Верш нумару
Міхась Башлакоў
«І выпаў снег...»
І выпаў снег, і асвятліў прастор:
Ні чорнае раллі, ні цемры зааконнай…
Снег лёг на кроны срэбнаю каронай,
Ператварыўшы ў казку цёмны бор…
І змрок душы, і змрок асенніх дзён
Сплылі, як дым, за гэты снег іскрысты -
І так навокал першародна-чыста,
Нібыта сніцца нейкі дзіўны сон…
Ах, белы снег!.. Як музыка ў цішы,
Як свята звон над стоенай журбою,
Як чайкі крык над соннаю вадою,
Як песня запаветная ў душы…
Усё вакол на сонцы зіхаціць…
Ад радасці душа твая спявае,
І ты шчасліва далі сузіраеш,
І хочацца адно: бясконца жыць.
Міхась Башлакоў
Творчасць лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхася Башлакова – аднаго з самых значных сучасных паэтаў нашай краіны, добра вядома беларускаму чытачу. Яго паэзія прыкметна вылучаецца сваёй шчырасцю і эмацыянальнасцю, задушэўнай меладычнасцю і пранікнёным лірызмам, адкрытасцю і грамадзянскай пазіцыяй.
Міхась Башлакоў – аўтар такіх знакавых кніг, як «Пяро зязюлі падніму» (2001; прэмія Баяна, Расія), «Нетры» (2004; Сто лепшых кніг свету, Германія), «Палын. Чарнобыль» (2005; элітны залаты медаль, Бельгія), «Віно адзінокіх» (2011), «Далеч вячэрняя» (2017), «На зветраных шляхах» (2020).
Ягоныя вершы ўключаны для вывучэння ў школьныя праграмы па беларускай літаратуры для вучняў старэйшых класаў.