Нашы выпускнікі-літаратуразнаўцы: Герой ее статьи Генрих Тарасевич

                          ЗВЕСТКІ АБ АЎТАРЫ

Генрых Францавіч ТАРАСЕВІЧ нарадзіўся 23 лістапада 1960 года ў мястэчку Новы Двор Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Закончыў з чырвоным дыпломам агранамічны факультэт Літоўскай сельскагаспадарчай акадэміі і вочную аспірантуру пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце глебазнаўства і аграхіміі, кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Аўтар паэтычных кніг “Прадчуванне вясны” (2013), “Адлюстраванне душы” (2015), “Носьбіт” (2017), “Рэфлексія шчырасці” (2018). Лаўрэат літаратурнага конкурсу Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечанага 100-гадоваму юбілею Алеся Бачылы.

Вершы паэта адрозніваюцца арыгінальным аўтарскім стылем, вызначаюцца непадробнай шчырасцю, глыбокім псіхалагізмам, тонкім гумарам і арыентаваны на вечныя духоўныя каштоўнасці жыцця з Богам. У сваёй творчасці аўтар аддае перавагу класічным формам паэзіі, створаных пры дапамозе сакавітага беларускага слова. Узнёслыя і вобразныя словы, бездакорны мастацкі густ, шчыры клопат пра малую радзіму і нацыянальную будучыню краіны – адметныя рысы паэзіі Генрыха Тарасевіча.

                          ***
Даўно вядома, што сентыментальнасць
Найбольш даймае вопытных людзей.
Мінулых год душэўная ўспрымальнасць
Падчас змяняе сэнс былых падзей.

Што ўчора падавалася няшчасцем –
Сягоння выклікае толькі смех,
Сардэчныя юнацкія напасці
Цяпер здаюцца чарадой уцех.

Даўнейшых дзён яскравыя ўспаміны,
Занатаваўшы шчасныя хвіліны,
У нетрах нашай памяці жывуць.

У атачэнні зманлівых ілюзій,
Фальшывых спрэчак і пустых дыскусій
Яны душу ад бруду берагуць.

                          ***
У чыстым полі белая бяроза
Сярод травы пажоўклае стаіць.
У прадчуванні першага марозу
Лісцём змарнелым ціха шапаціць.

Яшчэ нядаўна ўсё было іначай –
Дарыла дрэва ўвесну людзям сок,
А ў час жніва – пары ва ўсім гарачай –
Для адпачынку збаўчы халадок.

Маёй Радзімы лёс наўдзіў падобны,
Ён быў шчаслівым і да слёз гаротным –
Засведчыць процьма твораў і легенд.

Гасподзь нам даў ізноў сваю краіну,
Цяпер мы ўсе ў адказе за Айчыну –
Студэнт, рабочы, фермер, прэзідэнт…

                          Носьбіт
Я пільны носьбіт памяці народа,
Ягоны дух у еднасці са мной.
Людзей імкненне да глытка свабоды
Заўжды ўспрымаю палка ўсёй душой.

Мяне сілкуе вопыт пакаленняў
Ад даўніх да цяперашніх вякоў,
Дае натхненне мне Купалы геній
Для шчырых, верай спраўджаных радкоў.

Хапіла, зрэшты, і ліхіх чужынцаў,
За родны край усіх масцей “рупліўцаў” –
Імя ім, праўду кажуць, легіён.

О, Беларусь! Наследная Радзіма,
Ты для мяне апора за плячыма,
Надзей паэта моцны бастыён.

                          Паказчыкі
Паказчыкі плануюцца ў краіне
Па розных накірунках развіцця.
Заўжды дзяржаўнай планавай машыне
Патрэбна ў лічбах ведаць пульс жыцця.

Дакладна прагназуюцца (да сотых)
На кожны ўкладзены працэнтны пункт
Прыбытак, сабекошт, маржа, даходы
І валавы унутраны прадукт…

Каб выканаць пазначаныя планы,
Працаўнікі ўвіхаюцца старанна,
Як кажуць, слава знойдзе іх пазней.

Вось так бы хоць на некалькі адсоткаў
Зламыснікам за кошт душэўных сродкаў
Адносіны палепшыць да людзей.

                          ***
Апошнім часам мала крэатыву
Ва ўсіх праявах звыклага жыцця.
Бракуе штосьці творчага парыву
Адносна спраў людскога развіцця.

Жывем па тыпавому распарадку
У тыпавых шпакоўнях гарадскіх.
На пасяджэннях пляскаем у ладкі,
Паслухаўшы прамоўцаў гаваркіх.

Пустыя словы лжывых папулістаў
Не выклікаюць шквалу аптымізму,
Што хутка будзе ўсё у нас як след.

Даюць надзею творчыя натуры,
Яны, як кажуць, вылязуць са скуры,
Каб стаў прывабным навакольны свет.