Той самы кут… Калядаванне ў в. Хаціслаў


Арцём Казлоўскі, выпускнік кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ

Хаціслаўскі калядны абыход двароў у межах музея-Скансэна

Сучаснае ўрбанізаванае грамадства, захопленае тэхнічнымі сродкамі камунікацыі, не вельмі заўважае, як адмяжоўваецца ад традыцыйных духоўных каштоўнасцей. Але і ў ХХІ стагоддзі беларусы не забываюцца на традыцыйную культуру свайго народа. Нават у эпоху глабалізацыі яны перыядычна ўспрымаюць сябе ў якасці нацыянальных суб’ектаў камунікацыі, асабліва калі трапляюць ў атачэнне гісторыка-культурных помнікаў мінулага. Кідаецца ў вочы, што ў беларусаў-гараджан па-ранейшаму захоўваецца цікаўнасць да нацыянальных традыцый і вясковага ладу жыцця.

У 1950–60-я гады на Беларусі інтэнсіўна вялося новае будаўніцтва, ствараліся буйныя аграпрамысловыя комплексы, актыўна мяняўся побыт вёскі, вызначаліся неперспектыўныя пасяленні. Узнікла рэальная пагроза страты помнікаў драўлянага дойлідства і народнай матэрыяльнай культуры. З 1961 года на старонках рэспубліканскага друку з’яўляецца шэраг артыкулаў аб неабходнасці захавання помнікаў народнай архітэктуры і стварэння музея пад адкрытым небам. Тым больш, што падобны музей з’явіўся ў мястэчку Румішышкес пад Каўнасам у суседняй Літве.

Пошукі кропак перакрыжавання традыцыі і сучаснасці

Гэтыя кропкі выяўляюцца праз зварот да этнічных каранёў і спробы аднавіць традыцыйныя святы.

Прафесійная адказнасць за дакладную інтэрпрэтацыю каляндарных свят абумоўлена адмаўленнем нашых сучаснікаў ад постфальклорных стылізацый і знешніх форм традыцыйнай культуры. Пры гэтым прадстаўнікі асобных субкультур (традыцыяналістаў, кансерватараў, хіпстэраў і інш.) вельмі прагнуць аўтэнтычнасці. У такой сітуацыі сапраўды масавая папулярызацыя абрадаў магчыма толькі пры ўмове іх адаптавання да акцыянальных мадэляў сучаснага грамадства.

Глабалізацыя нечакана актуалізавала этнаэкалагічные выхаванне, а разам з ім рэкрэацыі, лакалізаваныя ў музеях як спецыфічных «памежных кропках» мінулага і сучаснасці. Музейны дыялогавы працэс спрыяе фарміраванню вольнай, творчай, ініцыятыўнай асобы. Да таго ж свет музейных этнічных артэфактаў усё больш арганічна ўваходзіць у жыццё сучаснага чалавека як запатрабаваная паўсюль прывабная экзотыка.

Шведскі вопыт

Беларусам тут не трэба «вынаходзіць ровар», бо пра комплексны рэкрэацыйна-выхаваўчы сінтэз вясковай і ўрбанізаванай культуры еўрапейцы ведаюць з сярэдзіны ХХ стагоддзя – перадусім дзякуючы Швецыі. Вось як апісвае першае знаёмства з стакгольмскім паркам-музеем у 1958 годзе ўкраінскі даследчык Антон Хіжняк:

«А далей усё пайшло па плану. Намечана было агледзець вядомы парк-музей “Скáнсэн”. Туды і паехалі. Размешчаны ён на востраве Дз'юрхольмэн ў заліве Сальтшэн. Востраў вельмі вялікі – кіламетр шырынёй і кіламетраў пяць даўжынёй.

“Скансэн” – гэта своеасаблівы музей на адкрытым паветры. Вельмі шкада, што ў нас на Украіне няма такога. Успамінаю, што неяк гадоў дзесяць таму ўзнікла ў Львове ідэя збудаваць нешта падобнае па тэрыторыі Высокага замка, але гэтыя намеры пакуль яшчэ не ажыццяўлёныя.

У парку “Скансэн” экспанаты, калі іх так можна назваць, маляўніча ілюструюць гісторыю Швецыі. Гэта выстава даўніны. Сюды перавезлі мноства дамоў і паставілі на новым месцы іх у такім выглядзе, у якім яны былі ў сябе “дома”. Сапраўдная вуліца сельскіх дамоў выносіць нас на некалькі стагоддзяў таму. Вось двор нейкага сельскай гаспадара. На ўсім тут пячатка няўмольнага часу – дрэва зчарнела, на дахах мох. Але нішто не рэстаўравана, нішто не знішчана.

Стаім на двары. Пасярэдзіне, калодзеж з сапраўды такім жа жураўлём, як у нас дзе-небудзь пад Лубна. І жылое памяшканне, і ўсе гаспадарчыя будынкі ў двары, і ўсе прыбудовы сечаныя. Лесу было шмат, можна было выбіраць трывалае дрэва, таму ўсё гэта і выстаяла сотні гадоў. І яшчэ будзе доўга стаяць. А вось хлеў. Ён амаль нічым не адрозніваецца ад нашых сечаных хлявоў. Сядаем на прызбу адпачыць, глядзім на траву, якой пакрыты ўвесь двор. Толькі тое і нагадвае пра музей, што трава не патаптацца, а свабодна расце, не ездзяць па ёй вазы, не ходзіць скаціна.

Ёсць тут і “жыхары”. Яны не ў сучасных строях, а ў старадаўняй нацыянальнай вопратцы. Як гарманіруе такая вопратка з агульным пейзажам! Гэта экскурсаводы. Яны ахвотна распавядаюць пра ўсё, што тут знаходзіцца».

На тэрыторыі парка «Скансэн» размяшчаліся майстэрні кавалёў і гутараў (майстроў па шклу), за працай якіх можна была свабодна назіраць, набываць іх вырабы што называецца «з пылу, з жару». Была прадстаўлена і вусная народная творчасць (спевы, інструментальныя найгрышы, побытавы танец). Прыводзім меркаванне гледача:

«Падзякаваўшы, мы пайшлі далей, і, нібы завяршаючы паказ даўніны, нас сустракае народнае прадстаўленне. На адкрытай эстрадзе выконваюцца народныя танцы. Два скрыпача іграюць немудрагелістыя мелодыі, і пад гэтую музыку кружыцца моладзь, апранутая ў старадаўнія касцюмы. Як ўдала падабраныя фарбы! Быццам прынесены сюды палявыя і лясныя кветкі. Дзяўчыны ў цёмных і сініх шырокіх спадніцах, у белых кашулях, па-над якімі апранутыя рознакаляровыя камізэлькі – чырвоныя, зялёныя, жоўтыя, блакітныя. Хлопцы ў чорных і белых панчохах, жоўтых вузкіх штанах, у белых кашулях і таксама ў рознакаляровых камізэльках».

Беларускі скансэн

Установа «Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту» (БДМНАіП) – першы ў Беларусі музей-скáнсэн на адкрытым паветры. У музеі захоўваюцца і дэманструюцца гісторыка-культурныя помнікі архітэктуры ў набліжаным да натуральнага асяроддзі. Музейныя мерапрыемствы з абрадавай асновай уключаюць агляд экспазіцыі музея, прадстаўленні з элементамі ролевых гульняў, конкурсы, віктарыны, майстар-класы.


Парк «Скансэн». Танцы, Стакгольм, 1958


Айчынны скансэн – БДМНАіП. Азярцо (Мінскі раён), 2018

Беларускі скансэн адносна малады. Пастанова аб яго стварэнні была прынята 9 снежня 1976 года Урадам Рэспублікі. Пачалася вялікая навукова-экспедыцыйная праца па рэгіёнах краіны з мэтай вывучэння, пошуку, фіксацыі і перасоўвання помнікаў народнай драўлянай архітэктуры, прадметаў побыту, рамёстваў і промыслаў музейнага значэння. Тэрыторыя музея размешчана ў маляўнічай прыгараднай зоне Мінска, у месцы зліцця ракі Пціч і яе прытоку Менкі, побач з Воўчкавіцкім вадасховішчам, вёскай Азярцо, помнікам археалогіі – Гарадзішчам на рацэ Менцы.

Сёння для наведвальнікаў працуюць тры навукова-экспазіцыйныя сектары: «Цэнтральная Беларусь», «Падняпроўе» і «Паазер’е». Сектары пабудаваны ў тым ландшафце, які быў характэрны для прадстаўленых рэгіёнаў. Сектар «Цэнтральная Беларусь» пабудаваны ў выглядзе сяла ХІХ ст. з адміністрацыйным цэнтрам і пагоннымі дварамі. Сектар «Падняпроўе», які яшчэ не завершаны, паказвае простую беларускую вёску з характэрнымі для гэтай часткі вяночнымі дварамі. Сектар «Паазер’е» – прыклад бессістэмнай планіроўкі вёскі з вяночнымі дварамі і хутарам.

Максімальна набліжаючы атмасферу да мінулага, «адсылаючы» ў вобразную сістэму пэўнага гістарычнага перыяду (у дадзеным выпадку XVIII–пач. ХХ стст.), экспазіцыя музея стварае для наведвальніка адчуванне эфекту прысутнасці ў часе і прасторы мінулага.

Акрамя экскурсій, майстар-класаў, у музеі хутка пачалі праводзіцца і каляндарныя абрадавыя беларускія святы. Асабліва да іх правядзення спрычынілася ў 1980–90-х гадах Валянціна Якімовіч. Музей-скансэн працуе круглы год, таму гэта ідэальнае месца паказу святаў традыцыйнага земляробчага календара. Абрадавыя мерапрыемствы маюць форму мастацкай рэканструкцыі. Галоўнае ў іх – паказ дакладна ўвасобленага абраду, суправаджэнне яго фальклорнымі спевамі ў сезон правядзення.

Канцэпцыя музея прадугледжвае, што кожнаму наведвальніку, незалежна ад яго адукацыі, прафесіі, узроста, павінны быць прадстаўленыя шырокія магчымасці для азнаямлення з беларускай традыцыйнай культурай.

Ад назірання да актыўнага ўдзелу

Ландшафт скансэна ў Строчыцах уяўляе сабой нашу краіну «ў мініяцюры»: ёсць высокія пагоркі, зялёныя лугі, частыя пералескі. Важным гістарычным аб'ектам з'яўляецца вёска Строчыца, першы ўспамін аб якой сустракаецца ў дакументах ХVІ ст. На ўзвышаным беразе Пцічы захаваліся рэшткі фальварка з панскім садам, шэраг хат пачатку ХХ ст. з традыцыйным аздабленнем і фрагментамі агароджы.

Сёння найпапулярнай формай працы з наведвальнікамі БДМНАіП стала правядзенне майстар-класаў. Чалавеку ўжо не хапае толькі назіраць, як робіцца тая ці іншая рэч, ён жадае навучыцца гэтаму. Інтарактыўнае правядзенне свят і абрадаў спрыяе яго ўключэнню ў дзею.

На тэрыторыю музея з’язджаюцца шматлікія госці, артысты, народныя майстры, каб паслухаць фальклорныя калектывы, паглядзець новыя выставы, набыць сувеніры. Таксама ладзіцца танцавальная праграма для моладзі з удзелам фольк-груп, дзе кожны жадаючы мае магчымасць навучыцца народным танцам. З цягам часу набылі папулярнасць рэканструкцыі лакальна-рэгіянальных абрадаў, шмат разоў музейная пляцоўка была месцам паказаў і рэалізацыі дыпломных праектаў студэнтаў кафедры этналогіі і фальклору, кафедры рэжысуры абрадаў і свят БДУКМ («Купалле», «Провады русалкі», «Свята каваля», «Каляды» і інш.).

Калі прааналізаваць уласны вопыт рэканструкцыі свят на тэрыторыі БДМНАіП, то заўважна, што падчас мерапрыемства ўзнікае своеасаблівая атмасфера: паміж наведвальнікамі і чалавекам мінулага нібыта ўзнаўляецца нейкі ланцуг з былых матэрыяльных каштоўнасцей, элементаў побыту мінулых часоў, ахутаны старадаўнімі пачуццямі, поглядамі на свет, жахамі і спадзяваннямі на лепшае. Гэта дае магчымасць нефармальна ўспрымаць новыя веды, творча асэнсоўваць інфармацыйную прастору музея, усведамляць непарыўную сувязь часу, задумацца аб сваім месцы ў сацыяльна-часавай прасторы быцця.

Ад ідэі да ўвасаблення

Ідэя зрабіць у музеі мастацкую рэканструкцыю Каляд па-хаціслаўску належыць студэнцы 303 групы кафедры этналогіі і фальклору Юліі Краўчук. Яна нарадзілася ў гэтай вёсцы і з’яўляецца носьбітам мясцовай традыцыі. Праект сцэнарыя мастацкай рэканструкцыі свята мы планавалі ажыццявіць на падставе этнаграфічных звестак, якімі свабодна валодае Юля. Яна паведаміла, што ў вёсцы Хаціслаў Маларыцкага раёна мясцовыя жыхары перыядычна спраўляюць асноўныя калядарныя святы, размаўляюць на сваім адметным заходнепалескім дыалекце. Галоўнае - тут добра захаваны калядны абыход, які дагэтуль мае яскравыя рэгіянальныя адметнасці.

З дапамогай дацэнта кафедры этналогіі і фальклору, кандыдата педагагічных навук Наталлі Петуховай (кіраўніка рэканструкцыіі абраду), старшага выкладчыка, магістра мастацтваў Эвеліны Шчадрыной, студэнтаў 103, 203 груп першасны, даволі просты сцэнар абраду (з асобнымі песнямі в. Хаціслаў) прайшоў апрабацыю яшчэ ў 2017 годзе на сцэнічнай пляцоўцы ў Сядзібе Ваньковічаў ў Мінску. Там сцэнічнае ўвасабленне хаціслаўскага каляднага абыходу ўбачылі сталічныя школьнікі пачатковых класаў. Нягледзячы на дыялектныя асаблівасці мовы, палескія Каляды вельмі спадабаліся мінскім школьнікам і іх настаўнікам.

Тады ўзнікла ідэя паказаць хаціслаўскі калядны абыход для больш шырокага кола гледачоў. Неўзабаве мы вырышылі абраць хаціслаўскія Каляды сваім дыпломным праектам, намецілі спецыяльную фальклорную экспедыцыю ў Хаціслаў і пачалі больш глыбока вывучаць традыцыйную культуру Маларыцкага раёна.

Потым мы правялі калядную экспедыцыю на Заходняе Палессе з фіксацыяй абыходу. Пасля гэтага ўважліва прагледзілі відэаматэрыял, што быў запісаны ад носьбітаў в. Хаціслаў, параўналі яго са звесткамі Юлі, склалі прыкладны план-сцэнар абыходнага абраду. Нам трэба было ўдакладніць, якія песні найчасцей спяваліся ў абрадзе, вызначыць іх функцыянальную прыналежнасць. Потым пачаўся рэпетыцыйны працэс. Мы атрымалі ролі ў гурце калядоўшчыкаў (зорканоша, механоша, музыкі і спевакі, «цыганка», «каза») і гаспадароў. Больш за ўсё часу спатрэбілася на засваенне хаціслаўскага дыялекту, развучванне абрадавых калядак і калядных кантаў.

Сцэнарнае праектаванне адбывалася адпаведна этнаграфічнаму ўзору хаціслаўскіх калядаванняў, але мелі месца імправізацыі і эксперыменты. Так, танец з прыпеўкамі «Ой, ехалы хлопцы з ярмарку» (таксама з в. Хаціслаў) трапіў у сцэнар для ўзмацнення мастацкай лініі адмысловага персанажу каляднай грамады – «цыганкі».

Калі работа над сцэнарам мастацкай рэканструкцыі была завершана, мы вырашылі зрабіць гэты калядны абыход менавіта на базе музея народнай архітэктуры і побыту – у адзіным айчынным музеі, дзе круглы год сістэмна робяцца рэканструкцыіі ўсіх традыцыйных свят і абрадаў нашай краіны (у тым ліку – сіламі студэнтаў кафедры этналогіі і фальклору).

Круглы год у музеі праходзіць велізарная колькасць масавых народных каляндарных свят: «Шчадрэц», «Масленіца», «Гуканне вясны», «Вербніца», «Купалле», «Спасаўка-ласаўка», «Восеньскі фэст» і г. д.

Наш дыпломны праект

Мастацкая рэканструкцыя свята – форма карэннай адбудовы, адраджэння абрадава-рытуальнага коплексу на аснове рэшткаў захаваўшыся фальклорных матэрыялаў і этнаграфічнага апісання.

Студэнты кафедры этналогіі і фальклору актыўна займаюцца мастацкай рэканструкцыяй абрадаў і звычаяў нашай краіны, а самі заканамернасці такой рэканструкцыі дэталёва распрацавала дацэнт кафедры Таццяна Пладунова. Адным з такіх мерапрыемстваў з’явіўся наш дыпломны праект – калядны абыход двароў в. Хаціслаў. Ён быў падрыхтаваны перадусім па этнаграфічных матэрыялах, якія наша аднагрупніца Юля Краўчук прывезла са сваёй малой радзімы і з якімі мы падрабязна азнаёміліся. Працягам стала сезонная экспедыцыйная паездка на месца бытавання абраду. Назапашаны этнаграфічны матэрыял пераймаўся метадам дэманстратыўнай антрапатэхнікі – з відэязапісаў і ад непасрэдных носьбітаў. Калі хаціслаўская гаворка была часткова засвоена, мы звярнуліся да вывучэння калядных песень і кантаў, акцзнтуючы іх этнамузыкалагічныя і этнафанічныя асаблівасці. Па відэазапісах, якія прадаставіла Ю. Краўчук, мы вывучалі тэмперамент і стыль паводзінаў жыхароў в. Хаціслаў падчас калядавання.

Пра гаворку

Брэсцка-пінскія (заходнепалескія) гаворкі істотна адрозніваюцца ад усіх іншых гаворак асноўнага масіву беларускай дыялектнай мовы, у іх многа агульнага з украінскай мовай. Так, палескай групе гаворак уласціва оканне (водá, ногá), цвёрдыя зычныя (вэчор, зыма); вымаўленне [і] на мэсцы [э] (ліс, хліб); спалучэнне [мн’] перад [а] (мнята, мнясо) і г. д.

Дыялектныя асаблівасці маўлення Маларыцкага раёна значна адрозніваецца ад гаворак іншых рэгіёнаў нашай краіны. І мы, дзякуючы дапамозе Юлі, носьбіта дадзенага дыялекту, здолелі часткова засвоіць яго. Было не надта зручна і спачатку даволі складана, але Юлія вельмі хутка дапамагла нам засвоіць гаворку, а таксама вымаўленне адмысловых гукаў і слоў.

Пра агульную структуру этнафоніі Маларыцкага раёна можна даведацца з першага тома выдання У. Раговіча «Песенны фальклор Палесся. «Песні святочнага календара» (2001). Паколькі мы рэканструявалі менавіта хаціслаўскі калядны абыход двароў, то старанна вывучалі, як жыхары вёскі Хаціслаў спявалі абрадавыя калядкі «Господарыку, выйдыно на двір», «А ў саду, саду мак росцвітае», а таксама калядны кант «Добры вечур тобі». Гэтыя песні выконваюцца ў хаце для таго, каб павіншваць гаспадароў на Каляды і атрымаць за гэта ад іх калядныя дары.

Пры вывучэнні гэтых песень мы мусілі засвоіць дыялектныя асаблівасці маўлення, тыпавы напеў, інтанацыйны характар і этнафанічныя асаблівасці кожнай песні, а ў шматгалосых калядных кантах вывучылі харавыя партыі. Сумеснае выкананне гэтых песень у адной этнафанічнай традыцыі выклікала цяжкасці, бо ўдзельнікі нашага гурта паходзяць з розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў краіны, але з дапамогай кваліфікаванага настаўніка (Н. Петуховай) і носьбіта традыцыі (Ю. Краўчук) перайманне сталася паспяховым.

Нашы арыентыры

Назіраючы падчас экспедыцыі калядны заходнепалескі абыход, паводзіны, слухаючы спеўны стыль жыхароў вёскі Хаціслаў Маларыцкага раёна, мы былі вельмі здзіўленыя тым фактам, што сучасная мясцовая моладзь вельмі добра разумее каштоўнасць спадчыны, з вялікай пашанай ставіцца да сваіх каранёвых культурных традыцый, удзельнічае ва ўсіх абрадах і абыходах сваёй мясцовасці. Калі мы глядзелі адснятыя падчас экспедыцыі відэаматэрыялы, кожны ўдзельнік нашага гурта «абіраў» сабе асобнага чалавека і ўвесь час назіраў за ім, за яго паводзінамі, за кожным рухам, каб зразумець і адчуць святочную атмасферу, якую неслі людзі ў хаты.

Практычны вынік

На аснове экспедыцыйных матэрыялаў і ўласных распрацовак пад кіраўніцтвам Наталлі Петуховай мы ў рэшце рэшт распрацавалі сцэнарны план абыходу двароў вёскі Хаціслаў для мастацкай рэканструкцыі яго на тэрыторыі музея народнай архітэктуры і побыту, дзе мастацкая рэканструкцыя абыходу і адбылася 22.12.2018 сіламі гуртоў «Агнявец», «Страла» і інш.


Гурт «Агнявец» разам з кіраўніком Н. Петуховай, 2018


Гурт «Страла» разам з кіраўніком Э. Шчадрыной, 2018

На жаль, на тэрыторыі музея пакуль адсутнічае сектар «Заходняе Палессе», таму абыходны абрад мы зладзілі збольшага на тэрыторыі сектара «Цэнтральная Беларусь». Наведвальнікі музея з вялікай зацікаўленасцю назіралі за нашым калядаваннем, далучаліся да святочнай дзеі, арганічна пераймалі асобныя элементы паводзін, характэрныя для каляднага свята. Дзякуючы статусу і запатрабаванасці музея-скансэна, аўдыторыя гледачоў не абмежавалася выключна наведвальнікамі экспазіцыі. Па выніках праведзенай рэканструкцыі былі зроблены фотасправаздачы для шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў – Sputnik.by, Tut.by, а таксама адсняты сюжэты для тэлевізійных каналаў «Беларусь 1», «Мір».

На заканчэнне

Разважаючы пра мастацкую рэканструкцыю каляднага абыходу двароў вёскі Хаціслаў на базе музея-скáнсэна, варта зрабіць наступныя высновы:

• Мастацкае рэканструяванне каляднага абыходу вельмі сур’ёзны і каштоўны вопыт для студэнтаў-фалькларыстаў, які даў нам новыя этнаграфічныя і этналагічныя веды, узбагаціў песены тэзаўрус кожнага з нас.

• Разглядаючы субкультуру моладзі вёскі Хаціслаў і супастаўляючы яе з фальклорнай спадчынай сваёй мясцовасці, мы прыйшлі да высновы, што і ў ХХІ стагоддзі акрэсліваюцца перспектывы зберажэння, шанавання і рэканструкцыі каляндарна-абрадавай традыцыі розных рэгіёнаў Беларусі.

• Рэканструяваны калядны абрад можна выкарыстоўваць як у гарадскім, так і ў вясковым ландшафце, нават у сцэнічнай форме, але абавязкова рабіць акцэнт на рэгіянальнасць абраду для гледачоў.

• Менавіта ўмовы музея-скансэна аптымальна падыходзяць да якаснай мастацкай рэканструкцыі па-за межамі натуральнага бытавання абраду.