СВАБОДНАЕ ДЫХАННЕ ПАЭЗІІ

ДАР’Я ВАРАБ’ЁВА. ДОЎГІ ШЛЯХ










Вараб'ёва Дар'я, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта БДУ.
Я пачынала пісаць вершы па-руску, але зразумела, што на роднай мове атрымліваецца больш шчыра. Упершыню апублікавалася ў часопісе «Маладосць» (лістапад, 2020). Лічу паэзію найлепшым сродкам перадачы самых патаемных і глыбінных перажыванняў.


Доўгі шлях








                        І
Мне захацелася пераадолець прастору,
Абысці палову света,
Каб выцерці валасамі сваёй галавы
Твае ногі.
                        ІI
Мы доўга стаялі на польскай мяжы,
Ўздоўж цемная, сіняя рэчка бяжыць.
Калі ракавы пераход завяршыць,
Час іншы настане,
Бо там – іншы свет…
                        ІII
Змыкаліся вочы –
Мы ад хваляванння
Не спалі.
Наперадзе – далеч,
Туманная,
Чорная ноч.
Як можна паверыць,
Што ў лесе
Чакае Германія?
                        ІV
Ад каханага ліст:
Мне дзіцячая казка на ноч –
«Дзяўчынка без рук»…
Так маглі напісаць
Толькі Грым.
Усе спяць,
Я адна, прачытаўшы,
Раглядваю лес.
Кругом цішыня,
Цемната,
Я ўсім целам дрыжу,
Не ад страху
Глыбокаю ноччу ў нямецкай глушы,
А таму, што мне так не хапае
Каханага рук.
                        V
Я не бачыла больш жыццярадасных твараў, о Жанна!
Назаўсёды Германія з Вашаю ўсмешкай звязана.
Нібы родным стаў домік чароўны лясны пад Берлінам,
Дзе без Вашага жарту прайсці не магло і хвіліны.…
Гэтак шчодра дзяліліся ўсім, што было й не было ў Вас,
Пераказваючы шмат вясёлых гісторый нанова,
Шмат вясёлых гісторый спаткання-кахання-растання -
“І калі мы, жанчыны, любові чакаць перастанем?”
Толькі часта за дзень не маглі праглынуць ні куска,
А ўначы дазвалялі сабе п'яным горам заліцца:
«Чым дачушцы памогуць у псіхіятрычнай бальніцы?..
Калі й ёсць Бог ёсць над намі, як можа ён гвалт дапускаць?»
                       
Няўжо было так проста й сапраўды
Зрабіцца часткаю тваёй, Берліне?
Стары музей… Забавы маладых
Класіцыстычна-мармуровых ліній
Калон цяжкіх і велічных паміж.
Ірэна й Брандэнбургскія вароты
Над рознакаляровымі людзьмі…
Дзятва ў Tiergarten побач з белым Гётэ…
Я, зерне цалкам іншае культуры,
Тут зараз сапраўды нібы свая –
На плошчы Александравай стаяць
Людзей чырвона-белыя фігуры…
                        VIІ
Як птушкі дзівосна спяваюць на золаку ў Гісене!..
Па-хатняму ўтульныя вуліцы –
Горад вітае нас.
Мы тут застанемся надоўга.
Зусім парадніцца б…

Неабходнасці, пэўнае мэты няма –
На галоўную плошчу хутчэй,
На кірмаш
Дыхаць водарам кветак тваіх,
Мілы горад
Вандроўных букетаў!
Велізарнае дрэва ля тэатра цвіце,
Тоне ў зелені замак-Universität,
Тут, здаецца, навекі застацца студэнтам –
магчыма…

Не могілкі – сад райскай прыгажосці!..
Квітучыя паляны, дзеці, Дзевы
(Азораныя сонечным святлом
Ажурна-мармуровыя анёлы),
На помніках – пушыстыя вавёркі…
Аказваецца, іншы свет так блізка.
                        VIIІ
Бясконца разглядваць
Гульню светлаценяў
На мосце сярэдневяковым
І слухаць,
Як колакал б’ецца
На версе магутнага храма,
Які амаль тысячагоддзе назад збудаваны…
О Вецлар!
Бясконца хадзіць
Па рознакаляровых,
Фахверкавых вуліцах,
Сонцам залітых.
Зусім нечакана натрапіць на дом
Любай Гётэ
Й на дом, дзе задума рамана пра Вертэра ўзнікла….
Каханы, няўжо сярод гэтага
Могуць з'явіцца на свет
Нашы дзеці?
                        ІX
Галоўная плошча Вісбадэна:
Kirche
Так цягнецца ў неба,
Што позіркам цяжка
Акінуць вяршыні – чырвоныя шпілі…
Каханы казаў,
Вобраз храма павінен
Нагадваць
Да Госпада ўзнятыя рукі –
Цяпер разумею…
Kurhaus, Casino,
Дзе гульцы ад адчаю
Калісці даходзілі да самагубства,
Дзе й ён прагуляўся й задумаў
Адзін са сваіх найвялікшых раманаў…
Царква святой Елізаветы
Блішчыць на гары –
Над усім узвышаецца помнік кахання.
Блішчыць Vater Rhein ля Палаца,
Аб іншай рацэ
Выклікаючы думкі і мары…
                        X
Жыць можна ў звычайнай кватэры
На версе
Будыніны шматпавярховай,
Таксама
Жыць можна і ў хаце квадратнай ці прамавугольнай,
Драўлянай, цагельнай,
Не вельмі вялікай,
А можна на ўзгорку
Стварыць дом - вясельную вежу
З рукой паціпальцай,
З гадзіннікам-вокам,
Паставіць антычных багінь ля ўвахода...
Ці ўвогуле ў форме вялізнай спіралі
Ў гушчары лясным дом стракаты паставіць,
Як гэта зрабіў Friedensreich Hundertwasser.
Калі ты мастак,
Калі жыццястваральнік,
Чаму б не забыцца на абмежаванні,
Чаму б не забыцца,
Чаго табе гэта каштуе?
                       
Палац Willhelmshöhe
Здаецца такім велізарным,
Пакуль не ўзыдзеш на вяршыню,
З якой Геркулес азірае ўвесь парк
І ўвесь горад.
І сосны, і людзі, і велічныя вадаспады,
І замак
Іначай зусім выглядаюць
З такой вышыні,
Іншы подых жыцця на гары,
Вольнай птушкай нібыта глядзіш
На адзінства карціны...
                        XIІ
Ля замка Steinheim – велізарнае дрэва,
Душа агалілася на фотаздымку
Тваім, лепшы ў свеце фатограф, о мілая Ганна!
Ці мой гэта твар – погляд страснае дзевы?..
Прабач жа, каханы,
Так прагна чакаю абдымкаў…
                        XIII
Няўжо можна выйсці з фахверкавай хаты
Й па уліцах казачных, андэрсанаўскіх
Блукаць цэлы дзень?
Ля ракі з вадаспадам
На храм да аблокаў узняты,
Ў стагоддзі дванаццатым пабудаваны,
На вежу,
Дзе столькі бязвінных ахвяр
Адпакутавала «за вядзьмарства»,
На горы
Бясконца глядзець?
                        XIV
Піць піва на беразе Майна,
А потым
Натрапіць на рускі музей,
Доўга-доўга
Разглядваць іконы.
З жанчынай з Сібіры
Прайсціся,
Ўлюбіцца ўва Франкфурт,
Нягледзячы на ўсведамленне
Цяжару
Жыцця эмігранта...
                        XV
О Марбург, калі ты прадказваў трагедыю,
Душа адмаўлялася ў гэта паверыць.
Гучала арганная музыка Гендэля,
Якую любіў ён… Адчынены дзверы
Ў Luterische kirche былі…Я малілася,
Каб здарыўся цуд і Гасподзь дараваў мне,
Адчайна і доўга прасіла аб міласці –
Няможна ўхіліцца ад выпрабавання…
Цана за свабоду страшэнна высокая,
Як горы, куды мне далей шлях працягваць,
Каб ператварыцца ў магутнага сокала,
Што крылы свае распрастаць мае права…
О Марбург, калі ты прадказваў трагедыю,
Істотай сляпой я была напалову,
Цяпер таямніцу галоўную ведаю –
Ўвесь свет пасля страты адкрыўся нанова.
Вясна – лета 2020 г.