Нашы сябры
Наш сябар Мікалай Козенка

На філалагічным факультэце БДУ ў лістападзе 2011 г. пачала працу студыя беларускага аўтэнтычнага танца «Апалушкі». Кіруе студыяй выдатны педагог, вядомы этнахарэограф Мікалай Аляксеевіч Козенка.

Мікалай Аляксеевіч Козенка – збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэограф, этнапедагог-наватар, вядомы дзеяч культуры, арганізатар фальклорнага фестывалю «Берагіня». Ён аўтар больш за 100 публікацый. Сярод іх манаграфія «Лексіка беларускага народна-сцэнічнага танца. Ч. І. Паставы рук» (1993), зборнікі «Танцавальная музыка Беларусі» (15 выпускаў), «Беларускія народныя танцавальныя песні» (4 выпускі), шматлікія брашуры і артыкулы ў навуковых, навукова-папулярных і даведачных выданнях Беларусі і Расіі, вучэбныя праграмы і метадычныя дапаможнікі. Мікалай Аляксеевіч – аўтар і сааўтар каля 30 відэафільмаў, кінастужкі «У Святыя вечары на Каляды» (Беларусьфільм, 1996), тэлецыкла «Чачэрскі альбом» (1995–96) і інш. У 2011 г. выйшла яго кніга «Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць (Магілёўшчына)».

Фальклорны архіў Мікалая Козенкі налічвае каля паўтары тысячы адзінак відэазапісаў беларускіх аўтэнтычных танцаў і больш за 20 тысяч адзінак аўдыазапісаў, якія даюць уяўленне аб традыцыі аўтэнтычнай беларускай харэаграфіі ва ўсіх шасці гісторыка-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі.

У свой час Р. Р. Шырма сказаў фразу, якая стала афарызмам: «Запяе школа – запяе народ». Мікалай Козенка марыць пра тое ж у больш блізкай яму сферы танца. І не проста марыць, але актыўна працуе. З 1990 г. у якасці мастацкага кіраўніка ўдзельнічае ў арганізацыі і правядзенні дванаццаці фальклорных фестываляў – ад рэгіянальных да міжнародных. У палове з іх ён аўтар ідэі, распрацоўшчык канцэпцыі, галоўны рэжысёр-пастаноўшчык, харэограф. Аўтарскія фестывалі «Берагіня» – гэта заўсёды больш, чым звычайныя фестывалі, гэта падзеі. Іх канцэптуальную аснову складаюць пяць ўзаемазвязаных прынцыпаў – выяўленне, аднаўленне, пераемнасць, распаўсюджанне і папулярызацыя асноўных відаў традыцыйнай мастацкай культуры, перш за ўсё танцавальнай. Да кожнага з чатырох апошніх сваіх фестываляў Мікалай Козенка падрыхтаваў кнігі, якія сціпла назваў «Даведнікамі». Гэтыя кнігі – люстэрка маштабаў творчай працы Мікалая Аляксеевіча, каштоўны матэрыял для вывучэння гісторыі фальклорнага фестывальнага руху ў падзеях і асобах.

Самая важная праблема для Мікалая Аляксеевіча Козенкі – стварэнне ўмоў для пераемнасці аўтэнтычных танцаў Беларусі дзецьмі. Ён стварыў некалькі цэнтраў, у якіх натуральнае засваенне дзецьмі традыцыйнага мастацтва стала нормай. Гэта перш за ўсё цэнтры ў Чачэрскім раёнё Гомельскай вобласці (вв. Бабічы, Нісімкавічы, Меркулавічы, Беляеўка, Палессе і інш.). Якіх вышынь дасягаюць дзеці звычайнай беларускай вясковай школы, яскрава і ўражальна дэманструе створаны А. М. Козенкам дзіцячы фальклорны калектыў «Берагіня». Практыкай пераемнасці традыцый народнага мастацтва займаецца не толькі М.А. Козенка, аднак менавіта яму ўдалося надаць гэтаму руху маштабны і сістэмны характар.


Вынікі дзейнасці Мікалая Аляксеевіча ў галіне выхавання дзяцей і моладзі сродкамі аўтэнтычнага мастацтва вельмі ўражальныя. Сёння ў яе сферы рознаўзроўневыя навучальныя ўстановы, Палацы і Дамы культуры, незлічоныя сцэнічныя і канцэртныя пляцоўкі, вясковыя вуліцы і танцполы гарадскіх клубаў. І наша вучэбная студыя беларускага аўтэнтычнага танца «Апалушкі» створаная па ініцыятыве Майстра. Не ўсе ведаюць гэта прыгожае мілагучнае слова, нават філолагі. Згодна з энцаклапедыяй «Этнаграфія Беларусі» (1989), апалушкі – невялікія начоўкі для ачысткі (правейвання) зерня ў хатніх умовах. Вобраз зерня, якое падкідваецца ўгару, «скача», асацыятыўна стасуецца з вобразам танца, рухамі партнёраў, рытмікай скокаў. Зерне і танцоры разам – апафеоз жыцця ў яго вітальнай сіле і прыгажосці. Таму мы і назвалі студыю «Апалушкамі».

Заняткі праходзяць раз на тыдзень і разлічаны як на тых, хто ўпершыню вырашыў паспрабаваць сябе ў галіне народнага танца, так і тых, хто ўжо знаёмы з беларускай танцавальнай культурай. Знакамітыя «Кракавяк», «Лявоніха», «Падэспань», «Абэрак» і іншыя народныя танцы складаюць рэпертуар студыі. Мікола Козенка звяртае ўвагу навучэнцаў не толькі на пэўныя тэхнічныя моманты танцавальных рухаў, але і на псіхалагічны настрой, з якім яны выконваюцца.

Навучанне народнаму танцу адбываецца пад жывое музычнае суправаджэнне, дзякуючы баяністу Уладзіміру Ягоравічу ..., акардыяністу Аляксею Крукоўскаму, скрыпачцы Вераніке ..., дудару Аляксею.

У студыі пануе атмасфера добразычлівасці і весялосці, а заняткі чымсьці нагадваюць традыцыйныя беларускія вячоркі, дзе моладзь збіралася для забаваў і танцаў, а старэйшае пакаленне пагаманіць ды пацешыць вока ўдалымі танцорамі.

Філалагічны факультэт абраны ў якасці працоўнай пляцоўкі для «Апалушак» невыпадкова. Студэнты-філолагі на першым курсе праходзяць летнюю фальклорную практыку: збіраюць на вёсцы самыя розныя жанры вуснай народнай творчасці. Каб дапамагчы маладым збіральнікам (многія з якіх выраслі ў горадзе і слаба ўяўляюць сабе асаблівасці вясковага жыцця) наблізіцца да этнічнай культуры беларусаў, глыбей адчуць яе, выкладчыкі-фалькларысты на працягу навучальнага года рыхтуюць для студэнтаў шэраг адмысловых мерапрыемстваў. Сярод іх відэалекторый, дзе ўвазе навучэнцаў прапануюцца этнаграфічныя фільмы, знятыя ў свой час Зінаідай Мажэйка, Рэгінай Гамзовіч. Нездарма гавораць, што лепей адзін раз убачыць, чым сем разоў пачуць (на той жа лекцыі). А калі не толькі ўбачыць, але і самому паспрабаваць? Тады замацаванасць набытых ведаў узрастае ў шмат разоў! Можа быць, не кожнаму дадзена здольнасць спяваць, але ў тым, што абсалютна кожны можа навучыцца народнаму танцу, сумненняў няма, лічыць Мікалай Аляксеевіч. І сапраўды, амаль усе філолагі-першакурснікі (у тым ліку замежныя: туркі, кітайцы) цяпер могуць не толькі разважаць пра танцавальную традыцыю беларусаў, але і прадэманстраваць беларускія народныя танцы.

Сёння Мікалай Аляксеевіч Козенка з’яўляецца безумоўным лідарам у той частцы даследавання беларускай народнай танцавальнай культуры, якая тычыцца аўтэнтычнага танца. Мы ганарымся тым, што вядучы этнахарэограф Беларусі рыхтуе студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ да летняй фальклорнай практыкі, ў вельмі ўдзячны яму за клопат, дапамогу, навуку.

Падрыхтавалі В. С. Дзянісенка, Р. М. Кавалёва, Т. В. Лук’янава
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з кнігі «Хто, калі не я…»:
Да 60-годдзя Міколы Козенкі / укл. В. В. Калацэй. – Мінск: выдавецтва «Чатыры чвэрці», 2011. – 370 с.


Іван Місько || Змест

Сайт создан в системе uCoz