Беларускі вясельны абрад у жыцці і на сцэне

Прыгожы палескі абрад

Беларускае вяселле заўсёды вызначалася цікавай і шматграннай абраднасцю, дакладным рытуалам, выпрацаваным за многія стагоддзі, традыцыі якога захаваліся і сёння. Важным этапам беларускага вясельнага абраду з’яўляецца выпяканне і ўпрыгожванне каравая. Гэты працэс суправаджаецца адмысловымі абрадавымі песнямі.

Ніжэй прыводзім апісанне каравайнай абраднасці ў в. Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, зробленае на падставе ўласных назіранняў былой студэнткай філалагічнага факультэта БДУ Наталляй Рунец у 90-я гады ХХ ст.

У якасці ілюстрацый публікуем фотаздымкі невядомага аўтара, датаваныя 1994 годам. На іх Алена Іванаўна Пракопчык (1904 г.н.) паказвае, як выпякаюць «шышкі» для вясельнага каравая.

Вясельны каравай

Напярэдадні вяселля (раней у суботу, а цяпер у пятніцу) і ў жаніха, і ў нявесты пякуць каравай. Збіраюцца, галоўным чынам, жанчыны, апранутыя ў светлыя кашулі і прыгожыя квяцістыя хусткі.

Прызначаецца першая каравайніца. Звычайна гэта блізкая сваячка маладой. Менавіта ёй даручаецца мясіць каравай, ставіць яго ў печ, сачыць, як ён выпякаецца. Пакуль першая каравайніца ўпраўляецца з караваем, астатнія спяваюць:

Чыя ж гето жінка,
Коровай мысыла,
Шовком, золотом
Рукава нашыла?

Колечкіна жінка
Коровай мысыла,
Шовком, золотом
Рукава нашыла.

***
Ой, і нэхто нэ угадае,
Шо ў нашым короваі:
Цэбэр воды крынычнэі,
Шанок мукі пшэнычнэі.

***
Коровайныцы, ручкі мыйтэ
Да на вышэнькі літэ,
Шоб вышэнькі родылыс,
Нашы молодыя любылыс.

 

Калі цеста ў дзяжы падыходзіць, спяваюць песню, прысвечаную гэтаму моманту:

На Івановой нывы
Жыто ў трубы повылоса,
Жыто ў трубы повылоса,
На коровай удалоса.

А у чыей гэто хаты
Коровай у дыжы грае,
Коровай у дыжы грае,
Віко увэрх пудымае?

У Івановой хаты
Коровай у дыжы грае,
Коровай у дыжы грае,
Віко увэрх пудымае.

 

Саджаюць каравай у печ пад заклінальную песню:

Росты, короваю,
Высшэй того гаю,
Высшэй тэі пэчы,
Шо утрох можна лэгчы.

***
Высоко, коровай, высоко,
Я поставлю на жыто,
Дай, Божэ, ім прожыты.
Да й поставлю на овёс,
Дай жэ, коб вын вышэй рос.
Да й поставлю на сіно,
Дай жэ, Божэ ім счаслыво.

 

Вымаюць таксама пад спевы:

Коровай гічэ, гічэ,
Коровай гічэ, гічэ,
Коровайныцэй клычэ:
– Дэ ж вэ тэ забарылыса,
Дэ ж вэ тэ забарылыса,
Шо до мэнэ нэ явылыса?

Ой, гічэ коровай у пэчы,
Коровайніцэй клычэ:
– Дэ ж вы, моі коровайныцы,
Чы на мэду запылыса,
Чы на мэду запылыса,
Шо про мэнэ забулыса?

***
Дэ ж тыі ковалі,
Шо зэлізны сокіры?
Да нэхай ідут
Піч рубают,
Коровая выймают.

***
Налэтілы куропаты,
Сталы пічку ломаты,
Коровая выйматы.

***
Ой, дэ ж тыі коровайныцы,
Шо нэма?
Нэхай ідуць ды пошукають
Помэла.
Ой, дэ ж тыі коровайныцы,
Шо ў хаты?
Нэхай пыдуць да позычаць
Лопаты.

***
Біла діўчына сіяла муку,
Да й хорошая діўчына мысыла,
А багатая саджала,
А шчаслывая выбырала.

***
Ой, буў жэ я ды ў пэчы,
Опалыў собі плэчы.
Коб жэ нэ сыр ды масло,
То мое тіло б згасло.

 

Гатовы каравай ставяць на стол і ўпрыгожваюць кветкамі каліны, аўсом, барвёнкам, бяссмертнікам. Дзяўчаты асобна ўпрыгожваюць спечаныя з цеста шышкі для каравая. Потым з гэтымі шышкамі падыходзяць да яго, становяцца вакол і ўсе разам у адзін момант утыкаюць шышкі ў каравай. Першая каравайніца звязвае шышкі, каб добра трымаліся, і абкручвае іх стужкай. Упрыгожванне каравая праходзіць пад песні:

Ой, полэ, полэ
Да шырокее полэ,
Ой, там Ганечка
Пшэнычэньку полэ.

Она полэ
Да й пэрэбырае,
Кукіль зіллечко
На мэжу скідае.

Кукіль зіллечко
Пташкам клёваты,
Росты пшэныца,
Коровай гібаты.

***
Пэршая коровайныца нэ в бэсэды сэділа,
Нэ в бэсэды сэділа – по надсаддю ходыла,
По надсаддю ходыла, цвіт-калыну ломыла,
Цвіт-калыну ломыла, коровая ўквытыла.
Ой, квытітэ, квытітэ, квітонькі,
Становітэ по краям сыр і масло,
А ў сэрэдыны – долю-шчасце.

***
Коровай мый раю,
Я коля тэбэ граю,
Коля тэбэ граю,
Тэбэ прыбіраю.
Кругом сыр і масло,
А сэрэд – доля, шчасце.

***
Чэрэз новыі сіны,
Тры ангелы летілы.
Ой, летілы, летілы
Да на покуте сілы,
Да й пыталы, пыталы,
Як коровая згібалы.
Мы й шчэ нэ згібалы,
Бо так спочывалы.
Ой, гібайтэ, гібайтэ
Ды цвыточкі чэпляйтэ,
По краях сунулы масла,
У сэрэдыну долю-шчасце.

 

Галоўны сват ставіць упрыгожаны каравай на вечка (накрыўку) дзяжы і нясе ў камору. Жанчыны суправаджаюць яго, тры разы паварочваюць разам з караваем «па сонцу» і спяваюць:

Ой, наш коровай высшый,
Наш жэнішок ліпшый –
Вын орэ і косыть
І господа просыть.
Высокі стожкі на гумні,
Бо наш коровай на столі.