Да 85-годдзя філалагічнага факультэта БДУ

М. Р. Прыгодзіч

Ірына Міхайлаўна Шчарбакова

Вялікую ролю ў лесе I. М. Шчарбаковай адыграла Марыя Андрэеўна Жыдовіч – першая ў Беларусі жанчына, якая атрымала вучонае званне доктара філалагічных навук.

Ужо на трэцім курсе Ірына Шчарбакова з сяброўкамі Эвелінай Блінавай, Інай Каралёвай і інш. стала выязджаць у дыялекталагічныя экспедыцыі. Знаёмства з жывымі народнымі гаворкамі, адкрытая задушэўнасць і хараство вясковых бабуль і дзядуль назаўсёды пасялілі ў душы гарадской дзяўчыны любоў да роднага слова.

Ваганняў не было – выпускніца ўніверсітэта стала аспіранткай, а ў 1957 г. прыйшла працаваць на тагачасную кафедру беларускай мовы.


Прафесар М. А. Жыдовіч (злева), I. А. Каралёва (у цэнтры) i I. М. Шчарбакова (справа) падчас працы над картатэкай і слоўнікам мінска-маладзечанскіх гаворак. 1960 г.

Вынікам даследчыцкай працы Ірыны Міхайлаўны стала кандыдацкая дысертацыя «Формы назоўнага і вінавальнага склонаў назоўнікаў мужчынскага роду множнага ліку асноў на *-o/-jo ў беларускай мове», якую яна паспяхова абараніла ў 1961 г.

Як спецыяліст па гісторыі мовы кандыдат філалагічных навук I. М. Шчарбакова спачатку чытала курс гістарычнай граматыкі, пазней выкладала сучасную беларускую літаратурную мову і паступова назапашвала матэрыялы для ўласных навукова-метадычных распрацовак.

У 1967 г. выйшаў з друку яе «Зборнік практыкаванняў па сучаснай беларускай мове: Лексікалогія, фанетыка, арфаэпія, графіка і арфаграфія».

У складзе аўтарскага калектыву пад кіраўніцтвам прафесара М. А. Жыдовіч яна ўдзельнічала ў падрьгхтоўцы трох выпускаў «Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (1970, 1974, 1977), штолета выязджала са студэнтамі ў дыялекталагічныя экспедыцыі па Мінскай вобласці.

Багаты фактычны матэрыял гэтых і іншых экспедыцый стаў асновай грунтоўнага «Слоўніка гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі», першы том якога пад рэдакцыяй Е. С. Мяцельскай выйшаў у 1990 г.

Выкладаючы на працягу 1981–1982 гг. у Сафійскім універсітэце беларускую мову, Ірына Міхайлаўна ў суаўтарстве з прафесарамі В. П. Краснеем і У. М. Лазоўскім падрыхтавала вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў універсітэтаў «Сучасная беларуская мова: лексікалогія, фразеалогія» (1984).

Падчас працы ў Балгарыі з’явілася ў яе думка паспрабаваць свае сілы ў перакладной фразеалогіі. Неяк незаўважна стварыліся чыста жаночыя творчыя калектывы з лаціністаў, беларусістаў і русістаў. Ірына Міхайлаўна жартам успамінала, што многія перакладчыцкія пытанні вырашаліся нават у час рэпетыцый выкладчыцкага музычнага квартэта філалагічнага факультэта, нязменным удзельнікам якога шмат гадоў яна была.

Напружаная праца ў гэтым напрамку прынесла плённыя вынікі, і ў 1993 г. выйшаў фактычна першы ў гісторыі сучаснай беларускай лексікаграфіі шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў «Proverbia et dicta» (у суаўтарстве з Н. А. Ганчаровай, Л. Г. Калядка і інш.)

Кніга была прыхільна прынята аматарамі слова, з’явіліся станоўчыя рэцэнзіі ў айчынным і замежным друку. А праз два гады сумесна з прафесарам Нінэль Афінагенаўнай Ганчаровай I. М. Шчарбакова выдала вялікі трохмоўны (лацінска-беларуска-рускі) зборнік лацінскіх крылатых выслоўяў, прыказак і прымавак пад агульнай назвай «Из античной мудрости».

Творчая спадчына Ірыны Міхайлаўны Шчарбаковай налічвае каля 50 навуковых прац.

Сотні выпускнікоў філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўдзячныя Ірыне Міхайлаўне за ўводзіны ў чароўны свет роднага слова, за перададзеную любоў і пашану да кнігі, шчырай і звонкай беларускай песні.

* Надрукаваны раней матэрыял даслаў у рэдакцыю кандыдат філалагічных навук, дацэнт
Георгій Канстанцінавіч Чахоўскі