Да 85-годдзя філалагічнага факультэта БДУ

Святлана Малюковіч


Барыс Паўлавіч Міцкевіч – чалавек, інтэлектуал, эрудыт

Барыс Паўлавiч адыграў значную ролю ў маiм жыццi. Я была яго  студэнткай, дыпломнiцай, выкладчыкам кафедры, якой ён кiраваў. I светлы вобраз гэтага чалавека назаўсёды застаўся ў маёй памяцi.

Калi перада мной, студэнткай-трэцякурснiцай, паўстала пытанне выбару спецсемiнара, я не вагалася нi хвiлiны: гэта семiнар, у якiм даследуюцца праблемы развiцця замежнай лiтаратуры пад кiраўнiцтвам дацэнта Б.П. Мiцкевiча.

Не сакрэт, што для многiх студэнтаў галоўным крытэрам у гэтым выбары з'явiлася менавiта асоба кiраўнiка. Таму спецсемiнар Барыса Паўлавiча аказаўся самым вялiкiм па колькасцi жадаючых: прыйшлося ўгаворваць i нават прымушаць некаторых студэнтаў перайсцi ў iншы семiнар.

Гэта было вельмi нялёгкай справай з прычыны характару i выключнай дабрынi БарысаПаўлавiча, якi не хацеў i не мог нiкога пакрыўдзiць…

Як кiраўнiк спецсемiнара, Барыс Паўлавiч iмкнуўся зацiкавiць кожнага з нас тэмай даследавання, старанна працаваў з намi, i мы невыпадкова дасягалi поспехаў у конкурсах студэнцкiх прац, бралi ўдзел у навуковых канферэнцыях.

Я не памятаю студэнта, якi на экзамене ў дацэнта Б.П. Мiцкевiча атрымаў не то што двойку, а нават тройку (гэта была здавальняючая адзнака па пяцiбальнай сiстэме).

Ён не ставiý дрэнныя адзнакi не толькi таму, што шкадаваў студэнтаў. Большасць з нас старалася добра падрыхтавацца, каб не засмуцiць сваiмi адказамi любiмага педагога. 

А яшчэ мы да iспыту па сваiм жаданнi i на свой выбар завучвалi цi аднаўлялi ў памяцi якi-небудзь верш паэта-класiка дадзенай лiтаратурнай эпохi.

Па-першае, мы ведалi, што Барысу Паўлавiчу падабаецца падобная дэкламацыя (больш за ўсё яму давялося праслухаць з творчасцi Шэкспiра), а па-другое, хiтра спадзявалiся на тое, што ў нашага экзаменатара застанецца менш часу на пытаннi па экзаменацыйным бiлеце.

Кожны, хто быў знаёмы з Барысам Паўлавiчам, бачыў у iм перш за ўсё вельмi iнтэлiгентнага чалавека. Iнтэлектуал i эрудыт, ён у той жа час быў сцiплым, адкрытым для зносiн з усiмi, хто меў у гэтым патрэбу.

Чуткi аб усебаковай эрудыцыi i лектарскiм таленце дацэнта фiлфака Б.П.Мiцкевiча распаўсюджавалiся па ўсiм унiверсiтэце: паслухаць яго лекцыi прыходзiлi выкладчыкi i студэнты з iншых факультэтаў, i не толькi з гуманiтарных.

Пра яго ветлiвасць i сцiпласць складалiся легенды. Барыс Паўлавiч заўсёды ўважлiва выслухоўваў суразмоўцу, будзь гэта калега цi студэнт. I на факультэце жартавалi: нiбыта ён не адыходзiў ад студэнта, пакуль той не развiтваўся з iм сам.

Дзякуючы Барысу Паўлавiчу Мiцкевiчу, яго прафесiйнымi этычным якасцям, на кафедры замежнай лiтаратуры надзейна сфармавалася атмасфера паразумення, даверу адзiн аднаму, добразычлiвасцi.

*Святлана Дзяменцьеўна Малюковіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт