Нашы сябры
Міско расказвае

У жыцці здараюцца часам вельмі забаўныя выпадкі, якія цікава ўспомніць, бо яны дазваляюць прыгадаць, якім некалі быў, што было займальнага, незвычайнага ў жыцці.

                        Адкуль узыходзіць сонца
Вось успамін з дзяцінства. Мне вельмі хацелася даведацца, адкуль гэта сонца ўзыходзіць. Я вызначыў месца на гарызонце, дзе яно паяўлялася раніцой, і пехатой дабраўся да яго. Якое ж было здзіўленне, калі я ўбачыў з таго месца новыя краявіды і ніякага знаку таго, што недзе вось там сонца начуе.

Праз многа год я па запрашэнню японскага касманаўта Таёхіра Акіямы прыехаў у Японію. На прыёме, які быў наладжаны ў мой гонар, я ўспомніў той выпадак з дзяцінства і сказаў; “Я вельмі рады, што я ўсё ж патрапіў у краіну узыходзячага сонца. Дзіцячая мара збылася”. Японцам гэта вельмі спадабалася. А яшчэ я даведаўся, што гэтак жа спрабаваў знайсці месца, адкуль узыходзіць сонца украінскі паэт і мастак Тарас Шаўчэнка. І, можа, хто і іншы з уражлівых, творчых натур.

                        Як куля вылятае з дула
Яшчэ адно праяўленне маёй дзіцячай цікаўнасці звязана з ваеннай парой. На месцах баёў мы, хлапчукі, знаходзілі пакінутую зброю. Аднойчы знайшлі спраўную вінтоўку. А мне было цікава паглядзець, як гэта куля вылятае з дула. І я папрасіў сябра; “Ты нацэлься ў мяне і стрэль, а я стану насупраць і буду глядзець, як куля вылятае”. Але нешта нам перашкодзіла, мы гэты намер не споўнілі, А каб споўнілі? Не было б сёння скульптара Міско…

                        Намалюй запалкі
У дзяцінстве ў мяне выявіліся здольнасці да малявання. Паехаў у Мінск паступаць у мастацкае вучылішча.На камісіі прапанавалі заданне. Вось перад табой пачак запалак, намалюй яго. Я абурыўся: “Што гэта за заданне! Я ўжо не такое маляваў! Чапаева з рэпрадукцыі на сцяне печы змаляваў, усе казалі, вельмі падобны”. Не паступіў. Бо не ведаў, што пачак той трэба было намаляваць, каб камісія пераканалася, што я ўмею пабудаваць перспектыву, размясціць прадмет у прасторы, пакласці цені. Гэта мне потым ужо растлумачыў мясцовы мастак. Павучыўся ў яго, і праз год паступіў.

                        Ілюзія аб'ёмнасці
З вучылішча мяне забралі ў армію. Калі вяртаўся, спыніўся на пару дзён у Маскве. Першым чынам падаўся ў Траццякоўскую галярэю. там мяне асабліва ўразіла аб’ёмнасць на карцінах Шышкіна. Выбраў момант, калі дзяжурная ў зале адвярнулася, падышоў да адной яго карціны, і паспрабаваў зазірнуць за раму. Мне здавалася, што карціна павінна прадоўжыцца ўглыб, уваходзіць у сцяну. Ды як глянуў на карціну зблізку, убачыў, што ілюзія аб’ёмнасці прапала, сталі бачнымі мазкі. Расчараванне якое было!

                        Колькі дабра сапсавана!
Яшчэ я пабываў у Маскве на выстаўцы падарункаў Сталіну. Там мяне ўразіў ягоны партрэт, выразаны скульптарам з вялікай глыбы цукру. Тыя пасляваенныя гады былі досыць галодныя, і ў мяне з’явілася думка: “Колькі дабра сапсавана! З гэтым цукрам можна было б лепей выпіць многа чаю”. Хапіла розуму тую думку нікому не выказаць, іначай мог бы і ў лагеры апынуцца.

                        Шукаць сваё
Мара пра аб’ёмнасць жыла ўва мне. Хаця вучыўся на мастака, але адчуваў жаданне выяўляць у мастацтве прасторавыя ў’яўленні. Аднойчы ў вучылішчы зайшоў у скульптурны клас, паглядзеў, як там працуюць, І так мяне ўразіла тое, што вось жа можна сваімі рукамі тварыць аб’ёмныя фігуры, што я не вытрымаў, перавёўся на скульптурнае аддзяленне.

                        А можа ў касманаўты?
Цікаўнасць да незвычайнага, нязведанага не звялася і пасля дзіцячых гадоў. У Зорным гарадку я ўважліва агледзеў трэнажоры, на якіх касманаўты выпрацоўвалі навыкі, што спатрэбяцца ў палётах. Пацікавіўся, а ці можна мне праверыцца, можа яшчэ і мне не позна злётаць у космас. Мяне пакруцілі на цэнтрыфузе, гэта апарат, які дазваляе адчуць тыя перагрузкі, што ўзнікаюць падчас старту і прызямлення. Вылез я з той цэнтрыфугі, нібы п’яны, ногі як ватныя, ледзь утрымаўся на іх. І парашыў – займайся лепш сваёй справай. ляпі касманаўтаў, а лятаюць хай яны.

                        У мундзіры ці ў скафандры?
Некалькі эпізодаў са скульптарскай практыкі. Мне даручылі зрабіць скульптурны партрэт першага беларускага касманаўта Пятра Клімука, які планавалася ўстанавіць у Брэсце. І толькі я паспеў яго вылепіць, як даведаўся, што Клімуку прысвоілі званне генерал-маёра. А ў мяне ж ён у мундзіры палкоўніка! Што рабіць? Пачаў званіць у розныя інстанцыі, і ніхто ў тыя савецкія часы не мог узяць на сябе адказнасць, каб даць мне параду. Тады я рызыкнуў, сам за ноч “перашыў” мундзір, вылепіў генеральскія пагоны. Так Клімук быў і адліты ў бронзе. У тым, што я зрабіў правільна, упэўніўся, калі назіраў за ўстаноўкай скульптуры. Падыходзілі гледачы і задавалі пытанні: “А чаму мундзір не пафарбаваны на сіняе?А чаму зоркі Героя не жоўтыя? Даказваю, што скульптуру не расфарбоўваюць – не хочуць і слухаць. А каб яшчэ і мундзір быў не той, пагоны не генеральскія, пытанняў было б значна болей. Улічыўшы той вопыт, другога касманаўта-беларуса, Уладзіміра Кавалёнка, ляпіў ужо не ў мундзіры, а ў скафандры. Многа лепей –адразу відаць, хто ён такі, чым вызначыўся.

                        Каго пакінуць?
Калі я ляпіў рускага пісьменніка Сяргея Аксакава, то першапачатковая кампазіцыя ў мяне была такая: пісьменнік сядзіць у крэсле, каля ягоных ног любімы паляўнічы сабака (Аксакаў быў заўзятым паляўнічым і рыбаком), а побач яшчэ адно крэсла, незанятае. Думалася, што вось у яго будуць садзіцца наведвальнікі музея-сядзібы ў Надзеждзіне, дзе потым помнік і быў устаноўлены. Але мая задума парушылася, на гэты раз ужо з-за фінансавых праблем. Заказчыкі палічылі, што на помнік пойдзе надта ж многа бронзы і прапанавалі: “Давайце абыйдземся без крэсла”. Добра, крэсла я прыбраў. А мне кажуць: “А можа і без сабакі абыйдземся? Калькі бронзы зберажэцца!” Тады я жартам прапанаваў: “Ведаеце, а давайце мы пакінем крэсла, на ім будзе ляжаць кніга, а каля крэсла сабака будзе чакаць гаспадара, які, усе будуць думаць, пайшоў якраз вудзіць рыбу”. Жарт спадабаўся, і ён выратаваў – парашылі ўсё ж сабаку пакінуць.

                        Выратаваны сабака
Потым я ўжо і сам тое-сёе памяняў у час работы над помнікам Аксакаву. Па-іншаму вылепіў руку: яна не абапіралася на крэсла, а была звернута да гледачоў, нібы запрашала іх у госці ў родавую сядзібу Аксакавых. Кніга ў другой руцэ была заменена на толькі-толькі скончаны рукапіс, лісткі якога ў неспарадкаваным выглядзе высоўваліся з папкі. Мне было шкада крэсла – я сфатаграфаваў яго ў музеі, мне сказалі, што гэта якраз тое крэсла, на якім сапраўды любіў сядзець Аксакаў. Хай бы на ім пасядзелі і экскурсанты. Але ў мяне адлягло ад сэрца, калі ўбачыў у дзень адкрыцця, як дзеці абселі сабаку, а дарослыя фатаграфаваліся каля пісьменніка. А нехта з мясцовых жыхароў аўтарытэтна засведчыў: “Гаспадар вярнуўся дадому”.

                        Па падказцы Леонава
Я люблю фатаграфаваць скульптуру ў працэсе лепкі. “Фотавока” дапамагае свежа ўбачыць свае агрэхі, заўважыць, дзе што не так. Спачатку я карыстаўся “Зенітам”. Аднойчы, калі я быў у Зорным гарадку, гэты мой апарат ушчэнт зганіў касманаўт Аляксей Леонаў. “Што ты здымаеш такой дапатопнай тэхнікай! Купі апарат, які сам на рэзкасць наводзіць, дыяфрагму-вытрымку ўстанаўлівае, сумяшчае ў сабе некалькі аб’ектываў”. Я паслухаўся, расстараўся найноўшай мадэллю плёначнага “Olimpus”а, і сапраўды, здымкі мае сталі значна болей якасныя. А потым ужо я без усялякіх парад перайшоў на электронную фотатэхніку, яе магчымасці яшчэ большыя. А ўсё ж каб не падказка Леонава, то я мог бы і цяпер здымаць тым старэнькім “Зенітам”.

Падрыхтаваў Міхась Кенькa


Мікалай Козенка || Змест

Сайт создан в системе uCoz