Да 85-годдзя філалагічнага факультэта БДУ
З удзячнасцю за тое, што былі
Заключны радок верша Міхася Башлакова «І выпаў снег...», што адкрывае гэты нумар альманаха, гучыць такім чынам: «І хочацца адно: бясконца жыць». Ён цалкам стасуецца з думкамі і пачуццямі даўніх і нядаўніх выпускнікоў філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
І ўсе яны жадаюць роднаму факультэту, які будзе святкаваць сваё 85-годдзе, адно — бясконца жыць.
На старонках альманаха мы са шчырай удзячнасцю ўзгадваем сваіх выкладчыкаў ужо за адно тое, што яны былі. Былі побач са студэнтамі і калегамі. Чыталі і пісалі. Размаўлялі і ўсміхаліся. Віталіся і, на жаль, ужо пакінулі гэты свет.
Кажуць, што інтэрнэт ведае ўсё. Не, ён памятае толькі тое, што ў яго ўклалі людзі. Там вы не знойдзеце звестак пра шэраг былых выкладчыкаў філфака, хаця дзесьці і ў кагосьці яны ёсць. Не заўсёды вядомы нават даты жыцця, няма фотаздымкаў.
Магчыма, калісьці філфак зробіць тое, што зрабіў біялагічны факультэт, - выдасць кнігу «Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ», усе да аднаго. І наступную: «Выкладчыкі філалагічнага факультэта БДУ». Каб памяталі…
Гэты раздзел складаўся без аніякай сістэмы і поглядаў на рангі. Як дасылалі, у такім парадку і ўключалі. Лічым, што дадзены прынцып цалкам справядлівы.