АРТ-Галерэя

Беларускія гарадскія пейзажы з кітайскім акцэнтам

Сяргей Прохараў і Фу Сюеін – сямейная пара, якая арганізавала ў Мінску Клуб кітайскай культуры «Цан Цзэ». Клуб, названы ў гонар міфічнага стваральніка кітайскай іерагліфікі, працуе з восені 2016 года. Сустрэчы ўдзельнікаў праходзяць на базе Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна. У межах клуба ладзяцца розныя мерапрыемствы культурнай і грамадскай накіраванасці. Многіх аднаклубнікаў яднае захапленне турыстычнымі паходамі на прыроду.

Сяргей скончыў у 2012 годзе філалагічны факультэт Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Зараз працуе ў Кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Сюеін, магістр філалогіі, выкладае кітайскую мову на філалагічным факультэце БДУ і паралельна ў Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя. Працуе над кандідацкай дысертацыяй, прысвечанай параўнальнаму вывучэнню беларускага і кітайскага фальклору.

Сяргей Прохараў, Фу Сюеін


库伟鹏 | Ку Вэйпэн



Ку Вэйпэн – кітайскі мастак, член Шаньсіскай асацыацыі мастакоў, Шаньсіскага камітэту алейнага жывапісу, выкладчык жывапісу ў Шансіскім прафесійным універсітэце культуры і турызма. Зараз Ку Вэйпэн жыве і вучыцца ў Беларусі. Нядаўна ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адбылася выстава яго прац, прысвечаная беларускім краявідам. Мы наведалі выставу і пагутарылі з мастаком.


– Скажыце, калі ласка, калі Вы прыехалі ў Беларусь? Колькі часу плануеце тут прабыць? Чаму абралі менавіта Беларусь?

– Я прыехаў у Беларусь у 2021 годзе. Пачаў вывучаць рускую мову і жывапіс у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Планую правесці тут два гады. Беларусь я абраў таму, што гэта краіна вельмі гасцінная, а таксама прыгожая – тут шмат лясоў і азёр.

– Дзе Ваша радзіма? Як яна выглядае ў параўнанні з Беларуссю?

– Мой родны горад Датун знаходзіцца ў кітайскай правінцыі Шаньсі. Горад з’яўляецца вугальнай сталіцай краіны. Датун мае тысячагадовую гісторыю і старажытную архітэктуру, таму зараз там актыўна развіваецца турызм. Беларусь ад маёй радзімы адрозніваецца перш за ўсё кліматам. Восень у нас вельмі доўгая, а тэмпература зімой часам падае да мінус 20 градусаў. Узімку таксама ідзе снег, але звычайна сонечна і значна халадней. Горад Тайюань, дзе я зараз жыву, – адміністрацыйны цэнтр правінцыі Шаньсі. Я заўважыў, што колеры чатырох паравін года ў Тайюані заўважна адрозніваюцца ад беларускіх. У Беларусі яны нагадваюць карціны алеем, а ў Шаньсі – малюнкі кітайскай тушшу.

– Большасць вашых твораў належыць да гарадской тэматыкі, з чым гэта звязана?

– Сапраўды, большасць маіх работ – гарадскія матывы. Гэта звязана з асабістым досведам. Мне падабаецца маляваць мясціны, дзе я жыву, якія бачу на свае вочы. Звычайна гэта гарадскія будынкі і пешаходы. Архітэктура ў кожным горадзе адметная, і мне хочацца зафіксаваць яе ў сваіх працах. У Кітаі гарады вельмі хутка развіваюцца, будынкі і вуліцы майго дзяцінства знеслі, а на іх месцы пабудавалі новыя. Шкада, што я не паспеў іх намаляваць.

– Пасля прыезду ў Беларусь, у Вас адразу з’явілася жаданне маляваць гарадскія пейзажы ці яно ўзнікла пазней?

– Калі я прыехаў у Беларусь, то ўбачыў шмат мясцін, якія адрозніваюцца ад кітайскіх. Яны мяне вельмі зацікавілі, і я захацеў іх намаляваць. І па-за прафесіяй я звяртаю ўвагу на асяроддзе, каларыт і архітэктуру горада. Таксама мяне цікавяць гарадскія жыхары з іх паўсядзённым жыццём. Мне цікава іх маляваць.

– Што характэрна для стылю Вашых твораў?

– Стыль маіх прац адрозніваецца ў залежнасці ад жывапіснага матэрыялу. Я выкарыстоўваю каляровы парашок, каб маляваць кітайскія пейзажы. Розніца ў асноўным у аб’ектах на малюнку і, адпаведна, колеры. Я малюю старыя вёскі ў гарах Кітая, дзе даўным-даўно жылі людзі.

– Калі Вы пачалі маляваць? Які твор, на Вашу думку, самы ўдалы?

– Я вельмі рана пачаў вучыцца маляваць. Напачатку ў мяне не было мэты стаць прафесійным мастаком, проста было гэта цікава. Пазней я пайшоў у каледж, каб займацца жывапісам прафесійна. Потым сам пачаў выкладаць жывапіс ва ўніверсітэце. Можна сказаць, што жывапіс і маё жыццё зараз непадзельныя. Працы, якімі я больш за ўсё ганаруся, – гэта «наступная пара твораў». Я часта думаю, пра тое, што чарговыя работы завершаныя, але ў маім сэрцы наступны твор павінен стаць найлепшым.

Глядзіце малюнкі Ку Вэйпэна


克格勃大楼 Кастрычнік 2020 г. Будынак КДБ.

明斯克一所小学门口 Лістапад 2021 г. Брама адной Мінскай школы.

独立大街 Лістапад 2021 г. Праспект Незалежнасці.

明斯克蚊子市场 Лістапад 2021 г. Камароўскі рынак.

白教堂 Ліпень 2022 г. Сабор Сашэсця Св. Духа.

眼泪湖前 Ліпень 2022 г. Ля ракі Свіслач.

喷泉前的下午 Жнівень 2022 г. Другая палова дня ля фантана.

独立广场 Верасень 2022 г. Плошча Незалежнасці.

纪念碑前 Верасень 2022 г. Перад помнікам.

明斯克之门 Верасень 2022 г. Брама Мінска.

邮政总局 Верасень 2022 г. Мінскі паштамт.

苏拉农场 Кастрычнік 2022 г. Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула».

美院门前 Кастрычнік 2022 г. Ля ўваходу ў акадэмію мастацтваў.

十月地铁站 Кастрычнік 2022 г. Станцыя «Кастрычніцкая».