Беларускі вясельны абрад у жыцці і на сцэне
Ад абраду - да сцэны

Праект «Вяселле. Да шлюбу»


Наталля Вячаславаўна Петухова,
загадчык кафедры рэжысуры БДУКМ,
кандыдат педагагiчных навук

25 студзеня 2023 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адбылася цікавая імпрэза – тэатралізаваны паказ фальклорнага прадстаўлення «Вяселле. Да шлюбу». Яго ладзілі студэнты кафедры рэжысуры (калектыў «ФолькАрт», мастацкі кіраўнік старшы выкладчык Д. П. Сергейчук), харэаграфіі (мастацкі кіраўнік харэаграфічнага ансамбля кандыдат мастацтвазнаўства I. В. Канавальчык), народна-песеннай творчасці і фальклору (ансамбль «Беларуская песня», мастацкі кіраўнік – кандыдат педагагічных навук, дацэнт І. М. Грамовіч). Як бачна, дадзенае прадстаўленне сінтэзавала працу рэжысёра, харэографа, хормайстара, арганізатара. Што ў ім было? Народная музыка ў натуральным гучанні і ў апрацоўцы, беларускія вясельныя, танцавальныя і лірычныя песні, да якіх дадаваліся таксама харэаграфічныя сцэнкі.

Трэба сказаць, сапраўдным героем сцэны выступiла мастацкае слова. У спалучэннi з рухамi i мiмiкай распавядалася пра маляўнічыя падзеі, што непасрэдна адбывалiся перад неабыякавымі гледачамі. А ўсё разам стварала своеасаблівы камунiкацыйны малюнак памiж удзельнiкамi імпрэзы.

Асаблівасці рэжысуры фальклорных прадстаўленняў

Мусім падкрэсліць, што сцэна стварае дыстанцыю паміж выканаўцамі і слухачамі, адсюль характэрнае для яе пераасэнсаванне абрадава-святочнай культуры.

Якая задача паўстала перад рэжысёрам? Ладзячы фальклорнае прадстаўленне, ён абавязаны раскрыць прыродную сутнасць традыцыі, але ўжо на новым эстэтычным узроўні. А гэта вельмі цяжка. Яго знаходкі, прыёмы i сродкі мастацкай выразнасці, якія выкарыстоўваюцца ў вiдовiшчы, павінны ўлічваць успрыняцце вяселля сучасным гледачом. I тут недастаткова простага капіравання фальклорных форм.

Натуральнае асяроддзе народных традыцый і сама атмасфера сцэны – зусім розныя ўмовы. Фальклорны матэрыял, узноўлены на сцэне з этнаграфічнай дакладнасцю, не заўсёды ўспрымаецца гледачамі як мастацкая дасканаласць. Больш таго, часта ў ім губляецца непасрэднасць фальклорнай камунiкацыi.

Для рэжысёра важна было зразумець, што выкарыстанне фальклору ў сцэнічным прадстаўленнi мае сваю эстэтыку, адрозную ад аўтэнтычнай. Як гэта ні дзіўна, рэжысёр не капіруе вясельны абрад: ён распавядае пра яго сцэнічнымі сродкамі. Інакш нельга.

Змястоўна-відовішчны баланс

Сцэнарый беларускага вяселля ўключае вобраз пэўных, замацаваных традыцыяй абрадавых дзеянняў і адметных мастацкіх матэрыялаў (песні, танцы, выказванні).

Мы разумеем, што сучаснае жыццё адрозніваецца ад таго, у якім узнікалі і існавалі старадаўнія традыцыi. Для рэжысёра сцэнарый – гэта не проста паслядоўнасць святочных і абрадавых дзеянняў, але драматургічна распрацаваны план, у якім абрадавае дзеянне пераўтвараецца ў тэатралізаванае. Захаваць змястоўна-відовішчны баланс імкнецца кожны рэжысёр сцэнічнага свята.

Тэатралізаванае ўвасабленне фальклорнага прадстаўлення «Вяселле. Да шлюбу» патрабавала складання такога сцэнарыю, які аб’яднаў усе творы агульным сюжэтам. У ім строгая лагічнасць тэмы спалучаецца з нарастаннем дзеяння, закончанасцю кожнага асобнага эпізоду i раскрыццём зместу гульнёвых, карагодных, танцавальных і іншых народных песень. Пры дапамозе разнастайных драматычных прыёмаў і сродкаў даволі шырока паказваюцца малюнкі народнага жыцця і фрагменты вясельнай абраднасцi – «Сватанне», «Заручыны», «Зборная субота» i iнш.

Што асабліва цікава, глядач убачыў падрыхтоўку адпаведных атрыбутаў народнага мастацтва і побыту (інструментаў, касцюмаў, прадметаў быту i дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва). Ён здолеў ацаніць узровень майстэрства ўдзельнікаў студэнцкіх калектываў, ступень замацаванасці выпрацаваных навыкаў і ўменняў, здольнасць артыстаў выконваць неабходныя рухі, выстройваць мiзасцэны на працягу ўсяго выступлення.

Што ў выніку

Маляўнічае відовішча ўразіла гледачоў нацыянальным каларытам, мастацкай вобразнасцю фрагментаў і эпізодаў. Масавыя сцэны выразна і лаканічна ўтрымлівалі ў сабе адступленні, паўзы, вяртанні падзей, пераключэнні слоўнага матэрыялу на пластычны, ад пластычнага да музычнага, ад музыкі – да мастацкага слова і г. д.

Агульны настрой мерапрыемства натхняў i захапляў, поўнiў энергіяй, энтузіязмам, эмацыянальным запалам.

Тое, што зрабілі студэнты, нібыта падаравала ўсім іскрынку светлай любові да роднага краю і беларускага вясельнага фальклору.