Той самы кут… Калядаванне ў в. Хаціслаў


Мікіта Лях, выпускнік кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ

Ад Абрадавай карты свята да рэканструкцыі калядавання

Калядны абыход двароў – найбольш відовішчная з’ява зімовага свята. Не дзіўна, што менавіта ён вабіць даследчыкаў і рэканструктараў фальклорна-этнаграфічнай дзеі. Высветлілася, што існуюць розныя падыходы да распрацоўкі сцэнарыя абыходу, але відавочна, што паводле сваёй мастацкай прыроды ён абапіраецца на чатыры асноўныя блокі: экспазіцыя і завязка; развіццё дзеяння; кульмінацыя, развязка і эпілог. Падрыхтоўка мастацкай рэканструкцыі Каляднага абыходу паводле традыцыі вёскі Хаціслаў Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці падчас навучання на спецыялізацыі «Этнафоназнаўства» спецыяльнасці «Народная творчасць (Фальклор)» у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў мяне ў гэтым пераканала.

З чаго пачалося

Мастацкай рэканструкцыі дадзенага Каляднага абыходу сіламі курсавога гурта «Агнявец» (клас дацэнта кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ Наталлі Петуховай) папярэднічала комплекснае вывучэнне: з яго фабулай і песнямі нас пазнаёміла Юлія Кавальчук - наша аднагрупніца, якая з’яўляецца носьбітам хаціслаўскай фальклорнай традыцыі; сваё знаёмства мы ўзмацнілі падчас фальклорнай экспедыцыі ў Хаціслаў; запісаныя відэя- і аўдыяматэрыялы мы апрацоўвалі і пераймалі пад кіраўніцтвам дацэнта Наталлі Петуховай; метадычную падрыхтоўку мастацкай рэканструкцыі ажыццявілі з дапамогай дацэнта Таццяны Пладуновай; самой рэканструкцыяй і яе пазнейшым тэарэтычным аналізам ізноў жа кіравала Н. Петухова. У выніку мы і тэарэтычна, і практычна паглыбіліся ў заходнепалескую калядную традыцыю, а таксама ў спосабы яе мастацкай адаптацыі да сучаснасці.

У вёсцы Хаціслаў засталася жывая калядная традыцыя, што, на жаль, з надыходам урбанізацыі сустракаецца вельмі рэдка. У Доме культуры – два фальклорных гурта: «Хаціславяне» і «Вясковая табала». Іх заснавальніцай з’яўляецца ўраджэнка Ратнаўскага раёна Украіны Галіна Іванаўна Хомік. Вялікі дзякуй гэтай цудоўнай жанчыне, якая аддае любімай справе ўсе свае сілы і вольны час.


«Хаціславяне», 2018


«Вясковая табала», 2018

Нагадаем пра Каляды

Каляды – адно з найбольш любімых свят у Хаціславе, як і амаль паўсюль на Заходнім Палессі. У народным календары гэта перыяд зімовых святкаванняў з 7 па 19 студзеня ў праваслаўных і з 25 снежня па 6 студзеня – у каталікоў, які яшчэ меў дадатковую назву «святыя вэчоры». На тэрыторыі Брэсцкага Палесся Калядны абрадавы комплекс складаўся з трох кульмінацыйных момантаў: пачатак Каляд – Ражство Хрыстова і вечар напярэдадні яго (Пысна куцця); Новы год і вечар напярэдадні яго (Шчодрэц); заканчэнне Каляд – Вадохрышча і вечар напярэдадні яго (Крашчэнская куцця).

Напярэдадні Ражства ладзілася святочная вячэра, якая была поснай. Абавязковай стравай Пыснай куцці з’яўлялася каша з абдзёртага ячменю, ячных ці пярловях круп, прыгатаваная з алеем ці мёдам, салодкай падлівай з цёртага маку. Да змяркання яна стаяла на покуці, у гаршку, пад ніз якога клалі сена, а зверху накрывалі хлебам. «На куццю прыносілі сена на покуць і на стол слалі сена пад настольнік і клалі грошы пад сянцо, каб вяліся грошы», распавядала Зося Русаковіч (1928 г. н., в. Свяціца, Ляхавіцкі раён).

На Брэстчыне, як і паўсюль на Беларусі, імкнуліся на першую вячэру прыгатаваць 12 посных страў: «Бо дванаццаць апосталаў у Бога і дванаццаць потраў на Коляду» (Анастасія Гаральчук, 1928 г. н., в. Макраны, Маларыцкі раён). Варылі кампот з яблыка, грушы .

З першай зоркай уся сям’я збіралася на святочную вячэру. За сталом прытрымліваліся пэўнага этыкету: абавязкова перад вячэрай запальвалі свечку і чыталі малітву. Асабліва шанаваліся за сталом старэйшыя і гаспадар. Адпаведныя традыцыі паводзін спрыялі ўмацаванню сям’і. У гэты дзень таксама шанавалі памерлых продкаў – для іх на вакенцах пакідалі аладкі, якія з раніцы аддавалі сабакам.

Васілле – адзін з кульмінацыйных момантаў каляднага комплексу. Вечар напярэдадні Новага года называўся шчодрым ці багатым (па мясцовай тэтміналогіі «богата коледа», «богатая куцця», што звязана са звычаем гатаваць на святочны стол скаромныя стравы.

На багатую куццю перад Новым годам прыпадала асноўная колькасць варожбаў. Напрыклад, у Хаціславе пад час Каляднага абыходу пераапраналі дзяўчыну ў Цыганку. Найбольш распаўсюджанай была варажба пра будучы шлюб, таксама варажылі і на ўражай. Для гэтаг гаспадар з пад абруса цягнуў каласок: калі доўгі выцяне, то і лён даўгі ў гэтым годзе будзе.

Шэсць этапаў Каляднага абыходу ў мясцовай традыцыі

1. Абыход вёскi. 3 даўніх часоў хаджэнням калядоўшчыкаў і абыходам імі гаспадарчых падвор'яў надаваўся магічны сэнс. Як лічылі нашы продкі, такім чынам можна заручыцца падтрымкай багоў на будучы год. Калядоўшчыкі тут былі быццам бы пасрэднікамі. Услаўляючы гаспадара, яны зычылі яму багацця, здароўя і дабрабыту. А той у сваю чаргу імкнуўся шчодра надзяліць спевакоў за песні-зычэнні. І ўсе былі задаволеныя.
Хацiслаўская моладзь хадзіла з танцамі і песнямі. Яны насілі зорку, распавядалі пра рэлігійныя казанні, вершы, у аснове якіх евангельскія і апакрыфічныя звесткі пра Іcyca Хрыста, Божую маці, святых апосталаў. Калядоўшчыкі заходзілі на двор з песняй-запыта, «Ці дома гаспадар». Калі гаспадар дома, то прасілі дазволу калядаваць, а калі яго быццам бы не было, то пералічвалі ганаровыя і гаспадарчыя справы, па якім яго няма ў хаце: напрыклад, паехаў у горад муку малоць і іншыя. Хоць гэта лічылася вельмі дрэнна, магло здарыцца, што гаспадары не пусцяць ў хату гурт калядоўшчыкаў. Усе добра ведалі, што такому гаспадару калядоўшчыкі маглі прасвяваць пагрозлівую песеньку, пажартаваць з яго, напрыклад, схаваць калітку.

2. Вiтанне гаспадара. Калядоўшчыкі заходзілі ў хату, віталі гаспадароў, жадалі добрага ураджаю і спявалі песні, а гаспадары адорвалі іх прысмакамі. У в. Хаціслаў усхвалялі гаспадара песняй «А ў саду, саду». Дарэчы, яна спяваецца на адзін матыў з песняй «Господарыку, выйдымо на двір»: гэта найбольш распаўсюджаны тып напеваў.

3. Варажба з Цыганкай: паненцы - на каханне, гаспадару – на будучы ўраджай. Напрыклад, паводле слоў дырэктара Хаціслаўскага СДК Галіны Хомік, гэта гучала так: «Позволь, господар, поворожыты тоби на урожай. Тяны колосок, колы вытяныш довгый и повный, то и урожай будэ шыковный, а колы солома будэ тонка, то и в клуни в тэбэ будэ звонко (господар тянэ соломку). О, богатый в тэбэ будэ урожай».

4. Гульня з Казой. На яе вобраз «наклаліся» дзве традыцыі: язычніцкая і хрысціянская. У першай Каза сімвалізавала сямейны лад, дабрабыт і ўрадлівасць: «Дзе каза ходзіць – там жыта родзіць, дзе каза хвастом – там жыта кус­том, дзе каза нагой – там жыта капой, а дзе каза топ-топ – там жыта сем коп». Паводле другой, каза – стварэнне чорта, які пазайздросціў творчаму запалу Бога. Аднак лічылася, што з дапамогай гэтай жывёлы можна выгнадь са двара «нячысцікаў». Гульня з Казой – кульмiнацыя свята. Яна танчыць, потым у нейкі момант падае на падлогу, «памірае», і калядоўшчыкі просяць адарыць Казу, каб яна ўстала.

5. Танцавальна-гульнявая частка. Генетычна гэта своеасаблівы пластычны код сувязі з вышэйшымі сіламі. Цяпер «Кракавяк», «Круты», «Генспансыр», «Пакруцюх» і г. д. усяго толькі сродак увесялення.

6. Зычэннi, адорванне i развiтанне. Адорванне заўсёды суправаджаецца словамі падзякі калядоўшчыкаў. Напрыклад: «Бувайтэ здоровы, жывитэ богато. Хай ліпшэю долою наповныцця хата. Спасібо вам, що нас прыянялы і з хаты нас нэ выгналы. Бувайтэ, господарочкы, бувайтэ, добра нажывайтэ, щастя набувайтэ. Чэрэз год нас встрічайтэ». Пасля абыходу двароў калядоўшчыкі або разыходзіліся па дамах, або адразу ж ноччу ладзілі вечарыну, выстаўляючы на стол усе атрымныя дары.

Абрадавая карта

Згодна з даследаваннямі дацэнта кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ Таццяны Пладуновай, сёння пераемнасць беларускай этнафоніі ажыццяўляецца постфальклорнымі гуртамі шляхам актуалізацыі каляндарна-абрадавых свят. Менавіта такім чынам адкрываюцца перспектывы іх увядзення ў кантэкст сучаснай культуры ў якасці эстэтычна пераасэнсаванай традыцыйнай (магічнай па паходжанні) спадчыны.

На падрыхтоўчым этапе мастацкага рэканструявання свята распрацоўваецца абрадавая карта з пазначэннем асноўных кампанентаў яго адпраўлення. Гэта неабходна зрабіць, каб захаваць яго форму і не згубіць змест. У яе выбудове мы абапіраліся на класіфікацыю песенных тэкстаў і абрадавых кодаў. Паводле высноў расійскіх даследчыкаў Мікіты і Святланы Талстых, архітэктоніка кодаў выбудоўваецца наступным чынам: тэмпаральны код – час правядзення абраду (свята); акцыянальны код – паслядоўнасць абрадавых дзей (рытуал); лакатыўны код – месца правядзення абраду (свята); персанальны код – кола ўдзельнікаў, наяўнасць маскіраваных персанажаў; атрыбутыўны код – выкарыстанне абрадавых атрыбутаў, адзення, маскіравання; музычны код – тыпавыя напевы з адмысловымі этнафанічнымі прыкметамі і гукаідэал інструментальнай этнафоніі; вербальны – наяўнасць заклікаў, замоў, зычэнняў у абрадзе.


«Агнявец», 2019


Маларыцкія строі, 2019

Вось як выглядае «Абрадавая карта Каляднага абыходу вёскі Хаціслаў»

Коды
акцыянальнытэмпаральнылакатыўныперсанальныатрыбутыўнымузычна-вербальнымузычна-інструментальныпластычны
ход падзейчас падзеймесца падзейудзельнікі і персанажыатрыбутыка падзейпесенны фон падзейінструментальны фон падзейхарэа-пластычны фон падзей
1. Абыход хатувечары на Шчодрэц а 21:00у хаце, на прыступках, пад вокнаміжыхары вёскі, моладзьмаскі: Каза, Звязда; мех механошы«Добры вэчур тобі»гармонік, бубен, барабаншэсце ад хаты да хаты
2. Вітанне гаспагаспадараа 21:15на прыступках, пад вокнаміжыхары вёскі, моладзьмаскі: Каза, Звязда; мех механошы«Господарыку, выйдымо на двір»; «А ў саду-саду»гармонік, бубен, барабангурты размаўляюць ля хаты
3. Варажба з цыганкайа 21:25у хацеЦыганка; гаспадарылюстэарка, каласок, кнiга, павязка на вочы«Цыганачка»; варажбагармонік, бубен, барабанстановяцца ў кола вакол Цыганкі
4. Гульня з Казойа 21:40у хацеКаза, моладзь, гаспадарымаскі: Каза, Звяздапесні і рэплікі пра Казугармонік, бубен, барабантанец Казы
5. Танцыа 21:50у хацеКаза, гаспадары, калядны гуртмаскі: Каза, Звязда; гаспадары, калядны гурт«Рай розвівся»,«Ой ў поле-поле», «Пуд окном». Танчаць «Пакруцюх»,«Кракавяк», «Круты», «Генспансыр»гармонік, бубен, барабанкалядны гурт танчыць
6. Зычэнні, адорванні і развітаннеа 22:10у хацеКаза, гаспадары, калядны гурт, механошамаскі: Каза, Звязда; пачастунак ад гаспадароўзычэннігармонік, бубен, барабанстаяць натоўпам, развітваюцца

Семантыка
Абыход – выконвае аберагальную функцыю. Каза – сямейны лад, дабрабыт і урадлівасць
Звязда – матыў нябеснай сям’і, элемент астранамічнага кода. Мех – для пачастункаў.
Танец – рад пластычных рухаў у рытм і такт музыкі. Праз танец адбываецца ўзаемадзеянне паміж партнёрамі.

Паводле абрадавай карты намi быў распрацаваны падрабязны сцэнар мастацкай рэканструкцыі свята. Яго мы неаднаразова здзяйснялі сіламі курсавога гурта «Агнявец», трымаючы арыенцір нават на мясцовыя строі.