Дзьмухавец

Фальклорна-этнаграфiчны i лiтаратурна-мастацкi альманах

Р.М. Кавалёва. Ці ведаеце вы гісторыю філфака?

Я лечу! Возношусь! Поднимаюсь под самые облака! Теперь я знаю, для чего живу на свете!

Карел Чапек. Семя одуванчика.

Сябры альманаха:

Рубрыка "Oral History "

Р.М.Кавалева
Р.М. Кавалёва

А як жа, скажаце вы. У 2009 г. да 70-годдзя заснавання філалагічнага факультэта БДУ выдадзена кніга, дзе “расказваецца пра гісторыю факультэта, вучэбную і навуковую дзейнасць кафедр, дасягненні ў разнастайных галінах лінгвістыкі і літаратуразнаўства”. З яе можна даведацца пра ролю філалагічнага факультэта ў развіцці філалогіі ў Беларусі і г. д.

Я не пра гэту, добра вядомую, падмацаваную кнігамі, дакументамі, загадамі, пратаколамі, гісторыю. Я пра тую, што захоўваецца ў нашай памяці і “ажывае” падчас маўлення, – пра oral history, вусную гісторыю, “гісторыю знізу ўверх”, тую, што фіксуе ўнутранае жыццё філфака шляхам яго міфалагізацыі і фалькларызацыі.

Oral history – вельмі разнастайны напрамак у сацыяльных навуках, які атрымаў акадэмічнае прызнанне ў Амерыцы і Еўропе. Ён пачынаўся з інтэрв’юравання знакамітых сучаснікаў. Потым, у 1948 г., журналіст Алан Нэвіс узначаліў створаны ў Калумбійскім універсітэце Даследчы цэнтр па вывучэнні вуснай гісторыі. Больш за 150 расказаў амерыканцаў запісаў для сваёй кнігі “Цяжкія часы. Вусная гісторыя Вялікай дэпрэсіі” (1970) журналіст Стадс Тэркель. Вусная гісторыя драматычных і трагічных падзей падаецца ў добравядомых нам кнігах беларускіх аўтараў А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка “Я з вогненнай вёскі”, С. Алексіевіч “У вайны не жаночы твар” ды інш. Пласт гісторыі, які яшчэ захоўваўся ў жывой памяці, паспелі занатаваць калегі з гістарычнага факультэта І. С. Махоўская і І. М. Саманава ў кнізе “Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі жыхары” (2009). Яна заснавана на біяграфічных інтэрв’ю і матэрыялах мэтаскіраванага апытальніка.

Усе ведаюць, што ў 1943 г. універсітэт пачаў працаваць на станцыі Сходня Хімкінскага раёна Маскоўскай вобласці. Дэканам філфака на той час стаў Міхась Рыгоравіч Ларчанка, чалавек-легенда. А хто і калі запісаў ад яго расказы аб тым перыядзе? Мы ведаем успаміны дэкана педагагічнага факультэта, папярэдніка філфака, Міхаіла Мікалаевіча Піятуховіча, напісаныя ім у 1927 г., але такія ўспаміны – зусім іншы жанр, чым вусная гісторыя. А хто запісаў расказы выкладчыкаў філфака – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны? Не мы, а ўсё тая ж С. Алексіевіч і толькі ад выкладчыцы французскай мовы С. Любіч, што працавала на нашым філфаку. І гэта ўсё.

Жыве ў Мінску 92-гадовая Ларыса Лявонцьеўна Кароткая, былы дацэнт кафедры рускай класічнай літаратуры, падпольшчыца, сувязная ў гады вайны, высакародны чалавек, цудоўны апавядальнік, таленавіты даследчык і педагог. Кожны год, 9 мая, я вельмі рада чуць у адказ на святочнае віншаванне знаёмы бадзёры голас. Ці паспеем мы запісаць яе расказы?

Хто ведае, што наш намеснік дэкана ўсмешлівы Павел Іванавіч Навойчык прайшоў Афган? Хто запіша яго расказ? Што застаецца для гісторыі філфака?

Увага да драматычных і трагічных падзей, што прайшлі праз сэрца простага чалавека, – адзін полюс “гісторыі знізу ўверх”. Другі (а між імі безліч іншых) – фальклорна-міфалагічны, гумарыстычны. Міфалагізацыя сваёй і чужой гісторыі наогул канёк чалавецтва, і мы не выключэнне. Міфалагізаваная, суб’ектызаваная гісторыя філфака тым больш важная, што перадае творчы дух факультэта. Калі ёсць людзі-легенды (а яны былі і ёсць), то існуюць і легенды пра іх, і анекдоты, і прасякнутыя добрым гумарам досціпы. А што, няма баек, чутак, плётак, героямі якіх з’яўляюцца выкладчыкі і студэнты? Дарэчы, гэтыя формы вельмі актыўна вывучаюцца сучаснымі фалькларыстамі.

А ці вядомы вам жудасныя тайны нашага будынка, дзе раней кватаравалася Вышэйшая партыйная школа? Гавораць, што калісьці ў яго басейне выпадкова захлынуўся слухач. З таго часу яго здань неаднаразова бачылі начныя вахцёры. А 12 гадзіне апоўначы ён блукае па калідоры першага паверха, нешта мармыча сабе пад нос, паднімаецца на другі паверх, трапляе ў дэканацкі завулак, там зацыкліваецца і ўсё ходзіць, ходзіць, ходзіць, мармыча, мармыча, памыляецца, зноў пачынае, даты, прозвішчы… Калі прыслухацца, то гэта падзеі мінулага – даты партыйных з’ездаў. Апошняя – ХХІ з’езд, на якім быў выкрыты культ асобы Сталіна. Тут, кажуць, здань хліпка-жаласна ўздыхае, абвальваецца на падлогу і знікае.

А пра “чорнага студэнта” ў чытальнай зале філфака чулі?

Аднак што гэта я перакінулася на жахі, калі ёсць (не, была) такая з’ява, як палявая фальклорная практыка студэнтаў-першакурснікаў на чале з кіраўніком. Прыязжаеш гэтак у вёску, дзе цябе ніхто не чакае, і пачынаеш шукаць месца, дзе прытуліцць галоўку, прасцей кажучы, просішся на пастой на два тыдні. І вось, уявіце сабе, дзве належным чынам падрыхтаваныя паненкі-філфакаўкі салодкімі галасамі ўлагоджваюць бабулю, якая вагаецца, браць дзевак на кватэру ці не браць, абяцаюць ёй абабраць з бульбы ўсіх каларадскіх жукоў і два разы на тыдзень палоць грады. Тут старая ўзрадавалася, ледзь не самлела ад шчасця і ветліва “то заходзьце, дзеўкі” запрасіла ў хату. Студэнткі засаромеліся: “Ой, бабачка, але ж мы не адны”. “А хто з вамі?” “Ды аспірант”. “Ну, нічога. Апсірант дык апсірант. То прывяжыце яго да плоту за сметнікам”. Тым аспірантам быў малады кіраўнік фальклорнай практыкі Д. Ф. Ён і цяпер працуе на філфаку, мае двух сыноў, чацвёра ўнукаў і пабудаваную ўласнымі рукамі лазню на вёсцы. А байка пра аспіранта яшчэ доўга перадавалася з вуснаў у вусны.

Для натхнення збіральнікаў оral history і мясцовага філфакаўскага фальклору прывяду апошні факт. Ёсць такі расійскі часопіс “Жывая даўніна” (нам бы такі!). у яго першым нумары за 1997 г. кандыдат гістарычных навук В. Г. Смаліцкі змясціў матэрыял пад назвай “Анекдоты з жыцця братоў-блізнятаў Б. М. і Ю. М. Сакаловых”. Хто не ведае, браты Сакаловы – адны з буйнейшых фалькларыстаў першай паловы ХХ ст. “Анекдоты аб здзіўляючым падабенстве двух братоў пачалі распаўсюджвацца яшчэ пры іх жыцці, набываючы рысы фальклорнай няказкавай прозы і працягваючы жыць у студэнцкім і выкладчыцкім асяродку некалькі дзесяцігоддзяў па іх скананні”, – піша аўтар (с. 20). Сам ён чуў некаторыя з іх з вуснаў вядомых філолагаў і фалькларыстаў – С. М. Бондзі, Э. В. Памяранцавай і інш.

Нашу рубрыку “Oral history філалагічнага факультэта” пачынае доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства БДУ Барыс Юсцінавіч Норман.

Высветлілася, што ён, калі мы яшчэ і думаць не думалі пра оral history філфака, ужо шмат зрабіў у гэтым напрамку. Па сутнасці, заклаў падмурак руху. Мы вельмі рады такому папярэдніку і вельмі ўдзячны Барысу Юсцінавічу, чалавеку з найвышэйшым узроўнем творчай ініцыятывы, за практычную падтрымку нашага праекта. Дзякуючы яму, мы будзем мець у наступным нумары альманаха матэрыялы, дасланыя Аляксандрам Міхайлавічам Калютам з Турцыі, дзе ён зацвярджае высокі ўзровень спецыяліста-філолага з Беларусі.

Шаноўныя калегі, чытачы, студэнты! Спадзяемся, што рубрыка знойдзе водгук у вашым сэрцы. Будзем чакаць вашы матэрыялы па вуснай гісторыі нашага факультэта.

Мы з вялікім задавальненнем змесцім матэрыялы нашых калег з іншых факультэтаў. Адгукніцеся, матэматыкі, фізікі, географы і ўсе астатнія!

Сустрэнемся пад дахам “Oral history БДУ”, якому споўнілася 90 гадоў.

Р. М. Кавалёва,
кандыдат філалагічных навук,
дацэнт кафедры тэорыі літаратуры.

 

Папярэднi артыкул  |  Да зместа  |   Наступны артыкул

Пра альманах | Кантакты | ©2010 Альманах "Дзьмухавец"
Сайт создан в системе uCoz