Арт-галерэя

НЕ ПРОСТА МАЛЮНКІ, АБО КОЛЬКІ СЛОВАЎ ПРА КОМІКСЫ

Вытокам коміксаў у тым выглядзе, што мы ведаем, лічыцца публікацыя на пачатку дваццатага стагоддзя ў адной з амерыканскіх газет. Але відавочна: нішто не з’яўляецца без перадумоў. Спакушальна было б пераканаць усіх (і сябе), што прабабулямі сённяшніх выданняў былі шумерскія гліняныя таблічкі ды сцены егіпецкіх пахаванняў, дзе малюнак і тэкст суіснавалі ў дзіўнай гармоніі. Магчыма, у пэўным сэнсе так яно і ёсць. Але зараз нас болей цікавіць сучаснасць.
А ў сучаснасці коміксы ўва ўсіх праявах зрабіліся часткаю масавай культуры, а значыць – і часткаю паўсядзённасці. Не малую ролю ў іх распаўсюджанні адыгрывае і анімацыя: скажам, найбольш папулярныя кнігі коміксаў стаюцца асноваю для мультыплікацыйных фільмаў, тым самым набываючы болей аматараў.
Лідзіруюць у індустрыі Амерыка (ЗША), Японія і Францыя. Уласна, кожная з гэтых краін прэзентуе сваю школу малявання коміксаў. Найбольш яскрава гэта заўважна пры параўнанні амерыканскіх кніг (серый Marvel або DC Comics) і японскіх (выдавецкіх дамоў Kodansha, Shogakkan ці Shueisha). Заўважым: японскія коміксы называюць мангай. Сярод усходніх выдаўцоў, праўда, ёсць пэўная тэндэнцыя выкарыстоўваць запазычаны тэрмін komikku, але ў традыцыйным японскім грамадстве ён не мае папулярнасці. Слова ж манга складаецца з двух кітайскіх іерогліфаў “вясёлы” і “карцінкі”. Так што этымалагічна і заходні, і ўсходні варыянты ўзыходзяць да гумарыстычных або сатырычных замалёвак. Аднак сёння многія кнігі прэзентуюць даволі сур’ёзныя, часам – нават трагічныя сюжэты. Адсюль, натуральна, вынікае, што сярод чытачоў такіх кніг не толькі дзеці або падлеткі, але і дарослыя людзі.
Тэматыка коміксаў можа быць самай рознай – ад апісанняў паўсядзённага жыцця і яго клопатаў да максімальна аддаленых фантастычных (або фэнтэзійных) сусветаў. Скажам, папулярны цыкл раманаў Р.А. Сальваторэ (галоўны персанаж – цёмны эльф Drizzt) набыў сваё візуальнае ўвасабленне ў шэрагу выпускаў графічных навэл (напрыклад, “The Halfling’s Gem”, мастак Валдзіс Семікс). Кей Ісіяма ў кнізе “Грым-манга” вельмі па-свойму (як гэта любяць японскія аўтары) інтэрпрэтаваў казкі братоў Грым, а карэйскі аўтар Я Сён Ко ў манхве (так называецца карэйскі стыль малявання) “Redrum 327” выступіла з сюжэтам у лепшых традыцыях С.Кінга і У.Крэйвэна.
Так што, як бачыце, у бясконца чароўным свеце коміксаў кожны можа знайсці нешта сваё. І гэта цудоўна – таму што мы насамрэч жывыя толькі тады, калі працягваем марыць.

М. Латышкевіч

1. Балабух.
2. Казкі не будзе!
3. Каптурок і Мядзведзь.
4. Кот вучоны.

Сайт создан в системе uCoz