Свабоднае дыханне паэзіі


Міхась Башлакоў

Творчасць лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхася Башлакова – аднаго з самых значных сучасных паэтаў нашай краіны, добра вядома беларускаму чытачу. Яго паэзія прыкметна вылучаецца сваёй шчырасцю і эмацыянальнасцю, задушэўнай меладычнасцю і пранікнёным лірызмам, адкрытасцю і грамадзянскай пазіцыяй.

Міхась Башлакоў – аўтар такіх знакавых кніг, як «Пяро зязюлі падніму» (2001; прэмія Баяна, Расія), «Нетры» (2004; Сто лепшых кніг свету, Германія), «Палын. Чарнобыль» (2005; элітны залаты медаль, Бельгія), «Віно адзінокіх» (2011), «Далеч вячэрняя» (2017), «На зветраных шляхах» (2020).

Ягоныя вершы ўключаны для вывучэння ў школьныя праграмы па беларускай літаратуры для вучняў старэйшых класаў.

Духоўнасць – аснова грамадства

На літаратурных сустрэчах, якія адбываліся раней, у мяне часта пыталіся, што значыць для мяне ў маім жыцці літаратура і паэзія ў прыватнасці… Жыццё кожнага чалавека і ягоны лёс залежаць, відаць, ад розных абставін, якія хутчэй за ўсё не падлягаюць нейкаму тлумачэнню. Я і сягоння не ведаю, чаму мяне, вясковага хлапчука, у адрозненне ад іншых маіх аднагодкаў, больш цікавілі кнігі, чым розныя гульні і забавы, хаця я таксама з задавальненнем і ў вайну гуляў, і мяч ганяў… І нават цяпер, з вышыні пасівелых гадоў, я не змагу патлумачыць, чаму я пачаў пісаць менавіта вершы...

Напэўна, недзе ў дзясятым класе і асабліва ў студэнцкія гады, калі я ўжо актыўна чытаў зборнікі вершаў розных паэтаў, спачатку ўсё, што траплялася пад руку, а пасля больш сістэмна і больш асэнсавана, і асабліва тады, калі я ўжо сам адчуў смак друкаванага слова, паэзія зачаравала і закружыла мяне, як у дзівосным танцы... Вось тады, відаць, я і зразумеў, што «паэзія – жыццё маё і лёс…» І я ніколі не здраджваў ёй. І нават тады, калі доўгі час настаўнічаў і потым, калі самааддана працаваў над падрыхтоўкай і выданнем 145-томнай гісторыка-дакументальнай хронікай «Памяць» гарадоў і раёнаў Беларусі, калі быў так загружаны працай, што для паэзіі зусім не заставалася часу, я ўсё роўна думаў пра яе і марыў аб сустрэчах з ёй падчас адпачынку на летніх і асенніх сцяжынках... Ці змог бы я абраць нейкі іншы шлях, акрамя паэзіі, цяпер ужо, як кажуць, аднаму Богу вядома. Але хутчэй за ўсё не змог бы...

У свой час мне не раз прапаноўвалі розныя пасады, ды я тактоўна адмаўляўся, менавіта, дзеля паэзіі, бо пасада і паэзія – рэчы несумяшчальныя... Пасада ў большасці сваёй патрабуе пэўнай гібкасці, лавіравання, абыходжання вострых вуглоў, адступлення ад жыццёвых прынцыпаў. Пасада вымушае чалавека аддана служыць ці, калі шчыра і больш дакладна, прыслужваць... А паэт, падкрэслю, сапраўдны паэт, заўсёды мае свае погляды, меркаванні, прынцыпы, мае сваю пазіцыю. Ён не можа некаму служыць. Ён служыць толькі слову, праўдзіваму, шчыраму і сумленнаму. Быць паэтам – найвялікшая адказнасць перад часам, Айчынай, народам, адказнасць перад Словам і перад Богам.

У араторыі «Шлях», а таксама ў сваёй новай кнізе вершаў «На зветраных шляхах», якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь» у 2020 годзе, ёсць нямала радкоў, прысвечаных тэме паэта і паэзіі, ролі паэта ў сучасным грамадстве... У наш бездухоўны час многія, калі не большасць, не ведаюць і не разумеюць, на жаль, што такое паэзія... Безумоўна, за апошнія 20–30 гадоў шмат што змянілася ў свеце, змянілася ў культуры і літаратуры. Духоўны і культурны ўзровень грамадства прыкметна панізіўся ўсюды, падкрэслю, усюды, не толькі ў нас... Прыхільнікаў паэзіі, сапраўдных яе амаратаў, стала вельмі мала. Людзі цяпер ўсё больш практычныя і прагматычныя, з базарна-бытавой начынкай унутры... Духоўнасць здае свае пазіцыі. Памятаю, у той далёкі савецкі час, калі я выступаў і чытаў свае вершы, то бачыў, як свецяцца вочы ў слухачоў, як яны жыва рэагуюць на кожнае тваё слова. Цяпер такіх слухачоў і такіх чытачоў амаль не сустрэнеш... Хаця чытачы бываюць розныя. Адны – адукаваныя, інтэлігентныя, высокай культуры... Другія – пасрэдныя, звычайныя і іх інтарэс – масавая літаратура бульварнага зместу... А ў ідэале чытач павінен быць такі ж таленавіты, як і сам пісьменнік. Тады ён здольны тонка разумець і адчуваць усе нюансы мастацкага слова. Каб успрымаць і цаніць паэзію высокага класічнага гучання, патрэбна быць птушкай высокага палёту...

А, увогуле, літаратура – справа дзяржаўная... Мастацкая літаратура заўсёды была на перадавых пазіцыях у грамадстве. Яна выхоўвала пачуццё патрыятызму, фарміравала ў чалавеку лепшыя рысы і якасці, усталёўвала пэўная нормы маралі, якія не дазвалялі чалавеку як асобе дэградыраваць і пераступаць мяжу пэўных правіл і паводзін. Уседазволенасць, як вядома, разбурае чалавека, руйнуе яго душу... І калі ў школе значна паменшылі колькасць гадзін на вывучэнне беларускай і рускай літаратуры і адмянілі пісьмовыя і вусныя экзамены па літаратуры, усё адразу абрынулася і пакацілася ў нейкую бездань. Мастацкая літаратура аказалася на задворках грамадства. І ўсюды, ва ўсіх сферах, пачало буйна цвісці пустазлле бездухоўнасці. Калі поле пустуе, калі яго не засяваюць збажыной, то на такім полі буяе бур’ян... Неабходна вярнуць паважлівыя адносіны да літаратуры і аднавіць аўтарытэт пісьменніка ў грамадстве.

Як асновай дзяржавы з’яўляецца моцная эканоміка, так асновай грамадства з’яўляецца духоўнасць і культура. У кожнага народа ёсць свая родная мова, ёсць пэўныя, уласцівыя толькі гэтаму народу абрады і звычаі, свае маральныя, эстэтычныя і гістарычныя каштоўнасці. Гэта якраз той грунт, той падмурак, на якім трывала, моцна стаіць кожная нацыя, народ, у якіх, падкрэслю, высока развіта пачуццё годнасці і самапавагі. Калі гэта адсутнічае, тады ў падмурку з’яўляюцца трэшчыны і ён паступова разбураецца. А значыць – і грамадства... Нацыянальнай дзяржавы без нацыянальнай ідэі не бывае... І для таго, каб мы, беларусы, як нацыя не зніклі і не растварыліся ў гэтым вялізным свеце, патрэбна дзяржаўная праграма па адраджэнні і захаванні ў нашым грамадстве і ў нашым жыцці беларускасці... Я не кажу аб тым, што мы павінны замкнуцца і адгарадзіцца ад усіх і ад усяго ў межах Беларусі і спавядаць толькі беларускае... У ХХІ стагоддзі гэта проста немагчыма... Калі ласка, вывучайце і ведайце хоць усе мовы свету, размаўляйце і пішыце на іх, але веданне роднай беларускай мовы, паважлівыя адносіны да яе павінны быць для ўсіх беларусаў абавязковымі... Беларусы – таленавітая нацыя. Нам ёсць што сказаць і паказаць. Чаму ж тады мы не цэнім тое, што маем? Чаму саромеемся і баімся быць самімі сабой? Мы руплівы, працавіты і самабытны народ. Дык давайце крочыць усе разам наперад па жыцці, помнячы заўсёды аб тым, што мы беларусы...

Міхась Башлакоў г. Мінск, 23 мая 2022 года

З новых вершаў

              ***
Жыццё, відаць, ужо не райскае:
Злятаюць дні – ліст за лістком...
І ўспамінаю неба майскае
Над тым, наіўным хлапчуком...

Было так ціха і лагодна,
І за акном цвіў пышна бэз,
І не было мне так гаротна,
Бо іншым быў мой інтарэс...

Махаў крыламі сон світальны –
І я ў тым сне кудысьці плыў...
Прамень зіхоткі і крыштальны
Траву расяную срабрыў...

Не знаў яшчэ я горкіх ісцін,
Яшчэ не сніў я горкіх сноў...
Гады мае пажоўклым лісцем
Не асыпаліся далоў...

Але ж усё ў жыцці часова...
«Дзе той хлапчук, – гукаю, – дзе?»
І промень сонца вечаровы
Зіхціць на счэрненай вадзе...

              ***
І сіл няма спяваць узнёсла песні:
Натхнёныя, відаць, мінулі дні...
Я слухаю, як плача над узлессем
Самотны клін у хмарнай вышыні...

З чым параўнаць мелодыю растання –
Найдаражэйшы міг маёй зямлі?..
Курлычуць у сярэбраным тумане
Любімыя з маленства жураўлі...

Душа мая хлапечая шчымела,
Калі я чуў дзівосны гэты плач...
«Вяртайцеся», – шаптаў услед нясмела,
Жадаючы ў палёце ім удач...

І клін страйнеў ад добрых пажаданняў,
І радаваўся шчыра я ў душы,
І доўга ўсё махаў на развітанне
У восеньскай прасветленай цішы...

Крык журавоў – паэзія вышыняў...
І, можа, я паэтам стаў такім,
Што праз жыццё пранёс клін жараўліны,
Як самы светлы, яркі ўспамін?..

І вось стаю і слухаю ў тумане
Шчымліва-развітальнае «курлы» –
Ляцяць, ляцяць кудысьці на змярканні
Любімыя з маленства жураўлі...

              ***
Асенні дзень. Асеннія журботы.
Жаўцеюць астры за маім акном.
І пчолы напаўняюць свае соты
Ужо апошнім восеньскім цяплом...

Душа спакойна далі сузірае.
Што хвалявацца?.. Што кудысь ляцець?..
І крочыць шляхам восень залатая...
Чаго яшчэ, чаго яшчэ хацець?..

Не трэба мне ні нечае спагады,
Тым больш не трэба нечае маны...
Стаю я на пагорку, а над садам
Гамоняць жураўліныя званы...

Як гэты клін, гады ўдаль злятаюць,
Ды толькі не вяртаюцца назад...
Ці птушкам, ці гадам услед махаю,
І агаляе дрэвы лістапад...

Але душа абудзіцца ў цянётах:
(Спакойна жыць, відаць, не для мяне...),
Як матылёк, ірвецца на свабоду,
За пыльным шклом трапечацца ў акне...

              ***
Душа асеніцца, як клёны,
Самотна жоравам крычыць
Ці, нібы дожджык манатонны,
Бясконца плачацца ўначы...

І мне не спіцца, зразумела...
Які там сон?.. Хіба заснеш,
Калі баляць душа і цела,
І недзе заблудзіўся верш?..

І ты бяссільны нешта зрушыць...
Што можаш ты адзін зрабіць,
Калі мялеюць нашы душы,
Калі паўсюль зямля гарыць?..

Свет памяняўся... Спусташэнне...
Жабрацтва духу і душы...
Ці людзі мы?.. Ці толькі цені
На гэтым крайнім рубяжы?...

Душа, як дожджык, штось шаманіць
На ўзмежку восеньскага дня...
І мроіцца, нібы ў тумане,
Світальных промняў чысціня...

              ***
Як бяздумна душу сваю трачу
Ці то ў радасці, ці то ў бядзе...
Азіраюся: колькі няўдзячных,
Ненадзейных, няшчырых людзей...

Што ж такое? Куды ўсе прапалі?
Дзе мне добрых і чэсных знайсці?
Углядаюся ў хмарную далеч:
Што зрабілася ў нашым жыцці?...

Аклікаю... Ніхто не гукнецца...
У сутонні цямнеецца сад...
Ды ўсё дождж балабоніць, ліецца –
Ён адзін мне таварыш і брат...

              ***
Не знаю я, як выжыць і як быць,
Каго любіць, каго мне не любіць,
Калі душу крыжуюць і сякуць
І за дабро пад дых балюча б’юць?..

Не знаю я, ці верыць, ці не верыць?...
Пакіньце свае пошлыя манеры...
Для слова важна, як і для душы, –
Праўдзіва аб усім заўжды пішы,

Адкрыта і сумленна, без прыкрас...
Астатняе дапіша потым час,
Які ацэнку дасць твайму радку –
Падасць ці не падасць сваю руку...

              ***
Грамадства перакулена, як кошык:
Куды ні глянь – нязгода і раздрай...
На першым месцы – грошы, грошы, грошы...
І на апошнім месцы – родны край...

Паняцці ёсць для кожнага святыя:
Радзіма, маці, мова і любоў...
Няўжо, няўжо бяспамяцтва стыхія
Ад родных адарвала берагоў

І хісткі човен кінула на скалы?..
Калі без стрыжня – значыць не жылец,
Накрыла хваляй – і пішы прапала...
Вось так і без Айчыны ўміг канец...

Паэта без Радзімы не бывае!...
(Паверце мне, я знаю, што кажу),
Як не бывае без цвіцення мая...
Айчыну страціш – страціш і душу...

Не ўсё на гэтым свеце прадаецца...
Радзіма – гэта песня назаўжды...
Жывіце, як падказвае вам сэрца, –
І зацвітуць вясновыя сады...

              ***
А дні, як гружаныя арбы,
Рыпяць бясконца ўсё: «Пішы!..»
Але ні колераў, ні фарбаў
І ні мелодыі ў душы...

Як ні старайся, не напішаш –
Ні слоў, ні ўзнёсласці няма...
Лягла ў душы такая ціша,
Бы замарозіла зіма...

І як радок мне свой ускрыліць,
У высі думкай узляцець?
Як мітусню і быт асіліць,
Каб песню радасную спець?...

Нібыта проста, ды складана:
Жаданне ёсць, дзе сілы ўзяць?
Пакуль залечыш усе раны,
Ужо не хочацца спяваць...

А вам, відаць, усё здаецца:
Паэт – гусляр, паэт – дудар...
Усё, што бачыцца, пяецца,
Гудзі, звіні, нібы камар...

О дзівакі!.. Так не бывае...
Усім вам варта гэта знаць:
Паэт тады толькі спявае,
Калі не можа не спяваць...

              ***
Кола, памяці кола
Нібы хтось закружыў...
Ні драўлянай той школы,
Ні той хаты, дзе жыў...

Час бязлітасна нішчыць,
Што так пышна цвіло...
На душы папялішча –
Адышло, адгуло...

Там нямецкую мову
Вучням я выкладаў.
І на сцежках вясновых
Свае вершы шаптаў...

Колькі часу мінула,
Як даўно ўсё было...
Шлях імглой зацягнула,
Снегам шлях замяло...

Успаміны гартаю,
Варушу тайнікі...
Час бясследны знікае,
Застаюцца радкі...

              ***
Быць да канца з Айчынаю сваёй –
Інакшага не дадзена паэту...
Жыць і тварыць...
І словам і душой
Выконваць свята продкаў запаветы...

У радасці быць разам і ў журбе,
Быць паўнацэнным зернем, не паловай...
Няважна, што напішуць пра цябе,
А важна, як гучала тваё слова...