АРТ-Галерэя

Вясновае прывітанне ад Аўгінні Сухаверхавай

Мяне завуць Аўгінія Сухаверхава, я мастак-графік, вучылася на факультэце станковай графікі БДАМ у 1999–2007 гг. Мой бацька быў разьбяр-самавучка, усё мае дзяцінства нешта майстраваў, рэзаў з дрэва фігуркі, рамы, пано і потым усё гэта раздорваў. Таму пах драўніны любімы мною з маленства, а стамескі, пілы і ножыкі – прывычныя і любімыя інструманты. Бацька часта браў мяне з сабою ў гараж, дзе была майстэрня, і там я гулялася з драўлянымі зарыхтоўкамі. І мне, дзяўчынке, ніколі не было там сумна. Калі бацька загінуў у 42 гады, я паступіла ў мастацкую вучэльню, а потым у акадэмію мастацтваў. Там я з дрэвам не працавала, але гадоў праз сем па сканчэнні вуза аднойчы ўбачыла цудоўную драўляную вешалку з птушкай. Птушка была як жывая, і я настолькі зачаравалася, што сама пачала выразаць з дрэва птушак і іншыя фігуркі – цацкі, упрыгожванні. Гэтая справа стала маім хобі. Я адчула, што дрэва, цеплае, духмянае, гэта мой матэрыял, і менавіта з яго я хачу ствараць фігуркі.

Так бацькава любоў да дрэва праявілася праз дваццаць з лішкам гадоў ува мне. Гэтая справа натхняе мяне. Калі здараецца такое, што няма жадання маляваць, праца з дрэвам «збірае» мяне ў кропку, заспакойвае, напаўняе радасцю. Калі птушачкі разлятаюцца і нясуць радасць сваім гаспадарам, я шчаслівая.