Pro memoria. Культурная памяць

Да 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа


Якуб Колас і станаўленне беларускага мастацкага перакладу.


Нельга сказаць, што пераклад займаў дужа значнае месца ў творчасці Якуба Коласа. Ён і сам засведчыў гэта ў лісце да С. Гарадзецкага ад 23 2. 1938 года: "Я же переводами, как ты знаешь, занимался мало". Але ўсё ж былі ў яго жыцці гады, калі пераклад часта займаў яго думкі, калі ён перакладаў сам, рэдагаваў перастворанае іншымі, аўтарызаваў, папраўляў свае вершы і паэмы, якія перакладаліся на рускую мову. А таму можна гаварыць пра важкі ўклад, які ўнёс і другі наш класік (поруч з Янкам Купалам) у станаўленне мастацкага перакладу, усталяванне яго прынцыпаў на пэўным этапе, выпрацоўку крытэрыяў адэкватнасці. Якуб Колас амаль не займаўся перакладам у пачатку сваёй творчасці. М. Лужанін згадваў у сваёй кнізе пра Коласа, што ён “перакладаў тое-сёе” яшчэ ў нашаніўскім перыядзе, але чые творы перакладаліся, так і засталося невядомым. Можна выказаць здагадку, што, як і Янку Купалу, яму хацелася тады перакласці каго-небудзь з любімых на той час паэтаў. Сярод іх Якуб Колас называў, як вядома з лістоў да Л. М. Клейнбарта, Пушкіна, Лермантава, Кальцова: “Лермонтов, Пушкин были моими любимейшими поэтами”, “Выдающиеся писатели и поэты – Пушкин, Лермонтов, Гоголь, Кольцов, Достоевский были мне знакомы из чтения.“Братья –разбойники” Пушкина я знал наизусть, наизусть знал и “Демона” Лермонтова”. У тым, што якраз захапленне, а не што іншае абуджала ў Коласа жаданне перакладаць, сведчыць яго першы вядомы нам зварот да перакладу – вольныя перастварэнні вершаў Рабіндраната Тагора “Мілая, ну глянь…” і “Скажы, мой любы” ў 1926 годзе. Прыблізна ў гэты час Колас чытаў творы Тагора, аб чым сведчыць яго ліст да жонкі ад 10 ліпеня 1924 года.

Захапленне шчасліва супала з абавязкам у 1936-м годзе, калі самых вядомых беларускіх пісьменнікаў прыцягнулі да падрыхтоўкі зборніка выбраных твораў у сувязі з юбілейнай датай, якую ва ўсім СССР было вырашана адзначыць “на самым высокім узроўні” – 100-годдзе са дня смерці Пушкіна. Дата сумная, але на той час патрабавалася усемагчымымі спосабамі, у тым ліку і праз літаратуру ўславіць “сталінскую дружбу народаў”. Вось і адзначалі з размахам, з выданнем твораў у арыгіналах і перакладах, з юбілейнымі артыкуламі, літаратурнымі вечарамі, у 1937-м 100-годдзе са дня смерці Пушкіна, у 1939-м 125-годдзе з дня нараджэння Лермантава, рыхтаваліся адзначыць таксама юбілейныя даты, звязаныя з жыццём А. Міцкевіча, Ш. Руставелі. Да кажнага з іх рыхтавала пераклады адна і тая ж “брыгада”: Якуб Колас, Янка Купала, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Александровіч – лепшыя беларускія паэты. Хай сабе і па абавязку рабіліся тыя пераклады, але яны мелі надзвычай станоўчы вынік – абудзілі цікавасць да мастацкага перакладу, ажывілі дзейнасць перакладчыкаў, паставілі яе на высокі дзяржаўны ўзровень. 11 сакавіка 1936 года было абвешчана пра стварэнне Пушкінскага камітэта па правядзенню святкавання 100-й гадавіны са дня смерці Пушкіна. Напярэдадні юбілею пераклады твораў рускага паэта друкаваліся ў перыёдыцы, абмяркоўваліся ў Саюзе пісьменнікаў і ў друку. 17 кастрычніка 1936 года ў Мінску адбыўся арганізаваны Саюзам пісьменнікаў вечар, прысвечаны абмеркаванню перакладаў твораў Пушкіна. Тыя з паэтаў, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы юбілейных перакладных выданняў, не раз збіраліся для выпрацоўкі агульных крытэрыяў якасці перакладаў, што таксама садзейнічала справе іх паляпшэння. Да гэтага часу перакладаў у Беларусі выдавалася ўжо многа, але пераважала сярод іх проза. “Значным недахопам нашай перакладной мастацкай прадукцыі трэба лічыць і амаль поўную адсутнасць перакладаў паэзіі (калі не лічыць асобных вершаў і ўрыўкаў, змешчаных у перыёдыцы і выдадзеных у “Анталогіі рускай савецкай паэзіі”). Такое становішча з перакладамі тлумачыцца відавочна тым, што культура перакладаў у нас яшчэ недастаткова высокая” – пісала Н. Ватацы ў “Полымі рэвалюцыі № 7 за 1936 год, якраз тады, калі распачыналася праца над перакладамі з Пушкіна і Шаўчэнкі. Культуры, а дакладней, вызначаных і ўсвядомленых прынцыпаў перакладу яшчэ не было, назіраўся досыць вялікі разнабой у падыходзе да арыгіналу: то перавага аддавалася тэкстуальнай блізкасці, то практыкаваўся адыход у празмерную вольнасць. Два ключавыя словы: сэнс и стыль дамінуюць у разважаннях тых, хто выказваўся ў той час па праблемах мастацкага перакладу:

“Не даслоўны пераклад, а “бліжэй да арыгіналу” павінна быць, на маю думку, прынцыпам у перакладзе мастацкай літаратуры. І разам з гэтым, першая ўвага – сэнсу фразы, яе пачуццёвасці і адценню моўных выразаў у ёй” (К. Чорны. “Узвышша”, 1929, № 8.).

“Трэба перадаць точны сэнс, тое, што хацеў сказаць аўтар, але гэтага мы не дасягнем, калі поруч з перадачай зместу не перададзім і стылю перакладаемага пісьменніка” (Мік. Аляхновіч. “Маладняк” 1928, № 3).

У гэтых, і некаторых іншых выказваннях ужо бачацца тыя падыходы да ацэнкі якасці перакладу, якімі кіраваліся ў той час беларускія перакладчыкі. Не вольнасць, але і не рабская дакладнасць, увага да асаблівасцей зместу і стылю твора – такому прынцыпу тады была аддадзена перавага.

Коласу і Купале як класікам і адказным за выданне юбілейных зборнікаў, несумненна, было прадастаўлена права першага выбару, калі размяркоўвалася, што каму перакладаць. Таму яны выбралі якраз тое, што найбольш адпавядала іх інтарэсам. Колас выбіраў пераважна паэмы – з Пушкіна “Палтаву”, з Шаўчэнкі “Неафіты”, Марыя”, “Сляпы”, з Лермантава “Дэман”.

Сёння можна заўважыць пэўныя недахопы, уласцівыя перакладам 40-х гадоў, у тым ліку і Коласавым, аднак большасць іх можна апраўдаць. Беларускія перакладчыкі толькі яшчэ пачыналі практычна намацваць падыходы да найбольш адэкватнага пераўвасаблення арыгіналаў. Пра пераклады Я. Коласа ўжо многа пісалася, асабліва падрабязна іх разглядаў В. Рагойша. Хочацца адзначыць уменне Коласа падабраць незацяганыя словы, часам нават новатворы, якія б найлепшым чынам адпавядалі арыгінальным словам і выразам. Вось некаторыя прыклады з перакладу “Палтавы”: “твая сумотная пустыня”, “пагудкай шумнай”, праходзіць палкасці гарно”, “калі і слынь яго не знала”, “ды намысел не той хвалюе сэрца Качубея”, “ён галубіць адну мысль днём і ўцемачку”, “непракананаму Пятру”, “злобу шумам карнай плягі надоўга сцішыць абяцаў”, “абыклы круг сям’і”, “пакінь пустыя разгалосні”.

Перачытваючы пераклад, звяртаеш увагу на удала перададзеныя апісанні, щх натуральнасць:

Абрусам золакавых кос
Дзянніца сцеле схіл нябёс .
Заззялі ўзгоркі, долы, нівы,
Вярхі гаёў і хвалі рэк.
Ачнуўся ранак гаманлівы,
І абудзіўся чалавек.

Або вось гэта:

На поўдні сонца. Жар палае.
Як рольнік, бітва спачывае.
Сям-там гарцуюць казакі.
Раўненнем лад бяруць палкі.
Маўчыць гамонка баявая,
На ўзгорках, прыпыніўшы рэў,
Глядзіць гармат галодных зеў.

Добра перакладзена апісанее Палтаўскай бітвы:

Пад градам куль, агнём разлітым,
Жывой людской сцяной адбіты,
За паўшым строем свежы строй
Штыкі змыкае. Цяжкай лавай
Налёты конніцы рухавай
Жах смерці сеюць. Згарача
Ў сутычках рубяцца зпляча.
І, паваліўшы целаў груды,
Клубкі чыгунныя усюды
Між імі рвуцца, грукацяць,
Прах рыюць і ў крыві сіпяць.
Швед, рускі – рэжа, рубіць, коле.
Бой барабанны, крык, скуголле,
Гарматаў гром, іржанне, стогн,
І пекла й смерць з усіх старон.

У лепшых узорах пераклады Якуба Коласа прыцягваюць увагу сваёй нязмушанасцю, натуральнасцю. Хаця прамых выказванняў Коласа пра крытэрыі якасці перакладу не захавалася, але па саміх перакладах можна меркаваць, што ён у першую чаргу клапаціўся пра тое, каб паэзія і ў перакладзе заставалася паэзіяй, каб не адчувалася, што чытаеш перакладны, а не арыгінальны твор.

Пра гэта дбаў Якуб Колас, калі апекаваўся перакладам сваіх вершаў і паэм, а таксама прозы, на рускую мову. У сваіх лістах да перакладчыкаў ён рабіў заўвагі, накіраваныя на больш натуральнае гучанне сваіх твораў, сам прапаноўваў лепшыя варыянты. А. А. Рабінінай ён пісаў у сувязі з яе перакладам аповесці “Дрыгва”: “Я сделал некоторые замечания по переводу в том смысле, чтобы переводчик старался передать точнее оригинал, сохраняя стиль автора и особенности оригинала”.

Паэту не дужа шанцавала з перакладчыкамі, што не спрыяла ўспрыняццю ягонай творчасці ў Расіі і ў іншых рэспубліках СССР. Так, ён не атрымаў Дзяржаўнай прэміі СССР у 1948 годзе за паэму “Рыбакова хата”. Пра гэта ён пісаў у лісце да С. Гарадзецкага ад 29 лютага 1948 года: “Ехал с Фадеевым в одном купе. (…) “Рыбакову хату” со списка кандидатур снял он. Мотивы для меня не убедительны: поэма прозаична! По крайней мере, в той части, которая была прочитана. Но когда я читал поэму в оригинале, он сказал иное…”.

Вопыт Коласа-перакладчыка і Коласа-аўтарызавальніка быў і застаецца важным для справы развіцця беларускага мастацкага перакладу.

Міхась Кенька,
кандыдат філалагічных навук,
дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ


1. Паэт Мікола Маляўка
2. Літаратуразнаўца Міхась Кенька
3. Мікалаеўшчына. "Каласавіны". Людзі


Наверх старонкі || Да зместу

Сайт создан в системе uCoz