Пульс малой радзімы: мова, людзі, лёсы
Любовь к родному краю, знание его истории –
основа, на которой только и может осуществиться
рост духовной культуры всего общества.
Д. С. Лихачев

З бабулінага куфэрка:
прыказкі і фразеалагізмы Камянецкага раёна

Горад Камянец – раённы цэнтр Брэсцкай вобласці. Заснаваны ў 1276 годзе. Існуе шмат легенд пра паходжанне назвы горада. Вось самая цікавая з іх.

Раней камяні лічылі жывымі істотамі. Камяні абагаўлялі, шанавалі, прыносілі ім ахвяры. Адзін з такіх камянёў ляжаў у межах сённяшняга горада Камянца. Людзі з усяго наваколля прыходзілі да яго, калі трэба было аб нечым параіцца, папрасіць дапамогі, але найчасцей прасілі ў яго хлеба. Многа камень не даваў, а бохан-другі мог застацца на яго паверхні. Для гэтага трэба было прынесці невялікую ахвяру і прашаптаць адпаведныя словы: «Камень-камянец! Дай мне на заўтра хлябец! Цяжка стала жыць – дзяцей няма чым карміць». Доўга дапамагаў камень людзям, пакуль не здарылася бяда. Знахар, які жыў у бліжэйшай вёсцы, прыйшоў аднойчы пад вечар і стаў патрабаваць ад каменя золата: «Камень – камяніска, аддай маё залаціска». Камень і праваліўся ад абурэння разам са знахарам. З таго часу толькі назва і засталася – Камянец.

Цікавая і супярэчлівая гісторыя горада знайшла сваё адлюстраванне ў самабытнай фразеалогіі. Напрыклад, выраз мусыт стовп Камынэцькій звалівся мае значэнне 'здарылася нешта незвычайнае'. (Стовп Камэнецькій – старажытны помнік архітэктуры ХІІІ ст., Белая Вежа, сімвал нескаронасці і непахіснасці).

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Камянцы пражывала 500 яўрэйскіх сем’яў, або прыкладна 2500 чалавек, што складала большую частку насельніцтва мястэчка. Гісторыя гэтага шматпакутнага народа, яго звычкі, антрапаніміка адлюстраваныя ў многіх устойлівых выразах.

Як Лайзэрува курова 'пра чалавека, які не пільнуецца хаты, нешта шукае па свеце: Іі хлопыць ныколі дома ны бувае, ходыт як Лайзэрува курова. Фразеалагізм узнік з апавядання пра карову аднаго яўрэя Лазара (Лайзэра), якая часта мінала вароты і не ішла з пашы дадому.

<Звівся> на Іцькувуго субаку 'пра зморанага, бледнага чалавека ́: Звылася вуна з тэі руботы на на Іцькувуго субаку. Фразеалагізм звязаны з паданнем, паводле якога ў яўрэя Іцькі (Іцхака) быў сабака, якога гаспадар ніколі не карміў, і таму жывёліна выглядала вельмі зморанай і слабой.

На жыдувьскуго Юр'я ́ніколі ́ Возьмэ вун іі замуж на жыдувьскуго Юр’я. Тлумачэнне фразеалагізма звязана з тым, што ў іудзейскай рэлігіі няма і ніколі не было свята Юр’я .

Я тубі ны Хацкель, ты мні ны Пуцкель ́розныя людзі, якія не маюць паміж сабою нічога агульнага̀ : Шчо ты ду мынэ лізыш. Мыжы намы ныць буты ны можэ. Я тубі ны Хацкель, ты мні ны Пуцкель.

Яўрэйскае паходжанне, на наш погляд, мае і прыказка Хоть ззаду, абы в тум стаду.

Землі цяперашняга Камянецкага раёна доўгі час знаходзіліся «пад Польшчай», гэта значыць былі ў складзе Рэчы Паспалітай да яе падзелаў, лічыліся Крэсамі Усходнімі да 17 верасня 1939 года. Таму ўплыў польскай мовы на мову мясцовага насельніцтва быў вельмі вялікі. Прывядзем прыклады фразеалагізмаў і прыказак з мясцовай гаворкі, у якіх выразна адчуваецца ўплыў суседняй заходнеславянскай мовы.

Як врона на галонці адзін, адзінокі ́: Стала вуна после смэрты чулувіка свуёго як врона на галонці.

Ны мру-мру (ны мругнув) ́маўчыць, нічога не прамаўляе ́: Вун став як вкапаный і ны мру-мру.

Як следзюв в бочцы вельмі шмат чаго- ці каго-небудзь у адным, звычайна цесным месцы ̀: Там на субраннювы було людэй як следзюв в бочцы.

Мыгдалув ны хватае ́ вялікая раскоша, хапае ўсяго ̀̀: У Васыля всё е для сына: і машына, і хата, тулько мыгдалув ны хватае.

Тыха вода бжэгі рвэ. Сінонім рускай прыказкі В тихом омуте черти водятся.

Добры жорна вшыстко змеле так гавораць пра чалавека з добрым апетытам, які можа шмат з’есці за раз.

Спяваць дармо боліт гарло ́ работа задарма не выклікае ахвоты ̀: Чуго я пувыдна за юго прцюваты, грошы ж ны дают. А спяваць дармо боліт гарло.

Уд уднэі маткі ны удны дзяткі ́ нават пры аднолькавых умовах бываюць розныя вынікі ̀: Як можна всіх удінаково учыты. Навыть уд уднэі маткі ны удны дзяткі.

Шчо задужэ, то нэздрово ́ва ўсім павінна быць мера̀: Учытыся, канешн, трэба. Але знаты міру, коб ны нырыстаратыся. Шчо задужэ, то нэздрово.

Сустракаюцца выпадкі, калі польскія звароты падвяргаюцца ў мясцовай гаворцы пэўным зменам, страчваюць празрыстую этымалогію і становяцца фразеалагічнымі зрашчэннямі. Напрыклад, зварот на святыя нігды пераўтварыўся ў адпаведны фразеалагізм, які шырока ўжываецца ў мясцовым маўленні ў форме на святыі мыгды з адпаведным значэннем ніколі.

Гістарычны лёс цесна звязаў яшчэ два брацкія народы: беларускі і ўкраінскі. Таму і ў мясцовай фразеалогіі (хаця і адзінкава) сустакаюцца звароты, што маюць украінскія карані. Фразеалагізм худыты манавыцямы (рускія адпаведнікі – ходить вокруг да около, ходить кругами) мае ў сваім складзе украінскі кампанент манавыці – 'акольныя сцежкі, непрамыя шляхі'.

Большасць фразеалагізмаў і прыказак Камянеччыны ўтвораны шляхам пераасэнсавання назваў звычайных з’яў ў жыцці тутэйшых беларусаў.

Пнэцце як жаба на купу 'пра чалавека, які хоча дасягнуць немагчымага, высільваецца': Вун так хочэ вышчэ убразованне пулучыты, пнэцце як жаба на купу.

Хоть пуд вэртюху мулуты 'нізкарослы чалавек': Манін сын ны каплі ны рустэ. Вжэ штырнаццыть літ, а вун хоть пуд вэртюху мулуты.

Уткінуты капці 'памерці'. Сінонімы – спрутыніты, вытягнуты ногі.

Як ду Вувчына 'вельмі далёка'. Звязана са назвай вельмі далёкай вёскі Камянецкага раёна Воўчын. Ёсць намёк на фразеалагізм воўчы куток: Ду тэі школы дубыратыся довго і тяжко, як ду Вувчына.

Ішлі ду Пінска – кідалі лупінска, ішлі з Пінска – збыралі лупінска 'пры добрых абставінах чалавек раскідваецца тым, да чаго ў нястачы і цяжкай сітуацыі зноў звяртаецца'.

Куды жабы лізты, дэ коны куют – куротку лапу мае, і тую удутнут 'бедны, слабы не павінен лезці туды, дзе верхаводзяць багатыя і моцныя'

Ны жынывся – внучы тры, ужынывся – внучы тры 'змена знешніх абставін не прывяла да карэннага пералому ў справах'. Звычайна ўжываецца пры апісанні чыёй-небудзь нядобрай долі, горкіх жыццёвых спраў. Звязана з апісаннем ануч, якія накручвалі на ногі беднякі, калі апраналіся ў лапці.

Кушіль шукае кушіля, а торба – торбу 'у жыцці кожны шукае імкнецца быць з роўнымі да сябе: багаты водзіцца з багатым, бедны – з бедным.

З чужого воза хоть сырыд калу 'калі карыстаешся чужым, павінен аддаць яго нават пры самых неспадзяваных і цяжкіх для сябе абставінах'. Калам у нашай мясцовасці называюць гразь, балота.

На чыюм вузовы ідыш, туму і пісню спывай 'парада пра тое, што абавязкова трэба прыладжвацца да таго, ад каго залежыш'.

Вувчыця кажэ: «Муе вувчыня найхурушчэ»: ́кожная маці сваіх дзяцей хваліць і любіць̀. Канешно, хоть іі хлопыць і ныць ны вартый, але вуна юго хваліт. Вувчыця кажэ: «Муе вувчыня найхурушчэ».

Фразеалогія Камянеччыны мае шмат адметнасцей і розных «цікавінак» і патрабуе неадкладнага збірання і вывучэння, бо шмат людзей старэйшага пакалення сыходзіць у нябыт і разам з імі знікае самабытная мова маёй малой радзімы.

Пнэцце, як жаба на купу (іранічны выраз) – хтосьці імкнецца да мэты, высільваецца.

Бачылі очы, шчо купувалі – тыпэр йіштэ, хоть пувылазьтэ – папрок мужу, калі ён выказвае незадаволенасць жонкай.

Бачно злото в попеле, а дурня в косцеле – прыказка польскага паходжання пра тое, што ў жыцці нельга схаваць ні добрае, ні дрэннае, асабліва ў чалавечых паводзінах.

Уліз, як субака у гладышку – нехта знаходзіцца ў цяжкім становішчы (гладышка – збанок).

Ны мовы, ны гловы – пра нікуды не вартага чалавека.

Гулува ны на вошы, а ны вылікі кузакі – так з гумарам гавораць пра вельмі разумнага чалавека.

Кукті-лукті кусаты – вельмі шкадаваць пра што-небудзь.

З вылікуго пырыбору выбралі Сору – пра непатрэбнасць вялікага выбару ў якой-небудзь справе, асабліва пры пошуках будучай жонкі.

У куцюбныкувы зутрэцце – нават вельмі прыгожая жанчына згубіць сваю красу ў сямейных клопатах і мітусні. Куцюбныком называюць месца за печкай, дзе звычайна ставілі качаргу (куцюбу) ды іншыя гаспадарчыя прылады.

Пэлькі руззявыв – вельмі голасна крычыць.

Гупала даваты – хутка бегчы, высока падымаючы ногі.

Вера Мікалаеўна Філосаф,
г. Брэст