Калі знікне фальклор...

«Мы смела можам спадзявацца, што ў недалёкім будучым беларусы падобна сваім братам велікарусам, украінцам і палякам і інш. палюбяць сваю родную мову, будуць мець багатую літаратуру і стануць на звычайны і натуральны шлях нацыянальнага развіцця»
А. К. Сержпутоўскі.

ШТО БУДЗЕ, КАЛі ЗНіКНЕ ФАЛЬКЛОР?

Гэта было пытанне для роздуму і гучала яно наступным чынам:

«Уявіце сабе, што з жыцця сучаснага грамадства раптоўна знік не толькі фальклор, але і памяць пра яго існаванне (напрыклад, пад уплывам невядомага віруса, касмічнага выпраменьвання і падобнай фантастыкі).
Ці заўважыць чалавецтва прапажу?
Калі так, то дзякуючы якім рэшткам?
Калі не, то аб чым гэта можа сведчыць?»

У скарочаным выглядзе яно гучала так:
«Калі знікне ўвесь фальклор і нават памяць аб ім, ці заўважыць чалавецтва прапажу?»

ДУМКі СТУДЭНТАў ХХI СТАГОДДЗЯ

Ірына Бохан. Што стане з народам?
Я лічу, што калі б знік фальклор, народ страціў бы частку сябе, бо фальклор — гэта нашы карані, якімі мы звязаны з Радзімай, з народам.
Чалавецтва не можа рухацца наперад, калі пад нагамі (то бок у свядомасці) не будзе фальклорнай асновы.
Фальклор - «калыска» чалавечай культуры. Менавіта на ім грунтуецца нацыянальная самасвядомасць.
Калі не будзе фальклору, то што стане з народам?

Яна Селюжыцкая. Гэта будзем не мы.
Я спадзяюся, што насамрэч такое ніколі не здарыцца . Але калі ўявіць, што так адбылося, то мы адчуем недахоп.
Фальклор — падмурак нашай культуры, народнага жыцця. А калі гэты падмурак знікне, то з цягам часу будзе разбурана і сама пабудова.
Паўстане пагроза знішчэння нашай гісторыі, а без гісторыі не можа быць і народа.
Шматлікія рэчы і з*явы згубяць свой сэнс, а затым і самі знікнуць.
На новых з*явах, запазычаных з іншых краін, уласную гісторыю не пабудуеш.
Гэта будзе ўжо не наша гісторыя, не наша грамадства, гэта будзем не мы.

Галіна Сініца: «Жыццё стане сухое».

Аксана Мікша: «Знікне беларускі народ».

Ганна Канецкая: «Чалавек, які ведае сваю мову і гісторыю, захоўвае традыцыі, цікавіцца спадчынай, ніколі не загіне духоўна».

Эмілія Скарабагатая. Далёка не ўсе адчуюць страту.
Думаю, гэта залежыць ад таго, якога ўзроўню адукаванасці чалавек.
Лічу, што ў першую чаргу зразумеюць, што мы нешта страцілі, вучоныя,у тым ліку лінгвісты, гісторыкі, філолагі… Яны будуць задавацца пытаннем, адкуль усё пачалося, чаму з*явілася.
Таксама б фалькларысты заўважылі, што яны раптам згубілі працу і прадмет, над якім працавалі.
Але, на жаль, далёка не ўсе б адчулі гэтую страту. У наш час хапае людзей, якія не разумеюць каштоўнасць фальклору, яны не паважаюць яго як пачатак слоўнага мастацтва, зараджэння творчасці, так і ўвогуле нацыянальнасці.

Раман Беразоўскі. Многія з*явы стануць незразумелымі.
Я лічу, што чалавецтва заўважыць знікненне, бо фальклор з*яўляецца істотнай часткай паўсядзённай рэальнасці. Напрыклад, прыказкамі і прымаўкамі чалавек карыстаецца кожны дзень.
Да таго ж без фальклорных элементаў мова людзей стала б беднай і не заўважыць гэта немагчыма.
Фальклор паўплываў на быт людзей, таму многія бытавыя з*явы і прадметы былі б ужо незразумелымі.
Фальклор паўплываў на музыку, літаратуру, таму знікненне яго стала б відавочна.

Таццяна Горбель: «Страціўшы свой фальклор, разам з ім мы страцім сваю мову. А калі мы ўсё гэта страцім — перастанем быць нацыяй».

Яўген Міхей: «Калі чалавецтва пачне ўзнаўляць страчанае, яно можа здагадацца, што не хапае нейкай «ступенькі», якой якраз быў фальклор».

Марына Верабей: «Не хачу, каб фальклор знік».

Бажэна Мацюк. Мы згубім сувязь з мінулым.
Мы, безумоўна, здагадаемся, бо заўважым, наколькі бяднейшай стане мова.
Мы згубім сувязь з мінулым, з народнай педагогікай.
Для пакалення страчанага фальклору стануць нямымі назвы родных мясцін, своеасаблівыя захавальнікі гістарычнай і культурнай памяці.
«Назвы — народнае паэтычнае афармленне краіны» (К. Паўстоўскі). Гэта праўда. Калі знікнуць легенды і паданні, мы будзем шукаць зніклае «нешта» у сваёй памяці — і не знаходзіць.
Знікненне фальклору стане трагедыяй непаразумення, няведання, забыцця…

Алена Налецька. Як тады выхоўваць дзяцей?
Калі знікне фальклор, разам з ім знікнуць дзіцячыя казкі і песні, абрады і традыцыі, значна менш застанецца звестак пра жыццё нашых продкаў.
Як тады выхоўваць дзяцей? Зноў прыйдзецца прыдумляць казкі, забаўлянкі, калыханкі?
Гарадское насельніцтва ўвогуле не будзе нічога ведаць пра тое, што былі нейкія цікавыя абрады ў вёсцы.

Аксана Мікша: «Разам з фальклорам мы нясем сваю гісторыю, беларускую мову, яе дыялекты».

М. Пруднікава: «Фальклор не можа сам па сабе знікнуць».

Кацярына Стрыжнікава: «Без фальклору збяднее мастацкая мова, страціць шматлікія тэмы не толькі літаратура, а нават музыка і жывапіс».

Руслана Карахоева. ХХI стагоддзе дыктуе чалавецтву свае жорсткія ўмовы.
Зараз чалавек у бесперапыннай гонцы за «асабістым шчасцем»часцяком забывае пра сябе як асобу, пра сваю душу. Але гэта не значыць, што ў сучаснага чалавека ў душы толькі пустоты. І калі б здарылася такое, што знік фальклор, ён, відаць, адчуў, што нечага не хапае. Вось пра гэтае нешта мы, дзеці асфальтава-бетонных джунглей, часта забываемся, але яно ў нас ёсць, жыве, дыхае… І, калі прыслухацца да сябе, можна пачуць … Удых — выдых, удых — выдых … А вы чуеце?

Наталля Фалевіч. Змоўкне і песня…
Мы абавязкова адчуем страту песеннага багацця, бо кожны на пэўныя святы ці падчас працы спявае, а калі фальклор будзе страчаны, атрымаецца, што змоўкне і песня. Як тады выражаць памкненні свайго сэрца?
Знікнуць і народныя казкі. А што мы будзем расказваць сваім дзецям перад сном? А як жа калыханка, якую спявае матуля? І яна забудзецца?
Збяднее мова, забудуцца параўнанні, сімвалы…
Мы не можам не адчуць страты!

Марына Лявончык: «Знікнуць беларускія гурты, хоры, ансамблі. Вы гэтага хочаце?»

Настасся Найлавец: «Здагадемся, таму што фальклорныя рэшткі ў літаратуры і мастацтве будуць нагадваць аб ім».

Дана Закрэўская: «Разам са знікненнем фальклору знікне вялікая колькасць літаратуры і наш культурны свет збяднее».

А ШТО АДБУДЗЕЦЦА, КАЛі РАПТАМ ЗНіКНЕ IНТЭРНЭТ?