Нашы перакладчыкі
Міхась Кенька
Ад аўтара
Нядаўна я скончыў пераклад рамана польскага пісьменніка Генрыка Жавускага (1791–1866) «Лістапад». Гэта гістарычны твор з часоў апошняга караля Польшчы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Сюжэт разгортваецца на працягу 1760 – 1780 гадоў. Раман цікавы беларускаму чытачу тым, што дзеянне ў ім адбываецца на беларускіх землях – у Нясвіжы, Слуцку і іх ваколіцах, апавядаецца пра лёс двух мясцовых шляхціцаў, братоў Міхала і Людвіка. Адзін з іх быў выхаваны ў старапольскіх, так званых «сармацкіх» традыцыях, другі вырас пад заходнім культурным уплывам, які быў прыўнесены ў Польшчу з Францыі і Германіі. Прапаную чытачам «Дзьмухаўца» урывак з гэтага твора, выдадзенага яшчэ ў 1849 годзе. У ім падрабязна апісваецца сядзіба заможнага шляхціца, які жыў на міншчыне. Ён усё жыццё прытрымліваўся даўнейшых, сармацкіх звычаяў і непрыхільна ставіўся да новых павеваў у жыцці шляхты.
Пераклад зроблены з выдання
Henryk Rzewuski: Listopad: romans historyczny z drugiej połowy wieku XVIII – ebook Henryk Rzewuski. Wydawnictwo Virtualo Darmowa Klasyka, 2011.
Дом шляхетнага вяльможы
У Мінскім павеце каля Веліжанскага возера раскінулася вялікая вёска, якая цяпер называецца Корвінавым, а яшчэ нядаўна гэта было Няводава. Там цяпер узвышаецца цагляны палац, пакрыты бляхай, якая блішчыць і пераліваецца вясёлкавымі колерамі. Карнізы абапіраюцца на пілястры карынфскага ордэра. Ад палаца да возера цягнецца англійскі сад, дзе расліны, прывезеныя з чатырох частак свету са здзіўленнем сустракаюцца сярод палёў заморскай Літвы. Сам палац з яго двума павільёнамі здаецца ненатуральным на фоне курных хат, пануе над імі, а жыхары, нібы прыдушаныя яго пышнасцю, былі б радыя, як евангельскі Лазар, харчавацца рэшткамі ад яго існавання. Сённяшні гаспадар, заснавальнік гэтага будынка, нічым не занядбаў, каб унутраныя ўпрыгажэнні адпавядалі ва ўсім ладу яго жыцця. Аднастворкавыя вокны, прывезеныя з Пецярбурга, былі прадметам захаплення не менш, чым мэбля з чырвонага дрэва, апраўленая ў залацістую бронзу. Люстры з дарагіх кандэлябраў, крыштальныя свяцільнікі адбіваюцца ў мармуровых сценах, упрыгожаных ляпнінай. У адных пакоях вісяць дываны, вырабленыя ў Ліёне, у другіх пейзажы, пісаныя пэндзалем славутага мастака. Вы можаце ўбачыць там багата аздоблены гадзіннік, сталы з малахіту і італьянскай мазаікі, вялізныя люстэркі, карціны, дарагія ці, па меншай меры, у дарагіх рамах.
Пышнасць стала адпавядае пышнасці палаца, і капэла на чале з прывезеным з Неапаля дырыжорам па меншай меры два разы на тыдзень агучвае ваколіцы меладычнымі тонамі, радуючы гаспадароў і гасцей, якія сюды прыязджаюць. Адным словам, Корвінава – прадмет не толькі зайздрасці, але і павагі ўсяго наваколля.
Такая сённяшняя карціна Корвінава; але калі адступіць на некалькі дзясяткаў гадоў, то яно выглядала зусім па-іншаму, іншым быў і лад жыцця яго насельнікаў. Замест англійскага саду былі тры доўгія ліпавыя алеі, як тры сцяны пасярод закрытага двара; чацвёртай з поўдня было Веліжанское возера, а на яго беразе віднелася з дзясятак градак тытуню, капусты, морквы і іншай гародніны. Паміж домам і паралельнай ліпавай алеяй раслі ружы, купкі турэцкага бэзу, кветкі, агароджаныя кустамі парэчкі і агрэсту. Яны былі адзінымі раслінамі, якія там пасадзілі. З процілеглага боку раскінуўся дзядзінец, такі вялікі, што частка яго была засеяна макам і анісам. Паркан быў з высокага дубовага частаколу, а за ім шырокі выган, каля яго паўкругам стаялі чыстыя, акуратныя хаты, дварышчы ў іх таксама былі абгароджаны жардзінамі. Відаць было, што ў іх жывуць заможныя гаспадары. На дзядзінцы стаяў і маёнтак, вялікі драўляны дом на каменным падмурку, каля яго некалькі гаспадарчых будынін і кухня, дамкі для гасцей. Насупраць дома гаспадара стаяў свіран. Каля яго загон для трусоў, а ў самім свірне былі значныя запасы гарэлкі, скур, воску, саланіны і іншых набыткаў. Каля брамы была галубятня, далей вяндлярня, і нарэшце мураваная стайня, з вазоўняй і яшчэ адна хата, дзе за жалезнымі дзвярыма памяшчаўся архіў сям’і.
Сам дом адстаўнога генерала Куніцкага, які з-за пастаянных гасцей празвалі замкам, быў з высокім пакатым дахам, у прыбудове прыстасаваліся сушыць мак. Дом стаяў на высокім падмурку, з шырокім ганкам, на фасадзе дома быў намаляваны старажытны Любеч, герб Куніцкіх а пад ім надпіс вялікімі літарамі на лацінскай мове: «Dominus aedificaverit domum, in vanum laboraverunt, qui aedificant eam» (Калі Гасподзь не пабудуе дом, марна працуюць тыя, хто будуе яго. лац.).
З ганка госці і гаспадары ўваходзілі ў прасторныя сенцы, зімой яны ацяпляліся. Там прыдворная чэлядзь, седзячы на зэдлях і лавах, чакала загадаў гаспадароў, не з пустымі, як сёння, рукамі, а робячы сеткі і невады. У сенцах, над дзвярыма, якія вялі ў гасціную, вісела ікона Прасвятой Багародзіцы Барунскай. Гасціная была самым прыгожым кутком у доме. Мэбля тут складалася з двух канапаў і паўтузіна крэслаў, абабітых сіняй тканінай у клетку, з двух сталоў і аднаго камода, пафарбаваных пад чорнае дрэва. На вокнах муслінавыя фіранкі, якія кожны месяц мяняліся, над камінам люстэрка, умураванае ў тынкоўку, а на сценах карціны – выявы Казіміра Ягелончыка, караля Аўгуста III і каралевы Марыі Жазефы, князя гетмана і княгіні Радзівілаў, іх сына Караля, ваяводы віленскага – намаляваныя алейнай фарбай копіі з фамільнай залы Радзівілаў у Нясвіжы, зробленыя мясцовым мастаком, і чатыры выявы продкаў гаспадара, але ўжо значна пашкоджаныя.
З аднаго боку гасцінай былі дзверы ў бакоўку; так называўся пакой, прызначаны для самых шляхетных гасцей. Нават князь ваявода не аднойчы начаваў у ёй. Гэты пакой быў больш сціплы. Два ложкі з сяннікамі, накрытыя кілімам хатняй работы. Два дубовыя сталы, без пакрыцця, на адным з іх люстэрка, на другім драўляны крыж-распяцце, шэсць крэслаў, а на сценах – ікона мясцовага святога – Блажэннага Фабіяна са Стоўбцаў і яшчэ ікона Святога Антонія Падуанскага.
З другога боку своеасаблівы алтар; там за парцьерай пурпурнага адамаста стаяў жалезны ложак гаспадара, над ім вялікі абраз Маткі Боскай Вострабрамской, які праз некалькі пакаленняў з благаславеннем перадаваўся адно другому, пад ім грамнічная свечка, святая вада з крапідлам, некалькі галінак вярбы з апошняй вербнай нядзелі і пара араматычных вянкоў, асвечаных ў дзень Божага Цела. Вялікі стол каля ложка быў накрыты пунсовым покрывам, на ім маленькае сярэбранае распяцце на падстаўцы, пацеркі і ларэтанскі званочак. Падчас навальніцы з гэтым званочкам у руцэ хлопчык прабягаў па вёсцы, ратуючы жыхароў ад маланак і граду. Над дзвярыма ў гасціную вісеў вялікі рынграф – своеасаблівы нагруднік-шчыт, з іконкай Маткі Боскай Чэнстахоўскай, ваенная рэліквія-ікона, якая не ў адной сутычцы з ворагам ратавала жыццё набожнаму рыцару, што з верай насіў яе. А на процілеглай сцяне вісела на пазалочаным атласе ікона біскупа Кунцэвіча, паднесеная гаспадару мінскімі айцамі езуітамі, дзе былі пазначаны імёны ўсіх шляхецкіх літоўскіх родаў, звязаных з родам Куніцкіх. Там жа стаяў акаваны жалезам куфар, зачынены на два замкі, а на ім мноства маткоў і клубкоў. Насупраць ложка – вялікая шафа, якая ледзь не датыкалася да столі, а на ей ляжалі запыленыя паперы, іржавыя пісталеты, смолка для акурвання, рэмезава гняздо ў выглядзе рукавічкі, якое паводле павер’я валодала лекавымі здольнасцямі, штоф гарэлкі, настаяны на нейкіх травах, некалькі мяшэчкаў са свінцовым паляўнічым шротам і вялікая бутэлька з венскім порахам.
З гэтага пакоя можна было трапіць у каморку старой ключніцы, ён быў без дзвярэй, завешаны посцілкай, замацаванай стужкамі на стрыжні з кольцамі. З ключніцай Марыяй пані лаўчанка вяла хатнюю гаспадарку. У наступнай каморцы ключніца захоўвала прыпасы, якімі (Божа мой!) было б можна накарміць цэлае войска. Сені, пра якія згадавалася вышэй, вялі ў сталовую залу, яна была шырокая, пасярэдзіне стаяў стол, аднаго веку з домам, за ім маглі зручна ўладкавацца сорак чалавек, а на лавах, таксама пракаветных, сукно, якое калісьці было зялёным. Паміж уваходнымі дзвярыма і комінам вісеў гадзіннік з механічнай зязюляй, якая кукавала кожную гадзіну, згодна з чым ішоў увесь дзённы парадак у доме. З другога боку, пад вакном, стаяў камод.
Унізе ў шафе былі тры вялікія шуфляды са сталовай бялізнай. Усё гэта знаходзілася пад наглядам старога слугі з тварам, ахарошаным доўгімі сівымі вусамі. Ён таксама займаўся гаспадарчымі справамі, у тым ліку быў цырульнікам, стрыг і брыў свайго гаспадара. На шафе стаяла вялікая бутля, у ёй плёскаліся печкуры, двойчы на тыдзень вада ў ёй асвяжалася. Быў у доме і барометр, недарагі, але надзейнейшы за тыя, што з немалымі выдаткамі прывозяцца аж з Германіі.
Каля шафы стаяў таз, а ў ім шырокі медны збан, усярэдзіне густа пабелены, з крынічнай вадой, чыстай, як сляза, празрыстай, як майская раніца, свежай, як маладая ліцвінка.
З залы быў ўваход у сціплы, але ў некаторым стаўленні самы важны пакой ва ўсім доме: гэта быў кабінет гаспадара. У ім пры сцяне стаяў жалезны ложак, на ім – зялёны скураны матрац, набіты поўсцю, і замшавая падушка; на ёй кожны дзень гаспадар адпачываў гадзіну-другую пасля абеду. Над падушкай вісела ікона Святога Іосіфа, заступніка гаспадара, пад ім карта Еўропы, а над самім ложкам мноства калкоў, на якіх віселі прадметы ваеннага рыштунку гаспадара-шляхціца. Чатыры шаблі-карабелі з прыгожымі рукаяткамі, дарожная ладунка, паляўнічая сумка са скуры барсука, дзве кальчугі з жалезнай сеткі, нажы, некалькі стрэльбаў, нагайка, чакан. Каля ложка столік з шуфлядай, на ім распяцце, пара брытваў, алавяная мыльніца, скураны пас для надання брытве вастрыні, брускі са скамянелай рабіны і малітоўнік, мянуемы «Żoltarz» або «Алтар Езуса». Каля адзінага вакна кабінета стаяў другі столік, на ім каляндар, пачак польскіх картаў у старым канверце і ўзоры разнастайнага зерня. Але самае галоўнае ў кабінеце была канторка на чатырох жалезных слупках з латуннымі капітэлямі над ніжнімі шуфлядамі. А сама канторка абклеена сукном. Стоячы за ёй, генерал пісаў.
Ніжніх шуфляд было дзве, і ў іх пад замком ляжалі рэестравыя, касавыя, інвентарныя і гаспадарчыя кнігі і паперы. А паміж слупкамі, як на этажэрцы, стаялі кнігі. Гэта была бібліятэка гаспадара, па цяперашніх паняццях небагатая, але па тых часах аб’ёмная, (зрэшты, без сумневу, у ёй можна было знайсці больш здаровых думак і сапраўднай навукі, чым у многіх цяперашніх кнігарнях, якія праўдзівым смеццем запаўняюць кнігагандляры).
У гэтай бібліятэцы былі наступныя кнігі:
«Біблія Якуба Вуйкі» – пераклад Бібліі на польскую мову, зроблены езуітам ксяндзом Якубам Вуйкам, «Гербавая кніга» (гербоўнік) Каспера Нясецкага, «Новыя Афіны» – скарочаная назва першай польскамоўнай энцыклапедыі, аўтарам якой з’яўляецца польскі святар XVIII стагоддзя Бенедыкт Ёахім Хмялоўскі, «Войска рэкрутаваных афектаў» польскага прапаведніка і пісьменніка Ераніма Фалецкага, «Практыкаванні духоўныя» (лац. Exercitia spiritualia) – кніга святога Ігнацыя Лаёлы, «Рознае» Яна Астроўскага-Данейковіча; «Жыціі святых Старога і Новага запавету» – кніга, напісаная польскім езуітам Пятром Скаргай у 1577 годзе (Гэта самы паэтычны польскі твор – так казаў мне Адам Міцкевіч), «Хроніка Польшчы, Літвы, Жамойці і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, «Псалтыр Давіда» – паэтычны парафраз Яна Каханоўскага біблейскай Кнігі Псалмоў, «Гадзіннік манархаў» Антоніа дэ Гевары, іспанскага пісьменніка і духоўнага дзеяча, аднаго з самых папулярных празаікаў XVI стагоддзя. Яшчэ там стаяла некалькі кніг на лацінскай мове. Там жа асобна ляжаў Статут Вялікага Княства літоўскага, а таксама «Агульная гаспадарчая эканоміка» Якуба Казіміра Гаўра і «Інвентар права» Жыдліцкага.
А самы вялікі фаліянт у кніжным зборы быў том in folio – зборнік розных вершаў, выслоўяў, пропаведзяў, анекдотаў, звестак на медыцынскія, эканамічныя, юрыдычныя, метэаралагічныя, тэмы пад назвай: «Otia Domestica» (Хатні адпачынак. лац.), са звыклым эпіграфам: Ad maiorem Dei gloriam (На вялікую славу Божыю. лац.).
А на самай канторцы віднеліся ком сургуча, жалезная пячатка, некалькі календароў з паметамі гаспадара і адно пяро для напісання лістоў. У самой канторцы былі зачынены на ключ эканамічная карта, некалькі пачак паперы, калекцыя лістоў ад сяброў і суседзяў, сямейная генеалогія, метрыкі генерала і яго дачкі, побач з імі пасведчанне аб смерці жонкі, патэнт на званне ротмістра кавалерыі, другі – на гетманскага генерал-ад’ютанта і яд для пацукоў.
Былі яшчэ тры прыбудаваныя пакоі, якія выходзілі ў сад, таму што калі б яны былі з боку двара, то сапсавалі б архітэктурную сіметрыю сядзібы. З гэтых пакояў адзін служыў для гардэробу дачцы Зосі, а таксама панны лаўчанкі, другі – іх спальня, у трэцяй яны весяліліся, працавалі і прымалі суседак, якія іх праведвалі.
Такі быў выгляд рэзідэнцыі генерала Куніцкага. Падобныя дамы былі сапраўды тыповымі ў канцы першай паловы і ў пачатку другой мінулага стагоддзя. У іх усё было сціпла, прыстойна, звыкла.
Адзінае, што і архітэктурай, і ўнутранай аздобай магло б ўразіць госця, знаёмага нават з чужымі краінамі, была Няводаўская капліца, узведзеная ў двары сядзібы.
Нямецкі пісьменнік Іаган Пауль Фрыдрых Рыхтэр (Жан Поль), калі мне памяць не здраджвае, сцвярджаў, што там, дзе прыватныя дамы дробныя і бедныя, а побач з імі велічныя грамадскія будынкі, там грамадства павінна быць моцным, жыццяздольным, упэўненым у будучыні. У адваротным выпадку, калі драўляныя цэрквы, пазелянелыя чарапіцы і ўбогія парафіяльныя школкі, мяжуюць з цудоўнымі палацамі сельскіх памешчыкаў, то можна сказаць: гора той краіне, гора яе жыхарам.
Капліца, пра якую я кажу, была выбудаваная вядомым архітэктарам, яго прывёз з Парыжа віленскі біскуп. Яна была пакрыта пазалочаным медным лістом, які на сонцы блішчаў, нібы залаты. Алтар быў са шліфаванага граніту, калоны з гіпсу, які колерам і бляскам імітаваў мармур. Падсвечнікі, рама, іконы Прасвятой Багародзіцы над алтаром былі з чыстага срэбра. Лампада днём і ноччу свяцілася. А якое ўнутранае багацце!
Але, вяртаючыся да самой архітэктуры: яна і павінна быць, і была выдатная, бо капліца выдзялялася сваім новым стылем. Праўда, лёс яе з часам змяніўся.
Там, дзе быў двор і палацавыя будынкі, цяпер англійскія клумбы; на месцы стайні – цяпліца, замест агароду – шырокі газон, а далей ляжыць возера; нават шпалеры ліпавай алеі не выратаваліся ад сякеры. А былая капліца, пераўтвораная ў альтанку, да гэтага часу дзівіць сваёй пышнасцю. Акрамя яе, усё змянілася, і людзі, і іх тварэнні.
У той час, калі ў нас людзі не ўмелі разважаць пра маральнасць, але практычна па ёй жылі, калі не хваліліся сваімі пазнаннямі, але выдатна ўмелі рабіць усё, што павінен умець хрысціянін і шляхціц, генерал Куніцкі жыў як дабрадзей і паўнаўладны гаспадар Няводава.