Гісторыя аднаго сафізму (прыклад эсэ)

Ірына Агеева, студэнтка 1 курса (2009-10) спецыяльнасцi "Беларуская фiлалогiя"


Пабудуем дом?

Мадэль 1. Матыў: ідэя. Кіруючая плынь: выяўленне індывідуальнай здольнасці да творчасці. Канешне, можна купіць кватэру, але бяскрылыя ў шпакоўні…

Напачатку рыхтуем план, макет, эскізы. Што выбіраю? Напрыклад, класіцызм. Зробім калоны пад карымфскі ордэр з лісцем аканту на капітэлях, а ў франтоне будуць стылёвыя барэльефы. Цяпер зоймемся начынкай. Няхай унутры пануе барока: вялізныя вокны, чырвоны і залаты колеры.

Зразумела, што ў межах класіцыстычнай і барочнай традыцый я, усведамляючы адказнасць перад архітэктурным мастацтвам, усё ж выяўлю свой уласны стыль, почырк.

Мадэль 2. Матыў: неабходнасць мець хату, так як усе людзі маюць хату. Кіруючая плынь: трэба зрабіць усё правільна, “як у людзей”. Пачалося: рытуалы ад выбару з дапамогай жывёлы месца для хаты да пускання коткі першай у хату, не мінуючы, натуральна, і нейкай формы будаўнічай ахвяры.

Імкненне да пэўнага падсвядомага ідэалу, адзінага для ўсіх (па меншай меры, у тых вёсках, дзе яшчэ не развучыліся будаваць самастойна). Зразумела, што дзесьці будзе чырвоны кут, дзесьці печ, прычым не абы-дзе, месца таксама вызначаецца з дапамогай рытуалу (напрыклад, становішча печы ў маёй вёсцы вызначаецца па старане гарызонта). Хата, канешне, не застанецца без эстэтыкі: разьба з салярнай арнаментыкай вакол вокан, адмысловы ганак.

Параўнаем гэтыя дзве мадэлі. Эстэтычныя пачуцці, следаванне традыцыі прысутнічаюць у абедзвюх будоўлях. Але першы дом – твор архітэктурнага мастацтва (натуральна, пры прысутнасці ў архітэктара пэўных здольнасцяў), а другі ніякім чынам не суадносіцца з мастацтвам. Дык у чым розніца? Мажліва, нехта падумае, што ў мэтах. Але і першы, і другі дом пабудаваныя для пражывання ў ім чалавека. Мажліва, нехта ўкажа на сродкі, затрачаныя на дом. Але мушу вас запэўніць, што і не ў сродках справа. Гаўдзі, вядомы барселонскі архітэктар, выкарыстоўваў для аздаблення дамоў біты посуд – досыць танны прадукт. І не ў маштабах справа. Заблыталіся?

Цяпер іншы прыклад. Вопратка. Традыцыйны беларускі народны касцюм і творы так званай высокай моды. Аздабленне, ідэя – і там, і там прысутнічаюць. Але адчуваеце розніцу? Дарэчы, высакамодная вопратка малапрыдатная для пазаанучкавага выкарыстання за межамі подыуму. Але менавіта яна, але не першы варыянт успрымаецца намі як твор мастацтва (розных гатункаў). У чым розніца? Мажліва ў тым, што аздабленне ў другім выпадку – аздабленне дзеля аздаблення, а ў першым аздабленне выконвае розныя функцыі (напрыклад, абарончую, як пэўныя віды арнаменту).

Цяпер, напрыканцы, запрашаю да ўласна тэмы, як гэта часта і бывае ў сафізмах.

На якіх падставах фальклор аднесены да тыпу слоўнага мастацтва?

Так, верагодна, першабытнае мастацва было сіткрэтычным і ўключала ў сябе і слова, а пасля і фальклор. Але азначэнне мастацтва ад сярэднявечча да нашага часу шмат разоў пераглядалася. А менавіта:

Искусство (от искусы творити) — процесс или итог выражения внутреннего мира в (художественном) образе, творческое сочетание элементов таким способом, который отражает чувства или эмоции.

Доўгі час мастацтвам лічыўся від культурнай дзейнасці, якая задавальняе любоў чалавека да прыгожага. Разам з эвалюцыяй сацыяльных эстэтычных норм і ацэнак мастацтвам атрымала права называцца любая дзейнасць, накіраваная на стварэнне выразных форм у адпаведнасці з эстэтычнымі ідэаламі. Леў Талстой вызначаў мастацтва як спосаб непрамой камунікацыі паміж людзьмі.

У сваім першым і найбольш шырокім сэнсе тэрмін “мастацтва” застаецца блізкім свайму лацінскаму эквіваленту, які можа быць таксама перакладзены як “майстэрства” ці “рамяство”, а таксама да індаеўрапейскага кораня “супастаўленне” ці “састаўляць”. У гэтым сэнсе мастацтвам можа быць названа ўсё, што было створана ў працэсе абдуманага састаўленне нейкай кампазіцыі.

Тэрмін мастацтва можа выкарытоўвацца у розных сэнсах: працэс выкарыстання таленту, твор адоранага майстра, спажыванне твораў мастацтва аўдыторыяй. Выкарыстоўваючы ўрыўкі з прыведзеных вытрымак, знойдзем прынцыповыя адрозненні фальклору ад мастацтва ў сучасным яго разуменні.

Крытэрый мастацтва Фальклор
Працэс выражэння ўнутранага свету чалавека Толькі часткова. У фальклоры закладзены агульначалавечыя і сусветныя коды, гэта далёка не працэс самавыражэння чалавека.
Мэта - задавальненне чалавечай патрэбы ў прыгожым Калядоўшчыкі выконваюць перш за ўсё абрад, а не забаўляюць гаспадароў.
Азначэнне Талстога - непрамая камунікацыя паміж людзьмі Часткова. Але часцей мы маем выразныя паказчыкі на камунікацыю з боствамі, космасам, прыродай, чалавечай супольнасцю, а не індывідуумам.
Твор адоранага майстра выключна Майстар, таму што ён калектыўны, не можа быць ахарактарызаваны.

Можна працягваць табліцу. Можна зрабіць аналагічную табліцу з супрацьлеглымі высновамі. Гэта гісторыя аднаго сафізму…



Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz