Будні і рамантыка фальклорнай практыкі

ДЗЁННІК ФАЛЬКЛОРНАЙ ПРАКТЫКІ
студэнта I курса спецыяльнасці “Славянская філалогія”
філалагічнага факультэта
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Самахвала Сяргея Іванавіча


…Чаму?

Аднойчы знаёмая жанчына запыталася ў мяне, куды я збіраюся паступаць пасля заканчэння школы. Я адказаў, што яшчэ дакладна не вырашыў, але, відаць, хутчэй, на філалагічны факультэт ці, можа, на гістарычны. “Ой, – усклікнула жанчына, – паступай на філалагічны. Там жа ж так цікава! Адна фальклорная практыка чаго каштуе!” “Чаго?” –здзіўлена запытаўся я. “Ой, – кажа, – гэта так весела. Усе гуртам збіраемся, едзем у вёску (яна сама скончыла філалагічны факультэт МДПУ імя М. Танка), там проста адпачываем душолй і целам. Бабулькі і дзядулькі заўсёды з такім клопатам і адданасцю да нас адносіліся. Ім сумна было. Заўсёды аднастайнасць. А тут мы! Яны нас і малачком адпояць, а расказваюць дык наперабой! Што ты, такое не забываецца!” “Гэта сапраўды цікава”, – вырашыў я. Што ж, я зараз на філалагічным факультэце, і час фальклорнай практыкі…

На жаль, зараз ужо не едуць усе разам збіраць вусную народную творчасць, зараз кожны паасобку. Гэта ўжо не так весела. Гуртам, што ні кажы, весялей. “У гурце і гора забываецца”, – казалі нашы продкі. Ды і такога захаплення ад самой вёскі ў мяне няма, можа, як у гарадскіх. Я сам з вёскі. Пражыў там усё дзяцінства і падлеткавасць. І малака напіўся, і з бабулямі нагаварыўся. І, шчыра кажучы, і фальклору наслухаўся. І магу наслухацца яшчэ ў любы час. А вось папрацаваць у фальклорнай лабараторыі, відаць, магчымасць будзе не заўсёды. Таму я вырашыў не губляць свой шанс і адчуць пах зжаўцелых картак, якія яшчэ некалі рэдагавалі сапраўдныя майстры слова, як Н. Гілевіч, В. Літвінка і іншыя. Ды і начытаешся рознага: і дзіцячага фальклору, і сучаснага, і ваеннага, і савецкага, ды і з розных куткоў і не толькі Беларусі!

Што ж, не пашкадаваў ні хвілінкі ў сваім выбары, і, думаю, не пашкадую…

Сачыце за маімі запісамі, і я перакананы, што і вам захочацца як мага хутчэй далучыцца да аднаго з відаў мастацтва СЛОВА!..

26.06.2008
чацвер


Ітак, сёння першы дзень. Мне напярэдадні паведамілі, што я буду праходзіць сваю практыку ў жанравым архіве ВНЛ БДУ, у к. 39, паведамілі мне майго кіраўніка – Лук’янава Таццяна Валер’еўна.

Першае пытанне, якое ў мяне ўзнікла, гэта “дзе ж гэты кабінет 39?” Чуў толькі: “Там недзе, у дворыку…” Другое: “А хто ж гэта Таццяна Валер’еўна? Якая яна?”

Што ж, пайшоў. Выйшаў у дворык. Іду па ім. Бачу толькі адны дзверы. Адчыняю… Адчыняюцца. Чую недзе наверсе галасы. Падымаюся па прыступках на 2-гі паверх. Гляджу – мае дзяўчаты! (у сэнсе тыя, з якімі я вучуся ў адной групе!) Праўда, іх няшмат. Усяго 3. Значыць, думаю, туды. Цяпер трэба чакаць. Ну вось, дачакаліся. Да нас прыйшла Таццяна Валер’еўна. Ёй аказалася дзяўчына, якую я ўжо ведаў (толькі не ведаў, што гэта Таццяна Валер’еўна), я яе неаднаразова бачыў у к.. 15 (галоўным кабінеце ВНЛ), ды і правілы праходжання практыкі тлумачыла яна нам на кансультацыі 25.06. 2008 у 17.00. Пазней выявілася, што яна аспірантка. Вельмі спакойная, ціхая, разважлівая…

Зайшлі ў кабінет. Нічога сабе… Невялікі… У ім не горача… З аднаго боку скрыні з жанрава-тэматычнымі карткамі, з другога – шафы, у іх – навуковая, публіцыстычная і мастацкая літаратура па фальклоры. З трэцяга боку – праход у яшчэ адзін пакойчык. Там таксама скрыні з карткамі (праўда, новыя, відаць, нядаўна зрабілі), некалькі партаў з крэсламі, як, дарэчы, і ў галоўным (калі можна так назваць) кабінеце.

Нам далі два пакункі з карткамі і папрасілі іх разабраць. А гэта значыць раскласці карткі ў стосікі па жанрах, а ў тых картках, дзе жанр не вызначаны, вызначыць. Дзяўчаты адразу ўхапіліся раскладваць карткі. А мне даручылі… ВЫЗНАЧАЦЬ ЖАНР. Што ж, работа адказная. Мне далі раздрукаваны дапаможнік для вызначэння жанраў. Пачаў паціху. Спачатку былі хібы. Я папрасіў Таццяну Валер’еўну праверыць за мной. Яна згадзілася. Выправіла, дзе што не так. Дала некалькі парад і падказак. І ўсё пайшло-паехала… Я вызначаю, дзяўчаты раскладаюць…

Працавалі без абеда. Расклалі пакункі. А вось вызначыць жанры ўсіх “нявызначаных” картак не ўдалося (іх аказалася вельмі шмат, а я адзін!). Вырашылі пакінуць на заўтра…

27.06.2008
пятніца


Страху ўжо няма. Ведаю, куды ісці, што рабіць, як рабіць. Прыйшоў. Зноў тая кампанія. Зайшлі ў кабінет. Селі на рабочыя месцы. Я за сваё – вызначаць жанры. Да мяне далучыліся яшчэ дзве дзяўчыны. Адна адразу пачала разносіць карткі па скрынях. Пайшла справа весялей. Усё ж утраіх. Калі хтосьці быў няўпэўнены ў вызначэнні жанра, пускаў яе па крузе. Кожны пісаў алоўкам сваю версію або зацвярджаўверсію папрярэдніка ці папярэднікаў. “Цікавыя” творы чыталі ўслых. Смяяліся. Найбольш твораў было пазаабрадавай лірыкі, часцей, сямейна-бытавой і любоўнай тэматыкі. Часта сустракаліся творы, дзе пасля слова “жанр” было напісана “песня”. Такіх “песень” давялося перабраць недзе стосікаў 3. У многіх картках было напісана, напрыклад, так: сямейна-абрадавая лірыка, купальская. Карацей, атрымліваўся нейкі аксюмаран (спалучэнне ў літаратуры лагічна неспалучальных паняццяў). Найбольшыя цяжкасці ўзнікалі пры прачытанні почыркаў. Карткі розныя, адпаведна, і почыркі розныя. Кожны свой, адметны, і, шчыра кажучы, далёка не каліграфічны. Скончыўшы ўрэшце з вызначэннем жанраў, мы расклалі карткі ў патрэбныя скрыні. Ітак. 2 пакункі з карткамі разабраныя. Што ж рабіць далей? Няўжо ўсё? Пра гэта даведаемся з наступнага дня…

28.06.2008
субота


“Будзе дзень, бузде і ежа”, – цешыў я сябе, ідучы ў чарговы раз у лабараторыюі думаючы, што ж будзем рабіць сёння? “Будзем рыхтаваць карткі для набору”, – паведаміла Таццяна Валер’еўна. “Як гэта?”, – здзівіўся ў думках я. Але не спытаўся, бо ведаў, што тлумачэнне і так будзе, без майго пытання. “Браць са скрыні карткі, адлічваць іх па 100, складваць ў стосікі і сачыць, каб не пападаліся карткі з іншым жанрам, напрыклад, ці з нявызначаным жанрам, ці няправільна вызначаным жанрам, ці,можа, без дакладнай пашпартызацыі твора і т.п., адным словам, рыхтаваць і адкладваць “якасныя” карткі”, – вось яно тлумачэнне з вуснаў нашага кіраўніка. Галоўнае, каб усе лічылі самі сабе, не ўголас (уяўляю, што б было ў адваротным выпадку!) і не збіцца з ліку. А так, лічыць, здаецца, да 100 умеем, чытаць таксама. …Выцягнулі скрыню (дарэчы, працавалі ў тым жа складзе, што і першыя два дні). Скрыня была з летнім цыклам абрадавай творчасці (маюцца на ўвазе карткі, што знаходзіліся ў гэтай скрыні), у прыватнасці, купальскія, пятроўскія, касецкія песні. Работа пайшла хутка. Лічылі, дзякуй Богу, ціха, таму збояў частых не было. У канцы працоўнага дня на партах ўжо ўзвышаліся добрыя стосы “летніх” песень. Нават не адчувалася, што і выхадны дзень (працавалі за 4 ліпеня – чацвер наступнага тыдня, бо неўзабаве святочныя выхадныя – з 3-га ліпеня па 7-га).

30.06.2008 – 01.07.2008
панядзелак-аўторак


Гэтыя дні я “набіраў” карткі на камп’ютары. Я маю камп’ютар дома, умею на ім працаваць. Здавалася, усё проста. Бяры, друкуй. І сапраўды, ніякіх цяжкасцей. Сяджу спакойна друкую. Першая картка, другая, трэцяя…дваццатая. Ой, надакучыла. Аказваецца, не так ужо і проста. Творы запісаны ўсе з характэрнымі адметнымі асаблівасцямі гаворак пэўнай мясцовасці, трэба ўсё гэта ўлічваць і пры наборы. Ну і, вядома, почыркі. Не ўсё іх удаецца дакладна расчытаць. Калі яшчэ ў творы можна сэнсава здагадацца, то пры напісанні вёскі гэта немагчыма (пры вызначэнні раёнаў дапамагала электронная мапа Беларусі, ды і ўласныя веды па геаграфіі Беларусі, атрыманыя яшчэ ў школе). Дзякуй Богу, на гэтай мапе былі адлюстраваны яшчэ і назвы вёсак. А яны ў Беларусі такія ж разнастайныя: пачынаючы з уласнабеларускіх, славянскіх і заканчваючы нават балцкімі і фінскімі (“балцкая” і “фінская” тэорыя засялення Беларусі знаходзяць у апошні час у гісторыкаў усё найбольшае пацверджанне). Мне выпала набіраць творы з жанрам “жаніцьба Цярэшкі” і “калядныя песні”. Найбольш твораў з жанрам “жаніцьба Цярэшкі” ў Віцебскай вобласці – Докшыцкім, Глыбоцкім, Міорскім і іншых раёнах, на другім месцы – Мінская вобласць з Вілейскім, Мядзельскім, Лагойскім, Барысаўскім і іншымі раёнамі. Гомельская і Гродзенская вобласць у мяне зусім не былі прадстаўлены. Творы вельмі цікавыя, як, дарэчы. і сам абрад. Хвошч Любоў Кляменцьеўна з в. Ворань Лепельскага раёна Віцебскай вобласці так распавяла пра яго святкаванне: “Вяселле Цярэшкі” – зімовая калядная гульня (7 студзеня па старым стылі). Збіралася моладзь. Выбіраліся пары, дамаўляліся хлопцы з дзяўчатамі заране: “Будзем жаніць з табой разам Цярэшку”. Жанатых не было сярод гуляючых. Старэйшая пара лічылася за “бацьку” і “матку”. Яны камандуюць: “Усе ў кола!” Пары становяцца пад руку ў кола, дзяўчыны ўнутры кола. Усе ідуць па колу па часавой стрэлцы і пяюць: “Цярышку” пад гармонік. Потым іграюць “Лявоніху”. Пары перакручваюцца паміж сабой. Адзін малец перакручвае ўсіх дзевак, а потым яго дзяўчына ўсіх хлапцоў. Гэтак усе “перакручваюць Лявоніху”. К канцу вечара выбіраюць танец (вальс, напрыклад). І ўсе танцуюць. На другі дзень зноў сустракаліся. Пілі, гулялі, песні спявалі. Казалі: “Нам трэба даядаць”. А дамоў разыходзіліся парамі. І на трэці дзень таксама збіраліся…” Цікава… Але трэба ўлічваць, што гэта не ўзор святкавання гэтага абраду, бо ў кожным рэгіёне ён праходзіў па-рознаму. Галоўная яго сутнасць – гэта тое, што ён праходзіў весела і радасна, згуртоўваў і аб’ядноўваў людзей, робячы іх жыццё больш разнастайным і цікавым. Ў каляднымі песнямі было больш складана. Па-першае, яны прадстаўлены ва ўсіх рэгіёнах Беларусі (але гэта вялікіх цяжкасцей не складала), па-другое, была блытаніна ў вызначэнні чыста калядных песень і шчадроўскіх, інакш кажучы, шчадроўскія песні запісвалі ў калядныя. Гэта, на мой погляд, не з’яўляецца грубай памылкай, проста калі-небудзь творы з рознай тэматыкай (у першым выпадку з “Нараджэннем Хрыста”, а ў другім – з “шчадраваннем і каледаваннем па хатах”) не заўсёды добра глядзеліся побач, ды яшчэ і з адным жанрам. Давялося ўсё падрабязна падзяляць. А гэта займала некаторы час. Тым не менш, я далучыўся да яшчэ аднаго беларускага свята, багата прадстаўленага фальклорнымі творамі, якія мне могуць яшчэ не раз спатрэбіцца ў жыцці (калядаваць – занятак вельмі цікавы: па-першае, вясёлы; па-другое – развівае добра артыстычныя здольнасці; па-трэцяе – вызначае твае псіхалагічныя якасці, у прыватнасці, уменне ўступаць у зносіны з рознымі людзьмі; па-чацвёртае (самае галоўнае, на мой погляд), прыносіць добры прыбытак!..)

02.07.2008
серада


З новага тыдня нас пабольшала. Я зноў у калектыве, ужо ў акружэнні дзесяці прывабных дзяўчат. За час маёй адсутнасці маё рабочае месца ўжо паспелі заняць, але я яго адбіў (кансерватар па натуры). Мне даручылі раскладаць радзінную паэзію. Як бачым, ад каляндарна-абрадавай паэзіі павольна перабраліся да сямейна-абрадавай. Сямейная абраднасць у пэўнай ступені захавалася ў розных рэгіёнах Беларусі. Сямейныя звычаі і абрады аб’ядноўвалі і ўмацоўвалі сям’ю, служылі своеасаблівым механізмам для перадачы этнічных традыцый, маральна-этычных норм і прынцыпаў ад старэйшых пакаленняў да малодшых. Яны дапамагалі кожнай канкрэтнай сям’і з годнасцю адзначыць такія важнейшыя падзеі, як нараджэнне дзіцяці і ўступленне маладых у шлюб або зняць эмацыянальна-псіхічнае напружанне ў выпадку смерці каго-небудзь з блізкіх.

Што ж тычыцца канкрэтна радзіннай паэзіі, то зазначу, што нараджэнне новага чалавека – вялікая таямніца прыроды (як пісала І.В. Казакова ў манаграфіі “Фальклорная спадчына Магілёўшчыны. Хоцімскі раён””) – ва ўсе часы хвалявала людзей. Таму радзінная паэзія даволі багатая і разнастайная. Там і творы, прысвечаныя самой парадзісе, і бабцы-павітусе, самому навароджанаму, бацьку дзіцяці і, асабліва, кумам. Тут спяваюцца творы вясёлага мажорнага ладу, радуючыся з’яўленню на свет новага чалавечка і адзначаючы яго хрышчэнне, ладзячы вясёлыя застольныя бяседы, і мінорнага, сумнага ладу, распавядаючы пра гаротнае жыццё жанчыны-маці пры нядбайным гаспадары-бацьку, які п’е і, што горш, калі-небудзь і б’е жонку. Тут і разнастайныя прымхі і забабоны, прыкметы і абмежаванні, якія звязаны перш за ўсё з паводзінамі цяжарная жанчыны (напрыклад, нельга было глядзець на пажар, каб дзіця не нарадзілася з чырвонымі пдямамі на твары, нельга было завязваць шнуркі, вузлы, каб дзіця не нарадзілася з завязанай пупавінай і шмат іншых).

Тут і разнастайныя пажаданні і зычэнні дзіцяці, каб расло дужым і здаровым. Тут і прыказкі, і прымаўкі, звязаныя з нараджэннем і, нават, выхаваннем народжанага чалавека, напрыклад, “дзіця нарадзіць – не кашулю пашыць…” Па колькасці і папулярнасці пераважаюць жартоўныя песні, прысвечаныя куму і куме, асабліва, калі яны п’яныя:

Кум гарэлку піў аж дзве ночы,
Павылазілі кумавы вочы.
Сляпы наш кумочак стаў,
Нават сваёй кумы хату не пазнаў.

Жартоўныя песні спяваюцца таксама і пра бабку, асабліва калі яна “хапнула лішнюю чарку”:

Упілася, бабка, упілася,
З лавачкі бабка звалілася,
Рот разінуўшы захрапела,
А ў рот муха заляцела…

Шчыра прызнацца, уразіла бязграматнасць “зборшчыкаў фальклору”. Слова “хрэсьбінная” ў якіх толькі варыянтах не фігуравала: і “хрэсбінная”, і “хрэсбеная”, “хрэсьбеная”, “крэсцільная”, “хрэсьціцельная” і шмат іншых. Хочацца большай уважлівасці пры запісе фальклорных адзінак і іх жанраў.

07.07.2008
панядзелак


Зразумела, што з такой разнастайнасцю радзіннай паэзіі мне за адзін дзень справіцца не ўдалося. Таму гэты дзень стаў своеасаблівым працягам папярэдняга, але не зусім лагічным. Па-першае, у першы дзень (мінулую сераду) з радзіннай паэзіяй нас змагалася двое (я і яшчэ адна дзяўчына), сёння ж мне даводзіцца змагацца аднаму (дзяўчына адсутнічае); па-другое, пасля першага дня прайшоў даволі вялікі перапынак (4 дні!), таму спатрэбілася некалькі хвілін на аднаўленне працы нярвовых сувязей. Тым не менш работа пайшла хутка (усё ж вопыт ужо ёсць), зноў тая ж вялікая колькасць твораў, прысвечаных куму і куме, бабцы-павітусе, зноў тыя ж памылкі ў слове “хрэсьбінная”.

Да абеду ўжо ўсе карткі былі раскладзены па скрынях. Трэба, думаю, браць нешта іншае. Але тут Таццяна Валер’еўна мяне ўразіла (у сэнсе нас усіх) прапановай – патанцаваць беларускія народныя танцы. Я, шчыра кажучы, маю не зусім добры слых, таму танцаваць не заўсёды згаджаюся, тым больш у калектыве, але, разважаючы, што ў беларускіх НАРОДНЫХ танцах бралі ўдзел практычна ўсе (усё ж народныя) і хто і дзе мяне яшчэ ім навучыць, я згадзіўся. Ды і тут у нас не фальклорны фэст народных артыстаў! Танцавалі ўсе. Пачалі з “кракавяка”, затым “Маразулю”, скончылі танцам “Падыспань”. Мне папалася жвавая партнёрша, здавалася, удавалася. Ва ўсякім разе вельмі спадабалася.

08.07.2008
аўторак


Паступова з розных скрынь “наадкладвалі” “нестандартных” картак – з нявызначанымі жанрамі ці няправільна вызначанымі. Адным словам, аднавілася работа самых першых дзён. Праўда разнастайнасці значна больш. Расклаў стосы аж на дзве парты, былі прадстаўлены практычна ўсе жанры: і каляндарна-абрадавай, і сямейна-абрадавай паэзіі, пазаабрадавай (найчасцей любоўнай тэматыкі), малыя жанры фальклору, прымхлівая, казачная, легендарная проза. Мала-памалу справа ішла, вялікія стосы з недакладнымі карткамі раскладаліся ў малыя, механічна становячыся “дакладнымі”. Неўзабаве праца нудная і, шчыра прызнацца, калі-небудзь надакучлівая (цяжка расчытваць почыркі) была скончана. Надышоў час доўгачаканых танцаў. Сёння вырашылі развучыць больш жвавыя танцы: “польку” і 2 варыянты “анёлка”. Танцы зноў спадабаліся: цікавыя, разнастайныя, вясёлыя. Зноў, здавалася, удавалася. Праўда, самую звычайную полечку калі-небудзь хібіў (у партнёра заўсёды ўдавалася лепш, што ні кажы).

Пасля новых танцаў паўтарылі ўчарашнія. Яны мне ўдаваліся лепш. Усё ж вопыт ужо быў. Думаю, што на ўсё трэба проста практыка. “Паўтарэнне – маці навучання”, – і з гэтым тэзісам цяжка не пагадзіцца. Усё ж даказана на парктыцы, пройдзена на ўласным вопыце…

09.07.2008
серада


На гэты раз прыняліся за малыя жанры фальклору, у прыватнасці, за загадкі. Трэба сказаць, што загадкі заўсёды цікавыя сваімі адгадкамі. Напрыклад, “двое хлопчыкаў зранку знайшлі па 100 рублёў, а колькі рублёў знойдуць пяцёра дзяцей?” – “раз на раз не даводзіцца”. Часам змест загадкі мае эратычны сэнс, кшталту, “каб не дзедава рамяство, дык у бабы б зарасло”. Адкадка, здавалася б, лагічная – пры дапамозе зробленай дзедам гачкі баба поле агарод. Карацей, насмяяліся. Загадкі былі пра чалавека і яго характар, пра расліны, пра жывёл, пра прыродныя з’явы, пра часткі цела. Вылучылі нават і асобныя групы, напрыклад, “Лічбы і літары”, “Дарога”, бо сустракаліся даволі часта. Нават думалі вылучыць групу “Смаркачы” (маецца на ўвазе вадкакасць, што выцякае з носа, калі чалавек хворы на прастудныя захворванні), бо ні ў адну групу яны не ўваходзіліся, а загадак пра іх сустракалася нямала. Да раскладвання загадак далучылася ледзь не паўгрупы, таму дзве скрыні за палову дня былі раскладзены, адлічаныя па сто, як і належыць.

Пасля добрай працы можна і павесяліцца, на гэты раз, гуляючы ў беларускія народныя гульні, у прыватнасці “Удаўца” і “Цярэшку”. Абедзве гульні вясёлыя, развіваюць увагу і спрыт, каардынацыю рухаў. Гэта не проста цікава, але і карысна, бо ў гульні можна гуляць практычна ў любым месцы і з любымі практычна людзьмі (для навучання простыя, для выканання вясёлыя). Карацей, час заўсёды знойдзе сваё скарыстанне…

10.07.2008
чацвер


Я працягваю практыкавацца ў малых жанрах фальклору, на гэты раз у прымаўках і прыказках. Ды й даручаныя яны практычна мне аднаму (пазней да мяне далучылася дзяўчына дапамагаць мне лічыць). Карткі былі раскладзены практычна па тэматыцы, заставалася толькі пералічыць іх і параскладваць па 100. Тэматыка была таксама разнастайнай: “Пра прыроду”, “Пра чалавека і яго якасці”, “Пра грамадскае жыццё”, “Пра гаспадарчае жыццё, працу, матэрыяльны быт” і іншыя. Калі-небудзь, былі няправільна вызначаныя жанры, блыталіся прымаўкі з прыказкамі і наадварот. Шчыра кажучы, гэта не так і прынцыпова, бо ляжалі яны ўсё роўна ў адной скрыні “Прыказкі і прымаўкі” (проста я прыдзірлівы па характары). Шмат картак знайшлося мала што без дакладнай пашпартызацыі, зусім без яе. Шкада было адкладваць са скрыні карткі з удалымі народнымі выслоўямі. Скрынь з прыказкамі і прымаўкамі аказалася тры, таму ўсе карткі падлічыць не ўдалося, адну скрыню пакінулі на наступны дзень. Ды і так нешта замарудзілі, на “танцы” засталося вельмі мала часу, таму вырашылі новых не развучваць, алепш замацаваць гульні, яшчэ раз пагуляць ва “Удаўца” і “Цярэшку”. Для гэтага была яшчэ адна прычына. Гульня “Цярэшка” мае словы, якія трэба спяваць пад час яе праходжання. Таму пагулялі ў яе даўжэй, каб лепш адклаліся ў памяці яе словы. Спявалі гуртам, гулялі весела (ужо ж былі спрактыкаваныя). Збоку глядзелася даволі прыстойна і забаўна.

11.07.2008
пятніца


Ітак, працягваю займаццца прыказкамі і прымаўкамі. Вопыт ёсць, праца ідзе ў хуткім тэмпе. Праўда, лічыць ужо надакучыла за апошнія дні. Ужо няма таго запалу, што быў у першыя дні. На гэты раз папалася шмат карткак, што заблудзіліся – апынуліся не ў той скрыні, напрыклад, карткі з праклінамі, звычаямі, зычэннямі, загаворамі і інш. Мы (усё з той жа дзяўчынай) дапамаглі ім знайсці дарогу дамоў.

Скрыню хутка разабралі. Пачалі дапамагаць разбіраць дзяўчатам сучасны і моладзевы фальклор. Гэта быў просто адпачынак для душы. Столькі вясёлых песень, вершаў, прыпевак!!! Тут ужо было не да разбірання. Адно сядзіш і чытаеш. Некаторыя завучваеш на памяць, некаторыя перапісваеш. Зразумела, што разабраць усе скрыні з гэтым фальклорам не ўдалося. Надышоў час для танцаў і гульняў. Вырашылі паўтарыць усё, што развучылі за папярэднія дні, каб усё лепш адклалася ў памяці. Танцавалі заліхвацкі, веды ёсць, уменне таксама. Выпрацоўвалі навык. Найлепш мне ўдаваўся танец “Падыспань” і гульня “Цярэшка”. Было весела і цікава. Думаю, усе з добрым настроем адправіліся на выхадныя, ва ўсякім разе я дык дакладна!..


Наверх старонкі || Да зместу

Сайт создан в системе uCoz