А. М. Лапкоўская: Неяк у адной з апошніх нашых размоў з Віктарам Пятровічам я сказала, што ён цудоўна выглядае. У адказ пачула: «Хачу, каб людзі запомнілі мяне з усмешкай».
Кожная сустрэча з ім праходзіла цёпла і душэўна. Спачатку ён пытаўся пра здароўе бацькоў, прасіў перадаваць ім прывітанне, затым абавязкова пытаўся пра мужа і сына, хацеў ведаць пра іх дасягненні. А яшчэ па-бацькоўску цёпла даваў парады, як ладзіць не толькі навуковае, але і сямейнае жыццё, і напрыканцы абавязкова падмацоўваў свае довады вясёлым анекдотам.
Яшчэ хочацца ўспомніць пра акуратны і прыгожы почырк Віктара Пятровіча. Я да сённяшняга дня захоўваю ўсе чарнавікі нашай работы, бо там ёсць праўкі, напісаныя яго рукой.
Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі, калі любімая кафедра гісторыі беларускай мовы віншавала нас з гэтай падзеяй, падышоў Браніслаў Аляксандравіч Плотнікаў і з сур’ёзным выразам твару (але не без усмешкі ў вачах!) запытаўся: «Ну, Віктар Пятровіч, расказвайце, як вы дажыліся да сённяшняга дня?». На такое пытанне Віктар Пятровіч з усёй уласцівай яму сціпласцю адказаў: «А што я? Я нічога такога не зрабіў. Яна пісала і дасылала, а я чытаў і адпраўляў».
Сёння мы гаворым, што Віктар Пятровіч – гэта навуковец з душой паэта. Так! Але мне здаецца, што гэта яшчэ і выдатны музыка, і таленавіты дырыжор. Бо як музычнаму інструменту для таго, каб ён загучаў, каб раскрылася сапраўдная сутнасць твора, неабходны віртуозны выканаўца, так і для маладога даследчыка важна трапіць у чуллівыя рукі майстра.
Я ўдзячна лёсу за тое, што Віктар Пятровіч ёсць і будзе ў маім жыцці! Памяць пра любімага выкладчыка выразана ў маім сэрцы назаўсёды.
            Ю. М. Лук’янюк: Памятаю першую лекцыю Віктара Пятровіча Краснея – майго выкладчыка, Настаўніка не толькі ў навуцы, але і па жыцці…
Прасторная аўдыторыя філалагічнага факультэта. Лекцыя па дысцыпліне «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы». Віктар Пятровіч у беласнежнай накрухмаленай сарочцы, строгім касцюме, са сваёй такой запамінальнай сціплай усмешкай, якую, аднойчы ўбачыўшы, не забудзеш ніколі.
Прафесар гаварыў дастаткова моцна, вельмі выразна і акадэмічна. Здавалася, ён не выкарыстоўвае асаблівых аратарскіх прыёмаў. Аднак сама структура лекцыі, яе дыдактычная дасканаласць, глыбіня аналізу прыкладаў – усё гэта забяспечыла ўвагу ўсёй аўдыторыі. Мяне ўразіла логіка меркаванняў, тое, што складаны матэрыял падаваўся проста, зразумела, прадумана і даступна.
Жаданне назапасіць матэрыял і прааналізаваць тэрміналогію беларускай мовы прывяло мяне на семінар да Віктара Пятровіча Краснея. Мае даследаванні сталі дыпломнай працай, абароненай пад яго кіраўніцтвам. Як жа я радавалася, калі стала аспіранткай бясконца паважанага мной прафесара, аднаго з найбольш аўтарытэтных тэрмінолагаў краіны!
Віктар Пятровіч быў яшчэ і выключным псіхолагам. Інтуітыўна ўбачыўшы маю любоў да філасофіі, ён адразу прапанаваў папрацаваць менавіта з філасофскай тэрміналогіяй, якая на той час не з’яўлялася яшчэ аб’ектам спецыяльнага даследавання. Сёння, аглядаючыся назад, магу з упэўненасцю сказаць: усё сапраўды было не зусім лёгка і бесклапотна, як і папярэджваў Віктар Пятровіч. Толькі дзякуючы тактоўнасці, вытрымцы, вялікаму навуковаму патэнцыялу, каласальнаму вопыту майго шаноўнага кіраўніка у мяне ўсё атрымалася.
Віктар Пятровіч быў Настаўнікам, улюбёным у беларускую мову і сваю прафесію, поўнасцю пазбаўлены дагматызму. Бясконца добры, таленавіты, светлы чалавек, з такой запамінальнай сціплай усмешкай…
* Надрукаваны раней матэрыял даслаў у рэдакцыю кандыдат філалагічных навук, дацэнт
Георгій Канстанцінавіч Чахоўскі