Да 85-годдзя філалагічнага факультэта БДУ
Тамара Нуждзіна фото прісылала тлук
Пра Дзмітрыя Бугаёва – і словам, і памяццю
Чым далей адыходзіць у мінулае студэнцкая пара, філфак 1960 – 1970-х гадоў, БДУ, тым выразней, рэльефней праяўляюцца ў памяці постаці, аблічча кожнага з тых, хто на многія дзесяцігоддзі стаўся філфакаўскай легендай, нават міфам. У той жа час гэта былі арыгінальныя выкладчыкі-літаратары і апантаныя літаратурай навукоўцы – гісторыкі літаратуры, даследчыкі-літаратуразнаўцы, прынцыповыя крытыкі, дасціпныя публіцысты.
Надзвычайным у развіццё айчыннай філалагічнай навукі і фарміраванне адукацыйнай літаратурна-творчай метадалогіі аказаўся ўнёсак кафедры беларускай літаратуры, якой кіраваў улюбёны ў паэзію Міхась Рыгоравіч Ларчанка.
Бліжэй да сярэдзіны 1960-х гадоў кафедру прадстаўлялі ўжо вядомыя ў літаратурна-творчым асяроддзі выкладчыкі-навукоўцы і пісьменнікі: Сцяпан Александровіч, Іван Навуменка, Алег Лойка, Ніл Гілевіч.
У 1964 годзе супрацоўнікам кафедры стаў і акадэмічны навуковец Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў.
Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў як лектар
Пазнаёміцца з гэтым арыгінальным выкладчыкам, абазнаным у многіх гісторыка-сацыяльных праявах эпохі і асаблівасцях іх праламлення майстрамі беларускага мастацкага слова, выпала восенню 1966 года. Якраз тады мы і пачалі слухаць лекцыі выкладчыка па гісторыі беларускай савецкай літаратуры. Лекцыйны матэрыял уражваў сваёй навізной. Школьная праграма па беларускай літаратуры на пачатку шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя не давала метадычных установак на вывучэнне дзейнасці маладнякоўцаў або ролі ў літаратурна-творчым жыцці краіны заснавальнікаў пісьменніцкай арганізацыі “Узвышша”.
Лекцыі былі змястоўныя, інфармацыйна багатыя. Матэрыял падаваўся напорыста, энергічна, эмацыянальна. Праблемна было ўгнацца за імклівым каскадам думак і занатаваць іх на паперы. Ды выкладчык і не патрабаваў гэта рабіць. Яму патрэбен быў студэнт, які вучыўся б слухаць, запамінаць і думаць.
Было шчодрае цытаванне мастацкіх тэкстаў. Пры гэтым згадваліся розныя меркаванні, ацэнкі крытыкаў, лічыў патрэбным выказаць і сваю пазіцыю адносна разумення ідэйнага зместу твора або сутнасці мастацкага вобраза. Вучыў эмацыянальна пражываць лёс персанажаў, логіку іх учынкаў, філасофію мыслення.
Быў упэўнены, каб зразумець душу мастацкага твора, трэба прайсці жыццёвай дарогай яго стваральніка, а за знешнім фасадам сюжэтных падзей убачыць трагічнае аблічча прамінулай эпохі.
Адзін выпадак
Для Бугаёва-выкладчыка (і не толькі, пра што сведчаць яго навуковыя даследаванні і крытычна-публіцыстычныя артыкулы) найбольш важным было падтрымліваць эмацыянальны кантакт са сваёй аўдыторыяй.
Прыгадваецца адзін выпадак з часоў студэнцтва. На лекцыях у мяне было сваё пастаяннае месца – першы рад каля вакна, бліжэй да батарэі. Дзве пярэднія парты былі заўсёды свабодныя. Многія з аднакурснікаў шчыльна ўладкоўваліся на так званай “Камчатцы”. Аднойчы (не помню з якой нагоды) чамусьці атайбавалася дзесьці ў цэнтры аўдыторыі.
Толькі 45 хвілін слухала лекцыю на новым месцы. На перапынку мусіла вярнуцца на пастаяннае месца па настойлівай “рэкамендацыі” аднакурснікаў.
Заўважылі, што выкладчык шукаў вачыма студэнтку, якую прывык бачыць непадалёку ад кафедры: запісвала мала, затое слухала уважліва і многае запамінала.
Па часе, калі сама адпрацавала выкладчыкам літаратуры пяць гадоў у Мазырскім педінстытуце, зразумела, як важна мець на лекцыі ўважлівага слухача, што спрабуе прапусціць праз сябе пачутую ад лектара інфармацыю.
Пра мастацкую і жыццёвую праўду
Дзякуючы тактоўнаму і мэтанакіраванаму адбору лектарам дакументальна-факталагічных рэалій той эпохі, у якую закладваўся творчы патэнцыял беларускай літаратуры ў пару станаўлення сацыялістычнай дзяржаўнасці, адкрываў сваім студэнтам мастацкую праўду, маштаб прыроднага таленту і трагізм быцця такіх літаратараў, як М. Гарэцкі, У. Дубоўка, М. Зарэцкі, П. Галавач, К. Чорны і многіх іншых у часы сталінізму.
Нярэдка востра рэагаваў на павярхоўнасць крытычных заўваг або беспадстаўнае захвальванне твораў, якім бракавала праўды жыцця і майстэрства.
Тады, хутчэй на падсвядомым узроўні, адчувалася штосьці вельмі асабістае ў тым, як вялася на лекцыях размова пра жыццёвы шлях і творчы лёс тых, хто гвалтоўна і беспадстаўна трапіў пад прэс жорсткіх рэпрэсій.
Сам жа выкладчык ніколі не згадваў драматычныя зігзагі ўласнага лёсу.
Слухаючы Дзмітрыя Якаўлевіча, мы не маглі ўявіць увесь цяжар трагічна-суровых абставін, што выпалі на яго долю. А яны ж так істотна паўплывалі на ягоны характар, на трываласць душы і абвостраную рэакцыю на праявы любой несумленнасці, павярхоўнасці, прыхарошвання жыццёвай праўды ў мастацкім творы або на несправядлівыя закіды крытыкаў, літаратуразнаўцаў у адрас таленавітых творцаў, мастацкая праўда якіх разбурала ўнармаваныя стандарты пісьма.
Нават гілевічаўскі Вядзьмак Лысагорскі пры абмеркаванні надзённых творчых праблем “праўленцамі” Саюза пісьменнікаў (пленум праходзіў на Лысай гары) першаму прадстаўляе слова крытыку Дзмітрыю Бугаёву, падкрэсліўшы самыя характэрныя рысы яго натуры: грамадзянскую смеласць і прынцыповасць, палемічную аргументаванасць і халерычны тэмперамент.
Змітрок рыўком прайшоў наперад,
Адкашляў хрыпку на хаду
І з развароту, без паперак,
Абрынуў шквал на грамаду [1, с. 72].
Пазіцыя
Трэба сказаць і пра тое, што вучыць студэнтаў пазбаўляцца ад трафарэтнага афіцыёзу ў разуменні твораў сапраўднай мастацкай значнасці, бачыць і аддаваць належнае праўдзіваму ўвасабленню ў іх супярэчнасцей жыцця і часу выкладчыку дапамагала канцэптуальна выверанае выкарыстанне партыйных дакументаў і ленінскіх характарыстык мастацкага адлюстравання сучаснасці і гістарычнага мінулага.
Разам з тым, зварот да канцэптуальнага вызначэння У. Леніным ролі мастацтва, літаратуры ў духоўна-культурным жыцці краіны сацыялізма засцерагаў выкладчыка і навукоўца Д. Бугаёва ад нападак артадаксальнай крытыкі і ярых апалагетаў афіцыйнай ідэалогіі.
Спасылкай, напрыклад, на ленінскую рэкамендацыю ўкраінскім партыйным чыноўнікам карыстацца нацыянальнай мовай ва ўсіх савецкіх установах выкладчык Бугаёў у 1968 годзе публічна, на вучоным савеце, абараняў крамольную – з пункту гледжання палітычных ідэолагаў – ініцыятыву таленавітых, творчых студэнтаў. Алесь Разанаў і Віктар Ярац арганізавалі збор подпісаў аднакурснікаў пад петыцыяй у ЦК КПБ з прапановай станоўча вырашыць пытанне аб выкладанні ўсіх дысцыплін на беларускім аддзяленні на роднай мове.
Афіцыйныя чыноўнікі імкнуліся надаць справе палітычны характар і выключыць завадатараў з універсітэта. У абарону права студэнтаў набываць прафесійныя веды на роднай мове выступілі многія выкладчыкі і абазнаныя на той час вучоныя філфака БДУ – С. Александровч, М. Ларчанка, А. Лойка, Н. Гілевіч, Ф. Куляшоў. І, вядома, Д. Бугаёў.
Пра тую рэзанансную справу згадваюць напрыканцы ХХ стагоддзя ў сваіх успамінах і Н. Гілевіч, і Д. Бугаёў. Успамінаючы дэбаты на савеце, Ніл Сымонавіч у абрысах пройдзенага шляху «Між роспаччу і надзеяй» асобна вылучыць разумнае, разважлівае слова Д. Бугаёва. Бунтоўных завадатараў не выключылі, але пакаралі высылкай заканчваць адукацыю па месцы жыхарства: Алеся Разанава адправілі ў Брэст, пад апеку У. Калесніка, Віктара Ярца – у Гомель, да М. Грынчыка.
Экзаменатар
Пры ўсёй патрабавальнасці і прынцыповасці Дзмітрый Якаўлевіч на экзаменах не даймаў студэнтаў веданнем тэкстуальных падрабязнасцей, дэталей, няхай і важных для разумення мастацкай ідэі, вобраза.
Нават на экзамене ён вучыў за знешняй абаяльнасцю персанажа бачыць яго сапраўдную сутнасць. Вучыў пазбягаць аднабаковасці ў трактоўцы жыццёвай пазіцыі, светапоглядных асноў літаратурнага героя.
Давялося і мне пазнаёміцца з бугаёўскай «методай» успрымаць адказы студэнтаў на экзаменах зацікаўлена і зычліва, калі на 5-м курсе захоплена характарызавала вобраз доктара Яраша з рамана І. Шамякіна «Сэрца на далоні».
Экзаменатар спакойна, карэктна прымусіў глыбей прачытаць «біяграфію» шамякінскага героя – па-за межамі ягонага прафесіяналізму. Прымусіў задумацца: чаму за столькі гадоў пасля вайны не зрабіў нічога, каб сказаць праўду пра падпольную дзейнасць доктара Савіча, не зрабіў нічога, каб даведацца пра трагічны лёс ягонай дачкі.
Кантэкст
Сённяшні студэнт-філолаг, настаўнік-літаратар або звычайны чытач, якога вабіць да сябе мастацкі свет літаратурнага твора, можа нямала даведацца пра яго стваральніка з багатай сучаснай мастацка-дакументальнай эсэістыкі, дзённікава-эпісталярнай спадчыны творцаў, якая актыўна публікуецца.
У гады нашага студэнцтва падобнай літаратуры было вобмаль. Цікавасць, вядома, уяўлялі кнігі пісьменніцкіх аўтабіяграфій «Пяцьдзясят чатыры дарогі», «Пра час і пра сябе».
Толькі і там бугаёўскай аўтабіяграфіі не было.
Па-ранейшаму не хапала звестак пра канкрэтныя жыццёвыя праявы, што так моцна, назаўсёды, паўплывалі на духоўны стрыжань гэтай творчай асобы.
Адчуванне загадкавасці лёсу выкладчыка, вострага на думку і слова крытыка, вядомага гісторыка літаратуры не знікла і тады, калі стала аспіранткай дацэнта Бугаёва.
Але ні размовы з кіраўніком па праблемах дысертацыйнага даследавання, ні праслуханыя яшчэ раз (з дазволу выкладчыка) лекцыі па гісторыі беларускай савецкай літаратуры ніяк не пашырылі дыяпазон уяўленняў пра жыццёвы шлях вучонага. Праўда, час ад часу Дзмітрый Якаўлевіч цікавіўся мазырскімі выкладчыкамі, іх дзейнасцю.
Кафедра беларускай літаратуры.
Першы рад: Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў, Маргарыта Барысаўна Яфімава, Алег Антонавіч Лойка
Непахісны
Аказваецца, з 1955-га па 1959-ы ён працаваў старшым выкладчыкам кафедры Мазырскага педінстытута і добра ведаў тамашнюю адміністрацыйна-выкладчыцкую сістэму. Пра тое, чаму ўзнікла непаразуменне з кіраўніцтвам педагагічнай установы, не тлумачыў. Аднак паводле асобных рэплік станавілася зразумелым, што прышлы выкладчык – прынцыповы і неслухмяны – абсалютна не прымаў мясцовых сістэмных парадкаў. На пачатку сваёй выкладчыцкай дзейнасці выпала і мне папрацаваць з тымі, хто «паспрыяў» выкладчыку Бугаёву шукаць самога сябе ў чыста навуковай сферы. Месцам працы стала нацыянальная Акадэмія навук.
Адкрыццём сур’ёзных складанасцей лёсу Д. Я. Бугаёва (і чалавека, і навукоўца) стала публікацыя яго ўспамінаў “Жыццём ідучы” (“Полымя”, 1995, № 11 – 12). І гэта не проста асобныя моманты жыцця, што адбіліся ў памяці, а напоўнены глыбокім сэнсам панарамны змест эпохі і асабістага жыцця з 1929-га і па 1995-ы.
Дэталізавана, з канкрэтнымі імёнамі, датамі, фактамі раскручваецца суравы сувой быцця вядомага навукоўца, выкладчыка з часоў ранняга дзяцінства да педагагічна-выкладчыцкай значнасці і навукова-філалагічнай абазнанасці. Кожны эпізод успамінаў прамаўляе да чытачоў жорскай, аголенай праўдай, не паверыць у якую проста немагчыма.
Вось так часопісная публікацыя ўспамінаў спавядальна акрэсліла вытокі характару Д. Бугаёва, асноўныя рысы яго натуры – грамадзянскую адкрытасць, творчую працаздольнасць, прынцыповасць і бескампраміснае адмаўленне няпраўды-паўпраўды ў мастацкім творы або ў навукова-даследчых ацэнках ці досведах.
Вернасць
Ёсць рэзон прыгадаць, як цікава было слухаць першага лютага 2024 года ўспаміны пра Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва ягонай дачкі Людмілы Сіньковай, прафесара, доктара філалагічных навук. Літаратурна-творчы вечар журналіста Галіны Шаблінскай на Першым канале беларускага радыё ішоў пад назвай «Вернасць прызванню» і быў прымеркаваны да 95-годдзя з дня нараджэння навукоўца, педагога, крытыка Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва.
Назва эфірнай размовы, як і аб’ект увагі суразмоўцаў, мае глыбокае сэнсавае напаўненне.
Гэта не толькі акцэнт на вызначэнні даследчыкам самага галоўнага ў літаратурна-мастацкім самасцвярджэнні Івана Паўлавіча Мележа – вернасць Палессю, вернасць праўдзе жыцця, вернасць прыроднаму таленту.
Думаецца, гэта яшчэ і вернасць даследчыка, крытыка Бугаёва назаўсёды абранаму прынцыпу характарыстыкі літаратурных з’яў адпаведна ўзроўню ўвасаблення ў іх праўды часу. Духоўна-маральнай асабовасці творцы і яго адказнасці перад жыццём і талентам.
Лёс. Гапчыны дзеці
З самага дзяцінства малому Міціку (так вяскоўцы называлі хлапчынку) не раз давялося сустрэцца з вялікай няпраўдай, несправядлівасцю.
Першы раз, калі сям’ю Бугаёва Якава Якімавіча напаткала вялікая бяда. Бацька, непісьменны вясковец, калгасны конюх, працавіты, сумленны, цягавіты селянін, быў арыштаваны савецкімі органамі. Абвінавачаны ў шкодніцтве калгаснай справе і 19 красавіка 1933 года асуджаны на пяць гадоў зняволення. Пасля арышту бацькі яго дзеці – пяцёра сыноў і дачушка сталі безбацькавічамі. Вяскоўцы з таго часу называлі іх «Гапчыны дзеці». Разумелі, які цяжар абрынуўся на плечы маці – Бугаёвай Гапкі Антонаўны (у метрыках запісаны вясковы варыянт імя замест афіцыйнага Агаф’я).
Прыгадваючы першы арышт бацькі, Дзмітрый Якаўлевіч адзначыць:
«Карціна выглядала зусім жахлівай. Івану было дзесяць гадоў, брату Мішу <…> – сем, мне – чатыры, Лене – адзін год, а Аляксей увогуле толькі нядаўна перад тым нарадзіўся».
Старэйшага Яфіма (нарадзіўся ў 1914-м) дома ўжо не было. Перад арыштам ці адразу пасля яго падаўся ў горад. У чэрвені 1936 года сям’я перажыла вялікае свята: нечакана вярнуўся бацька. Справу перагледзілі, прыгавор адмянілі.
Праўда, хутка радасны настрой сямігадовага Міціка патух. Пачаліся суровыя бацькоўскія ўрокі жыцця: вучыў акуратна, адказна рабіць даручаную справу. Мройны, летуценны фантазёр, здаралася, забываўся на свае пастухоўскія абавязкі. Часам усёй сям’ёй да поўначы шукалі жывёлу. Тады сырамятная бацькава пуга карала жорстка, без скідкі на ўзрост. Балючыя, горкія ўрокі гартавалі характар, вучылі трымаць жыццёвыя ўдары.
Крыху больш за год прабыў на волі гаспадар. Новы арышт. Сям’я ўжо ніколі не ўбачыць роднага чалавека. І ўсё ж той першы быў адчайна балючым, на мяжы абсалютнай безвыходнасці. Гэта было для маці выпрабаванне на злом душы. «А потым беды сыпаліся адна за другой, як з рога».
Праўдалюб
Панявечаны лёс сям’і, пошук адказу на многія сацыяльна-грамадскія праблемы, запатрабаванні часу прымушалі супрацьстаяць абставінам, абіраць шляхі самасцвярджэння насуперак марам, жаданням.
Не збіраўся быць настаўнікам, а вось жа трапляе ў педвучылішча ў Магілёве. Затым – Магілёўскі педінстытут. І далей працягвае круціць жыццё.
Замест вучобы ў акадэмічнай аспірантуры выпала стаць аспірантам Мінскага педінстытута.
Не атрымалася заняцца чыста навукай пасля аспірантуры: апынуўся на пасадзе выкладчыка кафедры літаратуры Мазырскага педінстытута.
З 1959 года шчасліва пачуваўся як навуковы супрацоўнік беларускай акадэміі навук.
Аднак лёс, абставіны, бунтоўны характар праўдалюбца Д. Бугаёва дыктавалі сваё. Давялося адмовіцца ад работы ў акадэміі, ад перспектыўнай тэмы доктарскай дысертацыі і ўладкавацца на кафедры беларускай літаратуры БДУ.
Магчымасць працаваць на філфаку БДУ мела, лічыў Дзмітрый Якаўлевіч, свае перавагі: на першым плане была лекцыйна-педагагічная работа.
Думалася пра мажлівую аб’ектыўнасць і навуковую прынцыповасць распрацаваных для студэнтаў лекцыйных курсаў, прысвечаных праблемным пытанням развіцця беларускай літаратуры на розных гістарычных этапах.
Кафедра беларускай літаратуры на Мядзельшчыне, 1977
Злева направа
С.Х.Александровіч, У.А.Навумовіч, А.А.Лойка, В.В.Каладзінскі, Т.С.Нуждзіна, Л.А.Карніловіч, Д.Я.Бугаёў.
Л.К.Тарасюк, Н.Б.Рашэтнікава, Л.А.Карніловіч, Л.Царанкоў, А.А.Лойка, М.Б.Яфімава, Д.Я.Бугаёў, Т.С.Нуждзіна, У.А.Навумовіч.
Выкладчык і крытык
З 1964 года ён назаўсёды паяднаў талент выкладчыка з талентам «уедлівага» навукоўца і крытыка, які не мог крывіць душой дзеля любых выгод. Кафедра стала пастаянным месцам ягонай працы – выкладчыцка-педагагічнай, навукова-даследчай і літаратурна-крытычнай.
Уражвае неверагодная працаздольнасць і даследчыцкая грунтоўнасць. Відаць, прыдаліся жыццёвыя і бацькоўскія ўрокі адносін да працы. З 1968-га і па 1979-ы выйшлі з друку наступныя кнігі Дзмітрыя Бугаёва – «Максім Гарэцкі», «Шматграннасць», «Зброяй сатыры, зброяй праўды», «Вернасць прызванню. Творчая індывідуальнасць Івана Мележа», «Талент і праца».
У адказах на пытанні, падрыхтаваныя Вольгай Куртаніч, патлумачыў, што як даследчыка яго цікавіць мастацкі вопыт такіх творчых індывідуальнасцей, дзе ёсць голас уласнага сумлення, покліч уласнага таленту, што і абумоўлівае вышыню іх мастацкай праўды.
Мяркуем, зусім невыпадкова яго даследчыцкую ўвагу прыцягвалі постаці тых пісьменнікаў, чый лёс быў пазначаны той жа пячаткай злавеснай несправядлівасці, як і ўласнага бацькі.
Пра Гарэцкіх
На працягу доўгага часу – з 2-ой паловы 1960-х і да пачатку ХХІ стагоддзя творчую душу Д. Бугаёва не адпускала сямейная трагедыя таленавітага роду Гарэцкіх.
Як вынік усяго прачытанага-перачытанага, думанага-перадуманага стала двойчы выдадзеная манаграфія «Максім Гарэцкі» (1968, 2003).
У кнізе «Жыццём ідучы» змешчаны тры артыкулы пра Гарэцкіх – «Інтэлігент найвышэйшай пробы», «Патэнцыял беларуса і род Гарэцкіх у нашай гісторыі» і «Кніга пра братоў Гарэцкіх» (прадмова да кнігі Р. Гарэцкіага «Браты Гарэцкія»).
Больш разгорнута дзейнасць прафесара-навукоўца Д. Я. Бугаёва паказана ў маім артыкуле «Дзмітрый Бугаёў у шіатгалоссі студэнцкага і навукова-літаратурнага жыцця» (Полымя, 2024, №1).
Ці то стан здароўя, ці прыродны характар прымушалі яго працаваць на мяжы трываласці.
Спяшаўся выказацца так, як мог тое зрабіць толькі ён, Дзмітрый Бугаёў.
Запальчывы, халерычны стан яго натуры, адкрыта выказаная нязгода з меркаваннямі крытыкаў, навукоўцаў прыводзіла да вострых палемічных дэбатаў, як, напрыклад, з Віктарам Каваленкам, і ў нейкай ступені да нацягнутых адносін з апанентамі. Пры гэтым добра сябе разумеў навуковец.
Не мог быць спакойна-ўраўнаважаным. Вользе Куртаніч так тлумачыў сваю рэакцыю, калі гэта датычылася канцэптуальных праблем: «У мяне халерычны тэмперамент, актыўная эмацыянальная рэакцыя на ўсё, што здараецца ў жыцці і літаратуры. Таму абыякава ставіцца ні да чаго не магу».
Жыццём ідучы
Дарэчы, і зараз ёсць чаму павучыцца ў Бугаёва-вучонага, Бугаёва-крытыка, Бугаёва-выкладчыка, Бугаёва-чалавека.
Ён меў мужнасць, адкінуўшы ўласныя амбіцыі, прызнацца ў сваіх грахах-памылках перад літаратурай, творцамі, сябрамі, чытачамі.
Асабліва кранае той факт, што пасля цяжкай хваробы, перажыўшы клінічную смерць, ён знаходзіць сілы, каб зноў выйсці да чытача з новай кнігай «Спавядальнае слова» (2001).
Аўтару яна ўяўлялася апошняй кнігай, яго развітальнай споведдзю.
Апошнім развітальным акордам з літаратурай, творчасцю стала кніга «Жыццём ідучы» (2013).
У падзагалоўку аўтарам акрэслены аграмадны пласт літаратурна-крытычнага жыцця краіны, асвоены вучоным: «З гісторыі беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі». За ўсім бачыцца фенаменальная начытанасць вучонага, яго ўнікальная дасведчанасць у бягучым літаратурным працэсе.
Застаецца сказаць, што ён шчыра служыў філалогіі.
Ён жыў літаратурай. Працаваў самааддана, прынцыпова і незалежна як літаратуразнаўца, гісторык літаратуры і дасведчаны крытык.
*Тамара Сяргееўна Нуждзіна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт
«Вы ў нашым сэрцы: супрацоўнікі кафедры беларускай літаратуры»
Людміла Карпава
Дзмітрый Бугаёў (на першым плане), а за ім Людміла Карпава
Алег Лойка, былы загадчык кафедры і дэкан філалагічнага факультэта
Кузьма Хромчанка (першы злева) і Алег Лойка (першы справа)
На экране Міхась Ларчанка, былы дэкан філалагічнага факультэта
На першым плане Вольга Казлова, былая загадчыца кафедры