Из семейного архива


Кацярына Крыцук-Тарасава


Выпускніца факультэта журналістыкі БДУ, зараз навучаюся ў магістратуры філалагічнага факультэта па спецыяльнасці «Літаратуразнаўства». Захапляюся беларускай літаратурай, цікаўлюся тэорыяй літаратуры, асабліва тэорыяй верша. Спрабую сябе ў паэзіі.

ЗНАХОДКА ЗА АБРАЗОМ

Па нашай кватэры можна праводзіць экскурсіі – амаль на кожнай палічцы ляжыць нешта, з чым звязана цэлая гісторыя. Незлічоная колькасць спісаных нататнікаў, развешаныя па сценах вінілавыя кружэлкі, в’етнамскія і савецкія паштоўкі, «карціна для шпалер у кветачку», зборнік украінскай паэзіі 20-х гадоў, набыты на кірмашы ў Санкт-Пецярбургу і многа іншага. Але мне ўспомніўся адзін даўні выпадак.

Калі мы купілі сабе дом за горадам у Капылькім раёне, гаспадары цалкам пакінулі нам чырвоны кут, які мы некалькі гадоў зусім не чапалі. Пасля рамонту абразы і ручнік доўгі час перакладаліся з месца на месца, пакуль у адзін момант маці не вырашыла распаліць у печы. Здавалася, усё як заўсёды – дровы, запалкі, папера. Складаеш домікам і між паленнямі кладзеш скамечаную паперку (заўсёды з працы бацькі прыносілі шмат макулатуры і таму ніколі не задумваліся аб тым, што менавіта яны кладуць у печ). Тое самае чакала і газету, на якой маці выпадкова ўбачыла дату – 9 мая 1945 года, а калі разгарнула – велізарны партрэт Сталіна. Гэта была газета, якая абвяшчала перамогу.

Але адкуль яна з’явілася ў доме, дзе толькі што скончыўся рамонт? Як высветлілася, газета знаходзілася ў чырвоным куце і ўвесь гэты час была прымацавана да абраза. Там жа быў цэлы набор пасведчанняў аб хрышчэнні чатырох дзяцей. Мне падалося цікавым, што ў краіне, дзе рэлігія лічылася «опіумам» для народа, партрэт Сталіна захоўваўся за абразом разам з дакументамі хрышчаных яшчэ ў царскай Расіі дзяцей.

Пасля гэтага выпадку абразы занялі сваё пачэснае месца ў зале і абараняюць наш дом па сённяшні дзень. А газету мы захоўваем як сямейную рэліквію.