Асобы: Ніл і Ніна

Песні на словы Ніла Гілевіча

ВЫ ШУМІЦЕ, БЯРОЗЫ…
музыка Эдуарда Ханка
верш Ніла Гілевіча


Вы шуміце шуміце
Надамною бярозы,
Калышыце люляйце
Свой напеў векавы,

А я лягу прылягу
Край гасцінца старога
На духмяным пракосе
Недаспелай травы.

А я лягу прылягу
Край гасцінца старога
Галавой на пагорак
На высокі курган

А стамлённыя рукі
Вольна ў шыркі раскіну,
А нагамі ў даліну,
Хай накрые туман.

Вы шуміце шуміце
Надамною бярозы,
Асыпайце мілуйце
Ціхай ласкай зямлю

А я лягу прылягу
Край гасцінца старога
Я здарожыўся трохі
Я хвілінку пасплю.

Вы шуміце шуміце
Надамною бярозы,
Асыпайце мілуйце
Ціхай ласкай зямлю.


ШЛЯХ ДА БЕЛАРУСІ
Музака Мікалая Сацуры
Верш Ніла Гілевіча


За векам век плыве-цячэ,а мы ідзем-ідзем і што-ж?
О, як далека нам яшчэ да Беларусі.
Ужо нясцерп нам крыж пакут і мы крычым-крычым, але
Не дакрычаліся пакуль да Беларусі -2р

А можа быць яна міраж і усё мы трызнім, бо чаму ж
Не далятае голас наш да Беларусі...
Відаць пракляцця знак ляжыць на нас ад роду і таму,
Так цяжка шлях нам церабіць да Беларусі -2р

За векам век плыве-цячэ,а мы ідзем-ідзем і што-ж?
О,як далека нам яшчэ да Беларусі.
Равуць вятры, грымяць грамы ,пыл засціць вочы нам і усё ж,
І усё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі -3р


РОДНАЯ МОВА
Музыка Н. Сакаловай
Верш Ніла Гілевіча


Мова родная мая ты,
Што і дзедавай была!
Мова мамы, мова таты,
Мова нашага сяла!

Ты звініш, калі я ўранку
Чую песні за акном,
І журчыш, як баіць байку
Мне бабуля перад сном.

Разгарну буквар вясёлы -
Зноў са мной гаворыш ты,
Мілагучная заўсёды,
Як званочак залаты.


ПАЛЫНОВАЯ РОСТАНЬ
Музыка Эдуарда ЗАРЫЦКАГА
Верш Нiла Гілевіча


Знаю: мне не вяртацца
Гэтым шляхам нiколi —
На апошнюю ростань,
На спатканне з былым.
Белай стужкай дарога
Раскацiлася ў полi,
А па ўзбоччы дарогi —
Толькi шызы палын.

Ад запозненай мары,
Ад шчаслiвай трывогi
Мне навек застанецца
Сумна-горкi ўспамiн.
Сонцам плавiцца далеч,
Дзень самлеў ад знямогi,
А па ўзбоччы дарогi —
Толькi шызы палын.
Заўтра недзе далёка
Ты ўсмiхнешся мiжволi:
Неба нiзкiм не стала,
Свет не здаўся малым...
А мая мне дарога —
Белай стужкай у полi,
А па ўзбоччы дарогi —
Толькi шызы палын.


КРАЙ МОЙ БЕЛАРУСКІ, КРАЙ!
Мазыка Ігара Лучанка
Верш Ніла Гілевіча


Край мой беларускі, край!
Дай мне прыгарнуцца, дай!
Да твайго ляснога
Вераснога долу,
Дзе так шчасця многа
Выпала на долю, —
Дай жа прыгарнуцца, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне напіцца, дай!
Той вады гаючай
3 той крыніцы вечнай,
Дзе ад ран балючых
Ты арлоў вылечваў,
Дай жа мне напіцца, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне прайсціся, дай!
Па тваіх прасторах,
Па шляхах бясконцых,
Уначы - пры зорах,
Раніцой - пры сонцы,
Дай жа мне прайсціся, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай мне наглядзецца, дай!
На твае на пожні,
На лугі ды рэкі,
Каб у час апошні
Ўзяць з сабой навекі, —
Дай жа наглядзецца, дай!


Я ХАДЖУ ЗАКАХАНЫ
Музыка Iгара Лучанка.
Верш Ніла Гiлевiча


Я хаджу закаханы, у твае краявіды,
I шапчу, як прызнанне: О, мой край дарагі!
Зноў нясу табе ў споведзь i трывогі i крыўды,
I надзеі, i ўцехі, i любоў, i грахі.
Зноў нясу табе ў споведзь i трывогі i крыўды,
I надзеі, i ўцехі, i любоў, i грахі.

Пасля доўгіх растанняў i далёкіх вандровак
Я навекі вярнуся ў засень клёнаў тваіх.
толькі з роднага долу, толькі ў роднай дуброве-
Як не дрэвам, хоць кветкай прарасту для жывых.
толькі з роднага долу, толькі ў роднай дуброве-
Як не дрэвам, хоць кветкай прарасту для жывых.

Я хаджу закаханы, у твае краявіды,
I шапчу, як прызнанне: О, мой край дарагі!
толькі з роднага долу, толькі ў роднай дуброве-
Як не дрэвам, хоць кветкай прарасту для жывых.
толькі з роднага долу, толькі ў роднай дуброве-
Як не дрэвам, хоць кветкай прарасту для жывых.

Як не дрэвам, хоць кветкай прарасту для жывых.


ЯК СУМНА - ТУЖЛІВА
Музыка Эдуарда Ханка
Верш Ніла Гілевіча


Як сумна-тужлiва зязюля кукуе ў бары,
На познiм змярканнi, насупраць мядункавай ночы!
Адкуль гэта жальба - у росквiт маёвай пары?
Адкуль гэты смутак - такi непрытворна сiрочы?

Вячэрайце ў хаце, а я пастаю на двары.
Па мне не турбуйцеся - пiце, гуляйце шчаслiва.
Павiнен жа нехта паслухаць, як сумна-тужлiва
Зязюля кукуе на познiм змярканнi ў бары.


…НЕ СУМУЙ, НЕ ТУЖЫ…
Музыка Уладзіміра Будніка
Верш Ніла Гілевіча


Вечар сцеле туман над крыніцай.
Вецер вее з палян медуніцай.
Як маркотна такою парой мне адной
Без цябе, любы мой, мілы мой!

Клёны-ясені спяць,
Сны шчаслівыя сняць,
Вечар іх атуліў шызакрылы.
Толькі я на бяду
Зноў вачэй не звяду,
Буду думаць-пытаць: дзе ты мілы?
Месяц хітра смяецца над хатай,
Быццам кажа: сама вінавата.
Я ж не знаю віны, акрамя як адной,
Што кахаю цябе, любы мой.
Вербы-явары спяць,
Сны шчаслівыя сняць,
Вечар іх атуліў шызакрылы.
Толькі я на бяду
Зноў вачэй не звяду,
Буду думаць-пытаць: дзе ты, мілы?

Месяц хітра смяецца над хатай,
Быццам кажа: сама вінавата.
Я ж не знаю віны, акрамя як адной,
Што кахаю цябе, любы мой.

Вербы-явары спяць,
Сны шчаслівыя сняць,
Вечар іх атуліў шызакрылы.
Толькі я на бяду
Зноў вачэй не звяду,
Буду думаць-пытаць: дзе ты, мілы?

Ветла зорачкі ў небе міргаюць,
Толькі зорачкі мне спагадаюць,
Быццам кажуць яны: не сумуй, не тужы,
А каханне – шануй, беражы.

Вішні-яблыні спяць,
Сны шчаслівыя сняць,
Вечар іх атуліў шызакрылы.
Толькі я на бяду
Зноў вачэй не звяду,
Буду думаць-пытаць: дзе ты, мілы?


СОНЦА Ў АЗЕРЦЫ
Музыка Леаніда Захлеўнага
Верш Ніла Гілевіча


Бераг маёй вясны –
І сёння ты со мною.
Ціхі куток лясны
З азерцам пад гарою.
Дворык вішнёвы той
У сонечным гудзе пчаліным.
Кладачка над вадой,
Дзе моўчкі далоні сплялі мы.

Дзе мне ні быць –
Век не забыць
Сонца ў азерцы,
Век мілаваць
І цалаваць
Той дзень у сэрцы.

Песня маёй вясны –
Гучыш і не змаўкаеш.
З таго азерца ў сны
Ты сонцам прыплываеш.

“Помні і не забудзь!”
Шапталі мне горача вусны,
“Помні і не забудзь,
Што ёсць гэты кут беларускі!”


МОЙ ЛЁС – КАХАННЕ
Музыка Ігара Лучанка
Верш Ніла Гілевіча


Я ўсе сцярплю, я ўсё стрываю
І ўсё навек благаслаўлю.
Адно адчуй, як я кахаю,
Адно спазнай, як я люблю.

Прыпеў:
Прыйдзі, як снег на квецень мая.
Прыйдзі, як бура на зямлю.
Не страшна мне, бо я кахаю,
Не скрушна мне, бо я люблю.

Ці зладжу я сабой – не знаю.
І аб адным цябе малю:
Не папракай, што я кахаю.
Не папракай, што я люблю.

Прыпеў.


Падборку падрыхтавалі:

Жанна Сцяпанаўна Карповіч,
вядучы бібліятэкар аддзела абслугоўвання філалагічнай і эканамічнай літаратурай ФБ БДУ;
Надзея Канабеева, студэнтка філфака БДУ;
Аляксей Кавалёў, студэнт БДМУ


1. Уладзімір Васілевіч. «Здаецца, так даўно было…»
2. Віктар Красней. «Шчыры руплівец на ніве роднага слова»
3. Алесь Лозка. «Ніл Гілевіч: “Не трацьце веры і мужнасці, сябры!”»
4. Тамара Нуждзіна. «Высокае служэнне адной ідэі»
5. Ніл Гілевіч пра Ніну Гілевіч (з кнігі “Добры анёл беларускасці”)
6. Фота з сямейнага архіва Ніла Сымонавіча і Ніны Іванаўны Гілевічаў
7. Песні на словы Ніла Гілевіча
8. Хто для мяне Ніл Гілевіч? (вынікі апытання)

Сайт создан в системе uCoz