Дзьмухавец 16
Дыскусія:
праблемы навукі і адукацыі

Адукацыя – не паслуга, а сутнасць і маральная аснова культуры...

Энгельс Дарашэвіч, доктар філасофскіх навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар кафедры этналогіі і фальклору ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў»

Айчынная вышэйшая адукацыя, як і сістэмы адукацыі большасці краін постсавецкай прасторы, сёння знаходзіцца ў няпростым стане. Мне, як чалавеку, які ўпершыню пераступіў парог універсітэцкай аўдыторыі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя (як студэнт – у 1948, як выкладчык – у 1956 годзе), з далягляду ўласнага жыццёвага досведу гэта падаецца бясспрэчным.

Па-першае, здзіўляе новая формула ў кодэксе аб адукацыі, што універсітэты, як адукацыйныя ўстановы, павінны аказваць адукацыйныя паслугі. Адукацыя – не паслуга, а сутнасць і маральная аснова культуры як перадачы сацыяльнага досведу паміж пакаленнямі. Тут «краевугольным камнем» павінны з’яўляцца не паслугі, а выхаванне.

Па-другое, у ХХІ стагоддзі існуюць міжнародныя стандарты і рэйтынгі, у якіх дакладна вызначаны метады і узроўні выкладання, колькасць вучэбных дысцыплін для атрымання ўніверсітэцкага дыплому, сістэма адбору дысцыплін (абавязковых і т. зв. «дысцыплін па выбары»). Гэта – апрабаваная сістэма, якая з’яўляецца прагрэсіўнай, іншая сістэма ў свеце пакуль не вынайдзена. Але – трэба памятаць, што міжнародныя стандарты варта творча пераасэнсоўваць і адаптаваць да здабыткаў і традыцый нацыянальных вышэйшых школ. Балонская сістэма гэта прадугледжвае і мае на ўвазе, але тыя, хто яе ўкараняе – што называецца, не заўсёды «ў курсе».

Па-трэцяе, што тычыцца савецкай адукацыі – трэба адзначыць, што яна мела шмат пазітыўнага, часам абыходзіла заходнюю, але сёння ад яе амаль нічога не засталося (сутнаснага, навуковага і прагрэсіўнага, як і старых крыніц яе фінансавання, дарэчы). Гэта – аб’ектыўная рэчаіснасць ХХІ стагоддзя, незалежна ад таго, падабаецца нам гэта ці не падабаецца.

Галоўны тэзіс сучасных дакладных і выніковых адукацыйных стратэгій: праблемы грамадства вырашае навука і прагрэс, а адукацыя павінна на іх арыентавацца. Калі навука ў загане – праблемы грамадства не будуць вырашаны. Там, дзе навука (і навуковыя падыходы да адукацыі) у занядбаным стане – нічога істотнага з сацыяльных праблем не будзе вырашана. Толькі навука дае прагрэс ва ўсіх сферах: ад Космаса да сельскай гаспадаркі, гэта – факт.

Сёння мы страцілі дасягненні савецкага перыяду, а заходнія (на якія арыентуецца большасць сучасных грамадстваў) не набылі. Мы саромемся сцвярджаць новыя (этнічнаарыентаваныя, арыентаваныя на новую дзяржаўнасць і сацыякультурную рэчаіснасць) прыярытэты ў адукацыі і выхаванні. Тыпалагічна гэта – маргінальны стан, стан, амаль вядучы да непісьменства. Па даследаваннях ЮНЭСКА: межы непісьменнасці і межы жабрацтва на карце свету супадаюць…

Сучасны стан айчыннай адукацыі абумоўлены комплексам прычын, і аб’ектыўных, і суб’ектыўных. Акрамя суб’ектыўных сацыякультурна-постсавецкіх – падзення прэстыжу адукацыі і навукі на фоне «хуткіх» заробкаў ў бізнэсе і IT-cферы, ёсць і аб’ектыўныя, глабальныя. Сучаснае жыццё і выжыванне ў інфармацыйным грамадстве патрабуе вельмі шырокіх ведаў і метадалагічнай базы, якая дазваляе лёгка пераключацца на вырашэнне новых праблем і задач асобы, супольнасці, народа. Каб гэтага дасягнуць – трэба выхоўваць крэатыўнасць, крытычнае мысленне і асабістую адказнасць як за свае дзеянні, так і за лёс свайго народа з маладосці, таму – мэтанакіравана рэфармаваць адукацыю з пачатковай школы. Аб’ектыўна бачна, што гэтага сёння няма, таму спадзявацца на хуткія эканамічныя і культурныя змены няма падстаў.

Першыя крокі да выйсця з крызісу: 1) рабіць усё для павышэння прэстыжу і школы, і каледжа, і універсітэта ў асяроддзі моладзі (зарплата, інвестыцыі, рэклама, прэміі, узнагароды найбольш прагрэсіўным і выніковым выкладчыкам і навучэнцам і г. д.); 2) афіцыйнае сцвярджэнне, што дзяржава ў доўгатэрмінова-стратэгічным планаванні свайго развіцця арыентуецца на асвету як галоўную каштоўнасць. І толькі паралельна з гэтым – спорт, сучасная музыка, масавыя святы і інш.


Дыскусія: праблемы навукі і адукацыі

Олег Федотов. Профессура на обочине, или SCOPUS, оскопление науки и... национальная гордость
Энгельс Дарашэвіч. Адукацыя – не паслуга, а сутнасць і маральная аснова культуры...
Татьяна Шамякина. Проблемное поле филологического образования
Анна Квачек. Интернет: лекарство или яд?
Римма Ковалева. Души прекрасные порывы
Вячеслав Самохвал. Преподаватель - студент: перспективы диалога и реальность
Виола. Защиты дипломных работ: и скучно, и грустно, но и волнительно

P. S. Полина Евграфова. Чудеса во сне и наяву


Далей...