Падарожжы і падарожнікі

Хутар Барсучча
Сяргей Прохараў, Фу Сюеін


Бусел ля Церабейнага

Нарэшце мы трапілі ў Кляцішча – прыгожую вёску ў цэнтры Налібоцкай пушчы, якая знаходзіцца на поўдзень ад ракі Вусы, што расплываецца ў тутэйшых мясцінах на два каналы – Шубіна-Нёманскі і Жоўта-Нёманскі. Шлях наш ляжаў, дарэчы, цераз гэтыя каналы. Мы планавалі дайсці да ўрочышча Ліпніца, паглядзець на палі, дзе, магчыма, сустрэнем якіх-небудзь цікавых звяроў, а потым – рушыць скрозь лес да ракі з паэтычнай назвай Ізледзь і там заначаваць.

Ісці давялося па сухой пясчанай дарозе, шчодра інкруставанай дзындрай – шлакам, што захаваўся ад рудна-балотнай вытворчасці. Дзындра сустракается светла-блакітная, сіняя і нават смарагдавага колеру. Па гэтай цудоўнай дарозе мы даволі хутка трапілі да Ліпніцы. Чаму Ліпніца? Не зусім зразумела, бо на ўскрайку поля сустракаліся толькі дубы. Крыху напалохаўшы буйны статак казуль на палях, мы працягвалі шлях на поўнач, туды, дзе ў густым багенным чорнаалешніку, магчыма, хаваліся алені, лосі, нават зубры, рысі і воўкі.


Ізледзь

Вечар прыйшоў неўзабаве. Бярозы, што абрамлялі старую закінутую конавозную дарогу, адбіваліся ў вадзе. Ізледзь, якая была ў гэтым месцы даволі сумным каналам, хутка ператварылася ў звычайную раку. Паспрыялі таму бабры, дзейнасць якіх можна ўбачыць паўсюль. І вось – мы абралі прыгожы ўзгорак з ялінкамі і бярозкамі на схіле над вадой.

Вогнішча распалілі вельмі хутка, накідалі сухіх галявін старой асіны, што, мяркуючы па яе стане, павалілася мінулай вясной. Яго агонь гарэзліва заскакаў па рацэ, іскры святла разляталіся па абшарах цёмнага і вельмі ціхага лесу. Цішыня, якой даўно не было. Для гарадскіх жыхаров гэта, здаецца, можа стаць жахам ці стартам для змены светапогляду. Але гэта не пра нас. Хутка мы размясціліся ля вогнішча і амаль былі гатовыя заснуць, як раптам пачалося...

- Мр-мр-мяў-мяў-уррр-ф-шшш-мяў!!! – зароў нехта ў карчах на супрацьлеглым беразе. Нам нават падалося, што гэта хатняе шчаня трапіла ў пастку. Прайшла хвіліна, і гукі невядомага звера зніклі. Набліжалася поўнач. Раптам жаласнае выццё данеслася з глыбіні лесу. Сумненняў быць не магло – гэта быў воўк і, хутчэй за ўсё, не адзін. Рэха разнясло гукі по наваколлі, а полымя пачало калыхацца. Вецер? Не, яго не было. Але, як мы хутка даведаліся, гэта ячшэ было не самае страшнае...

Хвілін праз дзесяць (прыблізна такі час трывала выццё) зноў абвалілася цішыня, а за ёй – сон, які падтрымоўваў трэск сухога голля ў вогнішчы. І тут мы пачулі нешта незразумелае. У гушчары ўзнік голас. Жаночы, даволі ціхі і неадметны. Пачуць давялося толькі адну фразу, але не вельмі разборліва, нешта накштал «...(імя), хадзі да мяне». Дзіўна, але гэта быў апошні цуд у гэту ноч на беразе Ізледзі.

Раніцай мы вырашылі паглядзець закінуты хутар Барсучча на супрацьлеглым баку ракі і раптам зразумелі, што менавіта адтуль гучаў начны таямнічы голас жанчыны. Хутар патанаў у карчах ажыны, але палі, якімі калісьці карыстаўся гаспадар, захаваліся. Ля хаты – слуп, які дзярэ мядзведзь, пад хатай – нара барсука. Вось яна – назва, што апраўдала сябе пасля таго, як прырода перамагла чалавека.

На зваротным шляху мы распавялі гісторыю пра жаночы голас мясцоваму жыхару з суседняй вёскі. Ён сур’ёзна выслухаў нас і коратка адказаў: «Значыць, не трэба больш хадзіць туда, не зразумелі, га?»