Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Філалагічны факультэт
Кафедра тэорыі літаратуры
Эсэ
Фальклорная, літаратурная і візуальная міфалагізацыя этнічнай гісторыі
Выканала
студэнтка 1 курса
2 гр. беларускай філалогіі
Клімянок Жанна
Выкладчык:
кандыдат філ. навук, дацэнт
Марозава Таццяна Анатольеўна
Мінск, 2010 г.
Кажуць: “Кожны народ не без роду і племя і мае летапіс свой і гісторыі след на старонках”. Хіба мой народ выключэнне? Прапаную заглянуць на вядомыя і патаемныя старонкі нашай гісторыі!..
Мой родны горад зусім малады - у хуткім часе будзе святкаваць 50-годдзе. Гісторыя яго звязана з мястэчкам Шацілкі, якія ўпершыню ўзгадваюцца ў дакуменце, выдадзеным 15 ліпеня 1560 года каралём Рэчы Паспалітай і Вялікім князем літоўскім Жыгімонтам ІІ Аўгустам. На сённяшні дзень гэта адзіная крыніца, у якой згадваецца Раман Шаціла – уласнік мясцовасці ў далёкім мінулым. Але вось ён, бацька Шацілак, узвышаецца ў бронзе сярод сучаснага наваколля імклівага горада, адзін з ваяроў-абаронцаў роднай зямлі. Скульптурная кампазіцыя так і называецца – “Волат Шацілінскі”. Ваяр нібыта выходзіць да нас з глыбіні стагоддзяў ва ўсіх сваіх даспехах, на грудзях яго – герб “Сонейка” (сімвалізуе святло самаўсведамлення). Вось ён – міфалагічны працяг гістарычнай тэмы. Больш таго, у маіх землякоў міф візуалізаваны ў найпрыгажэйшым вобразе! А нам так неабходна ведаць і памятаць пра мінуўшчыну, ствараць вакол нешматлікіх гістарычных фактаў легендарны арэол, напаўняць іх міфалагічнымі рысамі.
Этнагенетычны міф – надзвычай прывабная рэч. Пра гэта добра вядома не толькі філолагам, але і этнографам, археолагам, фалькларыстам, краязнаўцам і, нават, гісторыкам. Абудзілася цікавасць у навуковым асяроддзі да вызначэння сувязяў гісторыі народа і яго фальклору. Віктар Корбут1 узгадвае паданне пра паходжанне беларусаў2, падае цікавы моўны матэрыял пра гістарычныя саманазвы Беларусі (Крывія? Літва? Русь?). На маю думку, больш мэтазгодна вывучаць тую “застылую памяць вякоў”, якая існуе не толькі як каштоўнасць агульнанародная, нацыянальная, але і як міфалагізаваная гісторыя кожнага ў асобнасці горада, мястэчка, вёскі (нават валуны на Беларусі распавядаюць пра слаўныя справы продкаў – Барысавы камяні, напрыклад). Гэта дае падставы для рознабаковага вывучэння этнагенетычнага міфа: складанне слоўнікаў этнонімаў, тапонімаў, гідронімаў, даследаванне вытокаў геаграфічных назваў Беларусі, апісанні іх семантычнай дэрывацыі…
Я ж зацікавілася патэнцыяльнай прастора-часавай аднесенасцю этнагенетычнага міфа. Заглянем на старонкі летапісаў:
“ А ў той час, калі Кунас панаваў на Завельскай старане, людзі ягоныя за Вяллёю аселі і гралі на трубах дубасных. І празваў Кернус бераг той, дзе людзі множыліся, моваю сваёй валоскаю, на лаціне, - Літус, а трубы, на якіх яны гралі,–- туба, і даў найменне тым людзям на лаціне, склаўшы назву берага са словам «туба»,–- Лістубанія. Але простыя людзі не ўмелі называць на лаціне і пачалі называць проста Літвою”.
(“Хроніка Быхаўца”, XVI ст.)
Такія міфалагічныя ўстаўкі3 маляўніча аздабляюць летапіснае апавяданне, паэтызуюць яго, пракладаюць сцежкі ў нашу сучаснасць. Названы факт можна ахарактарызаваць сукупнацю моўных функцый: кагнітыўная, эстэтычная, пазнавальная і камунікатыўная. Этнагенетычны міф мае важную кампенсатарную функцыю,таму што неабходны людзям у самыя крытычныя моманты іх гісторыі, калі этнасу пагражае страта культуры. Прыкладаў з тэксту “Хронікі Быхаўца” можна знайсці ў дастатковай колькасці – тут знойдзем яшчэ легенду пра заснаванне Вільні, Трокаў (нават Венецыі!). Вось ён – жывы нацыянальны матэрыял і прадмет навуковых даследаванняў. Успомнім знакамітыя словы Я.Купалы, каб не было нам сорамна перад сусветам і нашчадкамі:
А чаго ж, чаго захацелась iм,
Пагарджаным век, iм, сляпым, глухiм?
– Людзьмi звацца.
1 Віктар Корбут. Па слядах яшчэ аднаго міфа. Мн.: Бел. навука, 2001.
2 Першым насельнікам нашай зямлі быў Бай, які меў трох сыноў і двух сабакаў – Стаўры і Гаўры. Пасля смерці бацькі два сыны ўзялі сабе ягоную спадчыну, а малодшаму Белаполю засталіся сабакі ды бацькаў наказ: пусціць Стаўры і Гаўры на волю, і колькі зямлі яны абабягуць за дзень, гэтулькі яму і будзе на спадчыну. Белаполь злавіў дзвюх птушак і пусціў іх на поўдзень і на захад, а за імі сабакаў. Куды пабеглі сабакі, пацяклі Дзвіна і Дняпро – галоўныя нашы рэкі. Між іх пасяліўся Белаполь, ад якога пайшлі беларусы (Легенды, 1983).
3 У літаратуразнаўстве прыняты тэрмін “тапанімічнае паданне”.