Дзьмухавец

Фальклорна-этнаграфiчны i лiтаратурна-мастацкi альманах

Узлёт квадры, натхненне і вёсны на вуснах...

Я лечу! Возношусь! Поднимаюсь под самые облака! Теперь я знаю, для чего живу на свете!

Карел Чапек. Семя одуванчика.

Сябры альманаха:

Рубрыка "Асобы"

...Алег Лойка і паэтычны ўніверсітэт

R

Ёсць кніжкі, якія дыхаюць сцюжай, – напісаныя без душы. Ёсць кніжкі, што патыхаюць гніллю, – калі душа ёсць, але безнадзейна нізкай якасці.

І ёсць кнігі, ад якіх вее цеплынёй. Кнігі, са старонак якіх на цябе глядзіць гісторыя – сям’і, горада, краіны.

Зборнікі паэтычнай суполкі “Узлёт” – якраз з такіх, цёплых кніг. Гісторыя, заключаная пад іх вокладкамі – гэта гісторыя нашага універсітэта (таксама сям’я, вялікая і шумная), гісторыя нашай літаратуры (імёны – вехі на нялёгкім шляху), гісторыя, разам з тым і – Беларусі.

На гэтых старонках – студэнцкія вершы Яўгеніі Янішчыц, Алеся Разанава, Мар’яна Дуксы, Сяргея Законнікава, Алеся Пісьмянкова. Разам з мэтрамі-выпускнікамі – вершы маладзейшых аматараў паэзіі, яшчэ студэнтаў. Іх менш дасканалыя, яшчэ вучнёўскія спробы – поруч з творамі адшліфавана-бездакорнымі. Універсітэт у гэтых кнігах – шматаблічны, паэзія – шматкалёрная.

Але ўся гэтая віхура фарбаў ды галасоў ніколі б не паўстала ў нешта суцэльнае, трывалае, каб не адзін чалавек. А менавіта – Алег Антонавіч Лойка. Гэта яго кіпучая энергія дала ўзлёт і творчаму аб’яднанню, і зборнікам вершаў удзельнікаў. Гэта ягонай душэўнай цеплынёю і мэтанакіраванасцю прасякнуты старонкі кніжак.

Уласна, пра паэзію аб’яднання А.А. Лойка сказаў сам у прадмове да аднаго з зборнікаў: «Вершы “ўзлётаўцаў” – адметнае выяўленне іх настрояў і думак, нечым ужо непадобнае да дэбютаў папярэднікаў. Шмат новага ў іх ідзе ад свайго, звязанага з жыццёвым лёсам і светаўспрыманнем маладых людзей, з іхнім сённяшнім прачытаннем і гісторыі, і сучаснасці. І, як правіла, кожны з маладых паэтаў прагне новых форм, імкнецца да абнаўлення архітэктонікі, гучання, малюнкавасці радка…»

Зычлівыя словы настаўніка, думаецца, заўсёды падтрымлівалі маладых людзей, скіроўвалі на творчае самаўдасканаленне. Нядзіўна таму, што праз “Узлёт” прайшлі многія таленты.

Але каб працаваць з моладдзю, ды яшчэ з маладымі паэтамі (увогуле асобная катэгорыя), ад настаўніка патрабуецца не толькі мудрасць ды абазнанасць. Ён мусіць – па ўласнай волі або не – заставацца маладым у сэрцы, заставацца лёгкім на пад’ём і схільным да наватарства.

У Алега Антонавіча Лойкі гэта цудоўна атрымалася.

М. Латышкевіч

 

Папярэднi артыкул  |  Да зместа  |   Наступны артыкул

Пра альманах | Кантакты | ©2010 Альманах "Дзьмухавец"
Сайт создан в системе uCoz