Той самы кут… Калядаванне ў в. Хаціслаў


Наталля Петухова

Наталля Петухова працуе ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце культуры i мастацтваў з 2009 года. Займаецца вывучэннем i папулярызацыяй народных традыцый, у прыватнасцi беларускай этнафонii. Кіруе гуртам «Агнявец». Разам са студэнтамi ўдзельнічала ў шматлiкiх фестывалях, сярод якiх «Камянiца» (БДМНАiП, пас. Азярцо Мiнскага раёна), «Берагiня» (г. п. Акцябрскi), «Как на речке было на Фонтанке» (г. Санкт-Пецярбург) i iнш.

З вопыту практычнай рэканструкцыі калядавання


Юлія Краўчук

Адраджэнне i захаванне народных традыцый – адна з галоўных задач кафедры этналогii i фальклору Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў. Мы рыхтуем будучых супрацоўнікаў устаноў культуры па спецыяльнасці «Народная творчасць» з напрамкам «Фальклор» і разам са студэнтамі займаемся мастацкай рэканструкцыяй каляндарна-абрадавых свят сродкамi беларускай этнафонii. Мая калега Таццяна Пладунова упэўнена, што менавiта такi шлях адкрывае перспектывы для ўвядзення фальклору ў кантэкст сучаснай культуры ў якасці эстэтычна пераасэнсаванай традыцыі і папулярызацыi найважнейшай формы творчасці – народнай песні. І я з ёю цалкам згодна.

Студэнты кафедры любяць народныя песнi, збiраюць iх падчас фальклорных экспедыцый, расшыфроўваюць аўдыёзапісы, займаюцца навуковай работай. Менавiта такiм чынам працавалі ўдзельнікі гурта «Агнявец» па рэканструкцыі каляднага абыходу в. Хаціслаў Маларыцкага раёна. Нашым галоўным інфармантам стала удзельнiца калектыву Юлія Краўчук. Ураджэнка вёскі Хаціслаў, яна правяла экспедыцыйную работу, сабрала напевы, выказваннi ўдзельнікаў калядавання, музычныя найгрышы.

Моўныя цяжкасці

Юліны матэрыялы далі нам магчымасць стварыць сцэнарый каляднага абыходу, максімальна набліжаны да хаціслаўскага. А потым пачалася актыўная работа па вывучэннi вакальнай і iнструментальнай этнафонii. Гэта было нялёгка. У першую чаргу былі цяжкасці пры ўспрыманні і засваенні мясцовага маларыцкага дыялекту. Моваведы вылучаюць у беларускай мове два дыялекты - паўночна-усходні і паўднёва-заходні з пераходнай групай сярэднебеларускіх гаворак. Дадаткова існуе тэрытарыяльна адасобленая група брэсцка-пінскіх, або заходнепалескіх, гаворак, да якой дапасуецца маларыцкая. Яна падобная да паўночных украінскіх гаворак, што абумоўлена геаграфічным становішчам Маларыцкага раёна. Дзякуючы таму, што ў нашай групе быў носьбіт гаворкі в. Хаціслаў Юлія Краўчук, усе ўдзельнікі рэканструкцыі абраду больш-менш удала авалодалі вымаўленнем, неабходным для натуральнага гучання хаціслаўскага песеннага фальклору і празаічных рэплік.

Падчас работы над абрадам мы сутыкнуліся з некаторымі этнафанічнымі асаблівасцямі, якія было цяжка засвоіць па аб’ектыўных прычынах. Хаціслаўскае шматгалоссе патрабуе вялiкай колькасцi выканаўцаў, якiя не толькi ўпэўнена выконваюць кожную харавую партыю, але i здольны да iмправiзацыі. Ва ўсiх беларускiх абрадах прысутнiчаюць музычныя, мiмiчныя, драматургiчныя знакi iмправiзацыі, вар’iравання танцавальных рухаў, музычных i паэтычных тэкстаў. З. Я. Мажэйка нездарма падкрэслівала, наколькі важна пры вывучэнні песень захоўваць традыцыйна закладзеныя ў іх інтанацыі. Паколькi iмправiзацыйнае выкананне арыентавана на традыцыйны ўзор, студэнты часам могуць ствараць на яго падставе ўласныя напевы.

Метады

Этнафонію каляднага абыходу мы засвойвалi пры дапамозе метадаў уключанага назірання i вуснага пераймання. Іх ролю падкрэслiвала мая калега Наталля Матылiцкая. Яна слушна пазначыла, што выкарыстанне дадзеных метадаў кардынальна вылучае спецыялiзацыю этнафоназнаўства ад падобных ёй у iншых навучальных установах. Сутнасць метадаў палягае у перайманні аўтэнтычных узораў з аўдыё- i вiдэазапiсаў, радзей – непасрэдна ад носьбiтаў фальклору. Само сабой зразумела, што на занятках мы выкарыстоўвалi, у першую чаргу, аўдыё- i вiдэазапiсы народных песень, а вось генеральная рэпетыцыя каляднага абыходу як раз здзяйснялася разам з мясцовымі носьбiтамi каляднай традыцыі.

У Хаціславе

14 студзеня 2020 года студэнты фальклорнага гурта «Агнявец» і найбольш актыўныя першакурснікі выправіліся у падарожжа у вёску Хацiслаў. Там разам з носьбітамі мы рэканструявалі Калядкі, а першакурснікі выконвалi ролю Казы i ўдзельнiчалi ў танцах.

Трэба сказаць, што ў Хаціславе захавалася жывая фальклорная традыцыя. На жаль, у цяперашні час яна сустракаецца не ўсюды. У мясцовым Доме культуры актыўна дзейнічаюць два рознаўзроставых фальклорных калектывы з красамоўнымі назвамі «Хаціславяне» і «Вясковая табала». Iх заснавальніца - ўраджэнка Ратнаўскага раёна Украіны Галіна Іванаўна Хомік, якая з ліпеня 1988 года працуе дырэктарам Хаціслаўскага СДК.

У фальклорны гурт «Хаціславяне» уваходзяць людзі рознага ўзросту – старэйшыя носьбіты традыцыі і іх маладыя пераемнікі. Спачатку гурт называўся «Крынічка», але потым вырашылі звязаць назву з вёскай: так нарадзіліся «Хаціславяне».


Удзельнікі гурта «Хаціславяне»

А вось удзельнiкi фальклорнага гурта «Вясковая табала» – малыя дзеці i мясцовыя школьнікі. За свае дасягненні і актыўную творчую дзейнасць калектыву прысвоена ганаровае званне «Узорны». Назву Галіна Іванаўна выбрала невыпадкова. Вось як яна сама гэта тлумачыць: «Слова табала я пачула ўпершыню ў суседняй вёсцы “Мельнікі”. Яго ў сваім маўленні цяпер выкарыстоўваюць таксама і жыхары Хаціслава. Табала ў нашым населеным пункце – гэта збор, гурт дзяцей».


Гурт «Вясковая табала»

Калядавалі разам

Пасля генеральнай рэпетыцыi студэнты з энтузiязмам далучылiся да сапраўднага каляднага абыходу. Песнi спявалiся ўсёй грамадой. Нават гледачы iмкнулiся не толькі слухаць спевы гуртоў, але і актыўна падпяваць.. Было бачна, наколькі калектыўнае выкананне ўзмацняла эмацыянальнае ўздзеянне калядных песень. Найбольш выразным быў кульмiнацыйны эпiзод - «Гульня з Казой», якi надаў асалоды i дарослым i дзецям.

На свяце панавала сапраўдная весялосць. Тут мелі месца ўзаемадзеянне i ўзаемападтрымка, кожны ў камфортных для сябе ўмовах меў магчымасць імправізаваць, актыўна выяўляць творчыя здольнасці і эмоцыі. Пражыванне сапраўднага творчай дзеі нарадзiла iмкненне да ўдасканалення выканальнiцкага майстэрства, а непасрэдныя стасункi з носьбiтамi фальклору ўзбагацiлi наша жыццё.

Вельмі спадзяюся, што ўсё разам спрыяла паважліваму стаўленню студэнтаў да носьбітаў каранёвай палескай культуры, абудзiла ў іх жаданне берагчы i працягваць мастацкiя традыцыi Беларусi.