Да 85-годдзя філалагічнага факультэта БДУ

Леў Мiхайлавiч Шакун ва ўспамінах калег

Леў Міхайлавіч Шакун– адзін з заснавальнiкаў гiстарычнага, сучаснага і параўнальна-тыпалагiчнага мовазнаўства ў Беларусi. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаны работнік вышэйшай школы, доктар філалагічных навук, прафесар.

З павагай і ўдзячнасцю ўспамінаюць Льва Міхайлавіча яго вучні на старонках мемарыяльнай кнігі «Леў Міхайлавіч Шакун. Да 90-годдзя з дня нараджэння» (Мінск, 2016), перададзенай у рэдакцыю кафедрай беларускай мовы.


М. Р. Прыгодзіч:

Леў Мiхайлавiч Шакун уваходзіць у плеяду выдатных навукоўцаў першых пасляваенных дзесяцігоддзяў XX cт., нядаўніх франтавікоў і партызан, намаганнямі якіх адраджалася беларуская навука, сталела і набывала ўласны голас гістарычнае і параўнальна-тыпалагічнае мовазнаўства, аднаўляліся даследаванні ў галіне лексікалогіі і лексікаграфіі, граматыкі і стылістыкі, анамастыкі і лінгвагеаграфіі, распачыналася праца над буйнымі нацыянальнымі і агульнаславістычнымі праектамі.

Прадстаўнікоў гэтага пакалення справядліва называюць першапраходцамі, бо яны не толькі праводзілі ўласныя навуковыя пошукі, але і далучалі да высокай навукі найбольш здольных і падрыхтаваных вучняў, ужо вядомых і дасведчаных лінгвістаў, што працягвалі і працягваюць памнажаць набыткі сваіх настаўнікаў і папярэднікаў.


В. П. Красней:

Леў Міхайлавіч быў таленавітым вучоным, сціплым, прынцыповым, добразычлівым, спагадлівым, далікатным чалавекам. Прафесар карыстаўся выключным аўтарытэтам сярод сваіх калег, студэнтаў і аспірантаў.

Яго ведалі як шчырага суразмоўцу, цікавага апавядальніка, заўзятага спартыўнага балельшчыка, дасціпнага завадатара ў сяброўскай кампаніі, клапатлівага сына і бацьку, добрапрыстойнага сем’яніна, які ў згодзе і духоўнай еднасці з жонкай Аленай Піліпаўнай трымаў гасцінны, заўсёды адкрыты для калег і сяброў дом.


Г. К. Ціванова:

Леў Міхайлавіч быў выдатным педагогам. Узгадаванаму ў настаўніцкай сям’і, яму перадалося ўменне спакойна і далікатна даносіць веды, дапамагаць адчуць сваю моц і паверыць у здольнасці.

Студэнты ахвотна запісваліся ў яго семінарскія групы, і кожны, хто хацеў паспрабаваць сябе ў навуцы, атрымліваў самую шчырую ўсебаковую падтрымку.

Галоўнае навуковае дасягненне прафесара Льва Міхайлавіча Шакуна – фарміраванне навуковай школы беларускага дыяхранічнага мовазнаўства.

Грунтоўныя працы «Станаўленне і развіццё беларускай літаратурнай мовы» (1959), «Нарысы гісторыі беларускай літаратурнай мовы» (1960) і «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (1963; 2-е выд., перапрац., 1984) забяспечылі выкладанне асобнага ўніверсітэцкага курса «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» і адначасова сталі падмуркам для распрацоўкі розных пытанняў беларускага гістарычнага мовазнаўства.

Апошнім грунтоўным даследаваннем Льва Міхайлавіча была манаграфія «Гісторыя беларускага мовазнаўства» (1995), у якой прасочваецца развіццё лінгвістычнай думкі ад старажытнасці да сучаснасці, ад першых граматык і слоўнікаў да грунтоўных мовазнаўчых прац ХХ ст.

Шчодрасць яго педагагічнага таленту сагравала душы многіх вучняў, большасць з якіх таксама нясуць веды і выхоўваюць у любові да нашай роднай мовы новае пакаленне.

22 лінгвіста выгадаваны, выхаваны, выведзены на навуковы шлях Львом Міхайлавічам Шакуном: В.П. Красней У.Ц. Піскун, З.П. Данільчык, Л.І. Сямешка, І.Р. Шкраба, Я. Глушкоўска, Т.А. Мальцава, І.Л. Бурак, Г.І. Кулеш, В.М. Ляшук, З.Б. Варановіч, З.І. Бадзевіч, В.М. Карчагіна, Г.І. Басава, В.М. Галай, І.Ф. Лысенка, М.М. Круталевіч, Г.А. Арцямёнак, М.Р. Прыгодзіч, І.П. Клімаў, І.А. Гапоненка.

Бяссмерце чалавека – у яго працы, тым следзе, што ён пакідае на зямлі.
Бяссмерце вучонага – у навуковых ідэях і далейшай працы яго вучняў.


Г. А. Арцямёнак:

Маё першае знаёмства са Львом Міхайлавічам Шакуном адбылося ў студэнцкай аўдыторыі філалагічнага факультэта БДУ. Славуты прафесар чытаў на трэцім курсе лекцыі па гістарычнай граматыцы беларускай мовы і прымаў экзамен па гэтай дысцыпліне.

У памяці застаўся вобраз Льва Міхайлавіча Шакуна – надзвычай дасведчанага і эрудзіраванага лектара, захопленага сваім прадметам, добразычлівага выкладчыка.

Прафесар часта любіў праводзіць кансультацыі дома, у сваім утульным кабінеце, застаўленым ад падлогі да столі паліцамі з кнігамі.

Думаю, гэта была адна з найбагацейшых бібліятэк мовазнаўчай літаратуры ў Мінску.

Мне давялося пазнаёміцца, папрацаваць з аўтарскай, сапраўды фундаментальнай, бібліяграфічнай картатэкай па лінгвістыцы, аналага якой я пасля не бачыў нідзе.

Леў Міхайлавіч абсалютна не пакідаў уражання «зашоранага», абмежаванага навуковымі інтарэсамі чалавека. Кожную хвіліну адчувалася, што ён жыве паўнацэнна, насычана. Наколькі цікавымі і арыгінальнымі былі яго аповеды пра замежныя паездкі, канцэрты і футбольныя матчы – заўсёды з гумарам, сваім арыгінальным поглядам на палітычныя падзеі і навіны культурнага жыцця!

Шчырая, непаказная прыязнасць, сапраўдная таварыскасць і павага да маладых калег спалучаліся ў прафесара Л. М. Шакуна з высокай патрабавальнасцю, вострай крытыкай усяго негатыўнага і кан’юнктурнага. Такі ж патрабавальны ён быў і да сябе.

Варта пачытаць яго працы, каб убачыць, як настойліва вучоны шліфаваў кожны радок, як бязмежна любіў Слова.


З. І. Бадзевіч:

Пры сустрэчах студэнты філалагічнага факультэта 70-х гг. XX ст. заўсёды з удзячнасцю ўспамінаюць многіх сваіх выкладчыкаў, але найбольш – прафесара Льва Міхайлавіча Шакуна, які працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы.

Гэта быў сярэдняга росту і ўжо немаладога веку мужчына, але вельмі прыгожы і надзвычай абаяльны, заўсёды акуратна і строга апрануты, прычасаны, з выразным поглядам светлых вачэй, якія, здаецца, усё бачылі, з прыязнай, цёплай усмешкай. Ён умеў пагаварыць са студэнтам, уважліва выслухаць, даць, калі патрэбна, параду.

Яму я абавязана раскрыццём схільнасцей да навуковай працы яшчэ ў студэнцкія гады, а затым і падчас вучобы ў аспірантуры. Быць вучаніцай Вялікага Настаўніка – сапраўды шчасце і гонар.

Высокі ўзровень культуры прафесара, навуковая эрудыцыя, незвычайная працаздольнасць, узважаная жыццёвая пазіцыя ўражвалі ўсіх, хто працаваў разам з ім.

Заняўшы пачэснае месца на мовазнаўчым Парнасе, гэты Настаўнік і Чалавек заставаўся такім жа далікатным, уважлівым і патрабавальным да сваіх вучняў. Кожная сустрэча з ім акрыляла і адначасова вымагала больш сур’ёзна ставіцца да працы.

Сярод многіх выкладчыкаў кафедры і нават факультэта прафесар вылучаўся выключнай інтэлігентнасцю і інтэлектуальнасцю. Ні крыўднага слова і хцівасці, ні зайздрасці і карыслівасці, ні знявагі ці косага погляду.

Шчыры суразмоўца, удумлівы даследчык, цікавы апавядальнік, бліскучы прамоўца, клапатлівы бацька, мяккі і тактоўны выхавацель, узорны сем’янін – такім прафесара ведалі мы, яго вучні і калегі.


Г. І. Басава:

Пра такіх асоб, як прафесар Леў Міхайлавіч Шакун, гавораць «ад Бога».

Невычэрпная моц жыцця і натхненне, спагадлівае сэрца і сяброўскае стаўленне да людзей, дасведчанасць і высакародная інтэлігентнасць, высокая духоўнасць і маральнасць сышліся ў асобе прафесара – арыстакрата па навуковым духу, вытанчанага ў філалагічным гусце лінгвіста.

Служэнню слову ён прысвяціў жыццё, аберагаў сваіх студэнтаў, калег і ўвогуле ўсіх людзей. Выхаванасць, цярплівасць, чалавекалюбства, уважлівасць, валоданне неверагодным аб’ёмам ведаў, надзейнасць, непасрэднасць, даступнасць – усё гэта ён, і нават больш за тое.

…Лёсам было наканавана, каб у той год я была адзінай дыпломніцай у прафесара. Колькі было хваляванняў перад першай кансультацыяй, таму што ведала яго патрабавальнасць яшчэ з вопыту вывучэння курса па гістарычнай граматыцы беларускай мовы. Але нязмушанасць гэтага чалавека, яго добразычлівая ўсмешка мяне вельмі ўразілі... З першых сустрэч Леў Міхайлавіч вучыў, як трэба ставіцца да навуковай працы. І дыплом я напісала і здала навуковаму кіраўніку першай сярод дзевяноста шасці аднакурснікаў.

Згадваецца той летні чэрвеньскі дзень, калі Леў Міхайлавіч, толькі што вярнуўшыся з замежнай камандзіроўкі, прыйшоў да нас, выпускнікоў філалагічнага факультэта, на ўручэнне дыпломаў.

Яго вочы свяціліся даверам, калі ў гэты памятны дзень прафесар прапанаваў мне паступаць у аспірантуру.

Здавалася, свет перавярнуўся і па­новаму раскрыўся перада мной усімі сваімі незлічонымі фарбамі і адценнямі. Колькі гонару, а галоўнае адказнасці, я адчула ў той момант перад маім настаўнікам!

Напярэдадні абароны кандыдацкай дысертацыі, калі хваляванне пераўзыходзіла ўсе астатнія пачуцці, прафесар па­бацькоўску супакойваў і гаварыў: «Усё будзе добра».

Гэта і ёсць Леў Міхайлавіч з яго верай у магчымасці чалавека, яго талентам убачыць у кожным нешта большае, чым часам мы самі пра сябе думаем, высока інтэлігентнымі адносінамі да кожнага з нас, высакароднай павагай і пашанай да чалавека.

Такія прафесары служаць для нас, іх вучняў, непераўзыдзеным аўтарытэтам і прыкладам. Таму я заўсёды вучылася ў Льва Міхайлавіча адносінам да родных, калег, студэнтаў, жыцця, свету…

Прайшоўшы ўжо большую частку свайго жыццёвага шляху, упэўнілася, што і па сёння ні ў адной асобе я не сустрэла і не ўбачыла такога багацця ведаў, аддачы ўсім і заўсёды, тонкага чуцця, густу, інтэлігентнасці, высакароднасці, якія былі ўласцівы майму навуковаму кіраўніку.


І. А. Гапоненка:

Мне пашанцавала слухаць лекцыі Льва Міхайлавіча, а таксама працаваць пад яго кіраўніцтвам над тэмай кандыдацкай дысертацыі.

У маёй памяці ён назаўсёды застаўся не толькі аб’ектыўным даследчыкам-мовазнаўцам, але і чалавекам энцыклапедычнай адукаванасці, шырокага кругагляду і пры гэтым надзвычай даступным, далікатным і сціплым.

Леў Міхайлавіч шчодра дзяліўся сваімі ведамі са студэнтамі, аспірантамі, уласныя думкі, прапановы не навязваў, а цярпліва даводзіў праз неабвержныя факты і аргументы, прыпраўляючы парады то дасціпным народным, то тонкім акадэмічным гумарам.

Яго кіраўніцтва не было фармальным: прафесар унікліва ўчытваўся ў кожнае слова, фразу, рэкамендацыі былі выверанымі, абгрунтаванымі і, самае галоўнае, адкрывалі прастору для роздуму.

Аддаючы яму на прагляд свой аспіранцкі тэкст, можна было безумоўна разлічваць, што ён будзе прачытаны ў строга агавораны час і аздоблены запісанымі драбнюткім правільным почыркам заўвагамі – стрыманымі, паважлівымі, лаканічнымі і неаспрэчнымі.

Вучоны быў прыкладам сапраўднага прафесіяналізму, інтэлігентнасці, тактоўнасці і абавязковасці.


З. П. Данільчык:

За два гады працы лабаранткай я здала кандыдацкі мінімум і з лістапада 1969 г. была залічана аспіранткай на кафедру беларускай мовы.

Тэму кандыдацкай дысертацыі Леў Міхайлавіч падабраў, як ён пазней прызнаўся, калі ехаў у трамваі на працу. Яна аказалася ўдалай. Кіраўнік дазволіў пазнаёміцца з яго асабістай картатэкай навуковых прац, з якой што-нішто можна было ўзяць для будучага дысертацыйнага даследавання. На кансультацыі заўсёды ішла з вялікім хваляваннем, але тактоўны, добразычлівы, памяркоўны і стрыманы кіраўнік неяк па-свойму рабіў заўвагі і падказкі. І хваляванне праходзіла.

На жыццё і здароўе Леў Міхайлавіч ніколі не скардзіўся і пераносіў цяжкасці спакойна, хоць на самай справе не заўсёды ўсё было добра. Нярэдка ён выконваў абавязкі лабарантаў ці іншых членаў кафедры.

Памятаю, калі ўжо працавала ў Гродзенскім педінстытуце, а тэлефона ў нас не было, ён асабіста даслаў тэлеграму наступнага зместу:

«Гродно пединститут филфак Данильчик Зинаиде Петровне Ваша работа обсуждается двадцатого десять утра Шакун». (Дысертацыйную працу на савеце павінны былі прымаць да абароны.)

Часта розныя рашэнні і пастановы кафедры, рэцэнзіі, водгукі друкаваў сам.

Прафесар любіў дарыць сваім вучням навуковыя працы (манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, слоўнікі) з аўтографамі. Падручнікам «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» з аўтографам Льва Міхайлавіча з года ў год карысталіся студэнты Гродзенскага ўніверсітэта, бо ў бібліятэцы ён быў у абмежаванай колькасці.

Свой апошні вучэбны дапаможнік «Гісторыя беларускага мовазнаўства» аўтар даслаў не толькі з аўтографам, але і з лістом наступнага зместу:

«Мінск, 24. IV. 1996 г. Дарагая Зінаіда Пятроўна! Прашу прабачэння, што так затрымаўся з перадачай Вам сваёй кніжкі. Аказіі для гэтага былі, але па розных прычынах не атрымлівалася. Тыраж яе маленькі, і не ведаю, ці можна яе купіць у Гродне.

У нас асаблівых навін няма. Жывём і працуем як звычайна. Я – на кафедры ў М. Р. Прыгодзіча, Міша – у сваім музеі, яго жонка Таня – лабаранткай у Бел. эканамічным ун-це (былы наргас). Здароўе яшчэ больш-менш трымаецца, грошай на першую неабходнасць хапае – вось так і жывём. Нядаўна Браніслаў Ал-дравіч Плотнікаў замяніў Лойку на пасадзе дэкана. Пакуль што якіх-небудзь перамен не адбылося, яшчэ не было і новага савета факультэта. Прывітанне ўсім Вашым. З павагай Л. Шакун».

Гэта быў апошні развітальны ліст…

Прайшоў не адзін дзясятак гадоў, як не стала дарагога Настаўніка, Вучонага, шчырага чалавека, які заслужыў павагу і прызнанне сваіх вучняў і ўсіх, хто яго ведаў.

Калі бываю ў Мінску, спыняюся ў Алены Піліпаўны, якая заўсёды гасцінна прымае мяне і садзіць за абедзенны стол на месца Льва Міхайлавіча.

Вялікая бібліятэка, розныя рэчы побыту, фотаздымкі, карціны, што дарылі юбіляру, нагадваюць пра Чалавека, якога нельга забыць. Усё жыццё буду ўдзячна дарагому Настаўніку!


Л. І. Сямешка:

Амаль 26 гадоў Леў Мiхайлавiч кiраваў кафедрай беларускай мовы БДУ i ў зносінах са сваімі калегамі не ведаў iмператываў, быў заўсёды высокапрафесiйным i добразычлiвым. Ад творчай энергii прафесара сiлкавалася не адно пакаленне яго выхаванцаў – даследчыкаў сучаснай беларускай мовы i яе гiсторыi.

Хоць уласна выхаваннем Леў Мiхайлавiч, здаецца, спецыяльна нiколi не займаўся, але стыль яго паводзiн, прынцыповы i далiкатны, падпарадкаваны строгай дысцыплiне, аказваў на людзей велiзарнае выхаваўчае ўздзеянне.

Здзiўляючая глыбiня i грунтоўнасць ведаў, якiмi ён шчодра дзялiўся з iншымi, уменне выслухаць, даць параду, не падкрэслiўшы рознiцу ў службовым становiшчы, ветлiвасць i заўсёды карэктна акрэсленая дыстанцыя ў стасунках з калегамi – рысы класiчнага акадэмiчнага стылю кiраўнiцтва Льва Мiхайлавiча. Ды i сам ён, заўсёды элегантны, з густам апрануты, ветлiвы i строгi, быў узорам пунктуальнасцi i акуратнасцi.

Дастаткова ўспомніць, як уладкаваны былі рэчы на яго стале: тыя тоненька завостраныя алоўкi, якiмi ён бясконца правiў, даводзячы да абсалюту, усе працы, што траплялi на яго стол, цi тыя ўпарадкаваныя папкi, дзе кожная паперка мела сваё месца.

Так i чуецца голас Льва Мiхайлавiча:
«Нiколi нiчога не выкiдвайце. Гэта я вам гавару. Бо як толькi выкiнеш якую паперынку, яна тут жа спатрэбiцца».

Будучы дастаткова патрабавальным да прафесiйных якасцей супрацоўнiкаў i разумеючы ўзровень ведаў і працавітасці кожнага, ён нiколi не дазваляў сабе абмяркоўваць гэты ўзровень з iншымi цi выказваць свае адносiны да асабістых якасцей чалавека, рабiць крытычныя заўвагi прыватнага характару.


І. П. Клімаў:

Са мной прафесар хутка зламаў фармальныя бар’еры, што існавалі паміж навуковым кіраўніком і аспірантам, і ўсталяваў амаль сяброўскія адносіны. Мы маглі абмяркоўваць розныя пытанні, весці гутаркі на шматлікія тэмы.

Мяне асабіста цікавіла ранейшая эпоха – пасляваеннае жыццё, тагачасны лад, завядзёнкі, погляды і думкі людзей таго часу, і Леў Міхайлавіч мог шмат расказаць.

Ён ведаў асабіста буйных беларускіх мовазнаўцаў другой паловы ХХ cт. і практычна ўсе падзеі ў гісторыі беларускага мовазнаўства той эпохі – тое, што нам было вядома толькі з падручнікаў.

Леў Міхайлавіч мог доўга распавядаць на гэтую тэму, а я слухаў як зачараваны…

Апавядальнік ён быў выключны. У некалькіх словах прафесар мог вельмі трапна абмаляваць сітуацыю і раскрыць яе сутнасць, умеў прыцягнуць увагу слухача, перадаць у размове драматызм падзей, але затым і расквеціць свой аповед нечаканым жартам ці параўнаннем.

Тут нельга не згадаць і іронію, якой Леў Міхайлавіч карыстаўся вельмі асцярожна, але заўжды трапна. Менавіта іронія часта дазваляла выявіць яму іншы, прыхаваны ад многіх сэнс сітуацыі ці выказаць свае адносіны да яе. Слухаць яго было асалодай.

Для мяне гэта быў прадстаўнік дзівоснага свету беларускіх вучоных – беларускамоўных навукоўцаў, шчырых патрыётаў. У іх асяроддзі слова «беларускі народ» было не пустым гукам. Яны аддавалі цяпло сваіх сэрцаў і інтэлект народу, жылі і працавалі дзеля яго і ў імя яго.

Бадай, самае галоўнае, што мне запомнілася, – гарачая і шчырая вера вучонага ў свой народ, любоў да яго.

Служэнню людзям ён ахвяраваў жыццё, сілы і здольнасці.

* Надрукаваны раней матэрыял даслаў у рэдакцыю кандыдат філалагічных навук, дацэнт
Георгій Канстанцінавіч Чахоўскі