Pro memoria. Культурная памяць

Да 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа


ПАЭТ МІКОЛА МАЛЯЎКА


"Не спявайце з голасу чужога..."
Мікола Маляўка

Маляўка Мікалай Аляксандравіч нарадзіўся 13 снежня 1941 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння дзесяцігодкі працаваў у Карэліі лесарубам. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. І. Леніна (1965). Настаўнічаў у вясковых школах. Працаваў на рэспубліканскім радыё і тэлебачэнні. Цяпер - у часопісе "Вясёлка".
Піша для дарослых і дзяцей. Аўтар паэтычных зборнікаў "Едуць маразы", "Эстакада", "Аднавякоўцы", "Зімні дождж", "Ручнічок на крыжы", "Покуць", "Сядзіба, або Хата з матчынай душою", "Старая зямля", "Дзічка ў полі" і інш.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1992), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1997), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі "Мастацкая літаратура" (2002).


Вершы Міколы Маляўкі

НЁМАНАМ РОДНЫМ ЛЯЧУСЯ
Нёманам родным лячуся
Ад тугі і ад Болю
Тут, у бацькавым лузе,
Тут, на матчыным полі.

Скруціць хвароба, бывае, -
Лечыць вада жывая,
Лечыць сонца на кручы,
Лечыць паветра гаючае,
Лечаць духмяныя зёлкі,
Лечаць калёры вясёлкі
Ў небе і ў чыстай вадзе.
Добра тут, як нідзе:
Нёман спатканню рады -
Гоіць душэўныя раны,
Ноччу, пры зорным свячэнні,
Акрыляе натхненнем -
Лёгка, шчыра і строга
Думкі ўзвышае
Да Бога...

Лепшага краю не ведаю,
Кволюся ці зажуруся -
Я ў Мікалаўшчыну еду,
Нёманам родным лячуся.

КАЛАСОК
Я з тое нівы каласок,
Дзе Колас вечна быў заняты:
Араў няўдобіцу, пясок
І сеяў мудрасці зярняты.
Яму і ў суш, і ў мокры год
Карцела ўсё зрабіць самому -
Каб мець зярняты намалот,
А не пустых надзей салому.
Казалі: "Адпачыць пара",
А ён на пляж марскі не ехаў -
Плужок руплівага пяра
Араў глыбока, без агрэхаў.
Не страшны часу халады,
У краі музыкі і спевак
Яшчэ дасюль дае плады
Яго надзённых дум засевак.
Прабіўся праз гадоў пясок
Сцяблінкай тоненькаю, кволай
І я - шурпаты каласок
На ніве той, дзе сеяў Колас.

Я ЗАВАСТРЫЎ ГУСІНАЕ ПЯРО
Я завастрыў гусінае пяро,
Развёў з кары крушынавай чарніла
І памаліўся Небу, каб натхніла
Пісаць пра маладосць, любоў, дабро,
Пісаць пра ўсё, што ў памяці збярог.
Скрыпіць пяро і шкарбае няміла:
Не акрыліла думак з новай сілай,
А прызямляе іх на мой парог.

Глядзіць з партрэта Класік і, здаецца,
Вось-вось паспачувае і ўсміхнецца.
Пра што і як заложна ні пішы -
Не дапаможа й пушкінскае перца,
Калі ў радках тваіх няма душы,
Калі ў радках тваіх не б'ецца сэрца.

ТУТ КОЛАС ЖЫЎ - У ЦІШЫНІ ЛЯСНОЙ
Тут Колас жыў - у цішыні лясной.
Грымела часам толькі навальніца
Ды завіруха выла, як ваўчыца.
Вітаў буслоў-вандроўнікаў вясной,
Блукаў адзін з кашолкаю грыбной.
Здаецца, што і бронзавы ў сталіцы
Ён чуе сосен шум і пах грыбніцы, -
І сэрца рвецца ў леснічоўку зноў.

Рукой падаць ад вёскі да Альбуці.
Шчаслівы я, бо тут усё: і людзі,
І Нёман, і дубы - мая радня.
Шапчу: "Мой родны кут, як ты мне мілы!.."
А на зямлі і ў небе - цішыня,
Раскінуў бусел над радзімай крылы.

ПАД ЛІПАМІ, ЗДАЕЦЦА, БАЧУ Я...
Пад ліпамі, здаецца, бачу я,
Як абняліся Колас і Купала.
Упершыню іх разам хвалявала
Краса і сіла думак, пачуцця,
Прайшла ў размове шчырай ноч уся.
А раніца над смольняй уставала
І сонцам ясным іх каранавала, -
Святла хапіла да канца жыцця.

Як быццам розныя, зямля і неба,
Ды іх, паэтаў, адчужаць не трэба.
З вытокаў самабытных галасы
Зліваюцца ў адзін - народны голас:
Без Коласа ў Купалы менш красы,
А без Купалы пабяднее Колас.

ЗБІРАЕ КОЛАС НАС, ЯДНАЕ НАС...
Збірае Колас нас, яднае нас.
З любоўю мы прыходзім да паэта,
У дом яго, жыццём яшчэ сагрэты.
Вось-вось адграніць слова, як алмаз,
Дапіша ад рукі радок ці сказ -
І спусціцца па сходках з кабінета
Да нас, на астравок зямнога свету, -
У новае жыццё, у новы час.

Паменей шуму, спеўнага ялею
І ў будны дзень і ў гонар юбілею.
Давайце засяродзімся на міг -
І ў цішыні пачуем родны голас:
Другі ўжо век, жывы сярод жывых,
На працу нас благаслаўляе Колас.

НА СКРЫЖАВАННІ МАЛАДЫХ ГАДОЎ
                                                            Якубу Коласу
На скрыжаванні маладых гадоў
Жыццё збівала з ног, ламала крылы,
Але ставала таленту і сілы
Падняцца зноў - для смелых думак, слоў.
Адзін ішоў і духам слабых вёў
За небасхіл, у барацьбы гарніла, -
Любоў да прашчураў душу жывіла,
Натхняла да сучаснікаў любоў.

У змене дзён мінаюць вёсны-зімы.
Ён не пакінуў нас, Пясняр любімы,
А проста ў вечнасці знайшоў начлег,
Бо прытаміла доўгая дарога:
Любоў народная - той абярэг,
Які яго ўзвышае як жывога.

КОЛАСАЎ ШЛЯХ
То лесам бяжыць,
То пятляе ў палях
Дарога прыгожая -
Коласаў шлях,
Хвалюе і цешыць
Чароўнаю сілай
Ад Стоўбцаў
Да Мікалаўшчыны мілай.

У гэтым музеі
Пад небам адкрытым
Зямля каласіцца
Пшаніцай і жытам.
А продкі -
Аратыя,
Сейбіты,
Жнеі
Мяне сустракаюць
У гэтым музеі.
Выходзяць насустрач,
Вітаюцца ціха
І цесля-разьбяр,
І пчаляр,
І ткачыха.
Стае на радзіме,
У краі зялёным,
І лесу на хаты,
І мёду, і лёну.
Званар і начамі,
Адпрэчыўшы сон,
Да самых нябёс
Раскалыхвае звон,
Куб чулі яго
Курганы векавыя,
Каб долі сваёй
Не праспалі
Жывыя.
Юнак і дзяўчына
Сустрэліся ўлетку,
Шукаючы ясную
Папараць-кветку,
Ад шчасця, відаць,
Пераблыталі час
І выйшлі
На гэту дарогу,
Да нас.
Чакае вады
За крутой павароткай
І човен рыбацкі,
Забыты паводкай.
Тут юшкаю Нёман -
Рыбак-дабрадзей
Частуе і нас,
І прыезджых гасцей.
Настаўнік-асветнік,
Узняўшы ліхтар,
Здаецца, і ў мой
Углядаецца твар,
Як быццам пытае
Ці мо дакаре:
"А ты што зрабіў
Для бацькоўскага краю?.."
Відаць, як віецца
Над хатамі дым.
І маці з дачкою,
З унукам малым
Мяне запрашаюць
У вёску,
Дадому, -
Прагнаць каля студні
І смагу, і стому.
Нам разам цяпер
Да нашчадкаў ісці,
Спрыяюць яны
Па-зямляцку
Ў жыцці,
Героі паэта,
Ажыўшыя ў дрэве, -
Дзе з думкай пра хлеб,
Дзе ў лірычным напеве.
І Коласаў Шлях -
То не проста дарога,
А свет непаўторны,
Дзе постацей многа -
Пры лесе,
У полі,
На лузе-папасе...
Яднае нас
Крэўная повязь
У часе.

Я гэту дарогу
Праходжу адзін
За некалькі ціхіх,
Спакойных гадзін.
А Коласаў Шлях
Каб прайсці
Чалавеку -
Не хопіць,
Напэўна,
І цэлага веку.


1. Паэт Мікола Маляўка
2. Літаратуразнаўца Міхась Кенька
3. Мікалаеўшчына. "Каласавіны". Людзі


Наверх старонкі || Да зместу

Сайт создан в системе uCoz