Той самы кут… Калядаванне ў в. Хаціслаў


Ірына Хамутова

Ірына Хамутова – выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Студэнтка магістратуры кафедры культуралогіі.

Той самы кут: вёска Хаціслаў Маларыцкага раёна і яе каляды

Мы, тры студэнты кафедры этналогіі і фальклору, вывучалі калядную традыцыю в. Хаціслаў Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Я сама мінчанка, ніколі не калядавала. Было вельмі цікава пазнаёміцца з жывой традыцыяй калядавання, ды яшчэ на Палессі, паўдзельнічаць у рэканструкцыі свята, пакалядаваць.

У рэшце рэшт акрэслілася і тэма дыпломнай работы: «Заходнепалеская калядная абраднасць: функцыя, семантыка, рэканструкцыя». Маім першым навуковым кіраўніком быў прафесар, доктар філасофскіх навук і проста цудоўны чалавек Энгельс Канстанцінавіч Дарашэвіч, памяць аб якім назаўсёды захаваецца ў маім сэрцы, другім - дацэнт, кандыдат філалагічных навук Рыма Мадэстаўна Кавалёва.

Што я зразумела?

Калядная абраднасць палешукоў зусім не ізаляваная з*ява, якая існуе сама па сабе. Яна грунтуецца на агульным ладзе народнага жыцця, вырастае з уласцівага палешукам светаразумення. Дзякуючы сістэме калядных абрадаў, уключаліся бяздзейныя ў звычайны час псіхалагічныя механізмы, спрыяльныя для зліцця чалавека з калектыўным несвядомым. Тады паляшук пачынаў належыць дзядоўскай традыцыі, старадаўнім звычаям, агульным памкненням. Грамаду несла магутная плынь свята, у рэчышчы якой чалавек быў ужо не індывідуальнасцю з асабістымі пачуццямі і мэтамі, нават не часткай цэлага, а выразнікам агульнага настрою, носьбітам адзінства.

Пацвярджаю: мы гэта адчулі самі, калі ў Хаціславе разам з усімі пайшлі калядаваць.

Як я працавала? Па-першае, паспрабавала акрэсліць мэту дыпломнай работы. Вырашыла вызначаць функцыянальна-семантычныя асаблівасці заходнепалескай каляднай абраднасці наогул і хаціслаўскай у прыватнасці. Па-другое, трэба было сфармуляваць задачы, вырашэнне якіх дазволіла б дасягнуць пастаўленай мэты. Хто пісаў дыпломныя, той мяне зразумее, як гэта «лёгка». Тут павінна быць логіка. Дзякуй богу, не я першая пішу пра палескія Каляды, ёсць шмат папярэднікаў. Чаму б перш-наперш на падставе крыніцазнаўчай фактычнай і навуковай базы не вызначыць функцыянальныя асаблівасці заходнепалескай каляднай традыцыі?

Добра, гэта я зраблю, а што далей? А далей вырашыла ахарактарызаваць тыповыя рысы міфапаэтыкі і семантыкі заходнепалескіх калядак і шчадровак, потым супаставіць хаціслаўскую калядную традыцыю з заходнепалескай наогул і вызначыць яе своеасаблівыя змястоўныя і семантычныя рысы. Нарэшце самае цікавае - параўнанне аўтэнтычнага варыянту каляднага абходу ў в. Хаціслаў з рэканструяванай версіяй і высновы наконт яе практычнай і мастацкай каштоўнасці.

Інтэрвьюіраванне ўдзельнікаў і сведкаў фальклорных імпрэз – дадатковы матэрыял для ўсведамлення і лепшага разумення аб’екта і прадмета даследавання. Мой асабісты досвед і ўдзел у правядзенні рэканструяванага каляднага абходу на розных пляцоўках сталі падмуркам больш глыбокага разумення мэты і задач даследавання.

Аб’ём дыпломнай работы склаў 92 старонкі. Дадатак да яе ўключаў сцэнарый рэканструяванага абраду, прыдатны для выкарыстання ў культурнаасветніцкіх і адукацыйных установах, запісы калядных і шчадрэцкіх песень з в. Хаціслаў, а таксама відэазапiсы і фатаздымкі мастацкай рэканструкцыі свята.

Вялікі дзякуй кандыдату педагагічных навук, дацэнту кафедры этналогіі і фальклору Наталлі Вячаславаўне Петуховай за цікавую рэканструкцыю свята і працу з намі ў яе жывым узнаўленні!

Першая глава называецца: «Калядныя песні Заходняга Палесся: крыніцы, абрадавы кантэкст, эстэтыка».

У ёй ідзе гаворка пра крыніцы вывучэння калядных песень Заходняга Палесся, апісваецца Заходнепалескі калядны цыкл: змест, абрады, звычаі, а таксама разглядаецца ўплыў традыцыйнага светапогляду на фарміраванне эстэтычнай думкі палешукоў.

Напрыканцы магу сказаць, да якіх высноў я ў рэшце рэшт прыйшла:

1. Заходняе Палессе багатае на розныя тыпы калядных абходаў: з боку ўдзельнікаў – мужчынскі гурт на Каляды, маладзёвы на Шчадруху (змяшаны ці выключна дзявочы), дзіцячы гурт на Шчодрыка і ранішні на Васілле; з боку атрыбутыкі - абходы з зоркай, «казой» або з батлейкай.

2. Заходнепалескія калядныя абходы суправаджаліся адрасна разгалінаванымі абрадавымі песнямі – агульнымі для ўсёй сям’і, асобнымі для гаспадара, рэдкімі для гаспадыні, для маладой сям’і, дзе яшчэ не нарадзіліся дзеці, добра распрацаванымі для маладога паніча і маладой паненкі. Калядны вербальны комплекс утрымлівае: вітанне гаспадароў (пасля атрымання дазволу на калядаванне); віншаванні і зычэнні кожнаму члену сям’і; развітанне і падзяка за адорванне.

3. Жывая традыцыя калядных абходаў хат захоўваецца і ў нашы часы, пра што сведчаць мясцовыя жыхары Маларыцкага раёна.

4. Калядная традыцыя з’явілася адным са складнікаў фальклорнай свядомасці, захавальнікам пэўных вобразных рыс эстэтычнай думкі і народнай «філасофіі» палешукоў.

5. Калядная традыцыя бытуе ў Беларусі нераўнамерна. У адных вёсках калядныя песні захаваліся больш, у другіх – менш, неаднолькава бытуюць і паасобныя творы, прыкладам, песні, звязаныя з абрадам ваджэння «казы». Захаванне ў Хаціславе калядавання як жывой з’явы сведчыць, што яно было распаўсюджана тут і раней. Такая ўстойлівасць традыцыі патрабуе асобнага вывучэння.

6. Мне здаецца, што прычына жыццяздольнасці Каляд у Хаціславе абумоўлена ўдалым спалучэнням двух плыней – фальклорнай і постфальклорнай. Лепшыя традыцыі каляднай культуры засвойваюцца не толькі натуральным шляхам, але і праз фальклорна-этнаграфічныя гурты.

У хаціслаўскім Доме культуры ёсць два рознаўзроставых фальклорных гурта з удалымі назвамі «Хаціславяне» і «Вясковая табала». Іх заснавальніцай з’яўляецца ўраджэнка Ратнаўскага раёна Украіны - Галіна Іванаўна Хомік. У сферы культуры Маларытчыны яна працуе з ліпеня 1988 года, калі была прызначана дырэктарам Хаціслаўскага СДК. Любімай справе жанчына аддае шмат сіл і часу. Галіна Іванаўна вырасла на памежжы двух народаў, дзвюх блізкіх культур. Яна лічыць, што ў жыхароў Маларыцкага і Ратнаўскага раёнаў шмат агульнага. «Нашы культурныя і моўныя сувязі заснаваны на даўніх трывалых традыцыях», - кажа Галіна Іванаўна. Калі жанчына пераехала жыць у Беларусь, то захацела больш глыбока пазнаёміцца з мясцовай народнай культурай і, па магчымасці, захаваць яе для будучых пакаленняў.

Хачу адзначыць, што менавіта такім чынам ствараюцца ўмовы для рэтрансляцыі традыцыі.

7. Хаціслаўскія калядныя песні захоўваюць функцыянальнае прызначэнне і тым самым падтрымліваюць традыцыйны сцэнарый калядавання.

У заключэнне трэба дадаць што, ужо ў сярэдзіне ХІХ ст. П. Шэйн клапаціўся за захаванне фальклорнай спадчыны. Ён пісаў, што «з гэтай справай трэба паспяшаць. Наогул, распаўсюджанне пісьменства ў народзе, новы спосаб землеўладання… можа быць, сатруць з яго памяці і сляды яго старадаўніх звычаяў, яго самароднай паэзіі».

Імкненне моладзі да новых, модных песень адзначалі не толькі збіральнікі ХІХ ст. Нават рэпертуар многіх сучасных фальклорных гуртоў складаецца з далёка не лепшых узораў. Тым больш здзіўляе трываласць каляндарна-абрадавых звычаяў у шмат якіх заходнепалескіх вёсках. І гэта пры агульнай пісьменнасці жыхароў, аб негатыўных наступах якой гаварыў П. Шэйн.

Здарылася зусім наадварот. Менавіта пісьменнасць і адукаванасць з’явіліся фактарам, які абумовіў свядомае стаўленне нашых сучаснікаў да духоўных здабыткаў сваіх продкаў. Калі раней асноўнымі носьбітамі і выканаўцамі калядных песень былі прадстаўнікі старэйшага і сярэдняга ўзросту, то цяпер, дзякуючы самадзейнаму руху, да традыцыі свядома далучаецца малодшае пакаленне, можна сказаць, нават постфальклорнае, якое ні разу ў жыцці не бачыла калядавання ў яго натуральным выглядзе.

У гэтым выпадку вялікую ролю ў захаванні натуральнай спеўнай традыцыі калядавання мае этнафоназнаўчы напрамак. Пераймаючы песні «з голасу», этнафоназнаўцы, студэнты і іх кіраўнікі, паказваюць эстэтычныя вартасці заходнепалескіх калядных песень на прыкладзе толькі адной вёскі Хаціслаў. Такім чынам, да слухачоў даносіцца іх мастацкая вобразнасць, напеўнасць, усё тое, што адпавядала народнай эстэтыкі і этыкі, было сугучна імкненням даўніх палешукоў магічна забяспечыць добры ўраджай, дабрабыт сям’і, працяг радаводу.

Даследаванне сучаснага стану каляднай традыцыі ў в. Хаціслаў супярэчыць меркаванням фалькларыстаў 60 - 70-х гадоў ХХ ст. У шмат якіх працах праводзілася думка, што абрады, звязаныя з земляробчым культам, знікаюць, ператвараюцца ў гульні і забавы моладзі. У сувязі з гэтым змяняецца і сацыяльная функцыя каляндарна-абрадавай паэцікі: яна набывае пераважна пацяшальны характар.

На прыкладзе сучаснай каляднай традыцыі ў в. Хаціслаў акрэсліваецца адметная мадэль з’явы, якой яшчэ няма азначэння, але сама яна існуе ў выглядзе ад постфальклору да фальклору. Хаціслаўскія гурты, якія выступаюць на сцэне, - постфальклорная з’ява з натуральным фальклорным «акцэнтам». Гэта дазваляе ім наладжваць калядаванне не для забавы, гульні ці пацехі, а для эстэтычнага вяртання вытокаў, для этычнай кансалідацыі вяскоўцаў на падмурку агульнай культурнай спадчыны.

Калядаванне, якое ажыццяўляюць фальклорныя гурты, - не працяг старадаўняй магічнай традыцыі, але і не яе інсцэніроўка (рэвіталізацыя) ў натуральных (несцэнічных) умовах. Яно нешта іншае, «трэцяе», звязанае з новым складам культурнага мыслення сучаснага беларуса, што падлягае больш глыбокаму асэнсаванню і ў новым тэзаурусе.

Можа, падкажаце – што? І як яго называць? У мяне няма прапаноў. А у вас? Што скажаце вы?