Асобы Беларусі: Тадэуш Стружэцкі

Curricŭlum vitae Тадэуша Стружэцкага

Вячаслаў Калацэй
дацэнт, кандыдат культуралогіі, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі

Кантэкст

Напрыканцы ХХ стагоддзя Беларусь у чарговы раз аднавіла сваю дзяржаўнасць і суверэнітэт. Безумоўна, у дадзеным выпадку мы мелі справу з агульнымі тэндэнцыямі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пасля чакаемага ва ўсім свеце заканчэння халоднай вайны (1947–1991), аднак сам працэс станаўлення нашай суверэннай краіны пасля 1991 года шмат у чым забяспечыла абсалютна дакладная кагорта прафесіяналаў-дзеячаў розных сфер дзяржаўнага будаўніцтва. Тагачаснае пакаленне саракагадовых адміністратараў, творцаў, прадпрымальнікаў, інтэлектуалаў і даследчыкаў, якія пасля складанага канкурэнтнага «натуральнага» адбору (які, на жаль, напачатку ХХІ стагоддзя амаль цалкам змяніўся на «антынатуральны») мусіла шмат у чым закласці асновы будучыні нашай краіны. Паколькі пазіцыі суб’ектнасці і аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне першыя два дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя няспешна, але ўпэўнена ўмацоўваліся, падаецца, што станоўчыя фрагменты ў гісторыі нашай краіны пачатку міленіуму шмат у чым былі абумоўлены паходжаннем, выхаваннем, адукацыяй і жыццёвым досведам людзей, якія бралі ўдзел у дзяржаўным будаўніцтве Рэспублікі Беларусь пачынаючы з 1990-х гадоў.

Хто ён?

Дзевятага студзеня 2022 года Тадэушу Іванавічу Стружэцкаму споўнілася ўсяго 69. Наперадзе юбілей.

Хто ён?

Вядомы адміністратар культуры, грамадскі дзеяч, педагог, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1999), уладальнік ганаровага знака Міністэрства культуры краіны «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2003), пераможца Рэспубліканскага конкурсу «Чалавек Года культуры» ў намінацыі «Народная творчасць» (2017), адзначаны шэрагам іншых узнагарод [3], якімі наша Радзіма ацаніла яго ўнёсак у яе дзяржаўнае будаўніцтва.

Адкуль?

Тадэуш Іванавіч нарадзіўся ў вёсцы Скопішкі (пазней пераназванай у Падлявонавічы) Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці на мяжы Беларускіх Падзвіння і Панямоння – у гісторыка-этнаграфічнай мясцовасці з моцнай і адметнай традыцыйнай культурай, напітанай этнакультурнай спадчынай беларусаў, летувісаў і палякаў. У 1957 годзе яго вялікая сям’я на чале з бацькам Іванам Іосіфавічам і маці Марыяй Восіпаўнай пераехала ў вёску Шкіралі. Пасля Нарачанскай сярэдняй школы Тадэуш Іванавіч акончыў з адзнакай Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага (быў Ленінскім стыпендыятам у 1973–1975 гадах) і аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры (1981).

Ініцыятывы

Праца ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў (1977), Мінскім інстытуце культуры (1977–1981), Рэспубліканскім навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці дазволіла паступенна і дэталёва азнаёміцца са сферай культуры Беларусі, падрыхтавала глебу да плённага кіравання народнай творчасцю краіны, чым і заняўся Тадэуш Іванавіч з 1983 па 2004 гады ў цэнтральным апараце Міністэрства культуры.

Ён быў у ліку ініцыятараў і распрацоўшчыкаў праектаў законаў «Аб народным мастацтве, народных промыслах і рамёствах», «Аб ахове фальклору ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь», Дзяржаўнай праграмы па падтрымцы народных промыслаў і рамёстваў у Рэспубліцы Беларусь (2004–2006), раздзела «Культура» Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла (2005–2010), дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» (2010–2015).

Менавіта намаганні Тадэуша Стружэцкага і яго тагачасных калег па міністэрстве (перадусім Алены Боганевай, Міколы Козенкі, Алега Скарыны) дазволілі к 2003 году распачаць у краіне працу 129 устаноў культуры прынцыпова новага тыпу – дамоў народнай творчасці, дамоў рамёстваў, дамоў фальклору. Іх з’яўленне, дарэчы, дазволіла захаваць дагэтуль – цягам амаль 20 год – трансляцыю шэрага аўтэнтычных абрадаў і свят, адмысловых промыслаў і рамёстваў усіх рэгіёнаў Беларусі.

Для Пастаўшчыны і не толькі

Акрамя агульнанацыянальных праектаў, Т. І. Стружэцкі (відавочна прынцыпова «трымаючыся каранёў») не парываў сувязі з роднай Пастаўшчынай: з 1991 года стаў аўтарам ідэі і арганізатарам міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы i гармонік», шэрагу іншых фестывальных праектаў. Досвед існуючага дагэтуль вядомага ва ўсёй краіне і далёка па-за яе межамі пастаўскага фэсту забяспечыў плённае шматгадовае супрацоўніцтва Тадэуша Іванавіча са спецыялістамі, адраджаючымі знакавы для нацыянальнага мастацтва і ідэнтычнасці нашага народа дударскі рух Беларусі, а таксама вымусіў стаць аўтарам ідэі і складальнікам кнігі «Беларускія народныя музычныя інструменты».

У тагачасных форумах народнага мастацтва Беларусі Тадэуш Іванавіч укараняў актуальны міжнародны досвед фестывальнага руху, з якім быў добра знаёмы, паколькі ў 1990–2004 гадах з’яўляўся кіраўніком-каардынатарам Нацыянальнай секцыі Міжнароднага савета па арганізацыі фальклорных фестываляў і традыцыйных мастацтваў (CIOFF) у краіне. Як адзначае сам Т. І. Стружэцкі, дадзеныя абавязкі дазвалялі «кантактаваць і працаваць з вельмі цікавымі і вядомымі людзьмі, неаднаразова аб’ехаць Беларусь уздоўж і ўпоперак… наведаць больш за 40 краін свету».

У міністэрстве

Праца па прэзентацыі культуры і мастацтва краіны на міжнародным узроўні працягнулася ў Галоўным упраўленні Еўропы Міністэрства замежных спраў, а таксама ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.

Вяртанне ў Міністэрства культуры (2009–2013), дзе Тадэуш Іванавіч займаў пасаду намесніка Міністра (і курыраваў пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў для сферы культуры, музейнай, бібліятэчнай справы, устаноў культуры і народнага мастацтва, работы з нацыянальнымі меншасцямі ў Рэспубліцы Беларусь, беларусаў замежжа, каардынацыі супрацоўніцтва з творчымі саюзамі і грамадскімі аб’яднаннямі), была надзвычай плённай. На гэты раз праца ў міністэрстве акрамя шэрагу праектаў, паспяхова папулярызуючых у грамадстве (якое відавочна прагнула паглыблення ў культуру сваёй Радзімы як адной з еўрапейскіх нацый) замкі Беларусі, слуцкія паясы і іншыя «пярліны» нацыянальнага мастацтва, азнаменавалася паспяховай абаронай этнамастацкай адукацыі краіны (дударскай спецыялізацыі, а таксама кафедры этналогіі і фальклору ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якія недасведчаны і пазбаўлены неабходнай кваліфікацыі для кіравання культурай тагачасны рэктарат дадзенай установы неаднойчы імкнуўся знішчыць).

Таксама пры непасрэдным удзеле Т. І. Стружэцкага была адноўлена дзейнасць нашчадка легендарнага Інбелкульта (1922–1928) і былога Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры (1991–2008) – Інстытута культуры Беларусі (2010–2017).

Паўтаруся, гэтыя прадуманыя і прафесійна ўкаранёныя захады дазвалялі цягам дзесяцігоддзяў захоўваць шматлікія праявы каранёвай культуры беларусаў, ствараць новыя асяродкі яе трансляцыі і развіцця пасярод небяспечнага уціску ды рызыкаў глабалізацыі, а таксама складанага геапалітычнага наваколля нашай Радзімы.

Старшыня Беларускага фонду культуры

Сваё служэнне культуры нашай краіны Т. І. Стружэцкі сёння працягвае як старшыня Беларускага фонду культуры, шырокавядомай грамадскай арганізацыі, заснаванай у 1987 годзе, мэтай якой з’яўляецца падтрымка няспыннага і паступовага развіцця беларускай культуры.

Як заведзена ў «структурах паўсядзённасці» старшыні праўлення фонду, грамадскія абавязкі не адмаўляюць яго сувязі з уласнымі каранямі, пакідаюць час для кантактавання з вёскай дзяцінства, дзе, каб ушанаваць памяць яе колішніх тубыльцаў, Тадэуш Іванавіч марыць устанавіць спецыяльны памятны знак ці каплічку.

Што наперадзе?

Яго сябры ўпэўненыя, што і пасля рэалізацыі дадзенай мары C u r r i c ŭ l u m     v i t a e («шляхі жыцця», як называлі сціслую біяграфію старажытныя рымляне) Тадэуша Іванавіча ў чарговы раз непазбежна пяройдуць у новы рэжым, бо яго досвед і навыкі – для патрэбнага ўсім беларусам дзяржаўнага будаўніцтва нашай краіны – відавочна адмысловыя і невычэрпныя.