Дзьмухавец

Фальклорна-этнаграфiчны i лiтаратурна-мастацкi альманах

В.П.Рагойша. З гісторыі аднаго віншавання.

Я лечу! Возношусь! Поднимаюсь под самые облака! Теперь я знаю, для чего живу на свете!

Карел Чапек. Семя одуванчика.

Сябры альманаха:

Рубрыка "Асобы"

В.П.Рагойша
В.П.Рагойша 

Гэта было 1 мая 1971 года. Тады яшчэ дацэнт кафедры беларускай літаратуры філфака Алег Антонавіч Лойка, які ў тым жа годзе пасля абароны доктарскай дысертацыі “Максім Багдановіч і праблемы развіцця беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя” (1969) стаў прафесарам, ва ўласнай мінскай кватэры па вуліцы Розы Люксембург святкаваў сваё саракагоддзе. У сорак год доктар навук, ды яшчэ прафесар! Такое здараецца нячаста. Гасцей на юбілейную ўрачыстасць сабралася, праўда, не асабліва шмат (не дазвалялі найперш кватэрныя ўмовы), але сышліся і з’ехаліся самыя блізкія родзічы і сябры. Са Слоніма прыехалі бацькі і сястра, з Масквы – швагерка… Былі Капуцкія (з будучым рэктарам БДУ Ф. М. Капуцкім Лойка жыў у адным аспіранцкім пакоі), Саламевічы, мы з Таццянай Кабржыцкай…

Застолле было сапраўды святочным, радасным. Віншавалі, у асноўным, Алега Антонавіча як выдатнага вучонага-літаратуразнаўцу, “маладога доктара навук, прафесара”. Што, безумоўна, было цалкам зразумела і заканамерна. Але амаль ніхто не гаварыў пра яго як пра вядомага ўжо тады паэта, аўтара шматлікіх лірычных твораў, васьмі вершаваных зборнікаў (“На юначым шляху”, “Задуменныя пералескі”, “Як Тоня рэха шукала”, “Дарогі і летуценні”, “Блакітнае азерца”, “Карагод дзівосных прыгод”, “Каб не плакалі кані”, “Дзівасіл”, “Калі ў дарозе ты…”), некалькіх паэм (“Хлопец над вогненным плёсам”, “Лясная песня”, “Белая вежа”, “З твайго паверху”). Таму маё віншаванне ўспрынялося як цалкам арыгінальнае. Тым больш, што яно было вершаванае. Да таго ж, у ім я абыграў назвы асобных вершаў, вершаваных зборнікаў і паэм Алега Лойкі (ніжэй у тэксце я іх вылучыў курсівам). Віншаванне я напісаў на адвароце дошкі з прыгожым партрэтам вялікага ўкраінскага пісьменніка Івана Франко. Гэты партрэт Таццяна Кабржыцкая спецыяльна набыла ў сувенірнай краме яе роднага Львова. Мы ведалі, як глыбока паважае і любіць Алег Антонавіч творчасць і асобу ўкраінскага Каменяра. Вось гэты  віншавальны верш:

Юначы шлях і россып сцежак,
Прастор без краю і без меж –
Даўно ў дарозе ты, Алежа,
Даўно ў жыцці свой след кладзеш.
Адзіным клопатам праняты,
Узняты сілай дзіўных крыл,
Для краю роднага заўзята
Шукаеш цуда-дзівасіл.
Калі ў дарозе ты, Алежа, –
Твае агні і нам відны:
Блакіт азерцаБелай Вежы
Святло ахвярнай даўніны;
Ускрай бароў цвітуць пралескі
І нам чуваць – о мудры вешч! –
Як задуменным пералескам
Лясную песню ты пяеш.
Дарогі, вечныя дарогі!
Ды ты пры ўсіх вятрах збярог
І летуценні, і трывогі
За свой народ, за сто дарог!
Што ж, сэрцу – гарт, нагам – праверку
Давай хутчэй і –– на прасцяг!
Хоць свет відаць з твайго паверху
 – Ў дарогу, браце,
Ў новы шлях!

Калі ў 2007 мы, група выкладчыкаў-філолагаў Белдзяржуніверсітэта, прыехалі ў Слонім да Алега Лойкі, каб павіншаваць яго з 75-годдзем, Алег Антонавіч папрасіў мяне прайсці ў яго кабінет (сам ён, інвалід, хадзіць ужо не мог), прынесці падараваны калісьці яму партрэт Іван Франко і яшчэ раз прачытаць колішняе віншаванне…

Партрэт Івана Франко ўвесь час вісеў над яго рабочым сталом у родным Слоніме.

Вячаслаў Рагойша,
доктар філалагічных навук, прафесар,
загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ

 

Папярэднi артыкул  |  Да зместа  |   Наступны артыкул

Пра альманах | Кантакты | ©2010 Альманах "Дзьмухавец"
Сайт создан в системе uCoz