Дзьмухавец

Фальклорна-этнаграфiчны i лiтаратурна-мастацкi альманах

Бажэна Мацюк. Эсэ “Беларускі фальклор і хрысціянская культура”

Я лечу! Возношусь! Поднимаюсь под самые облака! Теперь я знаю, для чего живу на свете!

Карел Чапек. Семя одуванчика.

Сябры альманаха:

Рубрыка "Хуткая дапамога "

Вывучэнне курса фальклору, як і кожны з маіх аднакурснікаў, я пачала з напісання эсэ “Дзяцінства… Мой страчаны рай”. Яшчэ падчас яго напісання перада мной паўстала пытанне пра ўзаемаадносіны фальклору і рэлігіі. Менавіта таму сёння я выбрала для свайго эсэ тэму “Беларускі фальклор і хрысціянская культура”.

Фальклор… Здавалася б, што ён, з’яўляючыся часткай народнага светаўспрымання, павінен арганічна суіснаваць з рэлігіяй. Нездарма ж былыя язычніцкія святы, кожнае з каторых суправаджалася вялікай колькасцю фальклорных твораў, з цягам часу спалучыліся з рэлігійнымі.

Узяць, напрыклад, Вялікдзень. Вялікдзень – вялікае веснавое свята, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. Ім некалі адкрываўся новы каляндарны год. Лічылася, што менавіта ў гэты дзень пачынае кукаваць зязюля. Пазней свята было пераасэнсавана, як Пасха, дзень паўстання з мёртвых Хрыста. Аднак Вялікдзень мае дахрысціянскую аснову, як земляробчае свята, у якое адно нараджаецца, а другое памірае. Таму і спалучаюцца ў валачобных велікодных песнях як прыпеў “Вясна красна на ўвесь свет”, так і “Хрыстос уваскрос, сын Божы”.

Аднак паўстае іншая праблема. Праблема знаёмства дзяцей з фальклорам і рэлігіяй.

Як вядома, фальклор увасобіў у сабе не толькі вопыт і мудрасць народа, але і яго рэлігійныя і міфалагічныя ўяўленні.

Калі ўзяць пазаабрадавую паэзію беларусаў, то там няма нічога, што б магло супярэчыць хрысціянскай маралі.

Зусім іншая рэч – каляндарна-абрадавая паэзія. Вельмі складана ўявіць, як можа спалучаць веруючы чалавек хрысціянскія каноны з, напрыклад, зваротам да пэўных нячысцікаў ці язычніцкіх багоў. З аднаго боку, можна разглядаць гэта як выключна традыцыю, але, з другога, гэта будзе парушэннем адной з асноўных хрысціянскіх запаведзяў: “Не май іншага Бога, акрамя мяне”.

Рытуальна-магічная сфера беларускага фальклору цалкам супярэчыць хрысціянскай культуры, бо існаванне тых жа замоў ці міфалагічнай прозы сведчыць пра тое, што яшчэ застаюцца актуальнымі дахрысціянскія ўяўленні пра жыццё, побыт і веру людзей.

Калі крыху паглыбіцца ў свет майго дзяцінства, то для мяне зразумелымі становяцца не вельмі глыбокія веды фальклорных твораў. Я вырасла ў глыбока рэлігійнай сям’і і менавіта хрысціянская культура стала асновай майго выхавання. Безумоўна, я чула песні валачобнікаў, скакала  праў вогнішча на Купалле, ставіла талерку на стол для нябожчыкаў падчас дзядоў, але засынала я не пад калыханкі, а пад гукі малітвы, аповеды бабулі пра біблейскія падзеі, падчас працы і адпачынку слухала і спявала рэлігійныя песні.

Я, шчыра кажучы, заўсёды лічыла, што кожнае меркаванне мае права на існаванне. Для мяне фальклор – частка культура, такая ж патрэбная і важная, як і рэлігія. Мне цікава прасочваць развіццё ўяўленняў маіх продкаў, знаходзіць адметнасці і падабенствы, для чаго трэба ведаць і фальклор і рэлігійныя догмы.

На мой погляд, фальклор і рэлігія, як ноч і дзень, святло і цемра, моцныя менавіта ў сваім супрацьпастаўленні. Яны разам ствараюць поўную карціну свету, змяшчаючы ў сабе мудрасць і імкненне да ідэалу.

Калісьці Ян Чарный сказаў: “Чалавек стварыў Бога лепей, чым Бог – чалавека”. Упершыню пачуўшы гэта, я жахнулася. А потым падумала: “Кожны з нас – стваральнік. Мы ствараем вобразы таго, што не ведаем. Мы не бачылі Бога, мы ствараем яго вобраз у сваім сэрцы. Гэты вобраз дапамагае нам імкнуцца да дасканаласці”. Дык можа у гэтым была задума Бога, калі ён ствараў чалавека?

Фальклор – таксама сістэма вобразаў, створаная калектыўнай свядомасцю. А свядомасць, як вядома, змяняецца з цягам часу. Магчыма, фальклор і хрысціянская культура – гэта тое адзінства, парушаць якое нельга, бо можна зруйнаваць напластаванні часоў, якія захоўваюць чалавечую памяць.

Калі сфармуляваць вывад, які з’яўляецца выключна суб’ектыўным і нават не прэтэндуе на аб’ектыўнасць, можна адзначыць, што фальклор і хрысціянская культура – еднасць у супрацьпастаўленні, тыя асновы выхавання, якія дазваляюць выбраць свой, асабісты шлях у жыцці.

Але асноўнае, што трэба памятаць заўсёды, – гэта вопыт папярэднікаў, шукаць які трэба ў кожным слове, у кожным гуку, у кожным поглядзе.

 


Папярэднi артыкул  |  Да зместа  |   Наступны артыкул

Пра альманах | Кантакты | ©2010 Альманах "Дзьмухавец"
Сайт создан в системе uCoz